Вы тут

Што адбываецца на польска-ўкраінскай граніцы?


На польска-ўкраінскай граніцы разгортваецца маштабнае супрацьстаянне. 

З 6 лістапада з-за пратэстаў польскіх перавозчыкаў часткова заблакіраваны рух праз тры пункты пропуску на мяжы Украіны і Польшчы («Ягадзін — Дарагуск», «Кракавец — Карчова» і «Рава Руская — Хрэбене»). Першапачаткова акцыя павінна была праходзіць да 3 снежня, пазней называлася дата 3 студзеня 2024 года. Але на мінулым тыдні адзін з арганізатараў пратэсту польскіх перавозчыкаў Рафал Меклер заявіў, што блакада пункта пропуску «Ягадзін — Дарагуск», дзе адзначаюцца самыя вялікія чэргі грузавікоў, прадоўжана да 1 лютага 2024-га. Акрамя таго блакада распаўсюдзілася на чацвёрты пагранпункт — «Шэгіні — Медыка», а пазней Дзяржаўная мытная служба Украіны паведаміла, што не выключана блакада і пятага КПП — «Ніжанкавічы —Мальхавіцы». Чэргі на ўезд перад заблакіраванымі пунктамі пропуску з польскага боку расцягнуліся да 40 кіламетраў. Да пратэстаў перавозчыкаў падключыліся і польскія фермеры. Што адбываецца на польска-ўкраінскай граніцы, чаго чакаць надалей?


Тэст на сяброўства

Цяперашнія падзеі маюць пэўную перадгісторыю. Пасля пачатку ўкраінскага канфлікту Варшава прымерала на сябе ролю найбліжэйшага саюзніка Кіева. Польшча стала адным з лідараў па ваенных пастаўках ва Украіну, а таксама прыняла найбольшую сярод краін ЕС колькасць украінскіх бежанцаў. Сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін Анджэя Дуды і Уладзіміра Зяленскага праходзілі на рэгулярнай аснове. Ва Украіне таксама быў прыняты закон аб асаблівых гарантыях для грамадзян Польшчы, які дае палякам беспрэцэдэнтныя правы на ўкраінскай тэрыторыі.

Аднак летам у адносінах дзвюх краін намеціўся сур’ёзны разлад, адзначыла БелТА. Нагодай таму стала эмбарга польскага боку на ўвоз украінскага збожжа. Экспарт аграпрадукцыі з Украіны ў краіны ЕС быў палегчаны ў маі мінулага года дзякуючы так званым лініям салідарнасці — сухапутным шляхам, па якіх у краіны Еўрасаюза вывозіцца ўкраінскае збожжа, а назад накіроўваецца паліва і ваенны рыштунак.

Аднак дапамога ўкраінскім аграрыям абярнулася катастрофай для еўрапейскіх фермераў. У Польшчы таннае ўкраінскае збожжа пачала выцясняць мясцовую прадукцыю, што паставіла польскіх фермераў на мяжу банкруцтва. У краіне пачаліся пратэсты. У выніку была ўведзена забарона на пастаўкі ў Польшчу ўкраінскага збожжа. Падобныя крокі выклікалі хвалю крытыкі з боку Кіева. Вось што на гэты конт заяўляў украінскі прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль: «У гэты крытычны час Польшча мае намер працягваць блакаваць экспарт украінскага збожжа ў ЕС. Гэта недружалюбны і папулісцкі крок, які сур’ёзна паўплывае на глабальную харчовую бяспеку і эканоміку Украіны. Мы заклікаем нашых партнёраў і Еўракамісію забяспечыць бесперашкодны экспарт усёй украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі ў ЕС».

Удар, яшчэ ўдар

Аднак заклікі Кіева не ўразілі Варшаву, і ў верасні палякі пралангіравалі эмбарга на ўкраінскае зерне. Аналагічныя меры прынялі Венгрыя і Славакія, чые аграрыі таксама пацярпелі з-за ўкраінскай прадукцыі. У адказ Кіеў падаў іскі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю супраць Венгрыі, Польшчы і Славакіі.

Рэакцыя Варшавы на дзеянні Кіева была жорсткай. Так, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда параўнаў Украіну з тапельцам і паабяцаў, што не дазволіць Кіеву сцягнуць на дно і палякаў. «Кожны, хто калісьці ўдзельнічаў у выратаванні тапельца, ведае, што ён неверагодна небяспечны і можа зацягнуць на глыбіню. Украіна паводзіць сябе як тапелец, які хапаецца за ўсё, але мы, дапамагаючы ёй, маем права абараняцца ад прычынення нам шкоды», — заўважыў Дуда.

