Вы тут

Гастролі Вялікага тэатра Расіі адбыліся ў Беларусі


На мінулым тыдні Вялікі тэатр Расіі прадставіў у Мінску, у Вялікім тэатры Беларусі, адны з найбольш знакавых пастановак — «Царская нявеста» і «Іван Грозны». Нагадаем, што год таму пасля шматгадовага перапынку ў расійскім тэатры прайшлі гастролі беларускага Вялікага. Тады ж генеральныя дырэктары дзвюх устаноў Кацярына Дулава і Уладзімір Урын дамовіліся пра абменныя гастролі. Так, тыдзень таму ў Мінск завітала не толькі балетная і оперная трупы, але і хор з аркестрам у поўным складзе.


Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава ўпэўнена: гастролі Вялікага тэатра Расіі — гістарычная падзея для тэатральнай культуры краін. «Нягледзячы на дастаткова актыўныя і працяглыя адносіны нашых артыстаў і мастацкіх труп двух тэатраў, паўнацэнныя гастролі Вялікага тэатра Расіі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі праходзяць упершыню ў такім аб’ёме. Чатыры сотні чалавек прыехалі да нас з паказам знакавых, брэндавых спектакляў», — расказала Кацярына Мікалаеўна. 

Між тым рэпертуар для гастроляў падбіралі сумесна. «Шмат фактараў паўплывала на тое, што мы прывезлі менавіта гэтыя назвы, — адзначыў Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Расіі Уладзімір Урын. — Хацелася, каб гэта было тое, што не ўваходзіла ў рэпертуар беларускага тэатра. І безумоўным было жаданне, каб гэта былі рускія назвы. Таму мы спыніліся на «Царскай нявесце» і «Іване Грозным». Гэта спектаклі, якія ўваходзяць у залаты фонд Вялікага тэатра і ідуць дзесяцігоддзямі». 

Вядома, што ў 2014 годзе ў Вялікім тэатры Расіі абнавілі славутую оперу Мікалая Рымскага-Корсакава «Царская нявеста» і афармленне знанага тэатральнага мастака Фёдара Федароўскага. Менавіта яго дэкарацыі ацанілі цяпер і мінскія гледачы. Музычны кіраўнік спектакля — Генадзь Раждзественскі, рэжысёр-пастаноўшчык — Юлія Пеўзнер. За дырыжорскім пультам быў запрошаны дырыжор Вялікага тэтра Расіі Канстанцін Чудоўскі. У галоўных партыях выступілі Эльчын Азізаў, Андрэй Пататурын, Вольга Селівёрстава, Анастасія Сарокіна, Агунда Кулаева, Ксенія Дуднікава, Бехзод Даўронаў, Канстанцін Арцем’еў, Мікалай Казанскі, Пётр Мяленцьеў. 

Дарэчы, заслужаная артыстка Расіі і выканаўца партыі Любашы Агунда Кулаева падзялілася, што трапіць на гастролі ў Беларусь — яе даўняе жаданне. «У Мінск я прыязджала гадоў 20 таму, і гэта быў зусім іншы горад. Выступленне тут — вялікая адказнасць. Трэба 
апраўдаць усе чаканні і любоў беларускай публікі», — адзначыла артыстка напярэдадні выступлення. 

Узнаўленне балета Юрыя Грыгаровіча «Іван Грозны» на музыку Сяргея Пракоф’ева ў новай харэаграфічнай рэдакцыі таксама адбылося адносна нядаўна — у 2012 годзе. Галоўныя партыі на мінскай сцэне выканалі Святлана Захарава, Дзяніс Родзькін, Міхаіл Лабухін, Ганна Нікуліна, Арцемій Белякоў. Дырыжор — Павел Клінічаў. 

«Думаю, супярэчлівы вобраз Івана Грознага не да канца раскрыты ў літаратуры, гістарычна яшчэ не зроблена ніякіх пэўных высноў. Але тое, што Юрый Грыгаровіч стварыў на сцэне, — гэта разважанне на тэму ўнутранага жыцця Івана Грознага і яго духоўнага пералому», — адзначыў Арцемій Белякоў, прэм’ер балета Вялікага тэатра Расіі, выканаўца партыі Івана Грознага. Ён падкрэсліў, што спектакль надзвычай складаны: «У Івана Грознага характарныя сцэны ўвесь час змяняюцца: з тэмпераментных, рэзкіх, агрэсіўных — у лірычныя, малітоўныя. Гэтыя пераходы няпростыя і па-акцёрску, і фізічна». 

Прыма-балерына Вялікага тэатра Расіі, народная артыстка Расійскай Федэрацыі Святлана Захарава, выканаўца партыі Анастасіі, падзялілася ўспамінамі пра мінулыя гастролі ў Мінску і выказалася наконт балета Юрыя Грыгаровіча: «Чатырнаццаць гадоў таму мы былі тут са спектаклем «Лебядзінае возера». Запомнілася надзвычайная публіка, зручная, добрая сцэна, крыху меншая, чым сцэна Вялікага тэатра Расіі. Балет «Іван Грозны» рэдка вывозяць за мяжу, напэўна, таму што «Спартак» і «Лебядзінае возера» — візітныя карткі нашага тэатра, а гэты — пра гісторыю Расіі. Яна зразумелая нам і суседнім краінам». Святлана Захарава падкрэсліла, што спектакль складаны, але, тым не менш, публіка заўсёды на яго вельмі цёпла рэагуе. 

Гастролі прайшлі з поспехам. Публіка актыўна хадзіла ў Вялікі, каб ацаніць магчымасці расійскага тэатра, майстэрства яго артыстаў, пастаноўшчыкаў, мастакоў... Гэта да пытання аб тым, ці зацікаўлены сучаснік у развіцці класічных відаў мастацтва. Дарэчы, гендырэктар Вялікага тэатра Расіі Уладзімір Урын лічыць, што Вялікі тэатр не павінен быць музеем: «Так, назапашаны вялікі вопыт, але важна, каб нашы оперныя і балетныя спектаклі заставаліся жывымі, каб яны размаўлялі з гледачом сучаснай мовай». 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта Вялікага тэатра Беларусі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.