Вы тут

Аляксандра Сакулевіч: Конкурс «Настаўнік года» зацвердзіў мяне ў думцы, што я ў школе — на сваім месцы


Наша гераіня лічыць, што няправільных адказаў на ўроках літаратуры не існуе. Тэмы для сачыненняў фармулюе так, каб вучні не маглі спісаць, а ёй было цікава чытаць іх думкі. Калі адольвае трывога, бярэ ў рукі падручнік па лацінскай мове і пачынае рабіць марфалагічны разбор слоў. А калі ёй кажуць нешта, што чуць не вельмі прыемна, чытае ў думках па памяці вершы любімых паэтаў — іх яна ведае вялікую колькасць.

Напрыканцы верасня гераіня «Плеяды маладых» увайшла ў васьмёрку суперфіналістаў Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», а раней перамагла ў фінале ў сваёй намінацыі — сярод настаўнікаў славеснасці. Трэба заўважыць, што выпрабаванні ў фінале патрабуюць ад канкурсантаў рознабаковай педагагічнай і метадычнай падрыхтоўкі і, вядома ж, псіхалагічнай устойлівасці. Таму перамагчы ў намінацыі сярод калег — дарагога варта!

 

Знаёмцеся — Аляксандра Сакулевіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры мінскай сярэдняй школы № 4. Самая маладая ўдзельніца заключнай часткі рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства. Стаж — усяго шэсць гадоў. Цікава, як яна вырашылася канкурыраваць у прафесійных спаборніцтвах з масцітымі педагогамі?


Выклік самой сабе

— Шчыра кажу: калі прымала рашэнне аб удзеле ў конкурсе, напэўна, не да канца разумела, што мяне ў рэшце рэшт чакае і які ж гэта доўгі і знясільвальны марафон. Разважала прыкладна так: спачатку ўцягнемся ў бойку, а далей паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Не чакала, што дайду да суперфіналу, — усміхаецца Аляксандра. — Гэта быў выклік самой сабе, хоць першы раз замахнулася на конкурс яшчэ ў свой першы год работы па размеркаванні. Дырэктар школы, дзе я працавала, наведвала ўрокі настаўнікаў, трапіла да мяне на ўрок літаратуры і прапанавала менавіта мне паспрабаваць свае сілы. На раённым этапе я атрымала тады дыплом другой ступені і на горад не прайшла, але лічу, што для ўчарашняй студэнткі гэта выдатны вынік. Фінал і суперфінал «Настаўніка года», якія прайшлі ў верасні, — толькі вяршыня айсберга. Насамрэч выпрабаванні распачаліся яшчэ ў лістападзе мінулага года. Спачатку быў раённы этап, затым гарадскі, мы вельмі шмат працавалі летам…

У фінале, лічу, мне пашанцавала, таму што дасталася заданне — скласці тэхналагічную карту ўрока па рускай мове. А рускую мову мне праектаваць заўсёды прасцей, таму што ёсць дакладныя этапы ўрока, ёсць распрацаваная методыка, яна ў прынцыпе ўніверсальная. Гэта быў пяты клас і тэма «Запазычаныя словы». Ну проста шыкоўная тэма. Па гэтым выпрабаванні ў мяне быў найлепшы вынік у намінацыі — 87 балаў са 100 магчымых. Затым мы цягнулі прадмет, па якім будзем праводзіць урок у незнаёмым класе, і тэму. Калі я выцягнула рускую літаратуру, выдыхнула. Мне дастаўся сёмы клас, балада «Лясны цар» у перакладзе Васілія Андрэевіча Жукоўскага, паняцце аб мастацкім перакладзе. Гэта была абсалютна мая тэма, таму што, калі ў жніўні думала пра начныя ўрокі (а на падрыхтоўку конкурснага ўрока табе даецца ўсяго адна ноч), я скупіла ўсё планаванне па сваім прадмеце, паспрабавала вылічыць, якія тэмы могуць трапіцца, бо гэта будзе трэці тыдзень верасня. У мяне быў сшытак з ідэямі па розных тэмах, своеасаблівы канструктар, які можна сабраць, бо разумела, што дзейнічаць давядзецца імкліва. Калі атрымала «Ляснога цара», падумала: гэта, напэўна, лёс. Ведала, што магу ўзяць музычную кампазіцыю фолк-гурта Dzіvіa «Дзікае паляванне», дзе сюжэт вельмі падобны. Плюс у мяне ёсць комікс па «Лясным цару», які некалі намалявала мая выпускніца. Самае складанае было — не спаць. Разважаю і прымаю рашэнні я ў прынцыпе хутка: прыкладна да васьмі вечара план конкурснага ўрока ў мяне ўжо склаўся ў галаве, але дырэктар і адміністрацыя маёй школы ўсю ноч дапамагалі рыхтаваць дапаможны матэрыял, рэзалі карткі, ламінавалі іх. Аднаму справіцца з гэтым за такі кароткі час проста немагчыма. Я ўвесь час адчувала іх падтрымку.

