Вы тут

Чым стаў адметны І абласны літаратурна-краязнаўчы форум «Воранаўскія чытанні»


Мерапрыемства прайшло ў рамках супрацоўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Воранаўскага райвыканкама, пры ўдзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі. А мэта форуму — развіццё творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў, патрыятычнае выхаванне праз далучэнне іх у краязнаўчую дзейнасць. 


І, трэба сказаць, юныя даследчыкі прадставілі грунтоўныя і, у нейкай ступені, навуковыя работы, якія атрымалі высокую ацэнку журы.

Пляцоўкай форуму сталі некалькі аб’ектаў раёна. Так, у Цэнтры культуры і народнай творчасці госці змаглі пазнаёміцца з найлепшымі здабыткамі Воранаўскага раёна — турыстычным патэнцыялам, арыгінальнымі напрацоўкамі раённай бібліятэкі, творамі самабытных майстроў. Тут можна было ўбачыць вырабы з саломкі Ларысы Самошкінай, выцінанкі Галіны Мялько, ткацкія ўзоры Анжэлы Ладыш, тэатр моды прадставіла Пагародненская сярэдняя школа.

— Несумненна, «Воранаўскія чытанні» — гэта чарговы этап паглыблення супрацоўніцтва паміж органамі ўлады і ВНУ, — падкрэсліў падчас адкрыцця форуму старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук. — Сёння мы стварылі аснову, якая з гадамі прырасце. Форум будзе развівацца і ўдасканальвацца. Галоўная яго задача — выхоўваць падрастаючае пакаленне, ствараць магчымасці для навуковай і творчай самарэалізацыі нашых дзяцей, бо яны — будучыня Беларусі.

Першы прарэктар ГрДУ Аляксандр Карэўскі зазначыў, што важкім падмуркам форуму з’яўляецца папярэдняя сумесная дзейнасць навукоўцаў з райвыканкамам, вынікам якой стала выданне трохтомніка «Мая Воранаўшчына». Гэта сапраўдны рэкорд — выпусціць усяго за год тры кнігі, дзе сабраны легенды і паданні, проза і паэзія гэтага краю.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч накіраваў у адрас удзельнікаў прывітальны ліст. У ім, у прыватнасці, ён зазначае: «Размова пра роднае, блізкае заўжды адбываецца ў кантэксце адкрыцця самых сакральных, самых фундаментальных ісцін нашага чалавечага жыцця. Нельга стаць патрыётам, нельга заставацца моцным і дзеяздольным грамадзянінам, сапраўдным будаўніком нашай дзяржавы і гуманістычнага грамадства без сілкавання тым, што з дзяцінства даюць чалавеку сям’я, родныя і блізкія людзі, роднае паселішча, веданне сваіх каранёў, прытрымліванне гістарычных традыцый».

Работа форуму вялася па некалькіх секцыях, якія прайшлі ў школах раёна. Свае работы прадставілі школьнікі 7–11 класаў і навучэнцы Воранаўскага дзяржаўнага каледжа.

Па словах члена журы, паэтэсы Марыны Кандратовіч, юныя навукоўцы адпраўляліся ў міні-экспедыцыі, каб дасканала вывучыць мінулае роднага краю, даведацца аб яго славутых людзях, адкрыць самабытную культуру. Сабраны матэрыял быў прадстаўлены на суд журы. Бясспрэчнымі лідарамі форуму прызнаны вучні Дар’я Мерава і Сандра Сварабовіч з Канвелішскай школы, Аляксандр Белагаловы, Валерыя Карпінская і Ганна Грэмза з Радунскай школы, а таксама канвелішскія настаўнікі Наталля Якжык і Надзея Адамчык.

Старшыня журы паэтычнага конкурсу «Воранаўшчыне прысвячаецца», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, літаратурны крытык Дзмітрый Радзівончык, назваў крытэрыямі ацэнкі любоў да роднага слова, імкненне праявіць сябе ў творчасці сапраўдным патрыётам.

— Што датычыцца творчага росту — ён залежыць ад настойлівасці, вернасці гэтым імкненням і перакананням. Калі нам, дарослым, удасца падтрымліваць цікавасць да літаратурнай творчасці на належным узроўні, майстэрства юных паэтаў будзе расці разам з імі. Важныя неабыякавасць да культурнага жыцця раёна, вобласці, краіны, да адкрытых літаратурных праектаў. Спадзяёмся на тое, што сістэма адукацыі Воранаўскага раёна, раённыя ўлады паспрыяюць стварэнню Воранаўскага раённага літаб’яднання. Усе ўмовы для гэтага ёсць, — лічыць Дзмітрый Радзівончык.

Аб тым, наколькі важна развіваць патэнцыял раёна, паразважаў дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Я. Купалы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Руслан Казлоўскі. Ён звяртае ўвагу на багатую спадчыну Воранаўскага краю, якая магла б па-новаму цікавіць гісторыкаў ці літаратараў, у прыватнасці, звязаную з мясцінамі Адама Міцкевіча. Ёсць тут нямала і сваіх літаратараў, якія здольны друкавацца. Гэтаму садзейнічаюць цесныя сувязі раёна з кафедрай беларускай філалогіі ГрДУ імя Я. Купалы. Напрыклад, нямала мерапрыемстваў ладзіцца падчас школьнага краязнаўчага летніка ў вёсцы Канвелішкі, удзельнікі якога якраз і займаюцца такой даследчай дзейнасцю.

Як старшыня журы конкурсу «Воранаўшчына: культурная спадчына роднага краю», Руслан Канстанцінавіч адзначыў разнастайнасць дакладаў, за якімі стаіць значная пошукавая праца. Напрыклад, разглядаліся архітэктурныя асаблівасці вернутай з небыцця каталіцкай капліцы, таямніцы бабулінага куфра, у тым ліку, яго віды, унікальныя прыклады ткацтва і многае іншае. Актуальна прагучала выступленне на тэму «Масавае мерапрыемства Воранаўскага раёна як інструмент брэндынга малых тэрыторый».

— Матэрыял, які звязаны з культурнай спадчынай, быў адаптаваным і навукова вывераным. Менавіта навуковая навізна стала асноўным крытэрыем ацэнкі канкурсантаў. Бо падчас «Воранаўскіх чытанняў» было прадстаўлена тое, што не даследавалася раней альбо даследавалася мала. І гэта прыемна ўразіла, — выказаў сваю думку Руслан Казлоўскі.

Ён таксама зазначыў, што матэрыялы форуму будуць мець практычнае значэнне. Гэта праца пойдзе ў вучэбны і выхаваўчы працэс як важны складнік самасвядомасці месцічаў. Бо гэта менавіта тое мерапрыемства, якое ўздымае гонар за сваю малую радзіму, яе здабыткі, натхняе на новыя даследаванні і паэтычныя вобразы.

Таксама вынікі працы літаратурна-краязнаўчага форуму знойдуць сваё ўвасабленне ў спецыяльным выданні. «Воранаўскія чытанні» будуць праходзіць раз у два гады, каб была магчымасць да іх сур’ёзна падрыхтавацца. Мяркуецца, што пашырыцца і яго геаграфія.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: voran.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.