Вы тут

Чым сёлета будзе здзіўляць турнір па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя


«У Мінску пройдзе турнір па вольнай барацьбе на прызы Аляксандра Мядзведзя» — 52 гады гэтая навіна выклікае інтарэс сярод спартсменаў, трэнераў, журналістаў. Турнір, які праводзіцца з 1970-га года, быў задуманы і існуе дагэтуль, як добрая магчымасць для маладых барцоў праявіць сябе. Ужо зусім хутка 26-27 лістапада ў мінскім палацы спорту пройдзе 52-і міжнародны турнір Гран-пры па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. Турнір адзін і той жа, але кожны раз ён асаблівы. Сёлета спаборніцтвы чакаюць некалькі новаўвядзенняў. 


Фота: БелТА

«Галоўная асаблівасць гэтага турніра — гэта Аляксандр Васільевіч Мядзведзь, які заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Турнір заўсёды наведвае шмат людзей. Прыязджаюць нашыя сябры з розных краін, у першую чаргу, каб аддаць даніну павагі Аляксандру Васільевічу і яго вынікам. Нам як арганізатарам вельмі складана здзівіць удзельнікаў і гледачоў турніру, тым больш зараз гледача ўвогуле складана здзіўляць. У гэтым годзе мы праводзім турнір у два дні. Замест трох дываноў будзе чатыры. Такім чынам спаборніцтвы будуць больш дынамічныя. Плануем прыгожую цікавую карцінку», — адзначае старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў. 

Аляксандр Мядзведзь быў абраны як жывы сімвал і прыклад для пераймання. І такму традыцыйна, турнір праходзіць у верасні, у даты блізкія ад дня нараджэння Аляксандра Васільевіча 16 верасня. Але сёлета турнір быў перанесены на лістапад. Справа ў тым, што першыя вераснёўскія даты супалі з правядзеннем чэмпіянату свету і Азіяцкіх гульняў. Спартсмены, у тым ліку і замежныя, рыхтаваліся ў першую чаргу да гэтых стартаў. Таму арганізатары палічылі немэтазгодным турнір, які заўсёды вылучаўся шырокай геаграфіяй спартсменаў і высокім узроўнем канкурэнцыі, праводзіць з малым прадстаўніцтвам замежных барцоў. У лістападзе прыехаць у Мінск зручна ўсім. Свой удзел у турніры ўжо пацвердзілі прадстаўнікі Узбекістана, Казахстана Бахрэйна, Расіі, Арменіі. Усяго — больш за 150 удзельнікаў. 

У З 1994-м годзе па рашэнні Міжнароднай федэрацыі аб’яднаных стыляў барацьбы (FILA) турніру прысвоена катэгорыя Гран-пры. Гэта яшчэ больш павысіла яго значнасць у свеце барацьбы. З дываноў турніра на прызы Аляксандра Мядведзя пачалі свой шлях у вялікі спорт многія спартсмены, беларускія дакладна. І сёння, маючы медалі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, яны зноў выступаюць на гэтым турніры. Прынамсі беларуская каманда будзе прадстаўлена наймацнейшымі спартсменамі. Алім Селімаў расказаў, што на дываны выйдуць сярэбраныя прызёры Алімпійскіх гульняў у Токіа Магамедхабіб Кадзімагамедаў і Ірына Курачкіна. Не прапусцяць турнір Дзяніс Храмянкоў, Аляксандр Гуштын, Іслам Гусейнаў. Літаральна месяц таму Арына Мартынава стала бронзавым прызёрам маладзёжнага чэмпіянату свету, і яна таксама пакажа сваю барацьбу на турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя.

«Выступаць будуць усе лідары нашай каманды. І, канешне, мы будзем звяртаць пільную ўвагу на маладых спартсменаў. Вельмі спадзяюся, што яны змогуць праявіць сябе на гэтым турніры», — адзначыў Алім Селімаў. 

Спаборніцтвы ў палацы спорту пачнуцца 26 лістапада ў 10.30 папярэднімі паядынкамі. А самая цікавая частка — фінальныя схваткі — стартуюць 27 лістапада ў 15.00. Уваход для гледачоў вольны. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.