Вы тут

Меліярацыя ў краіне перажывае другое нараджэнне


«Меліярацыя змяняе нашу зямлю». Гэтыя словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі найбольш дакладна вызначаюць значэнне меліярацыйнага комплексу для нашай краіны. Сапраўды, меліярацыя — стратэгічны напрамак дзейнасці, аб чым не раз гаварыў Прэзідэнт, і ён жа ў свой час адзначаў, што гэты праект — асушэння зямель — для Беларусі тое ж самае, што план ГОЭЛРО для маладой Савецкай дзяржавы ў 20-я гады мінулага стагоддзя. І зусім нездарма Рэспубліка Беларусь — адзіная на постсавецкай прасторы краіна, якая цалкам зберагла свой меліярацыйны комплекс, які сёння, без перабольшвання, перажывае сваё другое нараджэнне.


Фота: БелТА

Сапраўды так. Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя больш за 40% тэрыторыі Беларусі складалі балоты і забалочаныя землі, у некаторых раёнах на іх прыпадала да 80% ад агульнай плошчы. Усяго ж было 3 млн га балот, то-бок, кожны сёмы гектар быў непрыдатны для гаспадарання. Сёння ўсе без выключэння раёны нашай краіны маюць асушаныя сельгасугоддзі — іх ад 8% у Шклоўскім і да 74% у Ганцавіцкім раёнах.

А ў 23 раёнах меліяраваныя землі складаюць больш за 50% сельгасплошчаў. Калі казаць карацей, то менавіта на гэтых землях вырошчваецца значная доля прадукцыі раслінаводства і аграпрамысловага комплексу ў цэлым. Статыстыка па краіне сведчыць: на меліяраваных землях гаспадаркі атрымліваюць траціну прадукцыі раслінаводства і больш за 60% зялёных кармоў. Агульная плошча сельскагаспадарчых меліяраваных зямель складае 2,8 млн га — гэта каля 37% ад усіх сельскагаспадарчых зямель.

Лічбы ўражваюць і красамоўна гавораць: меліярацыяй трэба займацца. І займацца пастаянна, бо калі спыніцца нават на кароткі тэрмін — прырода забярэ сваё: каналы хутка зарастуць хмызняком, а замест вады ў іх — глей, пакрыты травою. Асабліва на аддаленых участках, дзе, як кажуць, «не ступала нага старшыні». Няважна, ці гаспадаркі, ці райвыканкама. А потым пачынаецца разбурэнне тэхналагічных збудаванняў, і сістэма гіне. Аднавіць яе ўжо вельмі складана і затратна. Больш танна і рацыянальна падтрымліваць у рабочым стане тое, што ёсць, эксплуатаваць пабудаванае раней: стварэнне новых меліярацыйных сістэм узамен тых, што разбурыліся за дзесяцігоддзі бяздзейнасці, у 2–2,5 раза даражэй за рэканструкцыю дзеючых і ў сотню разоў даражэй за іх абслугоўванне.

Як працуе меліярацыйны комплекс?

Дарэчы, меліяратары і не збіраюцца спыняцца, наадварот — аб’ёмы работ растуць, і ў планах толькі іх павелічэнне. Сёлета запланавана прывесці ў належны стан 110 тыс. га меліярацыйных зямель. З іх 73,3 тыс. га падлягаюць рэканструкцыі, 36,7 тыс. га — культуртэхнічнай меліярацыі, якая як асобны від дзейнасці з’явілася толькі ў мінулым годзе.

Начальнік аддзела меліярацыі і радыялогіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Назарук тлумачыць: «Усю дзейнасць у галіне можна падзяліць на тры асноўныя напрамкі. Першы — будаўніцтва і рэканструкцыя, пераважна меліярацыйных сістэм. Другі — рамонт і эксплуатацыйныя работы, падтрыманне сістэм у спраўным стане. Гэта падчыстка каналаў ад заглейвання, выдаленне хмызняку, абкошванне і аднаўленне збудаванняў. Адзначу, што з усяго пералічанага вялікае значэнне мае менавіта абкошванне. Калі своечасова не падкасіць каналы, там праз два гады пачынае разрастацца хмызняк, а яшчэ праз прыкладна тры-чатыры — ужо дрэвы. А гэта — усё, канал, лічы, страчаны. І трэці кірунак работы — культуртэхнічная меліярацыя. Ён новы, з’явіўся толькі ў мінулым годзе. Сутнасць культуртэхнічнай меліярацыі ў тым, што апрацоўваюцца землі першаснай стадыі зарастання хмызняком, гэта свайго роду папераджальныя работы. А калі іх не праводзіць, то праз пэўны час трэба будзе рабіць рэканструкцыю, што ў тры-чатыры разы даражэй. Да таго ж, выдаляючы хмызняк, мы даём гаспадаркам дадатковыя плошчы з дрэнажнай сістэмай, апрацаваныя і гатовыя для выкарыстання. Што называецца, пад ключ — толькі прыходзь і карыстайся. Прычым робіцца ўсё гэта за кошт дзяржаўнага фінансавання.

