Вы тут

Юрый Лімантаў з Гомеля перамог у рэспубліканскім конкурсе «Муляр-2023»


Добрыя муляры на будаб’екце на вагу золата. Такія даўно праславілі родную Гомельшчыну, яны вядомы выкананнем будаўнічых задач любой складанасці. Праявілі сябе не толькі на значных аб’ектах рэспублікі, але на ўсёй постсавецкай прасторы, у тым ліку пры аднаўленні гарадоў пасля тэхнагенных катастроф, стыхійных бедстваў. Каб расці, развівацца, павышаць прэстыж прафесіі, штогод муляры змагаюцца за званне лепшага ў сваёй справе на ўзроўні вобласці. Гэтай восенню ўпершыню Гомельшчына прыняла ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу «Муляр-2023». Прадстаўнікі рэгіёна кельняй ды расшыўкай вывелі-выклалі сваю перамогу на годным ўзроўні.


Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Муляр-2023» сярод пачаткоўцаў — навучэнец Гомельскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Юрый Лімантаў

Па цаглінцы, па цаглінцы... І ў дамкі

Працуеш на «захватцы», выводзіш слупкі, а затым па кружале на апоры з цэглы, выкладваеш арку... Россыпам слоў-прафесіяналізмаў муляры апісваюць працэс выканання задання конкурснай праграмы. Спаборніцтвы для іх арганізавалі на базе Гомельскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў. Тут у вытворчай зале і размясціліся прэтэндэнты на званне лепшага ў рэспубліцы муляра. Конкурснае заданне — узвядзенне аркі, — кожны выконваў на сваёй «захватцы» — «квадраце» ці адведзенай пляцоўцы. Спаборнічалі, так бы мовіць, у «цяжкай і лёгкай вазе». У сваёй падгрупе дасведчаныя прафесіяналы з працяглым стажам работы і асобна — муляры-пачаткоўцы.

У цэлым жа ў конкурсе прынялі ўдзел 14 муляраў — прадстаўлялі шэсць рэгіёнаў і горад Мінск. Па рашэнні аб правядзенні спаборніцтваў, ад кожнай вобласці можа быць прадстаўлены толькі адзін спецыяліст. Акрамя гэтага, калі ў рэгіёне ёсць навучальная ўстанова па падрыхтоўцы спецыяліста-муляра, то яна можа таксама прадставіць свайго ўдзельніка на конкурсе. У Гомельскай вобласці будучых спецыялістаў па прафесіі рыхтуюць у Гомелі і Мазыры. Таму ў падгрупе пачаткоўцаў Гомельшчыну прадставілі навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў і Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.

За якасцю выканання конкурснага задання сачылі эксперты. Журы ўлічвала кожны нюанс: асаблівая ўвага — узроўню мура, таўшчыні цэментнага слоя, ацэньваецца і аператыўнасць, акуратнасць кладкі, і, безумоўна, захаванне патрабаванняў аховы працы. Для вызначэння пераможцы камісія вяла карткі ўліку, куды ў працэсе выканання задання ўносіліся вытворчыя паказчыкі.

Па выніках конкурсу сярод прафесіяналаў будаўнічых арганізацый прызавыя месцы заваявалі муляры Яўген Навіцкі з ААТ «Будаўнічы трэст 4» (г. Мінск), Андрэй Дзідзенка з філіяла «Будтрэст 33» ААТ «Будаўнічы трэст 8» (Брэсцкая вобласць) і Андрэй Катовіч ТАА «Металбудпрофіль» (Мінская вобласць).

Між тым званне лепшага ў рэспубліцы па прафесіі сярод пачаткоўцаў — у капілцы Гомельшчыны. Перамог у сваёй намінацыі навучэнец Гомельскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Юрый Лімантаў. Другое месца ў конкурсе заняў Антон Шыянаў з Бабруйскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа, трэцяе месца дасталася таксама пачынаючаму муляру Гомельшчыны — навучэнцу Мазырскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Андрэю Юхно.

«Гэта не дыктант, у суседа па парце не спішаш...»

Дарэчы, конкурснае заданне — вывядзенне аркі — не праграмнае нават для выпускнікоў каледжаў, а толькі для муляра 4-5 разрадаў. Але, калі ў навучэнца ёсць поспехі ў вучобе і здольнасці, майстар можа прапанаваць асвоіць гэты элемент работ муляра.

Пераможца конкурсу Юрый Лімантаў прымаў удзел у падобных спаборніцтвах упершыню і рыхтаваўся вельмі сур’ёзна.

