Вы тут

Дзень адкрытых дзвярэй правялі ва УСК па Гомельскай вобласці


У чым заключаецца работа следчага? Якое тэхнічнае абсталяванне выкарыстоўваецца пры расследаванні злачынстваў? Што ўвогуле за служба, дзе рамантыка спалучаецца з вельмі напружанай, адказнай працай, цяжкай у эмацыянальным плане. На прыкладах з уласнага досведу пра прафесію знутры гомельскія следчыя расказалі школьнікам. Супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці працягваюць традыцыю правядзення Дня адкрытых дзвярэй для будучых абітурыентаў на пачатку навучальнага года. Каб прыняць усіх жадаючых, следчыя адвялі на мерапрыемства два дні. Так, гасцямі УСК па Гомельскай вобласці сталі больш 300 старшакласнікаў абласнога цэнтра. 


Данесці школьнікам не толькі інфармацыю аб следчай рабоце, але і паказаць высокі гонар і адказнасць, якія нясе званне афіцэра. Такую задачу паставілі перад сабой следчыя падчас Дня адкрытых дзвярэй для старшакласнікаў. Ва ўпраўленні вельмі ўважліва падыходзяць да адбору кандыдатаў на службу, пачынаючы з вучняў старэйшых класаў, калі школьнікі вызначаюцца з будучай прафесіяй. 

Традыцыйна адно з самых папулярных пытанняў школьнікаў да следчых — дзе вучаць прафесіі? Аб усіх нюансах паступлення і навучання ў асноўнай установе адукацыі для падрыхтоўкі следчых і экспертаў — Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь — юнакам і дзяўчатам распавёў нядаўні выпускнік ВНУ, следчы па асабліва важных справах следчага ўпраўлення УСК па Гомельскай вобласці Юрый Палкаўнічэнка. 

— Школьнік часцей за ўсё цікавяцца, ці складана паступіць і вучыцца ў Акадэміі. Многія хвалююцца за праверку пры паступленні фізічнай падрыхтоўкі абітурыента, перажываюць, што не паступяць па стане здароўя. Вучням старэйшых класаў рэкамендую не хвалявацца, а займацца спортам, весці здаровы лад жыцця, — адзначыў Юрый Палкаўнічэнка. 

Ад тэорыі да знаёмства з матчасцю... Вядома, многія ўдзельнікі дня адкрытых дзвярэй, падзяліліся, што быццам трапілі на здымачную пляцоўку дэтэктыва. Так, хлопцаў і дзяўчат запрасілі ў крыміналістычны клас. Тут звычайна праходзяць школу маладыя супрацоўнікі СК, якія толькі заступаюць на службу. Як супрацоўнікі прыкмячаюць дэталі і «малююць» следавую карціну, школьнікі змаглі пабачыць у крыміналістычным класе. Многіх школьнікаў уразілі сабраныя гомельскімі следчымі калекцыі прылад ранейшых часоў для вядзення фота- і відэаздымак падчас расследаванняў, збор прылад злачынстваў, здзейсненых у 90-х гадаў мінулага стагоддзя. У крыміналістычным класе на змадэляваным месцы забойства старшакласнікі пазнаёміліся, якім чынам следчыя выяўляюць відавочныя і ўтоеныя дэталі здзяйснення злачынства. 

— Вельмі рады, што трапіў на экскурсію. З дзяцінства захапляе служба праваахоўнікаў, для мяне прыклад — мой дзядуля, маёр міліцыі ў адстаўцы. Адна з самых яскравых успамінаў дзяцінства, калі прасіў у дзеда надзець яго фуражку. Цяпер рыхтуюся да паступлення ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Лічу, што служба ў праваахоўчых арганах, — вельмі добры выбар для мужчыны, — падзяліўся 11-класнік, вучань СШ № 49 г. Гомеля Дзмітрый Малажаўскі.

Пры дапамозе якіх тэхнічных сродкаў вядзецца адпрацоўка месца здарэння, здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, школьнікі ацанілі падчас знаёмства з перасоўнай крыміналістычнай лабараторыяй. Юнакі і дзяўчаты на свае вочы пабачылі, якім чынам следчыя выбудоўваюць работу на месцах здарэння, якія сродкі выкарыстоўваюць. Школьнікі пацікавіліся, ці вядуць следчыя агляд месца здарэння пры дапамозе дрона, як вядзецца работа на месцы здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у цёмны час сутак. 

Між тым, падобныя пазнаваўчыя мерапрыемствы для вучняў 10-11-х класаў следчыя Гомельскай вобласці праводзяць у тым ліку ў раённых падраздзяленнях. Як падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Уладзімір Бабкоў, сёння падобныя сустрэчы — важная і запатрабаваная форма прафарыентацыйнай работы з будучымі абітурыентамі.

— Юнакам і дзяўчатам даецца магчымасць пазнаёміцца з дасведчанымі следчымі, паназіраць, як ідзе іх паўсядзённая служба, з якімі цяжкасцямі ў рабоце прыходзіцца сутыкацца, — адзначыў Уладзімір Бабкоў. Намеснік начальніка ўпраўлення нагадаў, што зараз укараняецца практыка прадастаўлення мэтавых накіраванняў для абітурыентаў. 

— У Гомельскай вобласці ў гэтым годзе была сфарміравана група з 25 чалавек, якія атрымалі мэтавае накіраванне пры паступленні на юрыдычны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны па спецыяльнасцях «Эканамічнае права» і «Правазнаўства». У наступным годзе таксама плануем працягнуць гэту практыку і правесці адбор абітурыентаў для навучання ў інтарэсах Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Уладзімір Бабкоў. Ён звярнуў увагу на тое, што ва УСК па Гомельскай вобласці ў тым ліку зарэкамендаваў сябе і дае плённыя вынікі інстытут работы пазаштатных супрацоўнікаў. Калі матываваныя студэнты профільных спецыяльнасцей не чакаюць праходжання практыкі, а загадзя просяць прыняць іх на пазаштатную службу, каб набрацца практычнага досведу для будучай службы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота УСК па Гомельскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.