Вы тут

Гісторыя ў мініяцюры


Вы калі-небудзь задумваліся пра тое, як многа можа расказаць маленькая паштовая марка? Гэта не проста дзяржаўны знак паштовай аплаты. Як гаворыць кіраўнік выдавецкага цэнтра «Марка» РУП «Белпошта» Ірына Шыпілава, адна з асноўных функцый маркі — ствараць паштовы летапіс краіны. На паштовых мініяцюрах мы можам бачыць помнікі архітэктуры, партрэты знакамітых людзей, вырабы народных майстроў, прыроду, ілюстрацыі, звязаныя з памятнымі датамі ці падзеямі, якія праходзяць у краіне, яе традыцыямі і дасягненнямі.


Выданню дзяржаўных знакаў паштовай аплаты папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа па зборы ад дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб інфармацыі і прапаноў, а таксама па выяўленні самых значных з іх, бо колькасць выпускаемых марак абмежаваная — каля 60 паштовых мініяцюр у год.

Фарміраванне тэматычных планаў здзяйсняецца за год да пачатку плануемага перыяду. Сёння тэматычныя планы выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь на 2024 год зацверджаныя.
Да работы над арыгінал-макетамі прыцягваюцца таленавітыя мастакі, дызайнеры і спецыялісты выдавецкага цэнтра «Марка» РУП «Белпошта». Сюжэты старанна вывяраюцца на гістарычную адпаведнасць спецыялістамі ў галіне культуры, гісторыі і архітэктуры.

Сакрэты пад лупай

Выдавецкі цэнтр «Марка» — гэта творчая лабараторыя беларускай пошты. Тут працуе 39 чалавек. Макеты паштовай прадукцыі распрацоўваюць 4 дызайнеры. У кожнага — свой непаўторны стыль, уласныя падыходы да падачы ілюстраванага матэрыялу.
Вырашаць ім даводзіцца няпростыя задачы, што звязана з маленькім памерам паштовай прадукцыі. І гэта ніякім чынам не павінна адбіцца на раскрыцці тэмы ці аб’ёме ілюстрыраванага і тэкставага матэрыялу. Нельга забываць, што аматары паштовых мініяцюр, узброеныя лупамі, разглядаюць на марках драбнейшыя дэталі, чытаюць мікратэксты.

— Лічыцца добрым тонам вырабляць паштовую прадукцыю з выкарыстаннем рукатворнага малюнка. Не кожны можа намаляваць аснову паштовай маркі. Тут павінна быць разуменнне, што пры шматкратным памяншэнні малюнка любая дэталь павінна быць чытаемай. Таму, калі мы даем тэхнічнае заданне мастаку, дакладна прапісваем, што хочам бачыць, і ў якім фармаце павінен быць малюнак, — раскрывае некаторыя з сакрэтаў поспеху беларускай маркі Ірына Шыпілава.

Якія тэмы ў філатэліі самыя папулярныя і збіраемыя? На гэта пытанне цяжка адказаць. Паштовыя маркі збіраюць часцей за ўсё па гістарычным ці тэматычным прынцыпе. Пры гістарычным прынцыпе калекцыянавання маркі размяшчаюць па даце іх выпуска. Тэматычная філатэлія — калекцыянаванне паштовых марак на пэўную тэму ці марак, звязаных з пэўным паняццем (з’явай).
Найбольш папулярныя і запатрабаваныя тэмы ў філатэліі: дзяржаўная сімволіка і геральдыка, мастацтва, спорт, флора і фауна.
Даводзіцца ўлічваць і разнастайныя запыты філатэлістаў. Сярод іх ёсць тыя, якія могуць збіраць асаблівыя калекцыі. Напрыклад, адзін з нашых кліентаў збірае паштовыя маркі з выявай гадзіннікаў. Менавіта таму беларускія маркі інфарматыўныя. Малюнкі на іх часта ўключаюць у сябе мноства розных дэталяў.

На аснове малюнкаў Аляксандра Міцяніна, які мае адукацыю біёлага, распрацоўваецца паштовая прадукцыя на тэму «Флора і фауна Беларусі». Праекты па арніталогіі, Чырвонай кнізе,Чорнай кнізе (дзе паказваюцца інвазіўныя віды), карыстаюцца асаблівым попытам не толькі ў айчынных калекцыянераў, але і ў замежных філатэлістаў.

Хочацца пагаварыць пра элементы абароны, якія наносяцца на паштовыя маркі пры друку з мэтай выключэння іх падробкі. Элементы абароны сталі выкарыстоўвацца на беларускіх паштовых марках з 2000 года. Цяпер на ўсіх паштовых марках Рэспублікі Беларусь прымяняюцца элементы абароны ў выглядзе нанясення надпісаў і фігур фарбай, якая свеціцца ва ўльтрафіялетавых прамянях.
Асаблівасць абароны мастацкіх паштовых марак — арыгінальнасць іх выканання. Яны дапаўняюць сюжэт паштовай мініяцюры і выклікаюць цікавасць у філатэлістаў.

Навагодняя гісторыя

— Мы патрыёты, любім сваё прадпрыемства і сваю работу, — дзеліцца Ірына Шыпілава перад тым, як паказаць навагоднія маркі 2023 года, над якімі калектыў выдавецкага цэнтра працаваў каля года. — Звычайна да зімовых святаў мы выпускаем дзве маркі — адна прысвечана Новаму году, другая — Раству. Часам дадаем трэцюю марку — да Каляд. А ў гэтым годзе мы зрабілі ўпершыню вялікую серыю, якая складаецца з васьмі марак!
Дарэчы, маркі навагодняй тэматыкі ствараюцца ў нашай краіне ўжо тры дзесяткі гадоў. А гэта — каля 50 марак.
Незвычайнасць праекта гэтага года ў тым, што ў мастацкіх мініяцюрах творчая каманда змагла аб’яднаць дзве тэмы — чаканне свята і... работу беларускай пошты.

