Вы тут

Кожны год выпускнікі стаяць перад выбарам — якую адукацыю выбраць


Якую адукацыю выбраць: сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную? Пасля дзявятага класа ці пасля адзінаццатага? А можа быць, накіравацца ў ВНУ? Перад такім выбарам стаяць шмат выпускнікоў.


Прафесійная дыягностыка

— Нягледзячы на тое што на дварэ яшчэ лістапад, будучым абітурыентам ужо варта задумацца аб выбары далейшай прафесіі, — раіць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова. — Рэкамендую прайсці прафесійную дыягностыку. У гэтым дапаможа сістэма «ПрофіТэст», створаная Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі якраз для гэтых мэт.

Сістэма аналізуе здольнасці абітурыента і прапануе пералік спецыяльнасцяў, якія найбольш яму падыходзяць. За апошнія два месяцы платформай скарысталіся больш як 110 тысяч навучэнцаў.

Важна прайсці ўсе блокі тэстаў, якія прапануе сайт. Гэта дазволіць найбольш дакладна вызначыць сферу інтарэсаў і падказаць, у якіх установах адукацыі можна асвоіць цікавую спецыяльнасць.

Вызначыцца з траекторыяй

«Затым пераходзім на сайт установы адукацыі і ўдзельнічаем ва ўсіх актыўнасцях, якія там прапануюць, — падкрэслівае Аляксандра Пятрова. — А іх вельмі шмат: гэта і дні адкрытых дзвярэй, і майстар-класы, і шосты школьны дзень. Я рэкамендавала б разглядаць усе ўстановы адукацыі ў краіне, якія вас цікавяць. Паколькі яны даволі раўнамерна размеркаваны па рэгіёнах, вы можаце адштурхоўвацца ад магчымасці навучацца не толькі ў вашым горадзе, але і ў іншых абласных цэнтрах і населеных пунктах. Акрамя таго, выбар у нас досыць вялікі — гэта больш як 100 спецыяльнасцяў і адпаведна 250 кваліфікацый на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі і каля 200 спецыяльнасцяў — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Спецыяльнасці вельмі розныя: пачынаючы ад тэхнічных, дзе рыхтуюць кадры для сферы прамысловасці, будаўніцтва, ІT, да педагагічных і медыцынскіх на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі».

Для пачатку важна зразумець, які ўзровень адукацыі неабходны для канкрэтнага абітурыента. «Калі вы хочаце стаць спецыялістам сярэдняга звяна або атрымаць прафесію рабочага для высокатэхналагічных вытворчасцяў з глыбокай фундаментальнай тэарэтычнай падрыхтоўкай, вы накіроўваецеся на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі і выбіраеце ўжо прафесію на гэтым узроўні. Калі вас цікавіць пачатковы старт кар’еры менавіта з рабочых прафесій і вы хочаце пачынаць з практычных навыкаў, тады рэкамендую разгледзець навучанне на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, атрымаць дзве ці нават больш сумежныя прафесіі, якія зробяць вас запатрабаваным на рынку працы спецыялістам, — раіць Аляксандра Пятрова. — А ў далейшым ужо можна атрымліваць сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю.

У сістэме адукацыі створаны даволі цікавыя траекторыі пераходу з аднаго ўзроўню адукацыі на іншы. Напрыклад, пасля сярэдняй спецыяльнай адукацыі на адпаведную спецыяльнасць ва ўстанову вышэйшай адукацыі можна быць залічаным, здаўшы ўнутраныя ўступныя іспыты па спецыяльнасці, а не ЦТ».

