Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы распачаліся ІХ Беларускія калядныя чытанні


Традыцыйна напярэдадні вялікіх зімовых свят у Беларусі праходзяць Калядныя чытанні. У межах гэтага асветніцкага праекта на працягу месяца на розных пляцоўках краіны адбываюцца выстаўкі, круглыя сталы, канферэнцыі. Удзельнікі сустрэч уздымаюць пытанні, якія тычацца супрацьстаяння сучасным выклікам і захавання духоўна-маральных каштоўнасцяў нашага народа, выхавання падрастаючага пакалення. 


Сёлета ІХ Беларускія калядныя адукацыйныя чытанні адкрыліся ў Нацыянальнай бібліятэцы 23 лістапада. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел святары, прадстаўнікі органаў улады, дзеячы культуры, вучоныя, кіраўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі.

Калядныя чытанні — гэта ў тым ліку і падвядзенне вынікаў той вялікай асветніцкай працы, якую курыруе Праваслаўная царква і да якой далучаюцца разнастайныя арганізацыі і ўстановы. Таму і распачаліся чытанні з узнагароджанняў пераможцаў трох рэспубліканскіх конкурсаў. 

Арганізатарам першага, літаратурнага, конкурса «Кніга мне — кніга ўва мне» выступілі Сінаідальны аддзел Беларускай праваслаўнай царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі і Саюз пісьменнікаў Беларусі. У рамках яго вызначаліся найлепшыя творы, якія паказваюць духоўна-маральныя хрысціянскія каштоўнасці, без якіх немагчымае гарманічнае развіццё грамадства. Падчас узнагароджання пераможцаў старшыня Саюза пісьменнікаў Алесь Карлюкевіч, заўважыў, што падобныя праекты сёння надзвычай важныя: дзякуючы ім чытача можна адцягнуць ад тых кніг, якія перашкаджаюць выхаваць чалавека высокамаральнага, дзяржаўнага, думаючага, які разумее, што адбываецца ў грамадстве.

Традыцыйна на Беларускіх калядных чытаннях падводзяцца вынікі конкурса «Свет міласэрнасці», які арганізаваны з мэтай падтрымкі і распаўсюджвання вопыту супрацоўніцтва ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання з царкоўнымі арганізацыямі, а таксама валанцёрскай дзейнасці. Так, найлепшымі ў гэтым годзе сталі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Баранавіцкага раёна, Гарадзішчанскі дом-інтэрнат для дзяцей інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, Браслаўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Таксама былі адзначаны за сацыяльнае служэнне валанцёры.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка заўважыла, што конкурс сведчыць пра тое, як многа ўвагі і цяпла сёння спецыялісты імкнуцца перадаць людзям, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і абароне. Яна звярнула ўвагу на новую традыцыю «Ад усёй душы», якая нарадзілася ў краіне ў мінулым годзе, калі кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі Праваслаўнай царквы і грамадскіх арганізацый едуць у дамы- інтэрнаты і гутараць з людзьмі, якія там жывуць. Акцыя прымушае кожнага яе ўдзельніка задумацца пра тое, як складваецца жыццёвы шлях, аб важнасці сямейных і духоўных каштоўнасцяў. А галоўнае, гэта выдатная мачымасць для кожнага чалавека падзяліцца святлом сваёй душы з тымі, каму патрэбны клопат, і ўвага. Марына Арцёменка паведаміла, што ў бліжэйшы час плануецца перайменаваць дамы- інтэрнаты ў пансіянаты. Не трэба дзяліць людзей на катэгорыі. У інклюзіўным грамадстве нават назвам надаецца асаблівае значэнне. Тым больш, што мяняюцца форма і змест сацыяльных устаноў. Яны становяцца больш камфортнымі, робіцца ўсё магчымае, каб стварыць умовы, максімальна набліжаныя да хатніх.

Традыцыйна падчас калядных чытанняў падводзяцца і вынікі конкурса «Бібліятэка — цэнтр Духоўнай асветы і выхавання». Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін заўважыў, што праекты, якія робяць супрацоўнікі бібліятэк, прыносяць свае вынікі, натхняюць як падрастаючае пакаленне, так і людзей старэйшага ўзросту на добрыя справы. 

У рамках калядных чытанняў прайшла прэзентацыя кніжнай калекцыі «Рускія пісьменнікі — класікі і праваслаўе». Гэта серыя з дванаццаці кніг, якія змяшчаюць творы класікаў за тры стагоддзі рускага прыгожага пісьменства — ад Ламаносава да Шолахава. Як паведаміў кіраўнік Міжнароднага фонда духоўнага адзінства народаў, прафесар, доктар філасофіі Валерый Аляксееў, калекцыя ўжо прэзентавалася ў Пекіне, Берліне, Мілане, Вене, Варшаве, Парыжы, Іерусаліме ды іншых гарадах. У гэтым годзе было прынята рашэнне прадставіць яе ў гарадах СНД. Яна ўжо пабывала ў Ерэване, Ташкенце, Душанбе, Бішкеку. 

У Беларусі наборы кніг перададзены ў Нацыянальную бібліятэку, розныя ўстановы і арганізацыі краіны. Адметнасць серыі ў тым, што ў кожнай з яе кніг паказваецца складаны духоўны шлях пісьменніка, звароты да праваслаўя, у сюжэтах падаюца людскія лёсы, перажыванні, пошукі. «Калекцыя паказвае ролю літаратуры, што ўсе стагоддзі яна натхняла, давала сілы. Цяжка нават уявіць, як мы б жылі ў свеце, калі б не было Пушкіна, Ясеніна. Гэта іншае вымярэнне. Гэта словы небажыхароў. Менавіта словам фарміравалася і вера», — заўважыў Валерый Аляксееў.

Падчас пленарнага пасяджэння мітрапаліт Веніямін, адзначыў, што калядныя чытанні не выпадкова сёлета прысвечаныя асэнсаванню шматвекавога шляху праваслаўя і культуры на беларускіх землях, без ведання гісторыі не магчыма рабіць прагнозы на будучае. Дарэчы, многія выступоўцы ў сваіх дакладах адзначылі, наколькі карысным мог быць вопыт папярэднікаў. Яны акрэслілі тыя праблемы, якія падкідвае час. Сёння трэба адстойваць духоўныя каштоўнасці, традыцыйную сям’ю, умацоўваць добрасуседскія адносіны паміж народамі. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.