Мне вельмі пашанцавала, таму што я выцягнула невялікі завершаны твор. А вось у майго калегі Яўгена Есіса быў раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» — твор памерам з «Вайну і мір». Да таго ж з малодшымі школьнікамі прасцей, яны больш адкрытыя і менш скептычныя. З адзінаццацікласнікамі мне таксама вельмі цікава, але калі гэта мае адзінаццацікласнікі, якія добра мяне ведаюць і я магу прагназаваць іх рэакцыю на тое, што збіраюся прапанаваць на ўроку…

Квантавы скачок

Аляксандра канстатуе, што вярнуцца з конкурснага марафону ў штодзённую руціну было няпроста. Толькі пасля асенніх канікул адчула, што з’явіліся, нарэшце, сілы, каб ісці далей... Кажа, што мінская каманда была надзвычай дружнай і душэўнай.

— У шэсць раніцы штодня мы сігналізавалі адзін аднаму ў месенджарах: «Добрай раніцы!». Калі стала вядома, што я прайшла ў суперфінал, часу, каб адрэфлексаваць гэта, зусім не было. Наперадзе чакала яшчэ адна бяссонная ноч, каб падрыхтавацца да суперфіналу, які праходзіў ужо на сцэне, — расказвае настаўніца. — Усё ж такі больш упэўнена адчуваеш сябе ў школьным класе, дзе звыклая атмасфера. А тут трэба было даваць урок на сцэне і па тэме, якая, шчыра кажу, азадачыла. Калі пачула яе, у мяне была зусім пустая галава, а звычайна штосьці выстрэльвае. Плюс адказнасць, як мы з маёй калегай прадставім у суперфінале сталіцу. Сёння з упэўненасцю магу сказаць, што конкурс стаў для мяне квантавым скачком, бо я пазнаёмілася з выбітнымі педагогамі, атрымала незабыўны вопыт, які змяніў мой погляд на прафесію і месца ў ёй. Канкурыраваць давялося з настаўнікамі-метадыстамі, стваральнікамі вучэбных дапаможнікаў, спецыялістамі, якія мелі багаты настаўніцкі вопыт. Вельмі каштоўным было ўбачыць сябе збоку, пачуць, як ацэньваюць мяне як педагога сапраўдныя прафесіяналы.

Можа, я вас здзіўлю, але толькі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года» зацвердзіў канчаткова ў думцы, што я ў школе — на сваім месцы. Раней у мяне было адчуванне, што я тут не назаўсёды. Калі мае аднакурснікі паступалі на філфак БДУ, то ўсе казалі, што будзем працаваць дзе заўгодна, толькі не ў школе. Прызнаюся, што я паспела паспрабаваць сябе і як рэдактар (рэдагавала мастацкую літаратуру), была выпускаючым рэдактарам часопіса па інвестыцыях, праходзіла практыку ў інтэрнэт-СМІ, спрабавала быць нават маркетолагам. Мая спецыялізацыя на філфаку — літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць. І ўсе варыянты, якія давала мая адукацыя, я паспрабавала. Толькі пасля педагагічнай практыкі ў школе зразумела, што мне падабаецца вучыць…