І многія сельгаспрадпрыемствы апошнім часам самі просяць аб правядзенні культуртэхнічнай меліярацыі на іх угоддзях».

І сапраўды, здавалася б, хто ж адмовіцца ад такой выгады — дадатковыя плошчы без аніякіх затрат. Аднак не ўсё так проста. Як паказвае практыка, попыт на паслугі меліяратараў назіраецца толькі там, дзе вялікі працэнт асушаных зямель, ці там, дзе кіраўнік гаспадаркі родам з такіх мясцін. У іншых выпадках, на жаль, дасягнуць узаемаразумення бывае складана. Чаму так? Відаць па ўсім, не да канца і не ва ўсіх яшчэ ёсць разуменне важнасці і значнасці меліярацыі для краіны. Пацвярджэнне таму — невыкананне гаспадаркамі патрабаванняў да культур, якія павінны высявацца на меліяраваных землях, то-бок парушэнне агратэхнікі і севазвароту. Замест кармавых культур сеюць там, напрыклад, збожжавыя, а ўбраць іх не могуць. І ўмудраюцца яшчэ выгаворваць меліяратарам, маўляў, дрэнна зрабілі, не можам «улезці» на гэтыя палі. Дык яны і не разлічаны на такія культуры! Асноўнае іх прызначэнне — лугавыя і пашавыя ўгоддзі, вырошчванне травяных кармоў.

Інакш як безгаспадарнасцю такое стаўленне да асушаных зямель не назавеш. Больш таго, гэткае бяздумнае выкарыстанне асушаных зямель — у прамым сэнсе закопванне дзяржаўных грошай у зямлю. А грошы немалыя: на рэканструкцыю меліярацыйных сістэм і культуртэхнічную меліярацыю сёлета выдаткавана 368,1 млн рублёў (306,4 млн на рэканструкцыю і 61,7 млн на культуртэхнічную меліярацыю). Калі дадаць яшчэ 150,9 млн рублёў на рамонт і эксплуатацыю, атрымаем вельмі важкую суму. Ці правільна, што частка гэтых выдаткаў будзе марна патрачана з-за... Ды невядома з-за чаго, бо цяжка знайсці лагічнае тлумачэнне вышэйапісаным дзеянням некаторых гаспадарак.

«Усяго, згодна з данымі апошняй інвентарызацыі меліярацыйных зямель, яны праводзяцца раз у пяць гадоў, у рэканструкцыі і культуртэхнічнай меліярацыі на пачатак 2021 года мелі патрэбу парадку 412 тыс. га, — працягвае Сяргей Назарук. — Такім чынам, з улікам зробленага ў 2021–2022 гадах, да канца пяцігодкі нам трэба правесці работы на 330 тыс. га. Гэта галоўная задача, бо пасля таго, як гэтыя землі будуць уведзены ў гаспадарчы абарот, асноўныя работы будуць рамонтна-эксплуатацыйнымі, што, вядома, патрабуе меншых фінансавых укладанняў.

Стратэгія, безумоўна, правільная, але трэба ўлічваць і тое, што менавіта цяпер рэзка ўзрасла нагрузка як на людзей, так і на тэхніку. Аб’ёмы работ павялічыліся амаль у тры разы і бывае, што тэхніка не вытрымлівае. Усяго ў меліярацыйнай галіне задзейнічана каля 6,5 тыс. адзінак тэхнікі. Дзякуючы ўвазе кіраўніка дзяржавы да галіны, ідзе паступовае абнаўленне тэхнічнага парку. Без гэтага мы б наўрад ці справіліся з пастаўленымі задачамі. На сёння, дарэчы, найбольш запатрабаваныя машыны — гэта дрэнаўкладчыкі, унікальная тэхніка. Іх часам не хапае, але, спадзяюся, у хуткім часе сітуацыя зменіцца ў лепшы бок».

