Вы тут

З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся савецкія войскі пры ўзяцці Слаўгарада


1 кастрычніка 1943 года войскі 3-й і 50-й савецкіх армій увайшлі ў Прапойскі раён і на працягу двух дзён ачысцілі ад немцаў левабярэжныя часткі рэк Сож і Проня — вёскі Старынку, Сычын, Дабранку, Каменку, Кліны, Казакоўку, Благадаць, Гіжэнку, Целяшы, Бярозаўку, Ляцягі, Аляксандраўку-1 і 2, Ходараў, Закрупец, Загліннае, Любаны. А вось Прапойск з-за свайго месцаразмяшчэння на высокім беразе на зліцці рэк Сож і Проня і моцнай нямецкай абароны заставаўся непрыступным да 25 лістапада 1943 года. Шлях чырвонаармейцаў да Перамогі быў усыпаны шматлікімі ахвярамі. 


Кажуць, што нават вада ў Сажы была чырвонай ад крыві.

З аператыўнай зводкі Саўінфармбюро за 25 лістапада 1943 года:

...Нашы войскі, размешчаныя ў раёне Прапойска, пераправіліся праз рэкі Сож і Проня і пасля кровапралітных баёў прарвалі абарону саперніка. Немцы мелі на гэтым участку вельмі выгадныя пазіцыі. Яны пабудавалі ўмацаванні, якія прыкрываліся шырокімі воднымі перашкодамі. Савецкія часткі, дзейнічаючы ў цяжкіх умовах лясіста-балоцістай мясцовасці, зламалі супраціўленне саперніка і авалодалі раённым цэнтрам Магілёўскай вобласці горадам Прапойск, раённымі цэнтрамі Гомельскай вобласці Карма і Журавічы і занялі больш за 180 іншых населеных пунктаў. Праціўнік панёс вялізныя страты. Толькі ў баях за Прапойск знішчана да 2000 гітлераўцаў і захоплены вялікія трафеі…

Як прапойск стаў Слаўгарадам

Перайменаванне адбылося ў маі 1945 года. Слаўгарадскі пошукавік і стваральнік віртуальнага музея «Спадчына» Аляксандр Халееў прыводзіць у сувязі з гэтым успаміны былога камандуючага 3-й арміі, генерал-лейтэнанта Аляксандра Гарбатава. «...Камандзір 362-й дывізіі, высокі, поўны генерал Васіль Далматаў, добры камандзір і выдатны таварыш, даносячы мне на трэці дзень аб вызваленні вёскі Рудня, паставіў незвычайную ўмову: «Горад Прапойск не ўваходзіць у паласу нашага войска, але мы можам ім авалодаць пры ўмове, што вы не будзеце ўзбуджаць хадайніцтва аб прысваенні дывізіі наймення „Прапойскай“. Канешне, я яму гэта абяцаў, і ў трынаццаць гадзін таго ж дня дывізія авалодала горадам Прапойск, а да зыходу дня заняла вёскі Шаламы і Ржаўка».

Аляксандр Халееў — адзін з тых, хто займаецца адраджэннем падзей Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна. Ён пошукавік абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», з 2007 года — намеснік камандзіра слаўгарадскага пошукавага атрада «Спадчына». У 2008 годзе Аляксандр стварыў сайт, прысвечаны гісторыі Слаўгарадчаны, які і носіць назву віртуальны музей «Спадчына». У дапамогу тым, хто дагэтуль шукае сваіх родных і блізкіх, якія зніклі на той страшнай вайне, тут карысныя спасылкі і статыстычныя матэрыялы па Вялікай Айчыннай вайне.