Выбар і адказнасць

Дарэчы, рашэнне паступаць менавіта на філалагічны факультэт БДУ Аляксандра прыняла бліжэй да заканчэння школы. Да 11 класа дакладна не ведала, кім хоча быць. Рыхтавалася да ўсяго: займалася матэматыкай, англійскай мовай, удзельнічала ў алімпіядзе па рускай мове і літаратуры. «Я выдатніца, сябрую ў тым ліку з дакладнымі навукамі. А калі зразумела, што хачу, каб мая будучая прафесія была звязана з мастацтвам словам, вырашыла ісці на філфак. Шчыра кажу, што бацька прапанаваў альтэрнатыву, — расказвае дзяўчына. — Мая матуля — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Бабуля — маці бацькі — таксама выкладала ўсё жыццё рускую мову і літаратуру. І дачка сабралася ісці на філфак. Тата, напэўна, хацеў для мяне больш лёгкай долі, чым работа ў школе. Калі мы з ім размаўлялі, то схіляліся да фінансавага аўдыту. Але ў нашай сям’і не прынята абмяжоўваць свабоду выбару. Падыход просты: сама выбрала — сама нясі адказнасць. Лічу, правільная сістэма. Мая малодшая сястра цяпер навучаецца на другім курсе кансерваторыі і ўжо таксама дае прыватныя ўрокі. Вось такая педагагічная дынастыя атрымалася...»

Па размеркаванні Аляксандра прыйшла працаваць у мінскую школу № 141, дзе навучалася да дзявятага класа. Пасля год працавала ў Ліцэі № 2, які таксама сама закончыла. У яе было ў ліцэі сем дзясятых класаў. Але зразумела, што ёй цікава працаваць з дзецьмі розных узростаў, каб можна было сачыць, як яны сталеюць. Калі вядзеш дзяцей з пятага класа і да выпуску, наладжваюцца цёплыя і даверлівыя адносіны, а ўзаемадзеянне — больш асабістае. Так апынулася ў мінскай школе № 4 з больш чым стагадовай гісторыяй, дзе працуе ўжо чацвёрты год. Цяпер у яе тры восьмыя класы, два адзінаццатыя і адзін сёмы. Школа размяшчаецца ў помніку архітэктуры на вуліцы Чырвонаармейскай, у самым цэнтры сталіцы. На час капітальнага рамонту давялося пераехаць у іншы раён горада. Усе мараць хутчэй вярнуцца ў родныя сцены, каб зноў акунуцца ў гістарычную атмасферу, дзе адчуваецца душа. Аляксандра ўжо нават плануе, як наноў уладкуе свой кабінет, якія партрэты пісьменнікаў на сценах павесіць…

— У праграме па рускай літаратуры пісьменнікаў — нашых сучаснікаў — практычна няма. А мне хочацца, каб дзеці зразумелі, што пісьменнікі былі жывымі людзьмі, таму я часта расказваю ім байкі з іх жыцця. Напрыклад, што ў Фета быў асёл па мянушцы Някрасаў, на якім той аб’язджаў свае маёнткі. Хочацца, каб вучні разумелі, што літаратура не скончылася ў ХІХ стагоддзі, яна жывая, сучасная. Калі кажу ім пра сучасную літаратуру, бачу, што часам дзеці не разумеюць, як літаратура можа быць сучаснай? Мне не падабаюцца класічныя партрэты пісьменнікаў. Ёсць партрэты, зробленыя як постары. Хачу размясціць у сваім кабінеце партрэты пісьменнікаў Сярэбранага стагоддзя ў сучасным адзенні. Напрыклад, Уладзіміра Маякоўскага ў касухе. Спадзяюся, дырэктар школы мяне падтрымае…

Маўленчае мысленне 

Цікавімся ў настаўніцы, а як ёй удаецца пераканаць сучасных дзяцей у актуальнасці літаратуры пазамінулага стагоддзя.

— Толькі сваім прыкладам. Калі ты сам верыш, што гэта актуальна. А дзяцей падмануць немагчыма, — канстатуе Аляксандра. — Яны вельмі хутка разумеюць, хто ты такі. Толькі заходзіш у клас, а яны праз пяць хвілін ужо цябе «прачыталі». Калі ж настаўнік захоплены сваім прадметам, верыць у тое, што робіць, яго захапленне не можа не перадацца дзецям.

