Вы тут

Ігар Лапёнак: Галоўнае — максімальна наблізіць крамы да пакупнікоў


Можна сказаць, што кніжны гандаль па-ранейшаму не страчвае сваіх пазіцый, а, магчыма, набірае новыя абароты. Рэгіянальны філіял «Гроднакніга», які ўваходзіць у склад ААТ «Белкніга», імкнецца задаволіць сваіх наведвальнікаў самай разнастайнай кніжнай прадукцыяй. Гэтаму спрыяе і цеснае супрацоўніцтва з беларускімі выдавецтвамі. Аб новых падыходах у рабоце «Гроднакнігі» — у інтэрв’ю з дырэктарам рэгіянальнага філіяла Ігарам Лапёнкам. 


— Ігар Уладзіміравіч, якой вы бачылі сваю работу ў кніжным гандлі, калі прыйшлі сюды пяць гадоў таму? Вам жа давялося даволі значна змяніць сферу дзейнасці — ад прафесіі ваеннага да менеджменту. 

— Калі пачынаў сваю дзейнасць на пасадзе дырэктара рэгіянальнага філіяла «Гроднакніга», ведаў, што тут даволі моцны прафесійны калектыў, з добрымі гандлёвымі вынікамі, з добрым вопытам. Таму галоўнай сваёй задачай падчас прызначэння на гэтую пасаду лічыў развіццё тых напрацовак, якія ўжо былі і маглі садзейнічаць рабоце ў кніжным гандлі. 

У першую чаргу пачаў шукаць рэзервы на месцах. У гэтым плане палічыў неабходным упарадкаваць функцыі загадчыкаў крам, каб скіраваць іх на выканенне галоўных задач. Гэта датычыла як кадравага забеспячэння, так і тэхнічных пытанняў утрымання будынкаў, іх рамонту. Таксама была звернута ўвага на гандлёвае абсталяванне — у большасці крам яно патрабавала замены. У сувязі з гэтым правялі невялікую рэканструкцыю. 

Ну і, безумоўна, важна захаваць поўнае ўзаемадзеянне са структурамі ААТ «Белкніга» і іншымі пастаўшчыкамі. Важна, каб пастаўкі ішлі пастаянна і ў добрым асартыменце.

— Ці адкрылі вы ў сабе нейкія новыя бакі, якія да гэтага часу не былі рэалізаваны?

— Безумоўна, кожная пасада раскрывае штосьці новае. Але дабіцца поспеху можна толькі пры вельмі дакладным вывучэнні новай сферы дзейнасці. Такія моманты былі і тут. Асноўнае — гэта гандаль. Таму гэты кірунак прыйшлося вывучаць, зразумець сам працэс гандлю, як ідзе работа з пастаўшчыкамі. Вывучыць схему паставак, асартымент. Ну і трэба вырашаць бягучыя пытанні. Каб кіраваць кнігагандлёвым прадпрыемствам, неабхадна на адной мове размаўляць з тым персаналам, які тут працуе.

— Як вядома, у гандлі ў асноўным жаночы калектыў, кніжны — не выключэнне. Як наладжвалі работу?

— Галоўнай задачай было захаваць асноўнае ядро, захаваць нашы кадры, якія працавалі і працуюць у сетцы. Быў шэраг крам складаных, дзе даводзілася даволі шчыльна займацца кадрамі. Гэта вынік не аднаго дня, таму фарміраванне калектыву, асабліва ў вялікіх гандлёвых кропках, патрабуе часу, уважлівага падбору кадраў.

Лічу, важна, каб чалавеку было цікава працаваць. 

Бо калі прадавец не працуе з пакупніком, не працуе на выкладках, гэта не дае ніякага выніку. І тут якраз і былі новыя моманты работы, у тым ліку і работы з калектывам. Сапраўды, калектыў жаночы, але знайсці агульную мову не складала асаблівай цяжкасці. Галоўнае — улічваць акалічнасці, якія не аддзяляюць ад жыцця — і сямейна-бытавыя, і праблемы здароўя. Гэта вельмі істотна ў кіраванні калектывам. І тут варта ісці па шляху найбольшай спрыяльнасці нашым работнікам, каб калектыў адчуваў і падтрымку, і зацікаўленасць кіраўніцтва ў вырашэнні асабістых праблем. Ад гэтага залежыць маральны-псіхалагічны клімат у калектыве. Калі няма нервознасці, няўпэўненасці — адпаведна павышаецца ўзровень аддачы работніка. Людзі адчуваюць адказнасць, яны нераўнадушныя да працы, уносяць свае прапановы, да якіх мы абавязкова прыслухоўваемся. 

