Вы тут

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?


Сёлета зіма парадавала раней, чым гэта прадугледжана календаром. Дзесьці засыпала снегам, першыя маразы прыйшлі раптоўна і не спадаюць ужо каторы дзень. Аднак аматарам зімовай рыбалкі, а таксама тым, хто любіць скараціць шлях або выкарыстаць ледзяное покрыва ў якасці катка, ад выхаду на лёд пакуль лепш устрымацца. Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.


На жаль, не ўсе гэта разумеюць. У ледзяной вады ўжо ёсць першая ахвяра. Трагедыя адбылася на Бярэзіне, у Рэчыцкім раёне. У панядзелак на Рэчыцкую ратавальную станцыю паступіла інфармацыя аб тым, што ў рэчышчы ракі знойдзена цела 80-гадовага мужчыны. Загінулым аказаўся жыхар Светлагорска. Па папярэдніх даных, ён прыехаў на рыбалку ў кампаніі двух мужчын. Пры гэтым, як паведамілі ратавальнікі Таварыства ратавання на водах, таўшчыня лёду (усяго 4-5 сантыметраў) не спрыяла зімовай рыбалцы.

Як праверыць лёд на трываласць?

Каб лёд набыў патрэбную трываласць, варта, каб мінусавая тэмпература ўстойліва трымалася на працягу некалькіх дзён. Пры нулявой, а тым больш плюсавой, тэмпературы паветра, якая захоўваецца на працягу трох сутак, трываласць лёду змяншаецца на чвэрць. Адносна бяспечнай лічыцца таўшчыня не менш як 7–10 сантыметраў. Распазнаць трываласць лёду можна па колеры ледзянога покрыва. Найбольш моцны лёд мае празрысты сіні колер, слабы — непразрысты белы. Калі лёд шэры або шэры «ў крапінку», то яго ўвогуле варта абыходзіць.

Ратавальнікі рэкамендуюць правяраць лёд на трываласць не толькі візуальна. Трэба пастукаць па лёдзе звычайнай палкай (не нагой!). Калі ў выніку вашых дзеянняў з’явілася вада, то на такі лёд лепш не ступаць. Ведайце, што ніколі не будзе моцным лёд каля вусця рэк і прытокаў, паблізу ключоў, якія б’юць, і сцёкавых вод. Нетрывалы ён і каля дрэў, кустоў і чароту. Катэгарычна забараняецца выходзіць на лёд у перыяды яго замярзання і раставання!

Без прыкмет жыцця

Аднак, калі б людзі прыслухоўваліся да парад спецыялістаў або выконвалі элементарныя правілы бяспекі, трагедый, якія кожны год прыносіць ледзяная вада, было б менш. Вось толькі некалькі прыкладаў гібелі людзей на вадаёмах у перыяд ледаставу.

Год таму, 27 лістапада, ратавальнікі атрымалі паведамленне аб тым, што ў вадаёме каля аграгарадка Дворышча, што ў Дзяржынскім раёне, патанулі тры чалавекі. Падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, якія прыбылі на месца здарэння, на паверхні акваторыі людзей не выявілі. Аб тым, што пошукі трэба працягваць, сведчылі асабістыя рэчы і снасці для рыбнай лоўлі, якія знаходзіліся на лёдзе. Цела аднаго з рыбакоў было выяўлена на глыбіні каля чатырох метраў. Яшчэ двух патанулых выцягнулі з вады раніцай наступнага дня.

Такі ж лёс напаткаў і аднаго з рыбакоў, якія 3 студзеня 2023 года лавілі рыбу на Дуброўскім вадасховішчы ў Смалявіцкім раёне. Мужчыны былі заняты любімай справай, як нечакана трэснуў лёд — абодва апынуліся ў вадзе. Да прыбыцця супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзін з іх быў выратаваны неабыякавымі грамадзянамі. Другога рыбака выцягнуць на бераг не ўдалося — на момант прыбыцця ратавальнікаў ён ужо знаходзіўся без прыкмет жыцця.

