Вы тут

Хелена Мерааі: Пры ўсёй магіі тэлебачання важна заставацца сабой


Яна — таемны агент «Дзённікаў шоу Фактар.by», вядучая маладзёжнага праекта «ПІН_КОД» на тэлеканале «Беларусь 2» і проста прыгожая, творчая дзяўчына. Верыць, што шчаслівымі патрэбна быць найперш для саміх сябе, і, напэўна, натхняе многіх глядзець на жыццё нестандартна і крэатыўна. Пра тое, ці ўбачым мы яшчэ Хелену Мерааі на сцэне як спявачку, ці спазнала яна ўжо канчаткова магію тэлебачання і чым захапляецца сёння, даведаліся ў нашай гераіні пры сустрэчы.


— Як вам у ролі сакрэтнага агента на шоу «Фактар.by»?

— Часцей за ўсё «Дзённікі» ў нас пяціхвілінныя, але здараецца, што хронаметраж змяняецца, бо вельмі хочацца распавесці пра тое, што адбываецца за кадрам праекта. А гэта вялікі аб’ём матэрыялу, хоць і рэжам часам яго бязлітасна. Аднак вельмі хочацца перадаць той настрой і атмасферу, якія пануюць на здымачнай пляцоўцы. І з кожным сезонам, лічу, нам усё лепш тое ўдаецца. У першым сезоне шоу (тады яно яшчэ называлася «Х-фактар. Беларусь») я знаходзілася за кадрам, а ў другім сезоне мяне вывелі на экраны, і цяпер працую ў такім фармаце. Але не стаўлю сябе на адну прыступку з вядучымі і настаўнікамі праекта, бо выконваю ролю закуліснага мадэратара. Імкнуся быць для ўдзельнікаў на праекце блізкім сябрам, з якім можна паплакаць і пасмяяцца. Бо на такога кшталту праектах падтрымка вельмі важная для кожнага, хто выходзіць на сцэну. Я гэта ведаю па ўласным вопыце. І таму, як ніхто іншы, разумею іх перажыванні і эмоцыі.

— Дзе працаваць цікавей: у кадры ці за ім?

— Мне заўсёды падабаецца адкрываць новае, бо тады ўзнікае жаданне ўсё разгледзець, унікнуць у сутнасць. Так, з задавальненнем займаюся як мантажом, люблю пісаць сцэнарыі, так і працую ў кадры. І апошняе, мабыць, усё ж перавешвае, бо дае магчымасць радаваць іншых. Хаця, калі працуеш на мантажы, то там можна назіраць за сапраўдным цудам, як усё ў кадры перайначваецца, прычым можна зрабіць як лепш, так і горш. Альбо паламаць, альбо стварыць з нічога штосьці па-сапраўднаму прыгожае. Там безліч граняў. Вядучы — гэта ўжо праца, дзе часам даводзіцца быць самой і стылістам, і грымёрам, што таксама дае прастору для самавыяўлення. Таму ў праектах, дзе я задзейнічана сёння, магу рознабакова шукаць сябе.

— Магія тэлебачання для вас у чымсьці яшчэ засталася?

— Не магу сказаць, што на тэлебачанні можна ўсё спазнаць. Ёсць рэчы, якія, можа, заўсёды для мяне будуць неспасцігальныя, бо часам трэба змірыцца, што гэта працуе так і не іначай. Калі я прыйшла на тэлебачанне, то мне гаварылі, што гэта сфера, якая ў нейкі момант проста не адпускае людзей. Яны жывуць на працы. А цяпер я пражываю ўсё гэта сама, без свят, выхадных і адпачынку. Так, мы жывыя людзі, і часам нам цяжка, але на такія ахвяры мы ідзём дзеля саміх сябе. І калі хочаш нечага дасягнуць у гэтай прафесіі ці ў нейкай з тых, дзе ёсць творчасць, то спрацоўвае толькі такі варыянт. Свет і яго пабудова там спазнаецца праз самаахвярнасць, рэгулярныя трэніроўкі. Працэс гэты бясконцы, і ты пастаянна нешта «капаеш» і вывучаеш новае. Напрыклад, я працую з многімі шэф-рэдактарамі, якія мяне накіроўваюць. І бачу, колькі яны ўсяго глядзяць, каб развівацца, хоць і таленавітыя, і ўжо не адзін маштабны праект зрабілі.

