Вы тут

Маёмасная «вітрына» перад стварэннем маркетплейса невыкарыстоўваемых аб’ектаў краіны


Стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці з’яўляецца адным з асноўных стратэгічных фактараў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У апошнія гады ў гэтым кірунку адбыліся відавочныя змены ў галіне вызначэння правілаў вядзення бізнесу. Яны накіраваны на паляпшэнне дзелавога клімату і павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці дзяржавы. 

Напрыклад, у нас створаны максімальна камфортныя ўмовы для аператыўнага ўключэння ў эканамічны абарот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, распавяла начальнік Галоўнага ўпраўлення распараджэння маёмасцю Дзяржкаммаёмасці Ірына Цяглава.


Старт сваёй справы — усяго за 37 рублёў

Сёлета значна абнавілася заканадаўства. Менавіта цяпер уступілі ў сілу два ўказы, якімі закладзена аснова для таго, каб максімальна аператыўна прымаць рашэнні аб продажы дзяржмаёмасці, здачы яе ў арэнду і бязвыплатнай перадачы ў прыватную ўласнасць.

Тут варта падкрэсліць ключавыя новаўвядзенні. Гэта — пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў улады. Ім цяпер дадзена права самастойна вызначаць выпадкі, калі яны могуць прадаваць маёмасць без правядзення таргоў. Таксама ёсць магчымасць зніжаць пачатковую цану на 20, 50, 80 працэнтаў і рэалізоўваць аб’екты за адну базавую велічыню.

Усяго за 37 рублёў (адна базавая велічыня) можна набыць аб’ект, які ўяўляе гісторыка-культурную каштоўнасць, але ёсць абавязковая ўмова — яго неабходна аднавіць. Такая ж схема працуе і ў дачыненні да недабудаваных аб’ектаў.

Паколькі будынкі ўваходзяць у бізнес-абарот, дазволілі хаджэнне гэтых таварных адзінак на другасным рынку. Атрымліваецца, што цяпер аб’екты, якія рэалізаваны за адну базавую велічыню, можна перапрадаваць, але пры захаванні ўмоў, адлюстраваных у дагаворы. Раней гэта было немагчыма, а цяпер забароны на адчужэнне няма. Пры наяўнасці пэўных абставін мясцовыя органы ўлады могуць таксама вызваляць ад санкцый за невыкананне ўмоў, прадугледжаных пры куплі аб’екта за адну базавую велічыню (раней гэта было магчыма толькі па рашэнні кіраўніка дзяржавы).

«На сёння ўвесь працэс ад падрыхтоўкі пакета дакументаў да прыняцця рашэння аб продажы нявыкарыстанай дзяржаўнай маёмасці максімальна аптымізаваны, — заявіла Ірына Цяглава. — Наша работа накіравана на тое, каб усе падобныя аб’екты былі запатрабаваны».

Тэхпашпарт у 5D

Галоўная асаблівасць продажу сёлета аб’ектаў у сталічным рэгіёне — амаль поўны пераход на электронны фармат таргоў, што вельмі зручна для ўдзельнікаў (усе працэдуры па рэгістрацыі і ўдзеле праходзяць аддалена). Па словах першага намесніка старшыні камітэта дзяржмаёмасці Мінаблвыканкама Галіны Ткачэнка, у гэтым годзе на Міншчыне запісана ў плане па ўключэнні ў гаспадарчы абарот 111 аб’ектаў нерухомасці, з якіх 76 былі прапанаваны да продажу на аўкцыёнах. Ужо прададзены 36 з іх. А найбольш папулярнымі былі аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца ў Слуцкім і Пухавіцкім раёнах.

«Палова аб’ектаў у гэтым годзе рэалізаваны з паніжэннем пачатковай цаны на 80 працэнтаў — у такіх выпадках адсутнічае патрабаванне па выкананні абавязковых умоў, — паведаміла Галіна Ткачэнка. — На другім месцы па папулярнасці — рэалізацыя аб’ектаў з усталяваннем пачатковай цаны ў адну базавую велічыню: у гэтых выпадках ёсць абавязковыя ўмовы, і ім неабходна адпавядаць. Такія аб’екты знаходзяцца звычайна ў аддаленых ад сталіцы раёнах.

Цікава, што ў Мінскай вобласці ўпершыню ў краіне рэалізаваны 5D-праект па вырабе тэхпашпарта сядзібнага дома Патоцкіх у Беразіно. Гэты праект у досыць добрым стане, пышнае месца размяшчэння на беразе ракі Бярэзіна, але доўга не маглі зрабіць тэхпашпарт, а адпаведна і выставіць на таргі. Прычым былі створаны не толькі інтэрактыўны пашпарт аб’екта, але і ведамасць тэхнічных характарыстык — той дакумент, які дазволіць уцягнуць гэты помнік архітэктуры ў грамадзянскі абарот. Аб’ект прапануецца на аўкцыёне з паніжэннем цаны на 80 працэнтаў — за 28 тысяч рублёў.