З прыходам маразоў няшчасныя выпадкі фіксуюцца па ўсёй краіне. На жаль, ахвярамі ледзяной вады становяцца і дзеці. Трагічны выпадак з гібеллю непаўналетняга здарыўся ў Мінску акурат напярэдадні святкавання Новага года. 31 снежня мінулага года двое падлеткаў праваліліся пад лёд на Сляпянскай воднай сістэме. У дзесяці метрах ад берага ратавальнікі пры дапамозе супрацоўнікаў патрульна-паставой службы РУУС выцягнулі з палонкі хлопцаў. Адзін з іх абышоўся толькі пераахалоджаннем і моцным спалохам. Другога падлетка дасталі з вады без прытомнасці. Медыкі вярнулі яго да жыцця. Дзяцей шпіталізавалі. Як потым стала вядома, аднаго з іх, 17-гадовага хлопца, выратаваць не ўдалося.

У пачатку лютага ў Жабінкаўскім раёне пад лёд праваліліся два браты — шасці і васьмі гадоў. У дзень трагедыі хлопцы гулялі на вуліцы. Калі ўвечары дзеці не вярнуліся дахаты, іх бабуля паведаміла аб гэтым у органы ўнутраных спраў. Дзяцей знайшлі ў штучным вадаёме, размешчаным на суседнім участку. Па версіі следства, хлопцы хацелі праверыць трываласць лёду, але ў выніку не змаглі выбрацца з вадаёма і патанулі.

Што рабіць у надзвычайнай сітуацыі?

Чалавек, які збіраецца выйсці на лёд, павінен быць падрыхтаваным да ўсяго. Правільная экіпіроўка захавала жыццё не аднаму аматару зімовай рыбалкі. Ратавальнікі адзначаюць, што шанц выжыць у чалавека, які праваліўся пад лёд, пры наяўнасці ратавальнай камізэлькі вельмі высокі, таму настойваюць на гэтым атрыбуце экіпіроўкі.

Пры выхадзе на лёд рэкамендуецца ўзяць з сабой хоць бы мінімальны набор ратавальных сродкаў: вяроўку, палку, дошку. Не варта свідраваць некалькі лунак побач, забараняецца збірацца на лёдзе вялікімі групамі. Лепш за ўсё рыбачыць у тых месцах, дзе ёсць станцыі Таварыства ратавання на водах — там заўсёды дзяжураць ратавальнікі. У небяспечнай сітуацыі яны абавязкова прыйдуць на дапамогу.

Калі вы адчуваеце, што лёд пад вамі пачынае трэскацца, неабходна павольна і акуратна вярнуцца ў той бок, з якога прыйшлі. Ні ў якім разе нельга хутка бегчы па лёдзе. Такія паводзіны могуць толькі справакаваць хуткі раскол паверхні, і вы праваліцеся пад лёд.

— Калі гэта ўсё-такі адбылося, у першую чаргу, не панікуйце, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Ёсць шанц, што вас пачуюць, таму клічце на дапамогу. Паспрабуйце трымацца на плаву. Не спрабуйце сутаргава выбрацца: паколькі лёд нетрывалы, вы будзеце яго толькі абломваць. Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе плынь. Дабраўшыся да краю, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбірайцеся на лёд. Не пакідайце спроб выбрацца, нават калі лёд ламаецца. Пасля таго, як асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, адштурхваючыся рукамі і нагамі.

Важна памятаць, што ў ледзяной вадзе дастаткова правесці некалькі хвілін, каб арганізм быў астуджаны да таго стану, з якога ўжо немагчыма аднаўленне жыццёва важных функцый. Таму адразу па вяртанні на бераг выклічце хуткую дапамогу або папрасіце кагосьці гэта зрабіць. Добра, калі будзе магчымасць пераапрануцца ў сухое і папіць гарачага. Нават калі пацярпелы запэўнівае, што адчувае сябе добра і яго нічога не турбуе, хуткую дапамогу выклікаць трэба.

Не варта заставацца абыякавымі, калі вы сталі відавочцам таго, як чалавек праваліўся пад лёд. Аднак, каб дапамагчы чалавеку, неабходна ведаць наступнае. Ні ў якім разе нельга набліжацца да краю палонкі. Для выратавання можна выкарыстоўваць палку ці элемент адзення. Неабходна легчы на жывот, працягнуць палку ці адзенне пацярпеламу так, каб ён схапіўся за яе. Дзейнічаць трэба хутка і без мітусні. Выцягнуўшы пацярпелага з палонкі, як мага хутчэй аднясіце яго ў бяспечнае месца і выклічце хуткую медыцынскую дапамогу.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.