Вы тут

Сёстры ствараюць унікальныя сукенкі з бабулінага даматканага льну


З супрацоўніцай Сакаўшчынскага сельскага Цэнтра культуры Марыяй Ганчарык я пазнаёмілася падчас майстар-класа па ткацтве паясоў. Жанчына вучыла ўсіх ахвотных старажытнай тэхналогіі — «на ніту», калі ніткі замацоўваюцца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Яшчэ тады я звярнула ўвагу на яе льняную сукенку з далікатнымі беласнежнымі карункамі. Як высветлілася, падобныя арыгінальныя і самабытныя ўборы Марыя разам з сястрой ствараюць не толькі для сябе, але і на радасць іншым беларускам. Унікальнасць «Матошы» (менавіта так сёстры назвалі свой праект па адраджэнні беларускай тэкстыльнай ідэнтычнасці) у тым, што яны выкарыстоўваюць у сваіх вырабах элементы са старых саматканых рэчаў, якія выйшлі з ужытку з розных прычын. Забытыя, закінутыя ў шафы ці нават ператвораныя ў рыззё, яны атрымліваюць новае жыццё і зноў радуюць сваёй вытанчанасцю.


Марыя Ганчарык праводзіць майстар-клас па ткатцтву паясоў «на ніту». Жанчына прызналася, што ёй заўжды вельмі радасна, калі нехта яшчэ пачынае цікавіцца народнай культурай

«Шмат скарбаў знаходзіла ля вясковых сметніц»

Першапачаткова Марыя нават не думала, што будзе ствараць сукенкі для іншых. Ідэю падказала, як гэта часта бывае, само жыццё.

— Калі памерла цётка майго мужа, сваякі запрасілі нас у яе вясковую хату, каб мы выбралі для сябе рэчы, якія хацелі б забраць. Яны ведаюць, што я ў захапленні ад усяго беларускага, аўтэнтычнага, і былі ўпэўненыя, што мне там нешта спадабаецца. Перад самым адыходам на летняй кухні я зачапілася поглядам за анучу, якая была нядбайна накінута на зэдлік. Праз плямы бруду і цвілі на мяне глядзеў родны ўзор ільнянога даматканага абруса. Я, вядома ж, яе забрала дадому, як магла адмыла, адпрасавала…

Але большасць плям на тым абрусе так і засталіся, таму ён не мог ужо быць выкарыстаны па сваім прамым прызначэнні — засцілаць на стол. І Марыя, каб ушанаваць памяць рукадзельніцы, вырашыла даць рэчы другое жыццё: пашыла сабе льняную сукенку, у якую ў якасці кішэнек інтэгравала чыстыя і цэлыя кавалачкі ды карункі з таго даматканага палатна, і пачала яе з задавальненнем насіць.

— Мае сваякі, сябры ды проста незнаёмыя людзі не хавалі свайго захаплення: «Дык гэта ж так прыгожа!» І тады я паглядзела іншымі вачыма на сваю калекцыю даматканай тканіны і вырабаў з яе, якая вось ужо амаль 20 гадоў проста ляжала ў маёй шафе. Увесь гэты час я ёй ганарылася, калі-нікалі даставала і любавалася. Але толькі дзякуючы той «анучы» задумалася: няўжо майстрыцы мінулага не заслужылі, каб іх чароўныя вырабы бачылі свет. Далёка ж не ўсе пойдуць у музей на выставу строяў ці ручнікоў. А калі жанчына надзявае сукенку з элементамі даматканай тканіны ды ручной вышыўкі і ходзіць у ёй па горадзе, у краму, людзі, гледзячы на яе, ненавязліва судакранаюцца з нашай спадчынай, знаёмяцца з народным ткацтвам.

Марыя Ганчарык, дарэчы, у свой час з чырвоным дыпломам скончыла Дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны». Многія гады яна працавала ў музеях, дзе датыкалася да неверагодных артэфактаў мінулага, і паралельна збірала сваю ўласную калекцыю прадметаў старадаўнасці.