У канцылярыі польскага прэзідэнта заявілі, што Польшча справіцца без членства з Украінай, і Кіеву трэба было б шанаваць дапамогу з боку палякаў. «Мы ў НАТА, у нас моцнае войска, мы ў ЕС, у нас дзяржава, якая добра функцыянуе. Украіна зараз у бядзе, і яна павінна клапаціцца аб тым, каб Польшча яе падтрымлівала. Калі не, не трэба яе прымушаць», — сказаў міністр канцылярыі прэзідэнта Польшчы, кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі Марчын Пшыдач.

Пікіроўка паміж дзвюма краінамі станавілася ўсё больш жорсткай па меры набліжэння парламенцкіх выбараў у Польшчы. Польскія палітыкі, адчуваючы настроі ў грамадстве, не саромеліся выкарыстоўваць антыўкраінскі парадак дня ў электаральнай кампаніі.

Аднак пасля выбараў сітуацыя не змянілася. Варшава паказала, што гатова канфліктаваць з Кіевам нават у такім адчувальным для ўкраінцаў пытанні, як уступленне ў Еўрасаюз. У лістападзе намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Павел Яблонскі заявіў, што Украіне нават не варта марыць аб уступленні ў ЕС, калі Кіеў не вырашыць праблему з эксгумацыяй астанкаў палякаў, загінуўшых падчас Валынскай разні на ўкраінскай тэрыторыі.

У гэтым месяцы ўкраінцы атрымалі яшчэ адзін удар. Пачалася поўнамаштабная блакіроўка граніцы польскімі перавозчыкамі і сельгасвытворцамі. «Украінскае збожжа раздражняе польскіх фермераў, украінскія тавары раздражняюць польскіх вытворцаў, украінскія дальнабойшчыкі раздражняюць польскіх перавозчыкаў», — адзначала на гэты конт выданне «Палітыка».

Сітуацыя можа пагоршыцца

Адно з галоўных патрабаванняў польскіх арганізатараў пратэстаў — вяртанне да практыкі выдачы дазволаў для ўкраінскіх грузаперавозчыкаў і памяншэнне іх колькасці да ўзроўню лютага мінулага года, калі выдавалася да 200 тысяч дазволаў за год. Акрамя таго, перавозчыкі хочуць, каб парожнія польскія грузавыя аўтамабілі, якія вяртаюцца з Украіны ў Польшчу, маглі перасякаць граніцу без чаргі, не чакаючы шмат дзён. Пратэстоўцы таксама патрабуюць узмацніць жорсткасць правілаў перавозкі па шматбаковых дазволах ЕКМТ. Акрамя таго, перавозчыкі дамагаюцца ўзмацнення жорсткасці кантролю за рэгістрацыяй у Польшчы транспартных кампаній у частцы паходжання капіталу іх заснавальнікаў. На думку шэрагу прадстаўнікоў польскай транспартнай галіны, работа ўкраінскіх перавозчыкаў на еўрапейскім рынку прыводзіць да абвалу тарыфаў на грузаперавозкі.

Па меркаванні Кіева, украінскія перавозчыкі ажыццяўляюць перавозкі пераважна з/на Украіну, а не паміж краінамі Еўропы, і іх работа не можа ўплываць на грузавыя тарыфы ў Еўропе. Украінскі бок лічыць большую частку патрабаванняў польскіх перавозчыкаў невыканальнай.

Днямі міністр інфраструктуры Польшчы Анджэй Адамчык накіраваў ліст віцэ-прэм’еру Украіны Аляксандру Кубракову, у якім прапанаваў Кіеву пагадзіцца на патрабаванні пратэстуючых польскіх перавозчыкаў. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце польскага Мінінфраструктуры. Адной з прычынай пратэстаў Адамчык назваў сістэму электроннай чаргі: «Гэта прывяло да значнага павелічэння часу чакання транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Еўрапейскім саюзе, якія вяртаюцца з Украіны без грузу, для перасячэння ўкраінска-еўрапейскай граніцы». Міністр заклікаў украінскі бок прыняць тэрміновыя меры для выканання патрабаванняў польскіх перавозчыкаў. У прыватнасці, адмяніць патрабаванне аб рэгістрацыі ў электроннай чарзе транспартных сродкаў на двух пагранічных пераходах — «Засін — Устылуг» і «Ніжанкавічы — Мальхавіцы».

Акрамя таго, пратэстуючыя перавозчыкі патрабуюць аднаўлення дзеяння дазволаў на міжнародныя перавозкі для ўкраінскіх транспартных кампаній, якія былі адменены ў адпаведнасці з пагадненнем паміж ЕС і Украінай (так званы «транспартны бязвіз»), нагадалі ў Мінінфраструктуры Польшчы У сувязі з гэтым Адамчык папрасіў еўракамісара па транспарце Адзіну Валеан аднавіць дзеянне такіх дазволаў. Ён таксама заклікаў кіраўніка Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен падтрымаць яго зварот да ўкраінскага ўрада аб адмене сістэмы электроннай чаргі.

