Вы тут

Лепшыя з лепшых: падведзены вынікі кінафестывалю «Лістапад»


Цэлы тыдзень краіна была пагружана ў насычаную праграму кінафестывалю «Лістапад». Майстар-класы, творчыя сустрэчы, падпісанні пагадненняў і шмат-шмат фільмаў. Нажаль, усё добрае сканчаецца. І вось 24 лістапада на ўрачыстай цырымоніі закрыцця кінафестывалю настаў час падводзіць вынікі.


Да гэтага мерапрыемства і яго канцэпцыі арганізатары падышлі вельмі адказна. Паводле слоў генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрыя Аляксея, задумка заключалася ў тым, каб падчас цырымоніі абыграць здымачны працэс.

— Артысты пераўвасобяцца ў кінаакцёраў, усюды будзе гэткая кіношная тэматыка. Кожная конкурсная намінацыя будзе абыграна менавіта ў гэтым стылі, — падзяліўся ён напярэдадні.

Таксама было сказана, што ўжо на наступным тыдні пачнецца падрыхтоўка да наступнага, юбілейнага, трыццатага па ліку кінафестывалю «Лістапад».

Сапраўды, цырымонія ўражвала сваёй шоу-праграмай. Аднак асаблівую атмасферу стварала ўсё ж інтрыга, якая лунала ў паветры: хто атрымае сёлета гран-пры?

Але пра ўсё па парадку. У пачатку мерапрыемства выступіў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка. У сваёй прамове ён адзначыў, што на гэтым фестывалі з’явіўся шэраг новых праектаў, нарадзіліся новыя ідэі:

— Думаю, яны будуць прадэманстраваны гледачам. Вы ведаеце, у апошні час высокамаральных работ, твораў з’яўляецца не так шмат. Я хачу павіншаваць нашых намінантаў за цудоўную працу і сапраўднае духоўнае адраджэнне тррадыцый шанавання вытокаў і гістарычнай памяці, якая вельмі патрэбна ўсім нам, — дадаў Ігар Петрышэнка.

Пасля гэтага на цырымоніі была ўручана першая ўзнагарода: Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «За гуманізм і духоўнасць у кіно». Яго атрымала Ганна Чарнакова за фільм «Каця-Каця». Гэта твор расійскага кінематографа, які ўвайшоў у праграму конкурса фільмаў для дзяцей і юнацтва «Лістападзік». Фільм сумясціў у сабе адразу два часовыя пласты: ваенны час і сучаснасць. Дзве Каці жывуць у розных эпохах. Тая, што з 40-х — маскоўская школьніца, якая марыць сустрэцца са сваім сябрам па перапісцы, курсантам ваенна-марскога вучылішча Канстанцінам. А вось адбудзецца гэтая сустрэча ці не, і які вынік будзе першага юнацкага кахання, залежыць ужо ад Каці з нашых дзён.

Адразу пасля гэтага быў уручаны прыз ад Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Яго атрымаў рэжысёр Кірыл Халецкі за свой паўнаметражны дэбют «Кіношнікі».

— За гэты тыдзень тысячы мінчан наведалі кінатэатры нашага горада, сустрэчы з артыстамі і рэжысёрамі, якія праходзілі ў рамках фестывалю. За гэта вам вялікі дзякуй! — сказаў падчас уручэння ўзнагароды намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, — Кожны фестываль пакідае ў нас самыя цёплыя ўспаміны, і гэты не выключэнне. Напярэдадні юбілейнага «Лістапада» мы праводзім рэканструкцыю кінатэатра «Масква», таму такая ўтульная зала Дома кіно прыняла і адкрыццё, і закрыццё сёлетняга фестывалю.

Наперадзе — шоу і мноства ўзнагарод і намінацый. Спецыяльны прыз ад Выканкама Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Кіно без межаў» атрымалі фільмы «Эвалюцыя» і «Дрэва лёсу». Узнагарода за лепшую мужчынскую ролю дасталася Сейдуле Малдаханаву ў казахскім фільме «Стэп», а лепшая жаночая роля атрымалася ў Сабе Камар у пакістанскай карціне «Камлі». Вельмі важнай узнагародай з’яўляўся і прыз сімпатый гледачоў. У гэтай намінацыі лепшым ігравым фільмам стаў «Камлі» рэжысёра Сармады Султана Хусада.

Лепшым дакументальным фільмам быў прызнаны «Божа! Адчуваю набліжэнне Тваё!» рэжысёраў Мікалая Бурляева і Дзмітрыя Чаранцова, а прыз за лепшы анімацыйны фільм атрымала іранская карціна «У цені кіпарыса» рэжысёраў Шырына Сахані і Хасейна Малаемі.

Узнагарода за ўзнагародай цырымонія набліжалася да раскрыцця галоўнай інтрыгі: чыя ж кіналета атрымае гран-пры? У гэтым годзе галоўнага прыза кінафестывалю была ўдастоена расійская карціна «Кравец з Брукліна» рэжысёра Яўгена Сярова. Гэта гутарковая драма, зробленая ў форме інтэрв’ю страхавога агента са старым габрэем, які перажыў у свой час усе жахі Халакоста. Будзённая размова становіцца фатальнай, раскрываючы ўсе таямніцы мінулага. 

— Дзякуй усім, хто ацаніў нашу карціну. Гэта вельмі нечакана, — сказаў са сцэны, трымаючы запаветную ўзнагароду ў руках, рэжысёр карціны Яўген Сяроў. — Мы хацелі пагаварыць з гледачом аб самым галоўным — аб душы чалавечай. Дзякуй журы, што яны нас запрасілі на фестываль і ацанілі настолькі высока, што ў мяне нават не хапае слоў. Дзякуй вялікі ўсёй камандзе, якая працавала над фільмам.

Усе ўзнагароды ўручаны, завяршылася цырымонія традыцыйна праглядам фільма, які атрымаў гран-пры «Лістапада».

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.