Пашырэнне набору

Аляксандра Пятрова запэўнівае, што ўстановы адукацыі гатовы працягнуць руку кожнаму абітурыенту і даць максімальную інфармацыю аб сваіх магчымасцях. «Нават калі вы ў нейкі момант зразумееце, што гэта не зусім ваша сфера, установы адукацыі сарыентуюць вас па сваіх калегах, якія будуць зацікаўлены ў патэнцыяльных абітурыентах, і прапануюць вам нейкі іншы кірунак. Напрыклад, вы наведалі каледж у сферы машынабудавання, паглядзелі, вас гэта не задаволіла, — і вас пераарыентавалі на аўтасэрвіс. Больш за тое, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, як правіла, у нас рыхтуюць па досыць шырокім дыяпазоне прафесій, таму, прыйшоўшы ва ўстанову адукацыі, якая знаходзіцца недалёка ад вашага дома, вы даведаецеся шмат новай інфармацыі, якая дапаможа вызначыцца з той прафесіяй, якая цікавая канкрэтна вам», — растлумачыла спецыяліст.

Яна нагадала, што ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі можна паступаць на базе дзевяці класаў. «Гэта асноўная траекторыя. Каля 70 працэнтаў патэнцыяльных абітурыентаў прыходзяць да нас менавіта пасля дзявятага класа. Становіцца трэндам выбіраць спецыяльнасць або прафесію пасля дзявятага класа і працягваць навучанне ў каледжы. Таксама можна выбраць каледж і пасля адзінаццаці класаў, але кола спецыяльнасцяў будзе значна меншае. Таму, калі вы выбіраеце траекторыю сярэдняй спецыяльнай ці прафесійна-тэхнічнай адукацыі, рэкамендуем прыйсці да нас усё ж такі пасля 9 класаў», — дадала Аляксандра Пятрова.

Спецыяліст паведаміла, што з 2021 года адбываецца павелічэнне прыёму на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У бягучым годзе набралі 26,1 тысячы абітурыентаў, годам раней — 25,4 тысячы. «У наступным годзе таксама плануем лічбы прыёму на ўзроўні 26 тысяч. Акрамя таго, мы заўсёды гатовы, калі ёсць заяўка ад арганізацыі — заказчыка кадраў, дадзеныя лічбы павялічыць нават у працэсе прыёмнай кампаніі, — сцвярджае прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Сёлета былі ўнесены адпаведныя змены ў Правілы прыёму. Дзякуючы ім мы цяпер можам змяняць не толькі кваліфікацыі, па якіх прымаем, але і да 22 жніўня пры наяўнасці заявак ад арганізацый — заказчыкаў і абітурыентаў, якія хочуць паступіць, карэкціраваць лічбы прыёму па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях у бок іх павелічэння. У гэтым годзе ў нас такі паспяховы вопыт быў. Каля 500 вучняў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі скарысталіся гэтай траекторыяй».

Што да ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі, аналагічная тэндэнцыя праглядаецца і тут. «Па-першае, гэта павелічэнне долі прыёму на аснове 9 класаў у агульнай масе. Акрамя таго, адбылося павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму, гэта значыць, колькасці навучэнцаў, якія навучаюцца за кошт сродкаў бюджэту. Іх доля вырасла на 12 працэнтаў адносна мінулага года. Пры гэтым лічбы на платную форму навучання ў гэтым годзе былі зніжаны. У наступным годзе мы таксама плануем гэту тэндэнцыю падтрымаць. На запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці мы гатовы разглядаць павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму...» — дадала спікер.

Інклюзія ў дзеянні

Абітурыенты з асаблівымі патрэбамі таксама могуць атрымаць у каледжах прафесію. Так, у Мінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы ёсць спецыяльнасць «Лячэбны масаж» для навучэнцаў з парушэннямі зроку.

Перш чым адкрываць набор, вывучалася патрэба ў кадрах. Пасля атрымання дыплома ўсе выпускнікі будуць працаўладкаваны, для іх гарантаваныя першыя працоўныя месцы, абяцаюць у каледжы.

