Вы тут

Любоў да прыроды і роздум аб яе прыгажосці — на жывапісных палотнах Антона Вырвы


Айчыннае мастацтва, прынамсі, жывапіс, не аднойчы папракалі ў залішнім апяванні прыроды. Сапраўды, часам яно здаецца бяздумным, не нясе ў сабе аніякай ідэі ці нават пачуцця. Асабліва гэта відавочна па серыях — у тых выпадках, калі аўтар знайшоў ці скарыстаў пэўнае рашэнне і жадае адлюстраваць тэму, але спрацоўвае гэта толькі ў некалькіх работах; астатняе атрымліваецца другасным, незапамінальным, бляклым. 


«Згасае дзень», 2018 г.

Адзін з нямногіх мастакоў, каму ўдаецца працаваць у традыцыйным жанры і заставацца цікавым гледачу і арт-крытыкам, — жывапісец Антон Вырва. Яго персанальная выстаўка «Свабодная прастора» ў галерэі «Арт-Фабрыка» — нагода для разважанняў. 

«Краявіды беларускага мастака Антона Вырвы — рэдкі вялікі скарб вобразаў прыроды, прасякнутых глыбокім пачуццём — любові да навакольнага асяроддзя. Выявы, у якіх пасялілася сапраўдная гісторыя нават у самай простай і штодзённай задуме. Аўтар стварае той сапраўды рэальны пейзаж, у якім вольна „дыхае“ кранальнае, простае пачуццё прыроды ў свабоднай прасторы», — так заяўляюць арганізатары пра персанальную выстаўку ў «Арт-Фабрыцы». 

Пейзаж як роздум аб прыгажосці і як адлюстраванне адметнасці наваколля, як выяўленне пачуццяў чалавека і як дэманстрацыя вобраза краіны і яе народа — можна па-рознаму падыходзіць да работ Антона Вырвы. Адно дакладна: прырода на яго палотнах шматгранная ў сваёй прыгажосці. Мастак умее перадаць нават самае неспрыяльнае надвор’е так, што глядач зачаруецца. Некалькі дзясяткаў карцін на выстаўцы «Свабодная прастора» — як доказ таго, што такі несучасны жанр, як рэалістычна-лірычны пейзаж, адназначна не губляе папулярнасці. Загадка для многіх хаваецца, мабыць, у жыццесцвярджальнай сіле палотнаў Антона Вырвы. Бывае, чалавеку проста неабходна пачуць заспакаяльнае «Усё будзе добра, усё атрамаецца. Прыйдзе новы дзень, і выгляне сонца. І шлях твой будзе працягвацца...» Мастак дорыць гэтую надзею, веру ў добрае. Многія карціны напоўнены промнямі вясновага святла, чаканай цеплынёй. Матыў абуджэння гучыць упэўнена і гучна і адначасова пранікнёна. Карціны яго не пацерпяць таропкасці, недаверу, няўважлівасці. 

«Паводка», 2023 г.

Святло, празрыстасць, далікатнасць работ нагадваюць пра найлепшыя ўзоры рускіх і беларускіх жывапісцаў мінулага стагоддзя — усё ж у сучасным айчынным жывапісе пераважаюць іншыя каларыстычныя рашэнні, адрозная вобразнасць. Гаворка, апроч іншага, пра крыніцы натхнення, магчымыя, хоць часам і відавочныя (творчасць Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віталя Цвіркі). Пейзажы Антона Вырвы пераканаўча беларускія, у іх пазнаюцца наша сціплая прырода, ваколіцы вёсак і гарадоў. На палотнах можна ўбачыць аграгарадкі Іказнь і Ракаў, абласныя цэнтры Віцебск і Гродна, іншыя неназваныя мястэчкі. Аднак мастак не адмаўляецца ад красы далёкіх ад Беларусі мясцін. Вядома, сапраўдны творца не цураецца так званага «чужога». 

Персанальная выстаўка Антона Вырвы ў «Арт-Фабрыцы» безумоўна ўдалая. Усцешылі логіка пабудовы экспазіцыі, падыходы да інтэгравання карцін у выставачную прастору, маштабнасць прадстаўлення творчасці жывапісца. Несумненна, апошнія работы жывапісца, якія раней не дэманстраваліся, заслугоўваюць высокай ацэнкі. Аднак мімаволі нараджаюцца непрыемныя пытанні... 

А што пасля? Мастак і надалей будзе разважаць аб паэзіі розных станаў прыроды? Працягне прытрымлівацца камернасці і лірызму? Зноў звернецца да ў нечым простых і сціплых матываў? Яго імкненне выявіць адчуванне адзінства з прыродай і родным краем не адыдзе на другі план і не заменіцца чымсьці іншым? Хто ведае... Відавочна ж тое, што майстэрства Антона Вырвы здольна яшчэ неаднойчы захапіць, а створанае — суцешыць. 

«Снежань», 2020 г.

Пейзажы выстаўкі «Свабодная прастора» ў галерэі «Арт-Фабрыка» можна ўбачыць да 6 снежня. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.