«Маша, як ты да такога дайшла, што стала рэзаць ручнікі?» — спытала мяне неяк мая былая калега па музеі. Я яе, вядома, супакоіла, маўляў, я не рэзала і ніколі не буду рэзаць цэлыя вышытыя ручнікі і абрусы сваіх бабуль. Але ў маёй калекцыі багата рукатворных скарбаў, якія я знаходзіла ля вясковых сметніц, у лесе, якія мне аддалі як непатрэбную рэч. Многія з іх ужо не могуць выкарыстоўвацца па сваім прамым прызначэнні, бо маюць дзіркі ды плямы, якія не выводзяцца ніякімі сучаснымі мыйнымі сродкамі. А гэтыя ўзорчыкі, крыжыкі, «жучкі», каруначкі — ну што з імі рабіць? Выкінуць? Рука не падымаецца! Я сама вышываю і не па чутках ведаю, колькі ў іх укладзена жаночай працы, часу, зроку. Па канве вышываць цяжка, а па даматканай тканіне яшчэ цяжэй…

Сёстры Марыя і Аліна — ва ўласнаруч створаных сукенках з элементамі артэфактаў даўніны

«Хочацца, каб гэтыя гісторыі ніколі не адышлі ў нябыт»

Каб захаваць і актуалізаваць беларускую народную тэкстыльную ідэнтычнасць, Марыя са сваёй малодшай сястрой пачалі ствараць самабытную калекцыю адзення.

— Мая сястра Аліна — прафесійны кравец, швачка і тэхнолаг швейнай вытворчасці з дзвюма тэхнічнымі адукацыямі ў гэтай галіне, шые касцюмы для танцавальных шоу. Менавіта яна і дапамагае мне з кроем і з задавальненнем увасабляе ўсе мае самыя смелыя ідэі. Аліна кажа, што шыць з ільну для яе — гэта своеасаблівая медытацыя. Кожны наш выраб унікальны, як адбітак пальца, завіток вуха, бо ўтрымлівае ручную вышыўку ці матэрыял, якога больш няма. Часта, калі гляджу на кавалачак палатна, у мяне ўжо ў галаве ўсплывае вобраз, якая сукенка магла б атрымацца з гэтага. Інтэгрую старую даматканую і сучасную беларускую льняную тканіны. Недзе выкарыстоўваю фрагменты ручніка з аўтэнтычнай вышыўкай мінулых стагоддзяў, недзе самаробныя карункі. Неяк мне аддалі ручнік, канец якога з вышыўкай быў так забруджаны, што яго немагчыма было адмыць. Дык я тады проста зняла схему гэтага ўзору і сама вышыла яго на даматканай тканіне, якая стала аздобай для чарговай сукенкі.

Марыя прызналася, што прыдумляе выключна сукенкі, якія ёй пасуюць.

«Кожная наша сукенка — унікальная, як адбітак пальца, бо ўтрымлівае аўтэнтычныя ручную вышыўку, карункі ці даматканы матэрыял, якіх больш няма»

— Кожную з іх я сама з задавальненнем насіла б. 

І штораз цешуся, калі нашы густы супадаюць і ў чарговай сукенкі знаходзіцца гаспадыня. Бачу, што тое, што мы з сястрой робім, вельмі патрэбна. Бо сёння нашым дзяўчатам хочацца падкрэсліць сваю ідэнтычнасць, зрабіць сваю адзежу родненькай. Ды і я сама, калі адзяваю такую сукенку з гісторыяй і ўяўляю, што ільняное зярнятка, з якога зроблены даматканы элемент, цалкам можа быць продкам насення, з якога зроблена сучасная тканіна твайго ўбора. Ад гэтага ўсведамлення пераемнасці пакаленняў штораз мурашкі бягуць па скуры. Даматканае палатно — гэта гісторыя, як і вышыўкі мінулых стагоддзяў. Хочацца, каб гэтыя гісторыі ніколі не адышлі ў нябыт, а распавядаліся дзеля ўсеагульнай радасці, таму мы з сястрой трапятліва зберагаем і актуалізуем іх праз нашыя вырабы.

Слухаю Марыю і любуюся, з якой цеплынёй і клопатам яна ставіцца да працы беларускіх майстрых.