Гісторыя ў асобах

Напярэдадні святкавання 80-гадовай даты вызвалення Слаўгарадскага раёна ў горад разам з жонкай, сынам і ўнукам прыязджаў нашчадак чырвонаармейца Васіля Дубадзелава — Віктар Дубадзелаў. Знайсці магілу яму дапамаглі менавіта пошукавікі гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру». Выкладчык дапрызыўнай падрыхтоўкі Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Сяргей Тагаеў успамінае, што іх знаёмства з Віктарам пачалося некалькі гадоў таму. Сяргей — ураджэнец суседняга са Слаўгарадскім Чавускага раёна, некалькі дзясяткаў гадоў актыўна займаецца пошуковай работай, у яго адна з найлепшых баз па Чавускім раёне. Па крупінках ён збіраў звесткі яшчэ з тых часоў, калі інтэрнэт замянялі кнігі «Памяць» — друкаваная версія па гісторыі раёнаў, дзе асноўная інфармацыя прысвячалася ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер у гэтым «саіскальнікам» дапамагаюць сайты АБД «Мемарыял» , «Памяць народа» і іншыя. Але імёны такіх пошукавікоў, як Сяргей, — яшчэ адзін дадатковы варыянт знайсці прапаўшага без вестак чырвонаармейца. І Віктар Дубадзелаў нейкім чынам выйшаў менавіта на яго.

— Мужчына шукаў месца пахавання свайго дзядзькі — гвардыі сяржанта Васіля Дубадзелава 1923 года нараджэння, — расказвае пошукавік. — Я знайшоў для яго гэта месца, скінуў каардынаты, і ён прыехаў. Чырвонаармеец Васіль Дубадзелаў памёр 30 сакавіка 1944 года ў 2233 палявым паходным хірургічным шпіталі і пахаваны на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна ў вёсцы Рабінаўка. У баявым данясенні 50-й арміі ён праходзіць як баец другога гвардзейскага асобнага дэсантнага стралковага палка.

Гасцей з Масквы сардэчна прымалі ў Слаўгарадскім райвыканкаме, гісторыка-краязнаўчым музеі, паказалі магілу героя. Аляксандр Халееў асабіста спрабаваў прааналізаваць баявы шлях байца, але пакуль разгадкі, як трапіў дэсантнік на тэрыторыю раёна, няма. «На сайце „Подзвіг народа“ баец указаны ў данясенні 50-й арміі без указання вайсковай часці, у якой ён ваяваў перад раненнем. Адзіная згадка пра гэтага чырвонаармейца, што ён памёр менавіта ў Слаўгарадскім раёне», — кажа пошукавік. Па звестках ваенных археолагаў на дадзены момант, дэсантнікаў у Слаўгарадскім і Чавускім раёнах у 1943–1944 годзе не было. І цікаўнасць прымушае шукаць разгадку.

Памяць праз QR-код

Адным з важных мерапрыемстваў сёлетняга святкавання стала ўстаноўка таблічкі з QR-кодам на воінскім пахаванні Героя Савецкага Саюза Вячаслава Чамадурава. Помнік яму знаходзіцца на абочыне дарогі Доўск — Слаўгарад на павароце ў вёску Рудня. Як сведчыць гісторыя, камандзір кулямётнага разліку сяржант Чамадураў вызначыўся 12 кастрычніка 1943 года ў баі за вёску Рудня Прапойскага раёна. За дзень удзельнічаў у адбіцці 19 контратак. У ліку першых уварваўся ў варожыя траншэі і, будучы двойчы паранены, не пакінуў поле бою. Сёння адна з вуліц у горадзе Слаўгарадзе носіць яго імя. Інфармацыйная таблічка на месцы помніка ўстаноўлена дзякуючы патрыятычнай акцыі «Захаваем памяць», якую рэалізоўваюць сумеснымі намаганнямі рэспубліканская арганізацыя «Патрыёты Беларусі» і Федэрацыя прафсаюзаў.

Удзел ва ўрачыстасцях прымалі госці з Ніжагародскай, Бранскай, Смаленскай і Самарскай абласцей. Дарэчы, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Слаўгарадам і муніцыпалітэтам Стаўрапольскага раёна Самарскай вобласці было падпісана летась. Сёлета гэты раён прадстаўлялі намеснікі кіраўніка па сацыяльных пытаннях Алена Шапілава і па эканоміцы Марына Ганіна.

— Да нас вайна не дайшла, але нашы ўраджэнцы прымалі ўдзел у вызваленні краіны, — падкрэслілі яны. — Наша прамысловасць працавала на поўную магутнасць для фронту. Мы ўражаны тым, як тут захоўваецца памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Мінулае нас моцна звязвае.

