Вы тут

Ці патрэбна перабудова ў выкладанні літаратуры?


У бягучым навучальным годзе я правяла сярод студэнтаў-філолагаў апытанне на тэму: «Адкуль вы пераважна атрымліваеце інфармацыю: з лекцый, з кніг (падручнікаў), з тэлевізара (радыё), з сацыяльных сетак»? Аказалася, што з сацыяльных сетак, дзе ніякай сістэмы, а часам і логікі няма. Прычым маладыя людзі не бачаць у гэтым нічога заганнага: маўляў, прагрэсіўная форма — форма пазнання ў ХХІ ст. А тое, што яны зусім абмежаваныя кругаглядам і не ўмеюць мысліць, — не хвалюе. Ды і некаторыя выкладчыкі, а тым больш чыноўнікі гэта прымаюць як норму. Між тым не тое, што ў звычайным жыцці, а і ў СМІ ўсё больш памылак у маўленні і нярэдкія дэманстрацыі элементарнай неадукаванасці.


Студэнты нашы, безумоўна, цудоўныя, але я не лічу, што мы выпускаем вышэйшага гатунку спецыялістаўфілолагаў. А яны ж пойдуць у школы, пойдуць рэдактарамі ў СМІ. І будуць множыць такія ж ляпы? 

Нядаўна я з жахам высветліла, што студэнты не ведаюць, хто такія Э. Т. А. Гофман і А. Бальзак. Класікі! А таму што раней замежную літаратуру вывучалі чатыры гады, а цяпер паўтара. Прычым выкраслілі з праграм, перш за ўсё, тых пісьменнікаў, якія крытычна ставіліся да буржуазнага ладу, абывацельскага існавання. Тое ж тычыцца рускай літаратуры — прапагандуюць у асноўным постмадэрнізм. 

У мяне дысцыпліны пераважна сінтэзавальныя, абагульняльныя. Але што абагульняць? Каго не назавеш — не ведаюць, у тым ліку са школьнай праграмы, — нейкія цьмяныя ўспаміны. Як паступілі на філфак? Чаму паступілі? 

Як бачым, адны пытанні. Пытанняў столькі, што іх цяжка ахапіць у адной публікацыі. 

Галоўнае пытанне: як прывучыць дзяцей да чытання, каб зрабіць іх свядомымі, адукаванымі, развіваць іх мозг? 

Найперш, мне здаецца, неабходна падумаць пра іх бацькоў. З сям’і пачынаецца не толькі прывучэнне дзяцей да чытання, а ўвогуле пазнаваўчы інтарэс, звычайная дапытлівасць. 

Бацькі сённяшніх падлеткаў — людзі, якія фарміраваліся ў эпоху перабудовы і ў 1990-я гады. Перыяд кашмарны, які ў многім сапсаваў ментальнасць былых савецкіх людзей. СМІ ў гэты час, прычым вуснамі знакамітых, паважаных асоб, развенчвалі ідэалы, змянялі ўзвышаныя мары цынічна-халодным разлікам, здзекаваліся з усяго духоўнага, адмаўлялі рамантыку, пазбаўлялі жыццё сэнсу. Пры гэтым звычайнага працаўніка аб’яўлялі чалавекам як бы другога гатунку, называлі «саўком», унушалі комплекс непаўнавартасці. Часам гэта прарываецца ў выказваннях «эліты» і сёння. 

Грамадства спажывання, што ўсталявалася пасля развалу СССР, сапсавала псіхалогію надзвычай добрага, рахманага народа. Пануе прага багацця («Мы сядзім, а грошыкі ідуць» «Атрымаеш усё і адразу», «Бяры ўсё, што можаш захапіць» — слоганы, з дапамогай якіх маніпулююць насельніцтвам), працягваецца насаджэнне рацыяналізму, галоўнай мэтай лічыцца прыбытак. 

Бацькі сённяшніх маладых фарміраваліся тады, калі адны выжывалі з апошніх сіл, а іншыя абагачаліся непамерна, выклікаючы зайздрасць — ганебнае пачуццё. 

Мы імкнёмся стварыць сацыяльную дзяржаву. Але немагчыма ва ўмовах глабалізацыі (а яна застаецца, скажам, без экспарту нам не пратрымацца) вырвацца з парадыгмы цывілізацыі спажывання. У выніку паступова размываецца сакральнасць сацыяльных працэсаў, без якой немагчыма адчуваць сапраўдны смак жыцця, культываваць высокія пачуцці. Скажам, упрыгожваць гарады з паўтара месяца да Новага года, значыць, знішчаць адчуванне святочнасці. Лепш за тры дні да свята. А для падарункаў хапае тавараў у крамах у любыя дні. На іншыя святы перапынілася традыцыя дарыць падарункі, пасылаць віншавальныя паштоўкі. Гэта і ёсць размыванне сакральнасці. 

