Вы тут

Якія даследаванні урач-валеолаг раіць жанчынам, каб «не праміргаць» сур’ёзных праблем


Для большасці жанчын 50 гадоў — старт новага этапу ў жыцці. У гэтым узросце многія востра адчуваюць змены ў арганізме, звязаныя з надыходам менапаўзы. Павышаецца рызыка развіцця стэнакардыі, інфаркту міякарда, інсульту, астэапарозу, пухлін яечнікаў, маткі, малочных залоз. Своечасовая дыягностыка дазваляе захаваць здароўе, выявіўшы паталогіі на ранніх стадыях і спыніўшы іх прагрэсаванне. 
Кіраўнік Мінскага гарадскога цэнтра здароўя, урач-валеолаг Сняжана Каўрыга рэкамендуе жанчынам 50+ звярнуць увагу на абавязковы «пакет» даследаванняў, які неабходна зрабіць, каб «не праміргаць» сур’ёзных праблем і паўнацэнна жыць, нягледзячы на гады.


Фота: pexels.com

Агульны аналіз крыві. Вызначае колькасць клетак крыві — эрытрацытаў, лейкацытаў і трамбацытаў. Дазваляе выявіць анемію, запаленчыя працэсы, паталогію ў сістэме гемастазу.

Аналіз крыві на глюкозу. Дапаможа выявіць цукровы дыябет. Павышэнне ўзроўню глюкозы — гэта нагода наведаць эндакрынолага.

Аналіз крыві на халестэрын. Павышэнне халестэрыну звязана з высокай рызыкай развіцця сардэчна-сасудзістых паталогій. Інфаркт міякарда, ішэмічная хвароба сэрца і стэнакардыя, інсульт абумоўленыя лішкам ліпідаў у крыві.

Біяхімія крыві. Ацэньвае функцыянаванне печані, нырак, сэрца і іншых унутраных органаў. Агульны бялок, білірубін і пячоначныя ферменты (АЛТ, АСТ), мачавіна і крэацінін — вось асноўныя паказчыкі, за якімі трэба пільна сачыць.

Каагулаграма. З узростам расце рызыка развіцця трамбозу — небяспечнага стану, якое можа каштаваць жыцця. Выявіць парушэнні ў сістэме згусчання крыві можна з дапамогай каагулаграмы або яе пашыранай версіі — гемастазіяграмы.

PAP-тэст, або мазок на анкацыталогію. Выяўляе перадракавыя змены, рак шыйкі маткі, запаленчыя працэсы, іншыя станы, якія патрабуюць медыцынскага кантролю і ўмяшання.

Анкамаркеры. Дыягнастычнае значэнне маюць два паказчыкі: CA-125 і CA15-3. Першы павышаецца пры злаякасных пухлінах яечніка, другі — пры раку малочных залоз. Анкамаркеры ў крыві выяўляюцца раней за з’яўленне іншых прыкмет захворвання.

Аналіз на вітамін D. На большай частцы нашай краіны большасць дзён на год – пахмурныя, таму гэты аналіз пасля 50 гадоў абавязковы, каб распазнаць дэфіцыт «сонечнага» вітаміну.

Жалеза і ферыцін. Яшчэ адзін важны паказчык. Вялікая колькасць людзей ва ўзросце за 50 гадоў (а часта нават і маладых) адчуваюць хранічны дэфіцыт жалеза, які адбіваецца на самаадчуванні і выяўляецца ў слабасці, млявасці, апатыі, выпадзенні валасоў.

Біяімпедансны аналіз. Яго трэба зрабіць, каб высветліць працэнтныя суадносіны мышачнай тканкі, тлушчу, вады, некаторыя іншыя параметры цела.

Агульны аналіз мачы. Паказвае функцыянаванне нырак. Гэта даследаванне — індыкатар многіх працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме, – выяўляе захворванні мочавыводзячых шляхоў, некаторыя парушэнні абмену рэчываў.

Дэнсітаметрыя. Прайсці гэта даследаванне рэкамендуюць, каб вымераць шчыльнасць, структуру, таўшчыню павярхоўнага пласта касцей, вызначыць верагоднасць іх пераломаў і папярэдзіць развіццё астэапарозу.

Таксама ўсім, хто перасягнуў 50-гадовы рубеж, варта выканаць ЭКГ і ультрагукавыя даследаванні (па накірунку профільных урачоў), раз на год абавязкова наведваць афтальмолага, каб правяраць стан зроку і кантраляваць унутрывочны ціск.

Акрамя гэтых даследаванняў, карысных для ўсіх, вядома, у кожнага з нас ёсць свае «органы рызыкі», а значыць, — свае даследаванні, на якія накіроўваюць профільныя спецыялісты.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.