З руінаў стварылі музей, цяпліцы і склады

«Усё больш аб’ектаў прадаецца за адну базавую — такая тэндэнцыя апошніх гадоў. І калі ў працэсе выканання дагавораў не паспяваюць выканаць абавязковыя ўмовы, ідзём такім уласнікам насустрач — ніколі не адмаўляем у прадаўжэнні выканання дамоўленасцяў», — удакладняе Ірына Цяглава.

Нерухомасць, набытую за адну базавую велічыню, прыстасоўваюць пад пашырэнне вытворчых і складскіх магутнасцяў. Але і не толькі. У Нясвіжы, напрыклад, у набытым будынку з часам адкрылі музей, у Барысаве — дом дзіцячай творчасці, у Жлобіне — дзіцячы і медыцынскі цэнтры, разваліны ператвараюць у цяпліцы і малочнатаварныя фермы.

Варта заўважыць, што агульны эфект ад такіх продажаў выключна станоўчы. Невыкананне ўмоў дагавора назіраецца ўсяго толькі ў 10% пакупнікоў.

Арэнда з правам выкупу

Карыстаецца попытам і арэнда, хоць і некалькі меншым, чым продаж, лічаць спецыялісты. Па заканчэнні трох гадоў арандатар мае пераважнае права на набыццё памяшкання. Сёлета ў Мінскай вобласці такім чынам было прададзена 23 аб’екты.

Нядаўнім Указам «Аб арэндзе і бязвыплатным карыстанні маёмасцю» дадаткова ўведзены паніжальныя каэфіцыенты для прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць і арандуюць вытворчыя плошчы. Для такіх прадпрымальнікаў можа быць ужыты каэфіцыент 0,5. Ён уведзены дзякуючы ініцыятыве бізнес-супольнасцяў, якая зыходзіла ад іх падчас узгаднення праекта ўказа. Каэфіцыент попыту на нерухомую маёмасць раней быў ад 0,5 да 3. Цяпер ніжняя мяжа зніжана да 0,3, што таксама паўплывае на памер арэнднай платы, патлумачыла Ірына Цяглава.

Для айчынных вытворцаў у выпадку ажыццяўлення імі гандлю на рынках і ў гандлёвых цэнтрах прымяняецца каэфіцыент попыту не больш чым адзінка. Дарэчы, у найбліжэйшы час Дзяржкаммаёмасць і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падрыхтуюць тлумачэнні наконт таго, хто адносіцца непасрэдна да айчынных вытворцаў.

Указам ураду дэлегаваны паўнамоцтвы па зацвярджэнні пераліку суб’ектаў, якім нерухомасць даецца ў бязвыплатнае карыстанне. Акрамя гэтага, удакладняецца пералік юрыдычных асоб, якім выдзяляюцца льготы па кампенсацыі выдаткаў, звязаных з утрыманнем і эксплуатацыяй нерухомай маёмасці. У ліку навацый дакумента — устанаўленне забароны на ўдзел у паўторных аўкцыёнах асоб, чые дзеянні прывялі да зрыву раней праведзеных аўкцыёнаў.

Выкуп арандаванага аб’екта — вельмі запатрабаванае права. Але ўласнік у асобе дзяржавы не заўсёды абавязаны прадаваць: у кожным выпадку важна ўлічваць усе нюансы, каб пазбегнуць спрэчак. Вось арэнда з правам выкупу — там сапраўды прадугледжаны абавязак прадаць, прычым ужо праз год.

Усё на адной пляцоўцы

Генеральны дырэктар Інстытута нерухомасці і ацэнкі Вікторыя Красоўская акцэнтавала ўвагу на магчымасці ўзначаленай ёю арганізацыі кансультаваць будучых пакупнікоў і прадаўцоў па любых пытаннях. Яны могуць быць звязаныя з рэалізацыяй прадпрымальніцкіх ініцыятыў і іншых розных аспектаў правапрымяняльнай практыкі. Паводле яе слоў, уся маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, сёння акумулюецца на адной пляцоўцы (сайце інстытута). Гэта своеасаблівая «вітрына». Наступным этапам стане фарміраванне электроннай гандлёвай пляцоўкі, дзе таксама будзе і аўкцыён. «Можа быць, з часам мы выйдзем на стварэнне свайго роду маркетплэйса, які будзе прадстаўляць усю дзяржмаёмасць, якая не выкарыстоўваецца. Гэта тое, да чаго мы імкнёмся», — адзначыла Вікторыя Красоўская.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.