Вы тут

У Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты творцы з Расіі і Казахстана


Грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» згодна свайму статуту мае права прымаць у склад арганізацыі і паэтаў, празаікаў, драматургаў, перакладчыкаў з іншых краін свету. 

У розныя гады членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі сталі вядомыя пісьменнікі Камран Назірлі (Азербайджан), Мікалай Чаркашын (Расія) і іншыя літаратары з розных куткоў постсавецкай прасторы. 

23 лістапада адбыўся прэзідыўм СП Беларусі, на якім па рэкамендацыі прыёмнай камісіі арганізацыі падтрыманы прыём у склад Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтэсы і публіцысткі Любові Шашковай, літаратуразнаўца, публіцысткі Святланы Ананьевай (абедзве — Казахстан), а таксама пісьменніц з Расіі — паэтэсы і перакладчыцы Зульфіі Хананавай (Башкартастан), паэтэсы, перакладчыцы, літаратуразнаўца Рымы Ханінавай (Калмыкія). Прэзідыўм быў адзінагалосны ў прыняцці такога рашэння. Усе са згаданых пісьменніц — добрыя і даўнія сябры Беларусі. Любоў Шашкова, якая нарадзілася на Гомельшчыне, — часта наведваецца на радзіму, удзельнічала не аднойчы ў розных мерапрыемствах, якія пашыраюць прастору беларуска-казахстанскіх літаратурных сувязяў. Аўтар многіх кніг, паэтэса з’яўляецца і аўтарам кнігі вершаў на беларускай мове, што пабачыла свет у Мінску. Перакладчыкам твораў зямлячкі выступіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. Святлана Ананьева — вядомы казахстанскі літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, працуе загадчыкам аддзела міжнародных сувязяў у Інстытуце літаратуры і мастацтва імя Мухтара Аўэзава. Шэраг кніг на літаратуразнаўчую тэматыку Святлана Віктараўна выдала ў Беларусь. Даследчыца — удзельнік міжнародных круглых сталоў беларускіх і замежных пісьменнікаў, якія сталі складнікам Дзён беларускага пісьменства, пачынаючы з 2007 года, а таксама міжнароднага сімпозіўма літаратараў «Пісьменнік і час», які праходзіць у Мінску з 2015 года. 

 
Зульфія Хананава — паэтэса і перакладчыца беларускай літаратуры на башкірскую мову. Многія творы З. Хананавай у перакладзе на беларускую мову надрукаваны ў часопісе «Маладосць», газеце «Літаратура і мастацтва». Зараз у серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» рыхтуецца асобная беларуская кніга башкірскай пісьменніцы. Калі ў кастрычніку 2023 года ў Мінску праходзілі дні башкірскай літаратуры ў Беларусі, то Зульфія Хананава была адным з іх актыўных арганізатараў і ўдзельнікаў. А калмычка Рыма Ханінава — доктар філалагічных навук, дачка беларускага партызана паэта Міхаіла Ханінава. У свой час легендарны партызанскі разведчык быў адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Зараз у Беразіно ёсць вуліца імя Міхаіла Ханінава. Дзякуючы Рыме Міхайлаўне ў калмыцкім друку з’явілася шмат артыкулаў пра повязь калмыцкай і беларускай літаратур. 
 
Раман СЭРВАЧ
Прэв'ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».