Вы тут

У Мінску падвялі вынікі Міжканфесійнай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі»


Фінал Міжканфесійнай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі» адбыўся 22 лістапада ў Мінску ў Храме-помніку.


Гэта ўнікальны праект, у якім за ўвесь час было задзейнічана больш за 10 тысяч добраахвотнікаў. Варта адзначыць і тое, што сёлета ён адзначае свой юбілей.

— Наш дабрачынны праект «Аднаўленне святынь Беларусі» рэалізуецца ўжо 10 гадоў, што вельмі для нас значна. — дзеліцца сакратар ЦК БРСМ Аляксандра Ганчарова. — Цяпер мы заканчваем трылогію, якая праходзіла пад слоганам «Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера». Вельмі важна, што стваральная праца моладзі дае не толькі практычны вынік, але і далучэнне да духоўнасці, выхаванне духоўна-маральных каштоўнасцей.

Пачалося мерапрыемства па традыцыі з малітвы ў крыпце Храма-помніка, у месцы, дзе ў спецыяльных нішах у капсулах захоўваецца зямля з месцаў пахавання воінаў-беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы. Паралельна з гэтым праходзіла яшчэ адна важная частка акцыі: на тэрыторыі храма група валанцёраў займалася падрыхтоўкай да зімоўкі пладовых дрэў.

Пасля ўсяго гэтага ўдзельнікаў мерапрыемства чакала фотавыстава і майстар-класы па вырабе калядных анёлаў у розных тэхніках.

Завяршальнай часткай акцыі было ўзнагароджанне актывістаў і міжканфесійны адкрыты дыялог «Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера». Сярод ганаровых гасцей былі прадстаўнікі розных канфесій, у тым ліку і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

— БРСМ ужо шмат гадоў дэманструе прыклад любові да Айчыны. Менавіта ад моладзі залежыць, якой будзе наша будучыня. — адзначыў падчас свайго выступлення мітрапаліт, — Трэба любіць гэты свет, усведамляць яго значнасць, адцягвацца ад паўсядзённай мітусні і накіроўваць свае сілы і час на аднаўленне святыняў і акультурванне помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Акцыя, якая праходзіла цягам усяго года, сведчанне таго, што ў моладзі ёсць агульныя каштоўнасці.

Варта адзначыць, што ў рамках гэтай акцыі не толькі акультурваліся святыні і культурныя аб’екты, але таксама і ствараліся новыя. Яскравым прыкладам гэтаму служыць стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Брэсцкай крэпасці.

Так, на мерапрыемстве прайшло ўрачыстае ўручэнне грашовага сертыфіката вартасцю Br20 тыс. дырэктару Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Віктару Іванову. Грошы былі сабраныя агульнымі сіламі моладзі, а таксама прадстаўнікамі грамадзкіх і палітычных аб’яднаньняў. Таксама мітрапаліт Веніямін перадаў кіраўніку цэнтра абраз «Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага».

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.