Я ўвогуле заўсёды паўстаю на абарону вучняў. Нашы дзеці — разумныя, глыбокія, здольныя ва ўсім разабрацца. Згодна, што раман «Вайна і мір» пужае сваім аб’ёмам. Насамрэч шмат важных кніг маюць вялікі аб’ём. Літаратура не заўсёды павінна быць забавай. Мае вучні «Вайну і мір» прачыталі. Так, у раман складана ўвайсці, але і ў сучасныя кнігі складана ўвайсці. Напрыклад, я толькі зусім нядаўна змагла асіліць раман Віктара Пелевіна «Вандроўка ў Элеўсін». Нарэшце я атрымала асалоду ад чытання, але гэта была мая пятая спроба зразумець аўтара.

Лічу, што «Майстра і Маргарыту» ўсвядомлена першы раз прачытала толькі пасля заканчэння філфака, калі да мяне прыйшоў адзінаццаты клас і мне давялося раман перачытаць. Мяркую, што калі раман «Вайна і мір» ты прычытаў першы раз у школе, то ў сталым узросце будзе падстава яго перачытаць і знайсці там новыя сэнсы.

У маім школьным мінулым я не магла зразумець, як можна захапляцца Маякоўскім, а цяпер гэта адзін з маіх любімых паэтаў, да якога звяртаюся ў пошуках сілы, калі сваіх сіл недастаткова. Напэўна, усяму свой час, але я павінна прывіць дзецям патрэбу ў чытанні літаратуры, бо менавіта чытаючы мы можам бяспечна пражыць вельмі шмат сітуацый і выпрацаваць пэўныя механізмы рэагавання. Да таго ж мысленне чалавека складаецца з дзвюх частак: маўленчай і немаўленчай. Ад таго, наколькі развіта ў чалавека маўленчае мысленне, залежыць яго паспяховасць. Менавіта яго мы і развіваем на ўроках мовы і літаратуры.

Я цяпер разважаю над школьнай праграмай па рускай літаратуры. Мяне засмучае, што ў ёй з’явіліся творы ў скарочаным выглядзе. Але мастацкі твор на тое і мастацкі, што ўяўляе сабой цэласнасць. Той жа Леў Талстой казаў: для таго, каб расказаць, пра што раман «Ганна Карэніна», трэба расказаць раман «Ганна Карэніна» слова ў слова.

З-за скарачэння тэксту галоўная думка ў апавяданні Тургенева «Муму» не прасочваецца празрыста. Пра што гэты твор? Зусім не пра сабаку, а пра трансфармацыю чалавека, пра тое, як Герасім, які быў спачатку звычайнай цяглавой сілай, становіцца паступова свабодным чалавекам. І мы з дзецьмі разважаем, чаму ён не мог паступіць інакш.

А пра што аповесць Аляксандра Грына «Пунсовыя ветразі»? У скарочаным выглядзе твора няма аўтарскага адступлення пра тое, што ўлада Артура Грэя на караблі была падобная ўладзе Арфея над дзікімі жывёлінамі. Параўнанне адсутнічае, а гэта ж цэлы сэнсавы пласт. Насамрэч, «Пунсовыя ветразі» — вельмі страшная казка пра чалавечае адзіноцтва. Я расказваю дзецям, што Аляксандр Грынеўскі (сапраўднае прозвішча аўтара) жыў у гарадку, падобным на Каперну, пра якую ён распавядае ў сваім творы. І калі Грэй — гэта Арфей, які спускаецца ў пекла, каб забраць адтуль Эўрыдыку, то аповесць пачынае іграць зусім іншымі фарбамі. Калі вучні трансліруюць мне распаўсюджаны пасыл «чакай і дачакаешся», кажу ім, што цуды трэба ствараць уласнымі рукамі…

«Пунсовыя ветразі» былі тэмай майго ўрока на гарадскім этапе. Калі я перачытвала аповесць, зразумела, што ўспрымала яе раней зусім інакш, для мяне гэта была светлая казка пра надзею. А цяпер я бачу, што гэта насамрэч страшная казка. Дзякуючы гэтаму ўроку і маёй трактоўцы аповесці, я прайшла з гарадскога на рэспубліканскі этап, ён лідзіраваў з вялікім адрывам. Шчыра кажу, што вельмі сабой ганарылася (усміхаецца. — Аўт.). А вось на ўроку рускай мовы перамудрыла. І гэта таксама адна з вельмі каштоўных высноў, зробленых на конкурсе, — трэба даваць роўна столькі, колькі ў цябе могуць узяць. Не перагрузіць, разлічыць хронаметраж, не зрабіць урок занадта складаным. У 11 класе была тэма «Бяззлучнікавы сказ». Гэта адна з самых складаных тэм у сінтаксісе, і я вельмі хацела навучыць дзяцей, каб яны зразумелі, калі трэба ставіць двукроп’е, а калі — працяжнік. Адным словам, перастаралася…

