Вы тут

Новыя электронныя «аўтамабільныя» магчымасці запрацуюць налета


Натарыусы і прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі налета будуць абменьвацца звесткамі пра аўтамабілі ў рамках дзвюх новых паслуг, а АІС «Дзяржтэхнагляд» плануе дзяліцца звесткамі адразу ў пяці паслугах. 


У рамках комплекснай паслугі па атрыманні сістэматызаваных звестак пра аўто можна будзе даведацца пра тэхагляд машыны за апошнія дзесяць гадоў (цяпер даступна толькі апошняя дыягностыка). З’явяцца і новыя магчымасці на сайце па продажы аўто https://av. by/, дзе аб’явы будуць публікавацца толькі пасля зверкі VІN-нумара транспартнага сродку і дзяржаўнага, а аўташколы змогуць заказваць паслугі па сертыфікацыі сваіх паслуг электронна. Пра навінкі, якія плануюцца, расказаў Андрэй Бусько, вядучы спецыяліст аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП).

Звестак больш, кошт ранейшы

На адзіным партале электронных паслуг сёння існуе 12 паслуг з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі (АІС ДАІ), якія адносяцца да транспартнай сферы. Большасць з іх даступныя толькі для дзяржорганаў і юрыдычных асоб, якія маюць права на атрыманне такой інфармацыі (згодна з нарматыўна-прававым актам).

А вось комплексная паслуга 3.58.01 «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто» (працуе на партале са жніўня 2022-га), дзякуючы якой, ведаючы толькі VІN-нумар машыны і зрабіўшы толькі адзін запыт, можна атрымаць звесткі пра аўто з чатырох інфармацыйных рэсурсаў: ДАІ, Белтэхагляду, Беларускага бюро па транспартным страхаванні і інфармацыйнай сістэмы транспартных сродкаў, якія адшукваюцца, даступная для заказу юрыдычным і фізічным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. Яна дапрацоўваецца.

— У найбліжэйшы час паслуга будзе дапоўнена магчымасцю атрымліваць гісторыю праходжання аўтамабілем тэхнічнага агляду за апошнія дзесяць гадоў. Пакуль карыстальнік паслугі можа атрымліваць звесткі толькі пра апошнія выкананыя па аўто кантрольна-дыягнастычныя работы (КДР). Звесткі пра транспартны сродак, што даюцца карыстальніку цяпер, накшталт рэгістрацыйнага нумара, маркі, года выпуску аўто, тыпу яго кузава, вагі, максімальна дазволенай вагі, серыі, нумара і даты выдачы пасведчання аб рэгістрацыі, даты завяршэння тэрміну дзеяння пасведчання аб рэгістрацыі, звесткак пра вышук аўто (на тэрыторыі СНД), прабегу аўтамабіля на момант праходжання тэхагляду, прымянення транспартнага сродку (ці не з’яўляецца машына таксі), таксама застануцца даступнымі, — падзяліўся Андрэй Бусько.

Усе станцыі тэхнічнага агляду падпарадкоўваюцца арганізацыі «Белтэхагляд», таму, нават калі аўтамабіль праходзіць КДР штораз на розных дыягнастычных станцыях, звесткі пра гэта трапляюць у АІС «Белтэхагляд». Пераход у атрыманні інфармацыі пра дыягностыку аўто (замест аднаго абслугоўвання на станцыі да звестак пра абслугоўванне цягам дзесяці гадоў) абумоўлены запытамі карыстальнікаў, удакладніў спецыяліст:

— У пэўнай ступені гэта павысіць і сапраўднасць звестак пра аўто. Тым больш што інфармацыя аб прабегу машыны з лістапада 2021 года стала запаўняцца непасрэдна супрацоўнікамі станцый дыягностыкі, а не запісвацца са слоў уладальніка транспартнага сродку.

Арганізацыя «Белтэхагляд» увогуле скіравана на лічбавізацыю сваіх паслуг, таму акрамя прадастаўлення ў электронным выглядзе інфармацыі пра тэхагляд плануе зрабіць магчымым таксама паслугі па сертыфікацыі аўташкол, дадаў прадстаўнік НЦЭП:

— Сёння, каб прайсці сертыфікацыю, юрыдычнай асобе, якая ажыццяўляе падрыхтоўку вадзіцеляў розных катэгорый (аўташколе), трэба сабраць пакет дакументаў і прадставіць іх у «Белтэхагляд». Са з’яўленнем лічбавай паслугі ўсе неабходныя звесткі можна будзе падаваць праз партал — дастаткова аўтарызавацца на ім і запоўніць заяву. Мяркуецца, што паслуга запрацуе ў першым квартале 2024-га.

