У Выдавецкага дома «Звязда» з Кітаем даўнія культурныя сувязі, якія маюць працяг і цікавыя перспектывы. Гэта пацверджвае візіт у рэдакцыю групы кітайскіх студэнтаў, якія вучацца на факультэце журналістыкі БДУ. Нядаўна адбылося адразу некалькі публікацый вершаў кітайцаў-журфакаўцаў на старонках выданняў Выдавецкага дома «Звязда» ў перакладзе на беларускую мову, і гэта сталася важкай падставай для сустрэчы. Госці пазнаёміліся са згаданымі публікацыямі сваіх суайчыннікаў, а таксама даведаліся пра беларуска-кітайскія культурныя сувязі. Дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч распавёў пра гісторыю беларуска-кітайскіх літаратурных стасункаў, у прыватнасці, пра серыю з трынаццаці кніг «Светлыя знакі. Паэты Кітая», якія выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда».
— Спачатку гэтыя кнігі мы выпускалі толькі на беларускай мове, потым на дзвюх мовах — кітайскай і беларускай. Для гэтага стварылі Міжнародную рэдакцыйную раду. З кітайскага боку ў яе ўвайшоў вядомы перакладчык Гао Ман, які, на жаль, нядаўна памёр. Ён быў доўгі час галоўным рэдактарам кітайскага часопіса «Сусветная літаратура», які выпускала Акадэмія грамадскіх навук. Гаа Ман у свой час прыязджаў у Беларусь, быў перакладчыкам нашага народнага паэта Максіма Танка, чыя кніга выйшла ў Кітаі ў 1958-м годзе. Акрамя таго, у гэтым нашым праекце ўдзельнічалі генеральны дырэктар Кітайскага таварыства літаратурных аўтараў Чжан Хунбо, былы дэкан філалагічнага факультэта другога Пекінскага ўніверсітэта Чжан Хуэйцінь і іншыя вядомыя прадстаўнікі кітайскай навуковай і творчай інтэлігенцыі. У серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая» мы прадставілі і паэтычную спадчыну Кітая, і сучасную паэзію. У кнізе «Стагоддзе на знаёмства» мы сабралі найлепшыя пераклады на беларускую мову кітайскай паэзіі. Яшчэ да Першай сусветнай вайны ў газеце «Наша Ніва» былі надрукаваныя пераклады кітайскіх легенд, дзякуючы вядомаму ўсходазнаўцу Аляксееву. Адзін з класікаў беларускай літаратуры Уладзімір Дубоўка ў 1920-я гады адмыслова вучыў кітайскую мову, каб перакладаць кітайскую паэзію.
Алесь Карлюкевіч таксама пазнаёміў гасцей са сваімі кнігамі, прысвечанымі літаратурным сувязям Беларусі і Кітая. Маладыя кітайцы даведаліся пра кнігу твораў беларускіх пісьменнікаў, нядаўна выдадзеную ў Кітаі. На пытанне студэнтаў, які кітайскі паэт найбольш яму блізкі, Алесь Карлюкевіч назваў імя паэта дваццатага стагоддзя Ай Ціна, чый зборнік вершаў выпадкова набыў яшчэ ў 1980-х, і ўсё жыццё з ім не расстаецца.
Пісьменніца Людміла Рублеўская, рэдактар аддзела культуры газеты «Звязда», распавяла пра з’яўленне публікацый маладых кітайскіх паэтаў. Пісьменніца чытала курс сусветнай літаратуры для некалькіх груп кітайскіх студэнтаў, якія вучацца на журфаку, і на кожнай лекцыі давала ім творчыя заданні. Студэнты натхняліся вобразамі класічных твораў, якія яны вывучалі, дадавалі да іх вобразы кітайскай культуры, а таксама ўласныя перажыванні і адчуванні... У выніку атрымліваліся цікавыя, прыгожыя і філасофскія творы, якія дэманструюць і таленавітасць кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі, і асаблівасць іх светаўспрымання. Найлепшыя з тых твораў Людміла Рублеўская перавяла на беларускую мову, у выніку атрымалася дзве падборкі ў газеце «Літаратура і мастацтва» і публікацыя на дзвюх мовах, кітайскай і беларускай, у часопісе «Беларусь».
—Мне было цікава не проста даваць інфармацыю, а стварыць творчы дыялог. Вы ўсе ведаюце і любіце класічную кітайскую літаратуру — гэта незвычайнае багацце, скарбніца, адкуль можна бясконца чэрпаць натхненне, — звярнулася да кітайскіх гасцей Людміла Рублеўская. — У вас таксама ёсць унікальная магчымасць дзякуючы навучанню на журфаку БДУ пазнаёміцца з жыццём нашай краіны, з беларускім народам. Мне хацелася, каб беларусы лепей зразумелі кітайцаў, якія сёння вучацца тут, убачылі, якія яны таленавітыя, а кітайскія студэнты занатавалі ў паэтычных вобразах уражанні «беларускага перыяду» свайго жыцця.
Загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ Людміла Саянкова, якая ўдзельнічала ў сустрэчы, адзначыла важнасць ініцыятывы Выдавецкага дома «Звязда» — упершыню кітайскія студэнты- пачынаючыя паэты атрымалі магчымасць апублікаваць свае творы ў перакладзе на беларускую мову на старонках літаратурных выданняў.
Людміла Пятроўна прапанавала прысутным студэнтам, сярод якіх, дарэчы, таксама былі пачынаючыя паэты, далучыцца да творчага праекту Выдавецкага дома «Звязда», які працягвае беларуска-кітайскія культурныя сувязі на новым узроўні, праз творчыя кантакты з прадстаўнікамі студэнцкай моладзі. Кожны са студэнтаў напіша творчую працу па ўражаннях ад сустрэчы ў рэдакцыі «Звязды», найлепшыя з гэтых прац апублікуюцца.
Сустрэча завяршылася паэтычнымі чытаннямі — кітайскія студэнты агучвалі вершы сваіх суайчыннікаў на кітайскай мове, Людміла Рублеўская зачытвала беларускія пераклады. Сугучча беларускіх і кітайскіх паэтычных вобразаў будзе мець працяг і ў новых сустрэчах, і ў новых публікацыях.
Людміла ІВАНОВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.