Чытаць, аналізаваць, супастаўляць…

— Звычайна, калі планую ўрок, пачынаю са стрыжня. Што самае галоўнае павінна вучням даць? Калі гэта ўрок літаратуры, то павінен быць нейкі адзін тэзіс, — працягвае Аляксандра. — З рускай мовай прасцей, бо яна структурная, сістэмная. Бярэш адну з’яву і будуеш вакол яе ўрок. Урок — гэта сапраўдная архітэктура. Да кожнага этапу абавязковая мэта, бо калі я нешта раблю на ўроку, то павінна дакладна разумець, навошта. За час конкурсу прыйшла да высновы, што найлепшыя ўрокі — тыя, што пабудаваны з простых складнікаў, але дадзеных у правільным парадку.

Калі мае гуманітарыі пачынаюць скардзіцца, што не разумеюць матэматыку, я кажу ім, што матэматыка — гэта тая ж мова, толькі мова лічбаў. А сінтаксіс не прасцейшы за матэматыку. Вучням фізіка-матэматычнага профілю кажу, што мова — дакладная лагічная сістэма: як і матэматыка яна мае свае алгарытмы. Падчас вучобы я захаплялася стараславянскай мовай, хоць многія параўноўваць яе з «сапраматам» на тэхнічных спецыяльнасцях. Была адзінай студэнткай, якой Любоў Іосіфаўна Собалева паставіла залік аўтаматам, бо я прыйшла да яе на кансультацыю з вялікім спісам пытанняў. Потым яна была маім навуковым кіраўніком, калі я пісала дыплом на тэму моўных універсалій, пра тое, як граматыка скажае сэнс і як адбываецца маніпуляцыя чытацкім меркаваннем.

Дарэчы, першую курсавую работу я прысвяціла літаратурнай тэме, спрабавала ўсіх пераканаць, што Чацкі — не лішні чалавек, ён проста дзіця свайго часу. Але мяне не зразумелі. Таму з літаратурай на філфаку я больш не звязвалася. А вось на конкурсе «Настаўнік года» маё апісанне педагагічнага вопыту было прысвечана менавіта літаратуры, якую я люблю ўсёй душой.

Адным з прадметаў міжнародных даследаванняў якасці адукацыі з’яўляецца чытацкая адукаванасць. Яна будзе даследавацца і падчас нацыянальнага маніторынгу якасці адукацыі, што пройдзе ў бягучым навучальным годзе. Чытацкія ўменні, якія складаюць чытацкую адукаванасць, — тая тэма, з якой я ішла на конкурс, — падкрэслівае Аляксандра Сакулевіч. — Чытацкая адукаванасць стаіць на трох кітах: гэта ўменне знайсці інфармацыю ў тэксце, інтэрпрэтаваць яе, перакласці на сваю мову, прааналізаваць і супаставіць з пазатэкставай інфармацыяй. Тут уключаецца крытычнае мысленне.

Прашу вучняў чытаць тэкст з пазнакамі. Калі ў сёмым класе чыталі «Капітанскую дачку», прапаноўвала знайсці апісанне Пугачова ад розных асоб: як яго бачыць Грынёў, як апісвае аўтар, што пра яго кажуць саратнікі, як успрымаюць афіцыйныя ўлады. І дзеці разумеюць, што адзінага меркавання пра чалавека не існуе. Усе меркаванні трэба супастаўляць.

Вельмі люблю такі прыём, як інтэрв’ю з пісьменнікам. Вучні павінны адказаць на мае пытанні цытатамі з вершаў, і тады персаналія ажывае. Калі праходзім творчасць сімвалістаў, выпісваем словы, параўноўваем іх розныя значэнні — прамое і пераноснае, і яны бачаць, як у паэзіі адбываецца прырошчванне сэнсаў. Малодшыя школьнікі любяць маляваць. Яны малююць, як разумеюць вершы.