— Дома на бацькоўскім участку набіў руку на выкладванні слупкоў, рабіў забор. Гэта мне вельмі дапамагло падчас конкурсу, бо лягчэй было ўжо справіцца з вывядзеннем слупкоў для аркі. Заданне ж не дыктант, у суседа па парце не спішаш. У мяне асабіста на выкананне ўсёй работы пайшло тры гадзіны. Самым складаным было вывесці арку. Калі ўжо ўсё зрабіў, то — бац — не ўстае апошняя цаглінка. Тут галоўнае было ўзяць сябе ў рукі, не псіхаваць, а зразумець, як дзейнічаць. Прыйшлося перарабляць. Дзякуй маім майстрам за падрыхтоўку, — перадае Юрый.

Лепшаму пачынаючаму муляру, дарэчы, толькі 17 гадоў. Ён родам з вёскі Матневічы Чачэрскага раёна. Юра — старэйшы сын у сям’і Віктара і Марыны Лімантавых, якія выхоўваюць яшчэ трох хлопцаў і дачку. Бацькі, вядома, вельмі рады і ганарацца перамогай старэйшага сына на рэспубліканскім конкурсе.

— У нас у сям’і ніколі ніхто не быў звязаны з будаўніцтвам. Я сам пайшоў паступаць на муляра за кампанію з сябрам. У гэтым годзе мая малодшая сястра ўжо па маім прыкладзе паступіла ў наш Гомельскі дзяржаўны каледж будаўнікоў, — расказаў малады чалавек.

Хлопец адразу пасля ўдзелу ў конкурсе адправіўся на вытворчую практыку. І тут пашанцавала, смяецца: накіравалі на будаўнічы аб’ект Гомельскага ПМК-16 — рэканструкцыю малочнатаварнай фермы ў сваёй роднай вёсцы на Чачэршчыне. На маё пытанне аб марах малады чалавек падзяліўся, што плануе пасля адпрацоўкі адслужыць тэрміновую службу і стаць прафесійным ваенным, застацца ў арміі.

— Калі добра здам тэорыю і практыку на кваліфікацыйным экзамене, змагу атрымаць адразу чацвёрты разрад муляра. Мая спецыяль-
насць і ў вайсковай службе згадзіцца, — перакананы пераможца.

Лепшыя вучэбныя «квадраты» для муляраў

У Гомельскім дзяржаўным каледжы будаўнікоў, дзе падрыхтавалі лепшага пачынаючага муляра, створана вельмі добрая вытворчая зала для заняткаў. Каледж рыхтуе спецыялістаў будаўнічых прафесій больш як 75 гадоў. Штогод ідзе набор у дзве групы па спецыяльнасцях, дзе навучэнцы атрымліваюць інтэграваную прафесію «муляр і зваршчык» і «муляр, кіроўца, бетоншчык». Выпускнікі каледжа працаўладкоўваюцца на прадпрыемствы Гомеля і Гомельскай вобласці.

Падчас правядзення рэспубліканскага конкурсу «Муляр-2023» на адметнасць спаборніцтва звярнуў увагу старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Генадзь Ляпуноў.

— Акцэнт на пераемнасці пакаленняў, бо маладыя муляры дэманструюць навыкі побач з мэтрамі ў сваёй справе. Гэта выдатная магчымасць пераняць тонкасці рамяства ў прафесіяналаў. Прафесія муляра адна з самых старажытных, але ўпэўнены, што і ў час высокіх тэхналогій майстры гэтага профілю запатрабаваны. Беларускія будаўнікі маюць высокую кваліфікацыю. Яны стварылі такія будынкі, па якіх пра нашу краіну ведаюць. Гэта і Мірскі замак, і Нясвіжскі замак, і Нацыянальная бібліятэка, і многія іншыя, якія сталі візітнымі карткамі Беларусі, — нагадаў Генадзь Ляпуноў.

Для павышэння якасці будаўнічых работ і росту прэстыжу прафесіі муляра, а таксама для ўкаранення інавацый у гэтай дзейнасці дзесяць год запар на Гомельшчыне арганізуюць абласны конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы муляр».

— Дарэчы, гэтыя вытворчыя спаборніцтвы традыцыйна арганізуюцца на сацыяльна значных аб’ектах будаўніцтва ў рэгіёне. Такім чынам, спецыялісты і сябе могуць паказаць, і, выконваючы заданні конкурсу, дапамагчы ў будаўніцтве на сацыяльна значным аб’екце, здачы якога чакаюць многія людзі. Так, у розныя гады конкурсы праходзілі, як правіла, на будаўніцтве навучальных устаноў. У гэтым годзе конкурс «Найлепшы муляр» Гомельшчыны прайшоў на базе аб’екта будаўніцтва школы ў Буда-Кашалёўскім раёне. Тое, што ўпершыню конкурс рэспубліканскага ўзроўню было вырашана правесці ў нас у Гомелі, — вялікі гонар і адказнасць, — падкрэсліў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў Дзмітрый Мурашка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.