Як ні парадаксальна (а на самай справе, заканамерна), гэтаму спрыяе перакармленне электарата рознымі відовішчамі, яркімі шоу. А яны ж патрабуюцца ўсё больш вострыя, якія раздражняюць нервовую сістэму. Без «прыколаў» моладзі ўжо сумна. Напрыклад, шэсці дзедаў марозаў і снягурак на Каляды. Эфектна. А хто-небудзь задумаўся, што адбываецца ў маленькіх галоўках дзяцей, якіх водзяць глядзець на гэтыя шэсці? Ва ўяўленні малых Дзед Мароз можа быць толькі адзін — тады захоўваецца адчуванне цуду. А інакш — хаос у мазгах. Значыць, бацькам праз СМІ варта было б унушаць хоць неяк рыхтаваць дзяцей да відовішча. Скажам, гаварыць, што гераічны мужчына на Каляды — час цудаў — ператвараецца ў Дзеда Мароза, а жанчына — у Снягурку. Ды мала што можна прыдумаць, каб апраўдаць цікавыя перш за ўсё для дарослых шэсці. 

Карацей, бацькоў неабходна выхоўваць — вось для чаго ўся гэтая гаворка. І выхоўваць не толькі ў сэнсе палітычным, хоць гэта вельмі важна, але і ў рамантычным успрыманні свету. Мы часта бачым пісьменнікаў на экранах тэлевізараў? А творцы ж якраз вяртаюць паэтычнасць у грамадства, нагадваюць пра спрадвечныя каштоўнасці, узбагачаюць слоўнік нацыянальнай мовы, сёння максімальна забруджанай драўлянай англійскай. 

А пакуль выхаванне ідзе ў зусім іншым духу. На шматлікіх каналах, якія прапануе найбольш папулярная ў Беларусі сістэма «Космас-ТБ», большасць кінастужак і розных перадач — замежныя. Добрыя, гуманныя савецкія фільмы — рэдкія госці на экранах. У лепшым выпадку — калі не дэтэктывы (іх дзясяткі кожны дзень), то слязлівыя сучасныя меладрамы з абавязковымі бізнесменамі і вечным архетыпам Папялушкі. 

У Кітаі інтэрнэт толькі кітайскі, выхад у іншы немагчымы. Але кітайскі кантэнт — самы багаты ў параўнанні з якім іншым у свеце. А таму кітайскай моладзі зусім не патрэбна нешта іншае — хапае свайго. А ў сваім і выхаванне — сваё... 

Але паколькі забарону сусветнага інтэрнэту мы, відаць, не хутка дачакаемся, то нам застаецца адно — адукацыя. Але тут без сур’ёзнай перабудовы не абысціся. Што, зноў рэформы? Мы ад іх страшэнна стаміліся. Ды і ішлі яны ў адным напрамку. 

І ўсё ж перамены патрэбныя. Па-першае, рашуча пазбавіцца ад ліберальнай ідэалогіі. Савецкі Саюз ствараўся, будаваўся (не без трагедый і выдаткаў, але такая дыялектыка жыцця) дзядамі і прадзедамі сучасных маладых. Патрыятызм не выхоўваецца без павагі да спраў продкаў, без традыцый. 

Па-другое, зрабіць школу больш гуманітарнай. У 1980-я гады праславілася школа ў вёсцы Зыбкаў Кіраваградскай вобласці, якою кіраваў М. П. Шчацінін. Ён зменшыў кожны ўрок да 30 хвалін, ліквідуючы перапынкі, бо адпачынак — у перамене дзейнасці: пасля матэматыкі — танцы, пасля мовы — спевы, пасля фізікі — літаратура. Хатніх заданняў не было. Урокі па мастацтве — такія ж важныя, як і ўсе іншыя. Дзеці надзвычай хутка разумова і эмацыянальна развіваліся, бо ім падабалася вучыцца. Эксперымент, як і многае іншае станоўчае, быў перапынены з ліквідацыяй Савецкага Саюза. 

У наш час матэматыка, безумоўна, неабходная, але не абавязкова ўсе дысцыпліны матэматызаваць. Па фізіцы менш задач рашаць, а больш гаварыць пра законы прыроды, натуральна, з прэзентацыямі. 