Вось набліжаюцца навагоднія святы, і ўсе крамы пачнуць адпаведнае ўпрыгожванне, каб стварыць утульную атмасферу. Гэта таксама псіхалагічны момант, які варта падтрымаць. Нават такія дробныя пытанні павінны быць у полі зроку кіраўніка прадпрыемства.

— Ці складана падабраць персанал? Якія галоўныя патрабаванні?

— Раней вялася падрыхтоўка спецыялістаў менавіта кніжнага гандлю, цяпер такога няма, рыхтуюць проста прадаўцоў. Праўда, у іх ёсць азнаямляльны курс па гэтай тэме. Увогуле, працаваць могуць як гуманітарыі, так і людзі з тэхнічнай адукацыяй, якім цікава такая праца, якія любяць чытаць. У нас ёсць нават выкладчыкі, якія прайшлі падрыхтоўку на касавым абсталяванні, яны ўмеюць працаваць з пакупнікамі. Мы падтрымліваем сваіх спецыялістаў. У калектыве філіяла «Гроднакніга» крыху больш за 80 чалавек персаналу. Вялікай цякучкі кадраў не назіраем.

— Даводзіцца наладжваць і новыя сувязі? 

— Канешне. Адным з такіх момантаў можна лічыць цеснае ўзаемадзеянне са структурамі нашага галаўнога прадпрыемства «Белкніга». У тым ліку аператыўна вырашаць пытанні з закупкамі і пастаўкамі кніжнай прадукцыі. Асабліва падчас падрыхтоўкі да новага навучальнага года. 

— Як вялася работа па пастаўках вучэбных дапаможнікаў? Ад чаго залежыць іх своечасовасць?

— Ёсць некалькі фактараў, якія ўплываюць на наяўнасць навучальна-метадычнай літаратуры, дапаможнікаў для педагогаў. Хаця гэтая літаратура выпускаецца ў Беларусі, не ўсе заказы выконваюцца своечасова. Затрымка можа быць звязана з пастаянным удасканальваннем дапаможнікаў. Да таго ж вучэбная літаратура стала праходзіць спецыяльнае зацвярджэнне Міністэрства адукацыі. Такі грыф сёлета атрымала ўся вучэбная літаратура. І момант пераходу патрабаваў пэўнага часу. 

— Чым абумоўлены пастаўкі? Сам філіял можа ўплываць на заказ?

— Заказ фарміруецца з практыкі ўжо існуючых паставак, яны напрацаваны мінулымі гадамі. Мы бачым, якія дапаможнікі карыстаюцца найбольшым попытам, але вучэбныя праграмы мяняюцца. І некаторыя пазіцыі аказваюцца незапатрабаванымі. Таму было б пажадана атрымліваць новую вучэбную літаратуру на больш ранніх этапах, а не напярэдадні навучальнага года. 

Немалаважны момант — гэта кошт. Растуць цэны на абсталяванне, іншыя расходныя матэрыялы, таму падымаецца кошт выдання. Але падыходзім да гэтага разумна — у нас ёсць абмежаванні па фарміраванні цаны, таму парытэт захоўваецца. 

— Аб’ёмы паставак растуць ці застаюцца на адным узроўні? Якім пазіцыям аддаецца перавага?

— У агульным плане аб’ёмы растуць. 

У верасні, напрыклад, прырост продажаў склаў 10 працэнтаў да мінулага года. Мы сталі больш набываць кніг і бачым, што ў іх ёсць патрэба. Сярод сталага насельніцтва добра разыходзяцца календары розных відаў — ад настольных да адрыўных. Іх цяпер вялікі выбар. Блізкасць да навучальных устаноў таксама накладвае свой адбітак. Мы стараемся задаволіць розныя заказы. Звярталіся да нас, напрыклад, з папраўчай установы Гродна. Людзі, якія адбываюць пакаранне, прыслалі нядаўна пісьмо-заяўку на літаратуру — там і слоўнікі, і мастацкая літаратура, філасофія, псіхалогія. Ёсць у нас інтэрнэт-крама, паслуга «Кніга поштай». 

— Хто самыя буйныя заказчыкі?

