Вы тут

Якіх спецыялістаў шукаюць сталічныя прадпрыемствы і што прапануюць?


На мінулым тыдні ў Культурна-спартыўным цэнтры Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі прайшоў сталічны кірмаш вакансій. У ёй узялі ўдзел каля 70 мінскіх прадпрыемстваў і арганізацый. Якія прафесіі запатрабаваныя на сталічным рынку працы, каго хочуць бачыць наймальнікі, якую абяцаюць зарплату і што шукаюць ахвотныя працаўладкавацца, даведаліся карэспандэнты «Звязды».


Арганізатарам кірмашу традыцыйна выступіў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Наведвальнікі маглі не толькі непасрэдна даведацца пра вакансіі таго ці іншага прадпрыемства і паразмаўляць з работадаўцамі, але атрымаць інфармацыю аб парадку атрымання беспрацоўнымі грамадзянамі субсідый на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці, азнаёміцца з праграмамі дадатковай адукацыі для дарослых. Школьнікаў і студэнтаў кансультавалі па выбары будучай прафесіі, а таксама расказвалі пра вакансіі, на якія можна адгукнуцца з 14 гадоў.

Кірмаш размясціўся на двух паверхах культурна-спартыўнага цэнтра. І недахопу наведвальнікаў, нягледзячы на тое, што сталіцу ў той дзень шчодра засыпала снегам, не адчувалася.

— Мы шукаем кандыдатаў на вакансіі вадзіцеля пагрузчыка, кладаўшчыка, укладчыка-ўпакоўшчыка і грузчыка. Заработная плата — ад тысячы рублёў плюс пашыраны сацыяльны пакет. У нас пастаянна пашыраюцца склады, таму патрэбны работнікі. Сёння было шмат кандыдатаў, якія гатовы разгледзець працаўладкаванне ў нас, — расказвае намеснік начальніка аддзела развіцця персаналу і адміністрыравання Мінскага філіяла РУП «Белмытсервіс» Крысціна Раманькова.

За асобным сталом размясціліся прадстаўнікі аховы здароўя. РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, сталічныя бальніцы і паліклінікі шукаюць як спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй медыцынскай адукацыяй, так і санітарак і іншы персанал.

— Нам патрабуецца ўрач рэнтген-лабарант, медыцынскія сёстры, у тым ліку агульнай практыкі, рэнтген-лабаранты, на перспектыву патрэбны юрыст, заўсёды ёсць неабходнасць у санітарках. Зарплата медыцынскай сястры — каля 800-900 рублёў, медыцынскай сястры агульнай практыкі — больш, бо яны працуюць на ўчастку, прыкладна 1200 рублёў. У асноўным падыходзяць людзі без спецыяльнай адукацыі, цікавяцца вакансіямі санітарак, прыборшчыкаў тэрыторый, — расказвае спецыяліст па кадрах 19-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Першамайскага раёна Мінска Вольга Сацук.

Шырока прадстаўлены на кірмашы і ўстановы сацыяльнай сферы. 

Напрыклад, псіханеўралагічны домінтэртнат для састарэлых і інвалідаў № 2 шукае медсясцёр, падсобнага рабочага, дворніка, санітарку, повара, урача-тэрапеўта, інструктара па працоўнай тэрапіі, афіцыянта, рабочага па мыцці і рамонту спецадзення, трактарыста, рабочага па комплекснаму абслугоўванню і рамонту будынкаў і збудаванняў, фельчара, прыборшчыка памяшканняў. Урачу-тэрапеўту, напрыклад, прапануюць заработную плату ў 2100 рублёў.

Горрэмаўтадоры ўсіх раёнаў сталіцы таксама запрашаюць на працу.

— Набіраем і спецыялістаў, і рабочых. У цяперашні час нам патрабуецца дыспетчар, майстар, лінейны дзяжурны майстар, з рабочых — прыборшчык тэрыторый, грузчык, кіроўца, слесар па рамонту аўтамабіляў. Прапануем дастойную заработную плату і поўны сацпакет. Заработная плата ва ўборшчыкаў, грузчыкаў — каля 1200 рублёў, кіроўцаў — каля дзвюх тысяч. Сёння знайшлі кандыдатаў, будзем запрашаць іх на сумоўе, — расказвае начальнік аддзела кадраў УП «Рэмаўтадор Фрунзенскага раёна г. Мінска» Вольга Азябчыкава.

Кваліфікаваных кадраў — токараў, шліфоўшчыкаў, фрэзероўшчыкаў — шукае ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга».

— Заработная плата — ад 1500 «чыстымі» на рукі. Добры сацпакет, маецца медыцынскае страхаванне, калектыўны дагавор прафсаюза. Афіцыйнае афармленне, аплата бальнічных, працоўныя водпускі, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце з персаналам ААТ «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга» Кацярына Капуста.