Дазволю сабе распавесці пра ўласны вопыт. У апошнія гады я пішу галоўныя тэзісы лекцыі на слайдах — студэнты спісваюць з экрана. Зрокава ўспрыманне лепшае, чым на слых. Але, натуральна, каментую. Пасля кожнага тэкставага слайда — некалькі ілюстрацый. Таксама іх тлумачу. На кожнай лекцыі абавязкова як мінімум два ролікі — урыўкі з мастацкіх фільмаў, анімацыі. Фільмы пра пісьменнікаў або экранізацыі вядомых твораў. Таксама расказваю пра самі творы, пра пісьменнікаў, пра акцёраў. Такі метад дае плён. Ва ўсялякім разе, лекцыі праходзяць цікава, я не бачу сонных твараў і вечнага калупання студэнтаў у сваіх гаджэтах... 

Звяртаемся да школы. Прапаную адзін з варыянтаў перабудовы праграм. У сярэдніх і старэйшых класах кожны год мяняць канцэпцыю, ставячы ў цэнтр увагі класічны твор. Напрыклад, у нейкім класе канцэпцыя «чалавек і прырода», а цэнтральны твор — «Новая зямля» Якуба Коласа. Паэма вывучаецца на працягу ўсяго года, але паміж чытаннем раздзелаў — знаёмства з творамі, блізкімі па тэме. Скажам, выклад міфаў, бо міфы — гісторыі стасункаў паміж чалавекам і прыродай. Казкі беларускіх пісьменнікаў. Прыродаапісальныя вершы, урыўкі з прозы. Апісанні народных свят. У тэорыі — генезіс сімвалізму, тропы. Пры гэтым праграма прадугледжвае заняткі не толькі ў памяшканні школы. Неабходна адвесці шмат гадзін на наведванне Коласавых мясцін, а калі яны далёка ад правінцыяльнай школкі, то — у этнаграфічныя музеі (яны створаны паўсюдна), на майстар-класы да рамеснікаў, на палі, у лясніцтвы — можа, чым там і дапамагчы. Яўрэйскі мысляр Рашы (ХІ ст.) гаварыў, што сапраўды адукаваны чалавек — той, хто ўмее рабіць рукамі. Тэматычныя — у кожную пару года — вечары ў школах. Аднаўленне народных свят, апісаных у Коласа. Уласная творчасць вучняў: стварэнне макетаў, вышыўкі, прыгатаванне згаданай у паэме ежы і г. д. Дзеці будуць чакаць кожнага новага раздзела паэмы, бо з ім аказваюцца звязаны новыя ўражанні. 

У наступны год — канцэпцыя «народ і вайна». Пачынаць можна з Траянскай вайны — упісваемся ў сусветны кантэкст. Звяртаемся і да барацьбы з крыжакамі, і да Першай сусветнай вайны. Але галоўная ўвага — Вялікай Айчыннай. Тут абавязкова паказ шматлікіх кінастужак па тэме. Неабавязкова толькі экранізацыі твораў В. Быкава, але і іншых пісьменнікаў, і ўласна шэдэўры кінамастацтва. Сачыненні — параўнанні літаратурных твораў і экранізацый. Наведванне мясцін баёў, помнікаў, догляд іх. Дзяцей неабходна пастаянна займаць справамі... 

Наступны год — «чалавек і гісторыя». Тут у цэнтры ўвагі творы У. Караткевіча. Відаць, варта пакінуць у праграме як цэнтральны твор «Дзікае паляванне караля Стаха». Але гаварыць пра ўсё, што звязана з ім. Скажам, пра «дзікае паляванне» пачынаючы ад Антычнасці, ад Загрэя. Аповед пра традыцыі рыцарства — наведванне мерапрыемстваў аматараў альтэрнатыўнай гісторыі. Традыцыі шляхецтва. Але асноўная ўвага — усё ж ХХ стагоддзю. Гісторыя праз літаратуру. І таксама шмат кінастужак, шмат экскурсій. 

Адзін год — размова аб прагрэсе. Канцэпцыя «Да мары праз працу». Гаворка пра навуку і тэхніку. Тут у цэнтры ўвагі — фантастычныя творы (В. Ластоўскі, Я. Маўр, В. Гігевіч, У. Шыцік і інш.). Экскурсіі на прадпрыемствы. Адпаведныя кінастужкі, можна і замежныя. Выклікаць у дзяцей прагу цуду. 

У нейкім класе канцэпцыя — стасункі паміж людзьмі. Тут пра каханне, пра дружбу. Адпаведны падбор твораў. 

Увогуле, патрабуецца напружаная праца псіхолагаў, метадыстаў, выкладчыкаў. Ясна адно: далей сумаваць школьнікам на ўроках нельга. 

Я падкрэсліваю: выказваю толькі адзін з варыянтаў перабудовы праграм з улікам прывычкі сучасных дзяцей да візуальнага ўспрыняцця і г. д. Безумоўна, неабходна самае шырокае абмеркаванне надзвычай важнай праблемы. А чыноўнікам — больш прыслухоўвацца да практыкаў... 

Таццяна ШАМЯКІНА 

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.