— Што датычыць мастацкай літаратуры, значную частку заказаў складаюць нашы бібліятэкі. З бібліятэчнай сістэмай наладжаны добрыя шматгадовыя кантакты. Большасць кніг прадстаўлена нашымі беларускімі выдавецтвамі, таксама вядзецца работа з расійскімі пастаўшчыкамі. Гэта датычыць і навінак — хітоў продажу. Тут таксама адпрацаваны сувязі. Працэс ідзе пастаянна. Усе заказы, патрэбы нашых кніжных крам, ідуць знізу. Адпрацоўваюцца прайсы ўсіх пастаўшчыкоў, якія затым паступаюць у «Белкнігу» — наша галаўное прадпрыемства. 

— Хто на месцах можа паўплываць на фарміраванне заказу? Напрыклад, мясцовыя улады…

— Мясцовыя ўлады альбо прадпрыемствы ці ўстановы могуць ініцыіраваць заказ таго ці іншага выдання. Так адбылося з выпускам кнігі «Генацыд беларускага народа». Попыт быў даволі вялікі. У сваю чаргу, мы ставім заслону пранікненню на нашы прылаўкі літаратуры экстрэмісцкага зместу, тым выданням, якія не адпавядаюць нашым маральным прынцыпам.

Такую літаратру мы адсочваем, бо яна таксама з’яўляецца на рынку. Гэтая работа вядзецца сістэматычна, пастаянна праглядаецца спіс тых выданняў, якія не рэкамендуюцца да продажу і могуць прынесці шкоду нацыянальнай бяспецы. Гэтая інфармацыя пастаянна абнаўляецца і патрабуе ўвагі. Адсочваем сайты антыманапольнага рэгулявання і цэнтра гігіены. Гэта дае магчымасць пазбегнуць няякаснай прадукцыі, якая можа ўтрымліваць шкодныя рэчывы, напрыклад, у дзіцячых цацках, акварэльных фарбах і нечым іншым. Такія моманты бываюць рэдка, але іх таксама трэба ўлічваць і прапаноўваць пакупнікам толькі якасную і бяспечную прадукцыю. 

— Кніжныя крамы сёння прадстаўляюць даволі шырокі спектр тавараў…

— Акрамя друкаванай прадукцыі, вучэбна-метадычнай літаратуры ў нас ёсць тавары канцылярскія, для дзяцей, розныя сувеніры. Мы звяртаем увагу на наяўнасць дзяржаўнай сімволікі ў нашых крамах. Прадпрыемствы, арганізацыі, простыя грамадзяне могуць купіць дзяржаўную сімволіку ў поўным аб’ёме. Стараемся прадставіць разнастайны асартымент, каб чалавек, які зайшоў у кніжную краму, мог набыць яшчэ і іншы тавар. Карыстаюцца попытам развіццёвыя гульні для дзяцей. Асабліва стараемся акцэнтаваць на гэтым увагу падчас канікул, калі дзеці дома. Тыя бацькі, якія думаюць аб развіцці сваіх дзяцей, могуць разлічваць на нашу дапамогу. 

— Магчыма, ёсць кніжная прадукцыя, якая асабліва запатрабавана? 

— Нашу краіну наведвае шмат замежнікаў, у Гродна прыязджае нямала беларускіх турыстаў, якія купляюць і сувенірную прадукцыю, і мастацкую літаратуру. Ёсць у нас і ручнікі, і льняныя вырабы, сувеніныя талеркі, кубкі. Некаторыя цікавяцца фотаальбомамі. Разам з тым адчуваецца недахоп прадукцыі менавіта турыстычнага зместу — буклетаў, даведнікаў, недарагіх альбомаў, паштовак. Гэта пастаянна запатрабавана. Многае мяняецца, гэты момант трэба ўлічваць. Таму шукаем пастаўшчыкоў, працуем з нашымі прадпрыемствамі. Выходзім на дамову са Слонімскай фабрыкай мастацкіх вырабаў, якая будзе пастаўляць сваю прадукцыю — вышыванкі, сурвэткі з нацыянальнымі матывамі, вырабы з разьбой па дрэве і многае іншае. 

— Які сезон можна лічыць найбольш гарачым і спрыяльным для філіяла?