Атрымаць прафесію масажыста можна на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Дарэчы, вопыт падрыхтоўкі па аналагічнай спецыяльнасці ёсць у Гродзенскім медыцынскім каледжы. Там інваліды па зроку ўжо даўно асвойваюць прафесію масажыста. Выпускнікі запатрабаваны ў медыцынскіх установах, бо рукі ў іх асаблівыя. Яны могуць не бачыць ці бачыць зусім дрэнна, але ў іх вельмі развіта тактыльная адчувальнасць.

Таксама ў медыцынскім каледжы ёсць спецыяльнасць «Медыкадыягнастычная справа», дзе могуць навучацца дзеці з парушэннямі слыху.

— З 2022 года мы аднавілі падрыхтоўку кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на аснове дзевяці класаў, — паведаміла дырэктар каледжа Святлана Данілковіч. — Бачым у гэтым станоўчыя моманты. Чым раней падлеткі пачнуць спасцігаць выбраную медыцынскую прафесію, тым больш упэўнена будуць замацоўвацца на першых працоўных месцах. Для такіх абітурыентаў мы прапануем дзве спецыяльнасці — «Сястрынская справа» і «Лячэбная справа». Дарэчы, прахадны бал на «Лячэбную справу» склаў у гэтым годзе 9,3, на «Сястрынскую» — 8,5. Гэта больш высокія балы, чым пры паступленні на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Навучанне ў нашым каледжы практыкаарыентаванае, моцна набліжанае да ўмоў практычнай аховы здароўя, ёсць сімуляцыйныя лабараторыі, усё практычнае навучанне арганізавана на нашых клінічных базах.

— Для таго каб дзіця з асаблівымі патрэбамі атрымала месца ў навучальнай установе, бацькам трэба заявіць аб яго гатоўнасці навучацца ўжо ў лістападзе — снежні, — акцэнтуе ўвагу Аляксандра Пятрова. — Кожная ўстанова адукацыі фарміруе лічбы прыёму на ўступную кампанію. Да снежня складаецца першы прагноз набору, які зацвярджаецца ў сакавіку. Калі загадзя паведаміць каледжу аб намеры дзіцяці з асаблівасцямі паступаць туды, адміністрацыя ўлічыць гэту інфармацыю пры складанні плана прыёму. Акрамя таго, трэба падрыхтаваць урачэбнае заключэнне аб тым, што абітурыент прыдатны для навучання па выбранай спецыяльнасці.

Новыя спецыяльнасці

У Мінску налічваецца 48 устаноў, дзе навучаюць па праграмах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта больш за 200 спецыяльнасцяў, больш за 250 кваліфікацый і прафесій. Усе выпускнікі запатрабаваны на рынку працы, іх падрыхтоўка вядзецца па заказах прадпрыемстваў і арганізацый.

Мінскія каледжы за тры гады адкрылі падрыхтоўку па 30 новых кірунках. Яны адпавядаюць сучасным патрабаванням развіцця эканомікі. У прыватнасці, размова ідзе аб кваліфікацыях у будаўніцтве, машынабудаванні, мікраэлектроніцы, сферы паслуг.

Сярод новых спецыяльнасцяў — «Фларыстычны дызайн» у Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кедышкі. Гэта сфера даўно актыўна развіваецца, але адпаведных спецыялістаў сістэма адукацыі не рыхтавала да бягучага года. Асноўныя заказчыкі кадраў — Мінскі парнікова-цяплічны камбінат, Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і «Ружа. Бел». Сярэдні бал тых, хто абраў «Фларыстычны дызайн», — 7,3. Пры паступленні на новую спецыяльнасць трэба было здаваць творчы экзамен.

У філіяле БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж» на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрылася спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі» з атрыманнем кваліфікацыі «Тэхнік па інфармацыйнай бяспецы». У Індустрыяльна-педагагічным каледжы РІПА — новая спецыяльнасць «Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў», у Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва — спецыяльнасць «Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы» з прысваеннем кваліфікацыі «Рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак», у Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. Глебава — «Дызайн мультымедыя», у Мінскім дзяржаўным каледжы аўтамабілебудавання — «Выраб аптычных прыбораў».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.