Вы тут

Якія навагоднія падарункі рыхтуюць гледачам сталічныя тэатры


Нягледзячы на тое, што тэатры па ўсёй краіне ўжо рыхтуюць навагоднія падарункі — у выглядзе тэматычных спектакляў, вечарын і конкурсаў для дзяцей, напярэдадні яны паспяваюць парадаваць разнастайнымі тэатральнымі прэм’ерамі. Звярнулі ўвагу на тры спектаклі сталічных тэатраў, якія нельга прапусціць. 


Фота: pexels.com

Вялікі тэатр Беларусі запрашае: 2 і 3 снежня адбудзецца першая прэм’ера 91-га сезона — балет у двух дзеяннях «Ілюзіі кахання». Рэжысёрам пастаноўкі выступае галоўны балетмайстар тэатра — заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб. Ён жа — у ролі аўтара лібрэта. Балет створаны на музыку славутых майстроў Фрыдэрыка Шапэна і Дзмітрыя Шастаковіча, а таксама таленавітага беларускага кампазітара Леаніда Шырына. 

У Оперным абяцаюць: у незвычайным амплуа гледачы ўбачаць дырыжора-пастаноўшчыка — заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Калядку. Пра мастацкае афармлення паклапаціліся мастакі Вольга Мельнік-Малахава і Людміла Тараканава-Папкоўская. У пашывачных майстэрнях да прэм’еры створана больш за 230 касцюмаў. Галоўныя партыі рыхтуюць некалькі складаў артыстаў, у тым ліку Людміла Хітрова, Лізавета Мусорына, Таццяна Уласень, Вікторыя Трэнкіна, Антон Краўчанка, Юрый Кавалёў. 

Тым часам у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі рыхтуюць спектакль, прэм’ерныя паказы якога адбудуцца 16 і 17 снежня. Над пастаноўкай «Забалоцце» — песняй у адной дзеі — працуюць сёння рэжысёр-пастаноўшчык Яўген Карняг, мастак Таццяна Нерсісян і кампазітар, музычны кіраўнік Кацярына Аверкава. Стваральнікі працягваюць асэнсоўваць вопыт мінулага, збіраць і захоўваць яго ў трылогіі «Песень у адной дзеі» (у яе ўвашлі «Шлюб з ветрам» і «Пачупкі»). Аснова завяршальнай часткі — рэальная гісторыя аб васьмі братах, якія не вярнуліся з фронту падчас Вялікай Айчыннай вайны. «Гэта асабістая перапрацоўка аўтарамі страт, болю і стра¬хаў іх продкаў з дапамогай беларускага фальклору, іх жаданне лепш зразумець гісторыю свайго роду, — адзначаюць у тэатры. — „Забалоцце“ — назва рэальна існуючай вёскі, а таксама частка міфаў і паданняў, што зашыфравана ў нашым культурным кодзе». 

15, 16 і 17 снежня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага прадставіць прэм’еру «Казкі Пушкіна». Спектакль у дзвюх дзеях ствараецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Рускія сезоны».

«Казкі Пушкіна», адзначаюць у тэатры, — лёгкі, напоўнены дзеяннем спектакль для дзяцей. Ён сугучны з напевамі і паданнямі, перададзенымі вялікаму рускаму паэту яго нянькай Арынай Радзівонаўнай. У кожнай — мудрасць народнай творчасці. У якасці асноўных твораў узяты дзве казкі — «Пра рыбака і рыбку» і «Пра папа і пра работніка яго Балду». 

«Казкі Пушкіна» ў НАДТ імя М. Горкага рыхтуе рэжысёр-пастаноўшчык заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчык. Ключавую ролю ў спектаклі выканае народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч. Яе персанаж — Арына Радзівонаўна. Іншых герояў казак увасобяць на сцэне Аляксандр Палазкоў, Вікторыя Кавальчык, Эмілія Пранскутэ, Кірыл Нікіцін, Аляксандр Стасевіч, Віталіна Бідзюк, Аляксей Качан, Андрэй Сенькін і іншыя акцёры. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.