Дзецям заўсёды кажу, што няправільных адказаў на літаратуры не існуе. Мы тут для таго, каб дыскутаваць і абменьвацца меркаваннямі. Ім падабаецца, што іх меркаванне важнае, іх чуюць. Ніхто насамрэч не ведае, што хацеў сказаць аўтар, яго тут няма, і я забараняю пісаць у сачыненнях, што, напрыклад, Тургенеў хацеў сказаць тое і тое. Прывядзіце мне ў такім разе цытату з яго дзённіка, дзе ён піша, што хацеў сказаць. Для мяне важна, што сам вучань узяў з гэтага твора…

Здараецца, дзеці здзіўляюць сваімі трактоўкамі. У эпілогу да рамана «Вайна і мір» Талстой тлумачыць, пра што гэты твор. Мы з вучнямі будуем дзве мадэлі свету: як рэлігійны чалавек яго ўспрымае і як яго ўспрымаем мы з пункту погляду эвалюцыі. Рэлігійныя людзі кажуць, што Свет стварыў Бог. Задаю сваё любімае пытанне: «А хто стварыў Бога?» І мой вучань кажа: «Людзі. Яны прыдумалі сабе фігуру, на якую можна абапірацца». А яму ўсяго 16 гадоў…

Нядаўна прыйшоў да мяне васьмікласнік, які сказаў, што прачытаў «Жывёльны двор» Джорджа Оруэла. Я пацікавілася, што ён зразумеў. Той дастаткова слушна мне ўсё патлумачыў і папрасіў параіць, чаго можна пачытаць яшчэ падобнага. Задумалася. Вырашыла, няхай гэта будзе «Туманнасць Андрамеды» Івана Яфрэмава.

«Адчуваю сябе Донам Кіхотам»

Цікава, што суперфіналістка конкурсу «Настаўнік года» вельмі не любіць штампаў і стэрэатыпаў, звязаных з яе прафесіяй.

— Я вельмі злуюся, калі кажуць, што быць настаўнікам — гэта прызванне, — прызнаецца яна. — А што вы ўкладваеце ў гэта слова? Сябе немагчыма знайсці — сябе трэба стварыць. Настаўнік — гэта найперш прафесіянал. Канешне, ёсць шэраг асабовых якасцяў, неабходных педагогу, абавязковая з якіх — павага да дзяцей. Але словам «прызванне» замяняюць столькі ўсяго! А як жа глыбокае веданне прадмета, што ты выкладаеш, як жа пастаяннае самаразвіццё, веданне псіхалогіі, методыкі выкладання. Мне здаецца, міф, што настаўнік — гэта прызванне, вельмі шкодзіць нашай прафесіі. Кажу гэта і адчуваю сябе Донам Кіхотам, які імчыць на млыны. Але пра гэта трэба казаць.

Яшчэ адзін стэрэатып: настаўнік — прафесія кругласутачная, немагчыма выйсці са школы і зачыніць за сабой дзверы. Іх можна і трэба зачыняць, інакш не пазбегнуць прафесійнага выгарання, знясілення і апатыі. Трэба ўстанаўліваць сабе рабочы графік, мы не можам працаваць па 14 гадзін у суткі. У кнізе па псіхалогіі я знайшла вельмі трапнае параўнанне жыцця з акварыумам. Наша работа — вада, якая запаўняе ўсю вольную прастору ў акварыуме. А наша асоба — гэта пясок, рыбы, ракушкі, усё, што ты туды пакладзеш. І трэба пакласці як мага больш, каб цябе было як мага больш. А калі не ты зоймеш прастору, то яе зойме твая работа.

У мяне цяпер ёсць выключна рабочы ноўтбук, які мне ўручылі ў якасці прыза па выніках конкурсу. І за ім я толькі працую, а ёсць мая дамашняя тэхніка. Я не нясу сшыткі вучняў дадому, а правяраю іх у школе. Да гэтага, дарэчы, мяне прывучыў вымушаны пераезд, звязаны з капітальным рамонтам нашай школы. Мне з маім ростам 156 сантыметраў давялося б праз увесь горад цягнуць стосы сшыткаў. Мая маці, настаўніца, жыве побач са школай, дзе працуе, і ёй прасцей узяць гэту работу дадому. Але і матуля знаходзіць час для сябе: яна наведвае тэатры, любіць выпіць каву ў прыгожым месцы. Гэта важныя радасці, пра якія не варта забывацца ў штодзённай руціне.