У кантэксце праблем з транспарціроўкай праз Польшчу, сітуацыя для АПК Украіны, якая экспартуе больш за 70 працэнтаў вырабленай аграпрадукцыі, з’яўляецца пагрозлівай, адзначаў першы намеснік міністра аграрнай палітыкі і харчавання Украіны Тарас Высоцкі. Краіна рызыкуе застацца без харчавання, распавёў ura. ru ваенны эксперт, палітолаг Максім Сыцянкоў, адзначыўшы, што становішча можа пагоршыцца, калі да пратэстаў падключацца Славакія і Венгрыя.

Чорная дзірка

Як падкрэсліў старшыня Беларускага таварыства «Веды», генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, сітуацыя на граніцы — частка больш глабальных праблем у двухбаковых адносінах Польшчы і Украіны: «Усе спробы спачатку брытанцаў, а пасля амерыканцаў сфарміраваць штучны польска-ўкраінскі саюз не жыццяздольныя па некалькіх прычынах. Першая — Польшча і Украіна з’яўляюцца рэгіянальнымі канкурэнтамі. Так, нехта можа сказаць: дзе польская эканоміка, а дзе ўкраінская. Сутнасць не ў гэтым, а ў вытворчасці, — падкрэсліў эксперт у эфіры «Альфа Радыё». — З-за гэтай блакады ў тым ліку пацярпела Латвія, якая ўжо страціла дзясяткі мільёнаў еўра. Бо ўкраінскія бізнесмены перавозілі сельгаспрадукцыю на латвійскія прадпрыемствы, якія потым яе перапрацоўвалі, пастаўлялі ў парты і гэтак далей. У чым яшчэ прычына? У спецыфіцы ўкраінскага грамадства. Ва Украіне сёння ўнутрыпалітычны крызіс, калі ўсе здаюць усіх. І відавочна, якое нутро ў дзяржавы. Украінскім грамадзянам прадаставілі пэўныя льготы пры перасячэнні граніцы, бо людзі бягуць ад баявых дзеянняў і гэтак далей. Ушлыя ўкраінскія бізнесмены літаральна за нейкі год у пяць разоў павялічылі колькасць сваіх грузавікоў, якімі яны перавозяць. Натуральна, гэта вельмі магутна ўдарыла па аналагічным польскім бізнесе. А Літва і Польшча, калі хто не ведае, з’яўляюцца аднымі з, як прынята казаць, хабаў, дзе рэгіструюць машыны — і потым яны перавозяць грузы па ўсёй Еўропе.

Як заўважыў Вадзім Гігін, дальнабойшчыкі — гэта электарат партыі «Права і справядлівасць». «Наогул усё прымежжа, усход Польшчы — гэта ў асноўным тыя, хто [на нядаўніх парламенцкіх выбарах] галасаваў за ПіС. Яны іграюць на шавіністычных настроях. Украінскія дальнабойшчыкі ходзяць і крычаць свае бандэраўскія лозунгі, у адказ чуюць тое ж самае. Не хацелася б, але тут ужо і да разні недалёка. Ужо два дальнабойшчыкі ў пробках памерлі. Чаканне ў чэргах складае каля 200 гадзін. Страты ўкраінскага бізнесу набліжаюцца да адзнакі ў паўмільярда еўра».

Усё гэта адбываецца на фоне таго, што граніца Польшчы і Украіны стала крыніцай ценявых даходаў для вялікай колькасці людзей, адзначыў у эфіры радыё Sputnіk палітолаг Сямён Уралаў. «Украінска-польская граніца — гэта чорная дзірка. Пад выглядам збожжа, гуманітарнай дапамогі вязуць што заўгодна. Вельмі шмат тавараў бяспошлінна вывозіцца з Еўрасаюза, а потым завозіцца назад. Польскія ўлады ўцягнуліся ва ўкраінскі канфлікт, спадзеючыся атрымаць ад яго хуткія дывідэнды. Эканамічныя дывідэнды яны атрымалі — і ў выглядзе еўрапейскай дапамогі, і на перапродажы зброі. Але любыя такія вялікія патокі тавараў і капіталаў заўсёды выклікаюць рост кантрабанды, уключаючы кантрабанду наркотыкаў, зброі. Ідзе страшная крыміналізацыя ўсяго рэгіёна».

Нестабільныя адносіны паміж Польшчай і Украінай і крызіс на граніцы з-за пратэсту польскіх перавозчыкаў могуць прывесці да ваеннага супрацьстаяння, лічыць былы саветнік украінскага экс-прэзідэнта Леаніда Кучмы Алег Соскін. «Гэта значыць, можа пачацца адкрыты ваенны канфлікт паміж Украінай і Польшчай», — цытуе яго РІА «Навіны». У эфіры свайго блога на YouTube-канале Алег Соскін папярэдзіў, што «сёння ўкраінска-польская граніца — дынамітная зона. Там можа адбыцца ўсё, што заўгодна».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.