Вы тут

Надвор'е: У апошнія дні восені падмарозіць да мінус 16


Даўно ў нас не было такога «вясёлага» лістапада — з дажджом, моцным снегам і штармавымі вятрамі. А на гэтым тыдні будзе яшчэ завіруха, галалёд і з прыстойнымі маразамі, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

А віной усяму цыкланічныя віхуры, якія не пакідаюць без увагі нашу краіну. 

У аўторак раніцай на тэрыторыі краіны захаваецца ўплыў цыклону, які сыходзіць на паўночны захад еўрапейскай тэрыторыі Расіі. Днём надвор’е ў нас будзе ў асноўным вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску, толькі ў паўднёва-заходніх раёнах адаб’ецца ўплыў атмасфернага фронту ад чарговага паўднёвага цыклону. Таму на большай частцы тэрыторыі пройдзе снег, днём — месцамі, па паўднёвым захадзе ў многіх раёнах чакаецца снег, мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўдзень складзе мінус 1–7 градусаў.

Большая частка Беларусі ў сераду апынецца пад уплывам кантрасных атмасферных франтоў, звязаных з паўднёвым цыклонам, які ссоўваецца з Усходніх Карпат на Бранскую вобласць Расіі. Гэты цыклон, акрамя ападкаў, прынясе магутны холад. Чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я. Часам пройдзе снег, мокры снег, днём па паўднёвым усходзе з дажджом, што будзе прыводзіць да ўтварэння слабых галалёдных з’яў. Месцамі ападкі будуць моцнымі. У некаторых раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра вызначыцца даволі кантраснай: мінімальныя значэнні ўначы будуць вагацца ад мінус 4 градусаў на поўдні да мінус 12 градусаў на поўначы і паўночным усходзе, пры праясненнях — мінус 13–16. Дзённыя максімумы будуць знаходзіцца ў межах ад мінус 6 да плюс 1 градуса.

У апошні дзень восені надвор’е крыху супакоіцца, але будзе таксама холадна. У гэты дзень яшчэ застанецца ўплыў атмасферных франтоў ад цыклону, які сыходзіць на Пскоўскую вобласць Расіі. Таму на большай частцы тэрыторыі чакаецца снег, слабая мяцеліца. Ноччу месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15–18 м/с. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да мінус 5–10 градусаў, а пры праясненнях — да мінус 13 градусаў. Днём прагназуецца ад нуля да мінус 7 градусаў.

У пятніцу (1 снежня) на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег, днём па поўдні — мокры снег, слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад мінус 5 да мінус 10 градусаў, а пры праясненнях — мінус 15 градусаў. Днём чакаецца ад нуля да 7 марозу.

Паводле папярэдняй інфармацыі сіноптыкаў, няўстойлівае з ападкамі надвор’е захаваецца ў нашай краіне і ў выхадныя. У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Месцамі туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Уначы паветра астудзіцца да мінус 5–12 градусаў, а пры праясненнях — да мінус 15 градусаў. У паўднёвых раёнах будзе ў межах ад 0 да мінус 4 градусаў, днём слупкі тэрмометраў пакажуць мінус 5 — плюс 2 градусы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.