«Раней тут уставала зямля на дыбы, а цяпер магільныя пліты...»

На тэрыторыі раёна 125 воінскіх пахаванняў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У іх знайшлі апошні прытулак амаль 11 тысяч чырвонаармейцаў. Імёны вядомы крыху болей, чым паловы з іх.

— Адна з найбольш вялікіх магіл, дзе пахавана амаль 900 чалавек, знаходзіцца ў гарадскім парку, — удакладняе інфармацыю экскурсавод Нацыянальнага агенцтва па турызме Кацярына Смірнова. — У цэнтры Прапойска знаходзілася яўрэйскае гета, дзе было знішчана шмат жыхароў. На грамадзянскіх могілках па вуліцы Чырвонаармейскай ёсць брацкая магіла, дзе пахаваны 223 байцы, якія памерлі ад ваенных ран. А па вуліцы Ракасоўскага, непадалёк ад Слаўгарадскага філіяла «Чырвоны харчавік», устаноўлены помнік 30 мірным жыхарам, якіх расстралялі паліцаі. Імёны 29 з іх вядомыя.

Памяць пра абаронцаў і вызваліцеляў краіны, у тым ліку Слаўгарадскага раёна, увекавечана ў назвах вуліц. Сёлета старшы навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага гісторыка-краязнаўчага музея Вера Стасенка правяла даследчую работу па сістэматызацыі звестак аб героях.

— У нас ёсць вуліца Барыса Палявога, Вячаслава Чамадурава, Міхаіла Калініна, — расказвае яна. — Адна з вуліц названа ў гонар камандуючага 50-й арміяй падчас Гомельска-Рэчыцкай аперацыі Івана Болдзіна. Ёсць вуліца імя Канстанціна Ракасоўскага, які камандаваў Беларускім фронтам на той час, ураджэнца Слаўгарадскага раёна франтавіка Кастуся Кірыенкі і іншых. Усяго ў назвах вуліц у нас увекавечана 15 герояў.

У 1981 годзе адначасова паблізу ад вёскі Рабавічы Слаўгарадскага раёна і ў Саратаве былі ўстаноўлены помнікі 19-гадоваму Пятру Панамарову. Ён ураджэнец Саратаўскай вобласці, загінуў пры вызваленні беларускай вёскі. Яго імем названы вуліцы ў Слаўгарадзе, Мінску і Саратаве. Яно ўключана ў Кнізе «Памяць» Слаўгарадскага раёна. У экспазіцыі Слаўгарадскага гісторыка-краязнаўчага музея подзвігу Панамарова прысвечана дыярама, дзе 19-гадовы даводчык вядзе абстрэл пры дапамозе сваёй саракапяткі. Батальёнам, у складзе якога ён знаходзіўся, былі адбіты 6 атак. Загінулі ўсе, Панамароў адбіваўся да апошняга. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Вызваленне раёна ў экспанатах

Тэме вызвалення ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прысвечана некалькі цікавых экспанатаў.

Андрэй Кавалёў, навуковы супрацоўнік музея, дэманструе адзін з іх — кулямёт «Максім».

— Такім рарытэтам можа пахваліцца не кожны музей, — кажа Андрэй. — Ён перажыў рэвалюцыю, грамадзянскую вайну і быў задзейнічаны ў ходзе Вялікай Айчыннай. Кулямёт знойдзены на тэрыторыі слаўгарадскага прафліцэя № 3 гадоў 15 таму і адноўлены яго выхаванцамі пад кіраўніцтвам Аляксандра Халеева. У ім усё роднае, акрамя колаў, якія зрабілі навучэнцы. Ну і, канешне, гэта ўжо не баявая адзінка. А вось кулямётная стужка з брызенту сапраўдная. Яна была пустая і ляжала ў каробцы. Гэты экспанат доўгі час знаходзіўся ў нашых фондах, але цяпер выстаўлены для ўсеагульнага агляду. На падобным свой подзвіг здзейсніў Вячаслаў Чамадураў, практычна ў адзіночку адбіўшы 19 атак. Герой быў тройчы паранены, гэтыя раненні скарацілі яму жыццё. Памёр ён у 1957 годзе, калі яму споўнілася ўсяго 38 гадоў. Пасля вайны паспеў перакваліфікавацца з кулямётчыка ў танкісты і скончыць ваеннае вучылішча. Пахаваны ў Луганскай вобласці.