— У кожнай спецыялізаванай крамы ёсць свой гарачы сезон. І кніжны гандаль не выключэнне. У нашай вобласці налічваецца 12 кропак гандлю Гродзенскага філіяла «Белкніга». Звычайна актыўнасць нашых пакупнікоў узрастае напрыканцы лета, калі ідзе падрыхтоўка да навучальнага года. У асенне-зімовы перыяд, калі людзі больш знаходзяцца дома, таксама з’яўляецца патрэба чытаць. Многія цікавяцца выданнямі па рукадзеллі — тут вельмі шырокі выбар. Падчас свят купляюць падарункі, у тым ліку кнігі. Да летняга сезона мы прапануем тавары для школьных летнікаў, дзіцячых садкоў — тыя ж гульні, складанкі, цацкі, канструктары. Таму ў кожным сезоне ёсць група тавараў, цікавая для пакупнікоў.

— Вы адзначылі, што філіял налічвае 12 крам. Гэта аптымальная колькасць? 

— У нас склалася ўстойлівая сетка крам па вобласці. Палова з іх — у абласным цэнтры. У першую чаргу нам важна, каб крама была рэнтабельнай. Ад гэтага залежаць зарплата і прэміі гандлёвым работнікам. Таму стараемся максімальна аптымізаваць колькасць персаналу, мінімізаваць затраты. Разам з тым гэта не павінна паўплываць на знешняе аблічча, абсталяванне, ацяпленне, бяспеку і іншае. На гэтым эканоміць нельга. У кніжных крамах павінна быць камфортна і прадаўцам, і пакупнікам. 

На перспектыву разглядаем магчымасць адкрыцця гандлёвых пунктаў у двух маладых мікрараёнах Гродна. Тут пражывае многа маладых сем’яў. Будзем імкнуцца максімальна наблізіць нашы крамы да пакупнікоў. 

— Вы пераймаеце вопыт у іншых ці, можа, да вас ужо прыязджаюць павучыцца?

— У філіялах «Белкнігі» працуюць прафесійныя кадры, многія даволі даўно. Мы сустракаемся на семінарах, а таксама пры падвядзенні вынікаў работы. Пастаянна на сувязі з калегамі з іншых рэгіёнаў. Я вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку і парады. Вучыцца ніколі не позна. Нават тады, калі здаецца, што ведаеш усё. Бо жыццё часам падкідвае такія моманты, калі трэба з кімсьці параіцца. Да таго ж удасканальваецца і сістэма гандлю, і сістэма паставак, і ў заканадаўстве адбываецца шмат змяненняў, на якія трэба своечасова рэагаваць. 

— Ці ёсць супрацоўніцтва з Выдавецкім домам «Звязда»? Тут выпускаецца ў асноўным беларускамоўная літаратура…

— У нашых крамах абсталяваны месцы, дзе мы выстаўляем літаратуру беларускіх выдавецтваў, у тым ліку шырока прадстаўлены і Выдавецкі дом «Звязда». Гэта літаратура як для дарослых, так і для дзяцей. Усё, што выходзіць з друку, трапяе да нас на прылавак, і пакупнік мае хуткі доступ да гэтай літаратуры. Чалавек толькі зайшоў у краму — і бачыць гэтыя паліцы. Беларуская літаратура мае прыярытэт. Так і павінна быць. Трэба, каб пакупнік не шукаў, а бачыў яе адразу. І школы добра бяруць, і турысты. Напрыклад, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча стала лідарам продажу мінулага года.

Мы бачым, што ёсць попыт на беларускамоўную літаратуру. Прыемна, што гэтыя працэсы стымулюцца і ў навучальных установах, і ў нашых грамадзян. Я таксама аддаю перавагу літаратуры на беларускай мове. 

— Што асабіста вы чытаеце? Літаратура для адпачынку ці пазнавальная? А можа, адкрылі для сябе новую сферу?

— Калі раней захапляўся гістарычнай мастацкай літаратурай, цяпер хочацца чытаць гістарычную дакументалістыку. Атрымаць адказы на пытанні: адкуль мы? чым адметныя? адкуль вядзецца наша дзяржаўнасць і як развівалася свядомасць народа? На гэтым у рэшце рэшт завязваецца наш светапогляд і самабытнасць. Адсюль фарміруюцца адносіны да сябе, да краіны, і гэта вельмі значны і адказны момант. Такая навуковая літаратура, можа, і складаная для ўспрымання, але яна ўтрымлівае тое, чаго моладзі сёння не хапае. Можа, да гэтага яшчэ прыйдзем з часам. Агульнымі намаганнямі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.