Натарыят + ДАІ

Дзве новыя паслугі: 3.06.13 «Прадастаўленне натарыусам звестак з АІС ДАІ для натарыяльнага сведчання дагавораў адчужэння або пагаднення аб выкананні натарыяльна засведчанага дагавора» і 3.06.14 «Прадастаўленне натарыусамі ў АІС ДАІ звестак аб натарыяльна засведчаных дагаворах ці пагадненнях аб выкананні натарыяльна засведчанага дагавора», як мяркуецца, таксама з’явяцца цягам 2024 года на адзіным партале.

Яны распрацаваны ў рамках рэалізацыі Указа № 246 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнні транспартных сродкаў», расказаў Андрэй Бусько:

— Паколькі былі скасаваны рахункі-даведкі, цяпер пры продажы і набыцці аўто адразу заключаецца дагавор куплі-продажу. І па гэтай інфармацыі павінна адбывацца ўзаемадзеянне Беларускай натарыяльнай палаты (БНП) і ДАІ. Дзяржаўтаінспекцыя будзе даваць натарыусам звесткі, неабходныя для натарыяльнага дзеяння: інфармацыю пра машыну, яе ўладальніка (уласніка), наяўнасць абмежаванняў у дачыненні да транспартнага сродку, наяўнасць дагавораў аб адчужэнні аўто і пагадненняў аб выкананні дагавораў аб адчужэнні аўто.

Пасля здзяйснення натарыяльнага дзеяння натарыусы (у рамках паслугі 3.06.14) будуць перадаваць у ДАІ звесткі пра натарыяльна засведчаныя дагаворы аб адчужэнні механічных транспартных сродкаў, прычэпаў да іх (за выключэннем колавых трактароў і прычэпаў да іх) або пагадненняў аб выкананні дагавораў аб адчужэнні, дадаў спецыяліст.

Аб’ява пасля праверкі

З ДАІ абмяркоўваецца магчымасць стварэння такой паслугі, як зверка VІN-нумара машыны з дзяржаўным нумарам. Калі карыстальнік будзе ўводзіць VІN-нумар транспартнага сродку, яму будзе вяртацца рэгістрацыйны або наадварот, удакладніў прадстаўнік НЦЭП:

— Калі ўвесці ў запыце абодва нумары, то чалавеку прыйдзе інфармацыя, што аўтамабілю з указаным VІN-нумарам адпавядае дадзены рэгістрацыйны знак. Гэта зроблена для таго, каб палепшыць сітуацыю на рынку продажаў аўто. Сёння на пляцоўках па продажы машын шмат махлярства — даюцца фэйкавыя аб’явы пра неіснуючыя транспартныя сродкі, таму сумесна з уладальнікам сайта кампаніяй «Аўтакласіфайд» мы прапрацоўваем рэалізацыю ідэі, каб яшчэ да апублікавання аб’явы аб продажы аўто можна было праверыць яго сапраўднасць. Карыстальнік, які хоча даць аб’яву, будзе ўводзіць VІN-нумар і дзяржнумар машыны для аўтаматычнай зверкі. Калі яна будзе пройдзена, аб’яву апублікуюць.

Спецыялісты цэнтра вядуць з «Аўтакласіфайд» перагаворы адносна таго, каб у свае справаздачы аб аўтамабілі av. by уключаў таксама інфармацыю, якую можна атрымаць у рамках комплекснай паслугі пра аўто (3.58.01) на адзіным партале, абазначыў вядучы спецыяліст аддзела.

Пра трактар для ваенкамата

У найбліжэйшы час павінна з’явіцца яшчэ пяць паслуг з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы Дзяржтэхнагляду (АІС Дзяржтэхнагляд), уладальнікам якой з’яўляецца Мінсельгасхарч і якая ўтрымлівае звесткі пра сельскагаспадарчую тэхніку: трактары, камбайны, пагрузчыкі і іншае.