— Шоу «Фактар.by» ўжо трэці сезон у эфіры. Па вашых назіранняў і вопыце ўдзелу ў падобных праектах што важней: прайсці адбор на этапе кастынгаў ці затрымацца там?

— Тут галоўнае адразу разумець свае моцныя і слабыя бакі. Сама, напрыклад, раней нават не разумела, за што мяне адабралі, хоць, зразумела, спяваць я ўмею. І сёння на такім праекце я паводзіла б сябе зусім па-іншаму. Ладзіла б шоу, дзялілася б сваімі гісторыямі. Таму на месцы ўдзельнікаў проста б расслабілася і атрымлівала задавальненне, ішла за тымі, хто накіроўвае: адміністратары, рэдактары, бо яны ведаюць, як зрабіць добра, і ніколі не будуць выстаўляць вас у непрывабным святле. І варта з самага пачатку падумаць, як я сябе паводжу на праекце. Так, тут працуе магія тэлебачання з яе здольнасцю прымнажаць і ўпрыгожваць, але важна заставацца сабой. З уласнага вопыту скажу, што наша шоу адрозніваецца ад падобных у іншых краінах. Узяць тыя ж умовы пражывання для канкурсантаў. Напрыклад, нельга, не закрыўшы базавыя патрэбы людзей, гаварыць пра нешта больш узвышанае. А я за мяжой сутыкалася менавіта з тым, як на людзях умеюць эканоміць. Ва ўсім важны баланс.

— На ваш погляд, чым у наш час вымяраецца папулярнасць?

— Глядзіце, мільёны ведаюць спявачку Вольгу Бузаву. Яна чалавек, які робіць на сцэне, у кадры неверагодныя рэчы. І яна зрабіла ў шоу-бізнесе сама сябе. Нават свае сацыяльныя сеткі Вольга вядзе самастойна. Таму, калі мы гаворым пра папулярнасць, то важна не толькі колькасць падпісчыкаў, напрыклад, а найперш тое, наколькі цікавы чалавек, на якога людзі падпісаны. Ці не забывае артыст, блогер пра якасць кантэнту, якім дзеліцца. Ці дазваляе зробленае імі дапамагаць іншым. Толькі глыбіня асобы, яе шчырая творчасць знаходзяць у аўдыторыі водгук і выклікаюць інтарэс.

Мне, напрыклад, хочацца не пазнавальнасці, а быць зразумелай і пачутай. А для гэтага ў нашай сферы трэба шмат працаваць, хоць часам усё вырашае выпадак. Цяпер усё няпроста, бо кожны творчы, публічны чалавек знаходзіцца пад пільнымі позіркамі аўдыторыі. Можна мець шмат магчымасцяў, ведаў, а пасля адзін неасцярожны крок, выказванне ў імгненне перакрэсляць тваю рэпутацыю.

— «ПІН_КОД» — гэта праца ў прамым эфіры. Ці было хваляванне перад камерай?

— На праекце я ўжо працую з 17 верасня 2020 года. Тады вырашыла сумясціць першы курс універсітэта з выхадам на работу. Хоць вопыт вядзення прамых эфіраў мела зусім сціплы. Думала, можа, гэта мне дапаможа, але памылялася. На тых жа конкурсах, напрыклад, працаваць значна прасцей, бо ёсць аўдыторыя і сувядучы. Таму і на праекце мне пашчасціла, што ў першы эфір я выйшла са сваёй калегай Кацярынай Дадзеркінай. У ёй адчувала сваю апору. А праз нейкі час, «набіўшы руку» і натрэніраваўшыся, стала працаваць сама. У гэтай прафесіі галоўнае — праяўляць цікавасць і засвойваць інфармацыю. І часам ты павінен быць у цэнтры ўвагі, калі хочаш быць найлепшым.

— Чаму паставілі на паўзу сваю артыстычную дзейнасць?

— Пасля ўсіх творчых праектаў, у якіх я ўдзельнічала, такі крок быў непазбежны. Мне важна было зразумець, як усё працуе ў гэтай сферы знутры. 