І рабочыя, і інжэнерна-тэхнічны персанал патрэбны на розныя вытворчасці машынабудаўнічага гіганта — МАЗа.

— Ёсць вакансіі слесара механа-зборачных работ, штрапаўшчыка, фрэзероўшчыка, токара, аператара ЧПУ, КІПаўцаў. Заработная плата — ад 1300 да 3000 рублёў. На вытворчасці кожны атрымлівае ад здзелкі. Да таго ж, працаваць можна звышурочна, у выхадныя дні за гэта двайная аплата. Калі няма адукацыі, мы навучаем самі. Запрашаем не толькі мужчын. 

Цяпер у нас дзяўчына працуе аператарам ЧПУ, прыйшла са студэнцкага атрада. Яе работай задаволены, ды і хлопцы ёй заўсёды гатовы дапамагчы, — усміхаецца начальнік аддзела кадраў, быта і гаспадарскага абслугоўвання ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» Яўген Шарапаў.

Цікавяцца ў прадстаўнікоў МАЗа вакансіямі студэнткі факультэта сацыялогіі БДУ. Дзяўчаты шукаюць працу ў службе маркетынгу.

— Мы студэнткі 4-га курса, шукаем адпрацоўку пасля ўніверсітэта. Вывучаем маркетынг, эканоміку, сацыялогію, піяр. Ці могуць нас узяць на адпрацоўку? — пытаюцца яны.

— Вам трэба патэлефанаваць у нашу службу маркетынгу і ўдакладніць. Могуць працаўладкаваць, спадабаецца, і застанецеся не толькі на адпрацоўку, бо няма нічога больш пастаяннага, чым часовае, — кажуць кадравікі і дыктуюць неабходны нумар тэлефона.

— А інжэнерныя спецыяльнасці ў вас якія? — цікавіцца адзін з наведвальнікаў, прадстаўнічы мужчына сярэдняга ўзросту.

— Інжэнер-тэхнолаг. Патрэбен спецыяліст і на аўтазборачную вытворчасць, і на «тэрмічку». Заработная плата — 1500 рублёў на прэсава-кузаўным заводзе, — расказваюць пра вакансію. — А па якіх кірунках вы працавалі?

— Я шмат дзе працаваў. Апошняе месца — намеснік галоўнага інжэнера МАПІДа, да гэтага — генеральны дырэктар аднаго з заводаў.
Яшчэ адзін буйны вытворца, прадстаўлены на кірмашы, — холдынг «Гарызонт».

— Мы — вытворчае прадпрыемства «Завод бытавой тэхнікі «Гарызонт». Вытворчасць вырасла ў тры разы, таму нам патрэбны персанал — рабочыя на канвеер, слесары-зборшчыкі на зборку тэлевізараў, грузчыкі. Заработная плата — ад 1500, — кажа кіраўнік сектара па падборы персаналу прадпрыемства Ларыса Гардзейман.

Зацікаўлены ў кадрах і транспартнікі, сярод іх «Мінсктранс».

— Самыя запатрабаваныя на сёння вакансіі — вадзіцель тралейбуса, аўтобуса, слесар па рамонту аўтамабіляў, слесар па рамонту рухомага саставу. Таксама патрэбны электраманцёры і слесары-электрыкі. Па прафесіі «вадзіцель тралейбуса» для тых, хто не мае прафесіі, мы праводзім навучанне. Яно доўжыцца чатыры месяцы. Ёсць два варыянты. Першы — праз службу занятасці сумесна з намі і каледжам. Навучэнец атрымлівае дапамогу, пасля адпрацоўвае на прадпрыемстве адзін год. Другі спосаб — са жніўня бягучага года мы самі набіраем ахвотных, навучаем праз той жа каледж машынабудавання і аплочваем заработную плату — 9 рублёў за гадзіну, атрымліваецца каля тысячы рублёў у месяц. У такім выпадку ў нас адпрацаваць трэба тры гады, — тлумачыць начальнік аддзела кадраў ДП «Мінсктранс» Галіна Кучарэнка. — Ахвотныя падыходзяць, цікавяцца ўмовамі, мы накіроўваем іх у філіялы для сумоўя. Запрасілі школьнікаў — дзевяцікласнікаў, расказваем, на якіх умовах яны могуць да нас звярнуцца, у якіх ліцэях вядзецца мэтавы набор. Яны атрымліваюць прафесію «слесар па рамонту аўтамабіля».

Паводле слоў кіраўніка аддзела кадраў, вадзіцель аўтобуса атрымлівае сярэднюю зарплату ў памеры 2 980 рублёў, пачатковец без стажу і вопыту можа разлічваць на дзве тысячы.

Алена КРАВЕЦ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.