У мяне раней таксама было правіла — хоць раз у месяц наведваць тэатры. Вельмі люблю тэатр оперы і балета. Але з-за ўдзелу ў конкурсе гэта правіла стала парушаць. Трэба зноў усё аднаўляць. У вольны час люблю чытаць. Ну не можа быць шавец у падзёртых ботах, трэба ж разбірацца і ў сучаснай літаратуры. Цяпер чытаю вельмі важную для мяне, але складаную кнігу Салмана Рушдзі (гэта брытанскі пісьменнік індыйскага паходжання) «Джозэф Антон». Увогуле, мая любімая кніга — тая, якую я чытаю ў дадзены момант. А я люблю чытаць складаныя кнігі, гэта для мяне найлепшы адпачынак. У метро праводжу шмат часу па дарозе на работу і назад, і там мяне выратоўвае электронная кніга. З класічнай літаратуры любімы пісьменнік — Іван Тургенеў, а любімы герой — Базараў. Любімы вершаваны твор — верш Роберта Раждзественскага «Не забі!» Гэта мой своеасаблівы дэвіз па жыцці.

Люблю бегаць па вечарах. Жыву побач з лесапаркам. Тры кругі сярод соснаў — і галава чыстая. Калі ёсць вольная часінка, магу пайсці ў басейн, сустрэцца з сябрамі. Самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці, — гэта блізкія людзі. А часу ніколі не будзе хапаць, таму яго трэба планаваць.

Цікавімся, а якія мэты ставіць сёння перад сабой уладальніца звання «Выдатнік адукацыі». Заўважым, што выдатнікам яна стала ў 28 гадоў. Неблагі вынік удзелу ў конкурсе.

— У мяне ёсць планы па навуковай дзейнасці: хацела б паступіць у аспірантуру і напісаць дысертацыю на тэму методыкі выкладання літаратуры. Вучоная ступень можа дазволіць мне самой уводзіць у абарот патрэбныя тэрміны, а не шукаць, на каго ж я магу спаслацца, — адказвае Аляксандра. — Яшчэ прывучаю сябе пісаць кожны дзень. Хачу напісаць кнігу, і не адну. Менавіта жаданне быць бліжэй да пісьменніцтва і падштурхнула мяне да паступлення на філфак. Летам у мяне нарадзіўся цікавы сюжэт. Трэба толькі сесці і пісаць. А што я буду потым рабіць з напісаным, разбяруся (смяецца. — Аўт). Спачатку трэба напісаць…

Напрыканцы задаём правакацыйнае пытанне. Ці адважылася б Аляксандра прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» яшчэ раз, бо ўсё ж такі галоўнае званне ёй не скарылася? «Я цалкам задаволеная вынікам, — упэўнена кажа суперфіналістка. — Вельмі шмат набыла, удзельнічаючы ў конкурсе. Праўда, мае вучні засмуціліся, што галоўны „Крыштальны журавель“ дастаўся не мне. У мяне было шмат здымак перад узнагароджваннем, як і ў Сяргея Шамінскага, і яны спадзяваліся, што пераможцай буду я. Сустракалі ў фае Палаца Рэспублікі. Гэта было вельмі кранальна. Увогуле, самае каштоўнае для мяне ў педагогіцы — момант азарэння, які прыходзіць да маіх вучняў. Я бачу па іх тварах, як гэта адбываецца. Здаецца, што зараз дымок пойдзе з галавы. Больш за ўсё люблю такія моманты ў сваёй рабоце.

Калі вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе, то нібыта ўзяла адказнасць за сваё рашэнне стаць настаўнікам. Нарэшце пачала гаварыць пра сябе з гонарам, што я — асаблівы чалавек, я — школьны настаўнік, які ведае многае з таго, чаго не ведаюць нават бацькі пра сваіх дзяцей. Прафесія настаўніка мне вельмі шмат дала ў плане асобаснага росту, як і ўдзел у конкурсе».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.