Вы тут

Гомель адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


Фотапраекты, выставы ўзбраення, рэканструкцыі бітваў восені 1943 года, аўтапрабегі па месцах баявой славы... У першым вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў абласным цэнтры Беларусі да знакавай даты падрыхтавалі мноства маштабных мерапрыемстваў, патрыятычных акцый, прымеркавалі адкрыцці муралаў у гонар Герояў Савецкага Саюза.


80 гадоў мірнага, свабоднага жыцця Гомель адсвяткаваў урачыстым мітынгам каля Вечнага агню. Традыцыйна да знакавага месца памяці Гомельшчыны прыйшлі кіраўнікі абласных і гарадскіх улад, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты, а таксама прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з Расійскай Федэрацыі. Падчас мітынгу быў урачыста перададзены Сцяг Перамогі. Так Гомель далучыўся да рэспубліканскай акцыі «На шляху да Перамогі», якая стартавала 23 верасня ў Камарыне — першым вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў населеным пункце Беларусі.

— Дзень 26-га лістапада, калі войскі 11-й арміі Беларускага фронту пад камандаваннем Ракасоўскага ўвайшлі ў Гомель, стаў яго другім днём нараджэння. Праз 80 гадоў гісторыя даказвае, што мала перамагчы ворага ў адкрытым баі, трэба і ў мірным жыцці не разгубіць плён Вялікай Перамогі. Гомель свята шануе памяць аб героях вайны, аб загінулых воінах і гісторыі нашага народа. Мы зробім усё магчымае, каб наша краіна заставалася моцнай і незалежнай, а жыццё будучых пакаленняў — мірным і шчаслівым, — падкрэсліў падчас мітынгу ў гонар 80-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў. 

Між тым гамяльчане ўсіх пакаленняў, працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Гомеля сабраліся каля плошчы Працы, каб прывітаць удзельнікаў урачыстага парада. Калонай рарытэтныя машыны, сучасная ваенная тэхніка, разлікі вайскоўцаў і супрацоўнікаў сілавых структур прайшлі па цэнтральнай вуліцы Гомеля. 

Некалькі сотняў жыхароў і гасцей абласнога цэнтра сабраліся на цэнтральнай гомельскай набярэжнай. Тут прайшла самая маштабная рэканструкцыя, якую калі-небудзь правадзілі ў Гомелі. Увогуле ў дні святкавання 80-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у горадзе над Сожам правялі пяць рэканструкцый. Як развіваліся падзеі восені 1943 года на свае вочы пабачыць прапанавалі ўдзельнікі ваенна-гістарычных клубаў Беларусі. Яны падрыхтавалі ўнікальную тэхніку часоў Вялікай Айчыннай вайны з прыватных калекцый і фондаў Абласнога музея ваеннай славы, у тым ліку знакамітую «Кацюшу», джып ГАЗ-67Б і савецкі лёгкі бронеаўтамабіль.

Маштабная выстава ваеннай тэхнікі разгарнулася ў цэнтры Гомеля на плошчы Паўстання. Тут можна пабачыць як сучасныя адзінкі ўзбраення, так і стралковыя рарытэты. Экспанаты выставы перададзены з розных гарнізонаў. Характэрна, што ўзоры тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай і сучаснага ўзбраення на экспазіцыі размясціліся вакол адной з візітных картак Гомеля — «танка Перамогі» — знакамітага Т-34, які быў устаноўлены на гомельскай плошчы Паўстання ў гонар вызваліцеляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1968 годзе.

Падарункам для гамяльчан да 80-годдзя вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў унікальны фотадакументальны выставачны праект «80 гадоў міру і стварэння. Гомель — горад з XX стагоддзя па цяперашні час». Экспазіцыя пад адкрытым небам размясцілася на агароджы гомельскага цэнтральнага парку. Тут прадстаўлена сорак вялізных банэраў, якія запрашаюць паглыбіцца ў гісторыю горада. На выставе прадстаўлены як шырока вядомыя, так і ўнікальныя фота і дакументы. Падрыхтавала маштабную акспазіцыю каманда спецыялістаў Музея гісторыі Гомеля, Абласнога музея ваеннай славы, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і архіваў.

Да 80-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў маштабную акцыю «Захаваем гісторыю» падрыхтавалі Гомельская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Быў дадзены старт аўтапрабегу, у якім прынялі ўдзел больш за 80 актывістаў. Удзельнікі ўшанавалі памяць загінулых савецкіх войнаў каля брацкіх магіл на вуліцы Тралейбусная ў Гомелі, ва ўрочышчы Сямень у аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёна, а таксама каля мемарыяла савецкім воінам у мікрараёне Касцюкоўка. Падчас наведвання месцаў памяці ўдзельнікі аўтапрапарбегу ўстанавілі інфармацыйныя таблічкі з QR кодамі.

— Беларусы заўсёды адрозніваліся сваёй гістарычнай памяццю. Вельмі прыемна, што ў акцыі разам прымаюць удзел моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў, актывісты грамадскіх арганізацый, палітычных партый, бо наша задача — захоўваць і перадаваць гістарычную памяць праз пакаленні, — падзяліўся старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Дзмітрый Мурашка, які паўдзельнічаў у аўтапрабегу разам са сваёй сям’ёй.

 Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і belkagomel.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.