Вы тут

Міністр адукацыі даў тлумачэнне па платным навучанні ў ВНУ


У розных беларускіх ВНУ студэнтаў нядаўна азнаёмілі з поўным коштам платнага навучання. Бацькі захваляваліся. Міністр адукацыі Андрэй Іванец даў тлумачэнне.


Фота: БелТА

Па яго словах, тыя студэнты, якія атрымліваюць адукацыю на платнай форме навучання, пакрываюць выдаткі на навучанне на ўзроўні 50–70 працэнтаў. Таму цяпер Міністэрствам адукацыі арганізавана работа па прывядзенні да аднастайнасці дагавораў падрыхтоўкі спецыялістаў на бюджэтнай і платнай формах навучання.

У дагаворы па падрыхтоўцы спецыяліста на бюджэтнай форме ёсць асобны пункт аб выдатках бюджэту на навучанне. У сувязі з гэтым у дагаворы аб падрыхтоўцы на платнай форме атрымання адукацыі будзе ўнесены аналагічны пункт.

Кіраўнік ведамства зрабіў акцэнт на тым, што цяпер гэты дакумент носіць інфармацыйны характар, каб кожны студэнт-платнік разумеў, якую суму ён аплачвае і якія выдаткі насамрэч нясе на яго падрыхтоўку дзяржава і ўніверсітэт.

Змены ўносяцца ў агульны тыпавы дагавор. Мяркуецца, што ўжо да пачатку 2024 года дадзеныя змены будуць унесены ва ўсе дагаворы, па якіх навучаюцца як у каледжах, так і ва ўніверсітэтах.

Міністэрства адукацыі таксама прапрацоўвае пытанне аб павышэнні кошту аплаты, бо дзяржава нясе сур’ёзныя выдаткі.

«На функцыянаванне ўстаноў вышэйшай адукацыі з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана больш за адзін мільярд рублёў. І ў гэтую суму не ўваходзяць выдаткі на капітальнае будаўніцтва. Толькі сёлета мы адкрылі два інтэрнаты для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Таксама ідзе будаўніцтва яшчэ двух інтэрнатаў, якія плануецца адкрыць ужо ў наступным годзе — для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта», — патлумачыў Андрэй Іванец.

Наконт згаданай у дагаворы на навучанне сумы міністр праінфармаваў: парадак разліку кошту выдаткаў на падрыхтоўку спецыялістаў вызначаецца пастановай Міністэрства адукацыі № 210, якая была прынята яшчэ ў 2011 годзе. З таго часу ніякіх сур’ёзных змяненняў дадзеная пастанова не зведала. Разам з тым цалкам заканамернае пытанне — чаму менавіта цяпер узнікла вострая неабходнасць кампенсацыі платы за адукацыю. Адказ вельмі просты. Досыць працяглы час павышэнне кошту за навучанне адбывалася вельмі маруднымі тэмпамі. Напрыклад, калі летась рост заработнай платы быў на ўзроўні 16 працэнтаў, то кошт навучання ўзняўся за год менш чым на 7 працэнтаў. І дадзеная тэндэнцыя стрымлівальнага росту платы за навучанне адзначалася на працягу шэрагу апошніх гадоў. Менавіта таму сёння назіраецца такі назапашаны кумулятыўны эфект.

Што ж уваходзіць у выдаткі? Як заўважыў міністр, нічога звышнатуральнага. На ўзроўні 80 працэнтаў выдаткаў — гэта заработная плата прафесарска-выкладчыцкага складу, аплата жыллёва-камунальных плацяжоў. Безумоўна, у выдаткі ўваходзіць і заработная плата вучэбна-дапаможнага і іншага персаналу, узносы на сацыяльнае страхаванне. Акрамя таго, дзяржава нясе выдаткі па забеспячэнні паўнавартаснага адукацыйнага працэсу, арганізацыі практыкі, набыцці вучэбных матэрыялаў, мэблі.

«Мы бачым, што нават за апошнія пяць гадоў нашы ўніверсітэты сур’ёзна змяніліся, закупляецца сучаснае абсталяванне, праводзяцца рамонтныя работы, ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб кожны студэнт адчуваў сябе камфортна, а на выхадзе мы атрымалі высокакваліфікаванага спецыяліста з кампетэнцыямі заўтрашняга дня», — канстатаваў кіраўнік ведамства.

Наконт таго, калі чакаць павелічэння сум аплаты за навучанне, адзначана, што ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі плата за навучанне павінна быць эканамічна абгрунтаваная. Павышэнне кошту будзе не большым, чым павышэнне выдаткаў, якія штогод вырастаюць прыкладна на 15–17 працэнтаў. Прадугледжваецца, што за межы гэтай лічбы павелічэнне сумы на навучанне не выйдзе.

Таксама адзначана, што на працягу апошніх двух гадоў Міністэрствам адукацыі праводзіцца планамерная работа па павелічэнні колькасці бюджэтных месцаў для навучэнцаў і студэнтаў як на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай, так і вышэйшай адукацыі. Так, калі яшчэ два гады таму колькасць абітурыентаў-платнікаў, якіх набіралі на першы курс, складала каля 65 працэнтаў ад агульнай колькасці набору, то ў гэтым годзе колькасць бюджэтнікаў склала 60 працэнтаў, а платнікаў — 40 працэнтаў.

Міністр выказаў надзею, што ўжо ў найбліжэйшую прыёмную кампанію прыкладна 30 працэнтаў маладых людзей будуць паступаць на платную форму навучання, а 70 працэнтаў — на бюджэтную.

«Чаму мы ідзём гэтым шляхам? Сёння нашай эканоміцы патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты. У першую чаргу неабходна істотна павялічваць набор на бюджэтную форму навучання па такіх кірунках, як медыцына, педагогіка. Безумоўна, патрэбны спецыялісты для аграпрамысловага комплексу і інжынерныя кадры. У сувязі з гэтым хацелася б звярнуцца да бацькоў, абітурыентаў і запэўніць іх, што кожны малады чалавек, які добра вучыцца, імкнецца да ведаў, свядома выбірае прафесію, будзе мець магчымасць атрымаць якасную адукацыю», — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Што датычыцца пытання наконт адпрацоўкі платнікамі размеркавання, якое хвалюе студэнтаў і іх бацькоў, міністр падкрэсліў, што Міністэрства адукацыі выступае за адзіны падыход да падрыхтоўкі спецыялістаў. Змяненні, якія мяркуецца ўнесці ў заканадаўчую базу, закрануць тых, хто будзе паступаць у беларускія каледжы або ВНУ пасля ўступлення ў сілу новых норм. Таму сённяшнія студэнты-платнікі размеркаванне адпрацоўваць не будуць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.