У музеі захоўваецца некалькі карцін, якія ілюструюць дзеянні партызан падчас вызвалення Прапойскага раёна. Адна з іх з жыхаром, які хаваецца за дрэвам. Ён назірае за групай ваенных у савецкай форме. Мужчына пачуў, што яны размаўлялі на нямецкай мове, і своечасова паведаміў пра дыверсантаў.

— Такі эпізод сапраўды быў у гісторыі, якая адбылася ў 1943 годзе пад Прапойскам, — кажа суразмоўнік.

На другой карціне, якая таксама адсылае нас у 1943-ці, пераапранутыя пад жанчын партызаны прыкрываюць статак кароў, які гоняць у лес. Андрэй Кавалёў расказвае, што гісторыя пра тое, як паліцаі забралі кароў, а партызаны іх адбілі, таксама рэальная.

А вось на карціне Васіля Камарова страшны эпізод расстрэлу мірных грамадзян, якія адмовіліся атрымліваць пашпарты з рук акупантаў, і чыё пахаванне знаходзіцца паблізу ад слаўгарадскага філіяла «Чырвонага харчавіка». На карціне паказана, як жахроў па чарзе выклікаюць да стала, на якім ляжаць дакументы, і ставяць перад выбарам. Тых, хто адмаўляецца, расстрэльваюць на месцы.

Рэха вайны

Пошукавае братэрства стварае цуды, ёсць прыклады, калі яно прыводзіць краіны да пабрацімства на ўзроўні раёнаў. З 2009 года яно паклала пачатак адносінам паміж Слаўгарадам і Арзамасам. Дэлегацыя гэтай вобласці прыняла ўдзел у святкаваннях.

— У Слаўгарадскім раёне плячо ў плячо змагаліся байцы 137 стралковай дывізіі, якая ў 1944 годзе атрымала статус Бабруйскай, — кажа намеснік кіраўніка адміністрацыі гарадской акругі горада Арзамаса Ніжагародскай вобласці Раман Шаршакоў. — 25 чэрвеня 1941 года дывізія, якая з’яўлялася ўзорнай у Маскоўскай акрузе, была па загадзе пагружана ў эшалоны і адпраўлена на абарону Беларусі. Байцы павінны былі прыпыніць наступленне танкавых часцей Гударыяна. На жаль, з-за розных неспрыяльных абставін, якія склаліся ў першыя дні вайны, дывізія высаджвалася разрознена, штаб спрабаваў сабраць падраздзяленні. У выніку ў першыя баі яны ўступілі паасобку. З Горкаўскай (на той момант ) вобласці выязджала 14 тысяч чалавек, а 30 кастрычніка 1941 года, калі дывізія выйшла ў раён горада Шчыгры, яна налічвала толькі 860 штыкоў. Лічы, уся палягла на беларускай зямлі. Дывізія дафармавалася двойчы, удзельнічала ў вызваленні Беларусі, з баямі дайшла да Германіі. Кожны раз на 9 мая ў Арзамасе мы фарміруем вялікую калону, дзе ідуць тысячы арзамасцаў. Яе ўзначальвае сучасная бранятэхніка, якая вырабляецца ў нас. І на першым бронетранспарцёры размешчаны сцяг 624 стралковага палка, які фарміраваўся з ліку арзамасцаў і ўваходзіў у склад 137 стралковай дывізіі. Яны дагэтуль з намі ў калоне бессмяротнага палка.

Ад Хоцімска да Бабруйска

Тэме вызвалення Слаўгарада прысвечаны цэлы раздзел кнігі вядомага магілёўскага пошукавіка, пісьменніка, кіраўніка Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалая Барысенкі «Вызваленне: ад Хоцімска да Магілёва і Бабруйска», дзе ў храналагічным парадку ён расказвае, як з верасня 1943 года да чэрвеня 1944-га Чырвоная Армія ачышчала ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У раздзеле «Гомельска-Рэчыцкая аперацыя» ён падрабязна апісвае, наколькі цяжкімі былі баі і наколькі моцнымі — варожыя ўмацаванні.