Не абысці ўвагай і пытанне кадравага забеспячэння галіны. На жаль, нельга сказаць, што тут усё бясхмарна. Ёсць пытанні ў дачыненні і інжынерна-тэхнічнага персаналу, і тых жа самых механізатараў і экскаватаршчыкаў. Па-першае, сама работа меліяратара цяжкая, не кожны вытрымае. Па-другое, не сакрэт, што пэўны час фінансавае становішча меліярацыйных прадпрыемстваў было далёка не лепшае. А любы чалавек, натуральна, шукае работу, дзе можна зарабіць. Аднак, па словах Сяргея Назарука, сітуацыя пачынае выпраўляцца — павялічыліся аб’ёмы, а калі ёсць работа, то ёсць і заробак.

Навуковы падмурак работы

Як зазначыў дырэктар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі Аляксандр Анжанкоў, меліярацыя — гэта не толькі асушэнне зямель: «Больш правільна казаць, што меліярацыя — гэта пераўтварэнне непрыдатных для дзейнасці чалавека зямель у прымальны стан. А галоўная мэта меліярацыйнага комплексу ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны і эфектыўнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на меліяраваных землях. Таму не варта забываць, што меліярацыя функцыянуе не сама па сабе, а як важны складнік аграпрамысловага комплексу. Іншымі словамі, асушэнне балот, вядома, гарантуе бачны эфект, але ж яно будзе дарэмным, калі на гэтых землях адсутнічаюць неабходная агратэхніка, севазварот і парушаюцца тэхналогіі».

Сучасная стратэгія развіцця меліярацыі краіны засяроджана менавіта на захаванні і аднаўленні дзеючай інфраструктуры ў сукупнасці з эфектыўным землекарыстаннем. Новыя асушэнні праводзяцца ў мінімальных аб’ёмах па асобных эканамічна абгрунтаваных праектах, напрыклад, побач з населенымі пунктамі ці буйнымі жывёлагадоўчымі комплексамі. На сёння ў краіне для захоўвання меліяраваных зямель, праектных нормаў асушэння і недапушчэння паўторнага забалочвання пабудавана амаль пяць тысяч меліярацыйных сістэм. Іх функцыянаванне забяспечвае сапраўды грандыёзны комплекс гідратэхнічных збудаванняў: 166 тысяч кіламетраў каналаў і водапрыёмнікаў, 997 тысяч кіламетраў закрытай дрэнажнай сеткі, каля 100 тысяч рэгулюючых і пераезных збудаванняў і шэраг іншых. Вядома, што пры такіх маштабах меліярацыйнай гаспадаркі ўтрымліваць яе ў належным стане без дзяржаўнай падтрымкі папросту немагчыма. Пачынаючы з 2006 года па даручэнні Прэзідэнта ў краіне выконваюцца пяцігадовыя дзяржаўныя праграмы па захаванні і выкарыстанні меліяраваных зямель. Такі падыход захоўвае меліярацыйны комплекс краіны, уключаючы як інфраструктуру галіны з эксплуатацыйнымі, праектнымі і навуковымі арганізацыямі, так і высокапрадукцыйныя асушаныя землі. Згодна з праграмамі, штогод абслугоўваецца больш за 2,5 млн га і рэканструюецца па 30–70 тысяч га меліярацыйных сістэм, на наступны год запланавана рэканструкцыя 110 тысяч га.

Таксама Аляксандр Анжанкоў падкрэсліў, што меліярацыйны комплекс і меліярацыйная навука не стаяць на месцы. Сучасныя кліматычныя выклікі патрабуюць адаптацыі і мадэрнізацыі, грунтоўнага навуковага падыходу да планавання работ. Так, адхіленні ад кліматычнай нормы тэмпературы і ападкаў у апошнія гады, патрабуюць развіцця ўжо асушальна-ўвільгатняльных сістэм. Яны здольныя не толькі прапусціць вясновую або дажджавую паводку, але і затрымаць ваду ў вегетацыйны перыяд. Таму сёння, пры рэканструкцыі асушальных меліярацыйных сістэм з прыдатным рэльефам і глебава-гідралагічнымі ўмовамі, прадугледжваюцца работы не толькі па аднаўленні асушальнай функцыі, але і па затрыманні сцёку. Эксперымент такога кшталту рэалізуецца сёлета ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці.