— Паслугі, якія распрацоўваюцца, таксама датычацца рэалізацыі Указа № 246 аб адчужэнні транспартных сродкаў. Паслуга 3.79.05 «Прадастаўленне натарыусамі звестак аб сведчанні дагавораў ці пагадненняў аб выкананні натарыяльна засведчаных дагавораў» мае на мэце ўзаемадзеянне Беларускай натарыяльнай палаты і Мінсельгасхарча. Схема заказу і атрымання звестак у межах гэтай паслугі рэалізавана гэткім жа чынам, як і пры абмене звесткамі паміж БНП і ДАІ, — абазначыў Андрэй Бусько.

Цікавасць для натарыусаў могуць уяўляць яшчэ тры паслугі. Гэта 3.79.01 «Прадастаўленне звестак аб рэгістрацыі механічных транспартных сродкаў, прычэпаў да іх, самаходных машын юрыдычных і фізічных асоб», 3.79.02 «Прадастаўленне звестак аб механічных транспартных сродках, прычэпах да іх, самаходных машынах» і 3.79.04 «Прадастаўленне звестак аб выдачы фізічнай асобе пасведчання трактарыста на права кіравання сельскагаспадарчай тэхнікай».

— Прадугледжана, што спажыўцамі паслуг 3.79.01, 3.79.02 і 3.79.04 стануць не толькі натарыусы, але і ваенныя камісарыяты ды органы прымусовага выканання. Спажывец паслугі 3.79.03 «Прадастаўленне звестак аб рэгістрацыі сельскагаспадарчай тэхнікі юрыдычных і фізічных асоб (для Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь)» вызначаны ў самой назве паслугі, — удакладніў спецыяліст.

Абмежаванне кіроўцы і аўто ў залогу

З сакавіка на партале запрацавалі дзве паслугі, з дапамогай якіх можна праверыць факт выдачы пасведчання кіроўцы (3.06.08 «Пацвярджэнне факта выдачы пасведчання кіроўцы на права кіравання мапедам, матацыклам, аўтамабілем, саставам транспартных сродкаў, трамваем, тралейбусам») [O1], а таксама ці не абмежавана яго права на кіраванне аўто (3.06.09 «Праверка наяўнасці звестак аб абмежаванні ў праве кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі па ідэнтыфікацыйным нумары, выдадзеным пасведчанні кіроўцы»). Ініцыятарамі іх стварэння сталі каршэрынгавыя кампаніі, нагадаў Андрэй Бусько:

— З паслугай каршэрынгу часта ўзнікаюць праблемы. А паслуга 3.06.08 дазваляе спыніць факт стварэння акаўнта ў каршэрынгавай праграме чалавекам, які не мае пасведчання кіроўцы. Кампанія, якая замаўляе ў нас паслугу пацвярджэння факта выдачы пасведчання кіроўцы чалавеку, які да іх звярнуўся па арэнду, атрымае пацвярджэнне гэтаму або звесткі, што такога дакумента не існуе.

Можа здарыцца, што пасведчанне кіроўцы ў чалавека ёсць, але права доступу на кіраванне аўто ў яго абмежавана (з-за сардэчных ці псіхалагічных парушэнняў). Высветліць гэты факт дапамагае паслуга 3.06.09. Для каршэрынгавых кампаній гэта асабліва важна, бо калі чалавек з абмежаваннямі на права кіравання арандуе аўто і яго спыняць, то каршэрынгавую машыну могуць канфіскаваць на карысць дзяржавы (калі пасведчанне было адабрана за язду ў нецвярозым стане), і такія выпадкі не рэдкасць.

Абедзве паслугі (кожная каштуе 0,84 рубля) дапамогуць прыняць правільнае рашэнне і адказным асобам у арганізацыях, якія ажыццяўляюць пасажырскія і грузавыя перавозкі (напрыклад, аўтобуснаму парку), бо зразумела, што кіроўцу можна дапускаць на маршрут, калі ў яго ёсць пасведчанне і няма абмежаванняў на кіраванне, дадаў спецыяліст.

А з мая працуе яшчэ адна карысная паслуга — 3.68.01 «Прадастаўленне звестак аб заложанай рухомай маёмасці па ідэнтыфікацыйным нумары транспартнага сродку». Дзякуючы ёй у рэжыме рэальнага часу з інфармацыйнай сістэмы «Рэестр рухомай маёмасці, якая абцяжарана залогам» можна атрымаць поўную і сапраўдную гісторыю знаходжання аўто ў залогу. Паслуга каштуе сем рублёў і даступная на партале па нястрогай ідэнтыфікацыі любому спажыўцу.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.