«Кожная пядзя зямлі па правым беразе Проні на ўчастку Петухоўка — Слаўгарад (Прапойск) шчодра палітая крывёю салдат 50-й арміі генерала Івана Болдзіна, — піша Мікалай Барысенка. — Шматлікія тысячы з іх загінулі, большасць да сённяшняга дня лічацца прапаўшымі без вестак, а лёс людзей, якія аддалі жыцці за Айчыну, застаецца невядомы. У зводках Саўінфармбюро гэтыя падзеі гучалі прыкладна так: «...На асобных участках Гомельскага, Магілёўскага і Віцебскага напрамкаў нашы войскі вялі баі мясцовага значэння, у ходзе якіх палепшылі свае пазіцыі».

Штурм магутнага Прапойскага ўмацавання генерал Болдзін даручыў 110-й стралковай дывізіі палкоўніка Сяргея Арцем’ева. Яна дыслацыравалася за Проняй у раёне вёсак Рабавічы, Красная Слабада. Адначасова з атакай уздоўж дарогі Магілёў — Прапойск яны рыхтаваліся перарэзаць дарогі на Быхаў і Доўск.

«На досвітку 24 лістапада ранішнюю цішыню парушыў грукат разрываў тысячы мін і снарадаў, — піша ваенны пісьменнік. — Разам з артпадрыхтоўкай у атаку пайшлі і стралковыя палкі дывізіі. Нягледзячы на ўпартыя контратакі ворага на працягу дня 1287, 1289 і 1291 палкі дывізіі прадухілілі супраціўленне немцаў і да вечара адрэзалі ім пуці адступлення... Усю ноч байцы 110 стралковай дывізіі ачышчалі горад ад ворага і тушылі пажары. 25 лістапада Прапойск быў цалкам вызвалены ад ворага...»

У вызваленні Прапойска ўдзел прымалі таксама 186, 413, 269 стралковыя дывізіі.

Моцныя каранямі

Да юбілейнай даты ў раёне было прымеркавана ўрачыстае прыняцце школьнікаў у рады піянерскай арганізацыі і БРСМ, а дарослых жыхароў раёна — у рады грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі» і партыі «Белая Русь». Гэтыя падзеі адбыліся ў сценах Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея з удзелам кіраўніцтва раёна, дэлегацый з расійскіх абласцей, грамадскіх аб’яднанняў, ветэранаў працы, дэпутатаў. Як адзначыла дырэктар музея Святлана Мельянцова, такія мерапрыемствы сталі часткай дзейнасці музея. Як працяг вялікай гісторыі, якая адлюстраваная ў тутэйшых экспазіцыях.

— Мы жывем сённяшнім днём, але мінулае нельга забываць, — адзначыла падчас свайго выступлення ў музеі старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — Я — слаўгарадчанка, выхаваная на расповедах сваіх продкаў, якія сведчылі, як тут жахліва было падчас вайны. Расказвалі, што прыходзілася жыць у зямлянках, хавацца ў лясах. З першых вуснаў чула пра тое, як у горадзе фашысты зрабілі шыбеніцу і каралі камуністаў і іншых жыхароў. Яшчэ жывы наш ветэран Пётр Старавойтаў, які быў партызанскім сувязным, які асабіста бачыў, як лютавалі немцы. Дзень вызвалення быў вельмі доўгачаканы. Мы выжылі тады, выжылі і пасля Чарнобыля, засталіся тут і ствараем прадпрыемствы. У нас растуць цудоўныя дзеці, ёсць пераемнасць пакаленняў. У 2015 годзе на фестывалі «Гаспадарчы сыр» Прэзідэнт Беларусі паабяцаў жыхарам зрабіць стацыянарны мост праз Сож замест пантоннага. І гэты мост сёння працуе на нашу эканоміку. Ён не толькі злучыў два берагі, але і скараціў шлях да жамчужны нашага раёна — Блакітнай крыніцы і да сяброўскай Расіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара
г. Слаўгарад.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.