Развіццё хімічнай прамысловасці дазволіла распрацаваць і ўкараніць шэраг палімерных гідратэхнічных збудаванняў — даўгавечных, з большай надзейнасцю і меншым коштам. Гэта, напрыклад, дрэнажныя вусці, калодзежы-паглынальнікі і калодзежы-рэгулятары. Сучасныя лічбавыя тэхналогіі значна спрашчаюць дзяржаўны ўлік меліярацыйных сістэм і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў. Таксама старшыня Інстытута адзначыў важкі ўнёсак у мадэрнізацыю меліярацыйнай галіны беспілотнай авіяцыі, з дапамогай якой цяпер можна атрымаць лічбавыя мадэлі рэльефу мясцовасці з дакладнасцю да 5–10 см. У сукупнасці з ГІС-тэхналогіямі гэта падымае праектаванне новых аб’ектаў на раней недасягальны ўзровень. А тэхналогіі неразбуральнай дыягностыкі, біялагічныя метады гніення драўнінна-хмызняковай расліннасці і шмат іншага значна зніжаюць кошт эксплуатацыі.

Аляксандр Анжанкоў падкрэсліў: «Меліярацыя — гэта не толькі эфектыўныя сельская і лясная гаспадаркі на раней забалочаных і пераўвільготненых землях. Гэта яшчэ і стварэнне дапушчальнага сацыяльнага і эпідэміялагічнага ўзроўню жыцця насельніцтва. Кошт будаўніцтва інфраструктурных аб’ектаў на асушаных землях на парадак ніжэй, чым да меліярацыйных мерапрыемстваў. Так што меліяратары працуюць не толькі на карысць аграпрамысловага комплексу, яны таксама забяспечваюць высокую якасць жыцця ў такіх рэгіёнах, як, напрыклад Палессе. Раней яго інакш як балотным краем не звалі, а пра тое, як там жылося людзям, праўдзіва пісалі класікі беларускай літаратуры. Сёння ж гэты рэгіён адзін з самых эканамічна і сацыяльна развітых у краіне. І ўсё дзякуючы меліярацыі».

Заканадаўчы аспект

Як вядома, заканадаўства найбольш дакладна адлюстроўвае ўсе працэсы, якія адбываюцца ў эканоміцы і грамадскім жыцці краіны. Яно павінна адпавядаць сучаснасці, таму і наспела пара змены ў заканадаўстве аб меліярацыі: істотна змяніліся падыходы да работы меліяратараў, узаемаадносіны між суб’ектамі гаспадарання, укараняюцца новыя тэхналогіі і навуковыя дасягненні. Зразумела, усё гэта трэба зафіксаваць заканадаўча.

22 лістапада гэтага года Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні прыняты праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб меліярацыі зямель», ён падрыхтаваны для забеспячэння дзяржаўнага рэгулявання грамадскіх адносін у галіне меліярацыі зямель. Каментуючы новы законапраект, старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Шаўчук падкрэсліў, што змены ў Законе накіраваны на стварэнне і падтрыманне аптымальных воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глеб для сельскагаспадарчых раслін. Так, удакладняецца шэраг тэрмінаў: «міжгаспадарчая меліярацыйная сістэма», «меліярацыйныя мерапрыемствы», «меліярацыйная сістэма», «меліярацыя зямель», «эксплуатацыя (абслугоўванне) меліярацыйных сістэм і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў», «праект меліярацыі зямель» і таксама «ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці».

Акрамя таго, меліярацыйны закон дапаўняецца сэнсавай нагрузкай правядзення культуртэхнічнай меліярацыі, новага віду работ, а таксама ўдакладняюцца паўнамоцтвы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў частцы ўстанаўлення парадку ажыццяўлення тэхнічнага нагляду, падбору аб’ектаў для правядзення рэканструкцыі меліярацыйных сістэм.

У дакумент уключаны комплекс узаемадапаўняльных работ па гідратэхнічнай меліярацыі ў складзе культуртэхнічных работ. Таксама рэдагуюцца артыкулы аб планаванні і фінансаванні меліярацыйных зямель, бо для рэканструкцыі і эксплуатацыі сістэм неабходна аб’ектыўная ацэнка патрэбнасцяў у фінансавых сродках.

Апроч таго, удакладняюцца палажэнні закона ў адпаведнасці з правапрымяняльнай практыкай і з улікам кампетэнцыі ўрада, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама дзейнасці карыстальнікаў меліярацыйных сістэм і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў.

Улічваючы значны аб’ём атрыбутыўных і прасторавых даных, колькасных і якасных характарыстык аб’ектаў, якія падлягаюць уліку, рэгулюецца выкарыстанне дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы — закон дапоўнены адпаведным артыкулам. Для эфектыўнага вядзення дзяржаўнага ўліку неабходна аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, якая забяспечвае ўвод, рэдагаванне, цэнтралізаванае захоўванне і аператыўны доступ да даных аб меліярацыйных сістэмах і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаваннях, іх прасторавым месцазнаходжанні, характарыстыках, тэхнічным стане.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.