І для таго трэба было на ўсё зірнуць пад іншым ракурсам. Першапачаткова я думала, што буду займацца музыкай доўга і актыўна, паступлю на акцёрскае і застануся жыць у Маскве. А з часам прыняла рашэнне застацца дома, паступаць у БДУ і асвойваць прафесію піяршчыка. Паступіла і пайшла працаваць на тэлебачанне журналістам. Цяпер у мяне ні сну, ні адпачынку, а толькі праца. Імкнуся адшукаць баланс ва ўсім. І адчуваю, як мне не хапае музыкі. Часам нават засынаеш і прачынаешся з думкамі пра сцэну. Можа, таму што працую на музычных праектах. Магчыма, паўза якраз і патрэбна была для таго, каб зразумець, ці хачу я па-сапраўднаму ісці далей у дадзеным напрамку.

— Чаго вы ніколі не станеце рабіць за кампанію?

— Я ніколі не буду рабіць таго, чаго не хачу. Выключэнне — хіба што адпачынак, на які мяне рэдка хто можа выцягнуць. А вось за кампанію неяк дзейнічаць ці мяняць свае погляды на нешта — гэта не пра мяне. Прычым усе ж разумеюць, напрыклад, што чым больш бацькі абмяжоўваюць дзяцей, тым больш тым хочацца зрабіць наадварот. Таму тут вельмі важна, каб была свабода ў дзіцяці і давер у сям’і. Цяпер вакол нас ва ўсім пануе хаос. І таму трэба ўмець фільтраваць усё, што адбываецца, разумеючы, што ёсць кампаніі, у якія лепш не трапляць, месцы і людзі, якіх лепей абыходзіць.

— У жыцці і ў працы што на вас больш уздзейнічае — крытыка ці пахвала?

— Бывае крытыка, якая матывуе, а часам, калі хваляць, то гэта цябе крыху расслабляе. У маёй прафесіі ўвогуле нічога не вырашае меркаванне іншых людзей. Гэта толькі падказкі адносна таго, у якім напрамку рухацца. І калі вам удаецца правільна злавіць пасыл, то можна і клад адшукаць. Толькі не трэба ўсё ўспрымаць літаральна. Часам штосьці кажуць, каб наўмысна абясцэніць вас і зробленае вамі, таму што бачаць побач канкурэнта. У маёй прафесіі ўсяго можна дасягнуць толькі працай і з падтрымкай людзей, якія ў цябе вераць.

— Ці часта вы адчуваеце любоў, захапленне і да каго?

— Я толькі нядаўна заўважыла, што мне важна дарыць пачуццё любові, шчыра казаць людзям пра свае пачуцці. Хочацца быць побач з любімымі. Бо адносіны з іншымі кожнага з нас напаўняюць, а пасля мы можам аддаваць сваю энергію далей. І апошнім часам я па-іншаму стала глядзець на рэчы, калі яны выклікаюць захапленне. Нядаўна, напрыклад, вярнулася ў трэнажорную залу. І гляджу на тыя ж трэнажоры і думаю: як класна нехта іх распрацаваў, што чалавек паэтапна можна ісці да жаданага выніку. Таму я заўсёды ў захапленні ад тых, хто нешта стварае, дзейнічае, бачыць ва ўсім сэнс, стварае ўмовы, каб палегчыць іншым жыццё альбо дапамагчы дайсці да ўласнай мэты. Важна цаніць дробязі.

Бліц-апытанне

— Сон ці праца? 

— Праца.

— Піжама ці вячэрняя сукенка? 

— Заўсёды выберу вячэрнюю сукенку.

— Сёння ў свае 20 гадоў я адчуваю сябе...

— Шчаслівай.

— Шчасце любіць цішыню, але... 

— Мне ўвесь час хочацца з кімсьці дзяліцца ім.

— Парада сабе на найбліжэйшыя пяць гадоў... 

— Не люблю даваць парады, але мне важна сказаць сабе, што ўсе мары здзяйсняюцца ў свой час. Галоўнае — ісці да сваёй мэты з халодным розумам і гарачым сэрцам. Будзьце шчаслівым чалавекам для саміх сябе.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?