— Так атрымліваецца, што пасля выкройвання сукенак застаецца шмат кавалачкаў даматканага матэрыялу. Вядома, выкідваць іх рука не падымаецца! Спачатку з тканіны, што засталася, у абыход плямаў я шыла сурвэтачкі. А потым вырашыла рабіць з яе нешта маленькае і патрэбнае, прыгожае і цёплае, роднае. Так атрымаліся падушачкі-ігольніцы ў тэхніцы «біскарню» і брошкі. Яны вышыты роднымі ўзорамі на даматканым ільне, рукамі маіх дарагіх таленавітых вясковых жанчын, якія вельмі часта прымяншаюць сваю працу і не ведаюць сабе цану! Я ж да ручной працы стаўлюся з вялікай павагай, а рукадзелле майстрыц мінулага — для мяне самыя сапраўдныя скарбы.

«Для жанчыны вельмі важна штосьці рабіць сваімі рукамі»

— Марыя, а што будзеце рабіць, калі скончыцца даматканая тканіна з вашых запасаў?

Пасля выкройвання сукенак застаецца шмат кавалачкаў даматканай тканіны, выкідваць якія рука не падымаецца. Таму Марыя робіць з іх падушачкі-ігольніцы ў тэхніцы «біскарню» і брошкі, вышытыя роднымі ўзорамі

— Я не думаю пра гэта. Скончыцца, дык і праект скончыцца. Будзе нешта іншае. Лічу, што народная культура — гэта невычарпальны рэсурс. Увогуле, я сама ўмею і лён сабраць, і мяць яго, і прасці, і ткаць. 

У мяне для гэтага ёсць практычна ўсе прылады, акрамя кроснаў, але я якраз цяпер збіраю іх па кавалках. І чамусьці не сумняваюся, што яны ў мяне з’явяцца, і я буду на іх ткаць і вучыць гэтаму майстэрству іншых. Веру, што калі ты чагосьці вельмі хочаш, і твае думкі чыстыя, без усялякай карысці, то Сусвет табе адчыніць усе дзверы.

Сёння Марыя з мужам і сынам жыве ў аграгарадку Сакаўшчына, які знакаміты сваімі тканымі паясамі. Менавіта тут жыла славутая майстрыха Марыя Стасяловіч, якая адрадзіла ды зберагла старажытную тэхніку пляцення паясоў «на ніту» (ці, як кажуць на Валожыншчыне, «на назе»). Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў 2016 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

— Так супала, што я, карэнная мінчанка, якая ў душы ўвесь час гарнулася да ўсяго вясковага, восем год таму зусім выпадкова купіла дом менавіта ў гэтай вёсцы. Калі мы з сям’ёй пераехалі сюды на сталае месца жыхарства, мяне запрасілі на працу ў Сакаўшчынскі сельскі Цэнтр культуры, пры якім створаны музей традыцыйных валожынскіх паясоў. Ці ж гэта не цуд! А зусім нядаўна нам з сястрой у спадчыну перайшоў дом, які пабудаваў наш прадзед, у вёсцы Дэгісі, што на Смаргоншчыне. Гэта маё месца сілы, там прайшло маё дзяцінства. І цяпер у мяне ёсць мара — аднавіць наша «радавое гняздо» і паставіць там кросны, верацёны, калаўроты, засеяць побач з домам ільняное поле. Каб сучасныя жанчыны маглі туды прыехаць на выхадныя і далучыцца да працэсу вырабу нітак, тканіны з нуля. Бо я лічу, што для жанчыны вельмі важна рабіць штосьці сваімі рукамі. Я па сабе заўважыла: калі пачынаю вышываць ці плесці пояс, гарманізуецца мой унутраны стан. Думаю, менавіта з гэтай прычыны нашы бабулі не ведалі, што такое дэпрэсія. Народная культура — неверагодна глыбокая, мы можам да яе далучацца і чэрпаць адтуль не толькі натхненне, але і, я ўпэўнена, нават сваё здароўе, ментальнае і фізічнае.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара і з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Зрабіць адзежу... родненькай

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.