— Мы расказалі мастаку Віктару Чайчуку пра тое, што хацелі паказаць эксплуатацыйныя моманты, пазнаёмілі яго з брэндбукам прадпрыемства. Паказалі, як выглядаюць паштовыя скрыні і сумкі работнікаў пошты, якія фірменныя колеры выкарыстоўваюцца. Падаць тэхнічныя моманты было вырашана з выкарыстаннем малюнкаў, якія могуць вярнуць нас ў дзяцінства, калі на экранах тэлевізараў і старых добрых паштоўках мы бачылі зайчыкаў-барабаншчыкаў, лісічак, мішак, — расказвае Ірына Шыпілава.

На марках цікава нават проста шукаць «паштовыя» дэталі. Мы бачым, як Дзед Мароз чытае лісты, як працуе лясная пошта, як птушкі прыносяць карэспандэнцыю, а вясёлы снегавік, адказны за мотадастаўку, вязе падарункі. Гэтая сюжэтная лінія працягнута на канвертах і паштовых картках. Прадукцыю серыі можна выкарыстоўваць на занятках з дзецьмі, каб расказаць ім і пра свята, і пра работу пошты, а магчыма, і прыдумаць на аснове картак свае навагоднія гісторыі.

Вядучы дызайнер выдавецкага цэнтра «Марка» Яўгенія Бядонік расказвае, як ствараліся паштовыя мініяцюры. Спачатку мастак алоўкам рабіў вялікую колькасць малюнкаў. Некаторыя з іх былі адабраныя для далейшай работы. Дзесьці былі заменены персанажы, напрыклад, на малюнках замест яноціка, які не характэрны для фаўны Беларусі, з’явілася бабраня. Здавалася б, ну якая розніца, хто будзе на казачным малюнку! Але калекцыянеры, якія сочаць за паштовымі традыцыямі і правіламі, не даруюць нічога. 

Пасля зацвярджэння эскізаў яны дэталёва прамалёўваліся з выкарыстаннем акварэлі, каляровых алоўкаў і чорнай тушы. Далей да работы падключыўся дызайнер.

—Я пачынаю працаваць, калі гатовыя ўсе ілюстрацыі. Калі разглядаю іх, разумею, як будзе выглядаць марка і марачны ліст, якая з ілюстрацый падыйдзе для канверта Першага дня, — дзеліцца Яўгенія. Дызайнер можа замяніць фон, дадаць дробныя дэталі, развіць ідэю мастака і нават стварыць ілюстраваную гісторыю на аснове ўсіх паштовых мініяцюр, зрабіць прыгожае мастацкае афармленне палёў ці купоны (тэматычныя малюнкі, якія раскрываюць ці дапаўняюць пэўную тэму).

Так са святочных марак гэтага года склалася цэлая навагодняя казка. Ну як, углядаючыся ў гэтыя яскравыя цёплыя малюнкі, не ўзгадаць мінулае, калі мы, юныя, з матулямі даставалі з паштовых скрынь паштоўкі ад шматлікіх сваякоў ці, калі толькі навучыліся пісаць, самі старанна выводзілі віншавальныя словы для самых блізкіх.

Такое рознае свята

— У нас асаблівыя адносіны да распрацоўкі асартымента навагодняй і каляднай тэматыкі. У чаканні свята атрымаць добрыя весткі ад роднага чалавека — гэта неацэнна. Асабліва гэта разумее старэйшае пакаленне. І на паштамце мы памятаем тыя часы, калі за паштоўкамі стаяла чарга. Людзі набывалі не адну ці дзве паштоўкі, а бралі іх пачкамі. А пасля не адзін вечар падпісвалі сваякам, — заўважае Ірына Шыпілава. — Вядома, мы жывем у новых рэаліях. Беларуская пошта таксама развіваецца ў тэхнічным плане, прапануе новыя паслугі, павялічваецца аб’ём электронных лістоў. Але маркі, канверты і карткі — гэта нашыя добрыя традыцыі. Мы стараемся падтрымліваць цікавасць да іх: памяншаем тыражы, але павялічваем асартымент. На дадзеным этапе мы прапануем таксама вялікі выбар сувенірнай прадукцыі навагодняй тэматыкі: магніты, кубкі, календары, налепкі ды іншае.

У наш час ужо няма тых аб’ёмаў пісьмовай карэспандэнцыі, як раней, але і сярод сучаснай моладзі знаходзяцца тыя, хто любіць адпраўляць і атрымліваць лісты і паштоўкі. Ёсць міжнародны праект — пасткросінг, у якім людзі з розных краін абменьваюцца паштовымі карткамі. Напярэдадні зімовых свят яны імкнуцца павіншаваць сваіх замежных сяброў, а значыць, асабліва будуць запатрабаванымі прыгожыя навагоднія карткі і маркі.
Уражвае асартымент віншавальных падвойных картак. На іх можна пабачыць усе класічныя атрыбуты свята — Дзеда Мароза і Снягурку, навагоднія ўпрыгажэнні, птушак, гадзінікі, анёлаў. Ёсць паштоўкі з дзяржаўнай сімволікай. Яны могуць быць з надпісамі на рускай і беларускай мовах. Новая калекцыя выраблена з выкарыстаннем камбінаванага лакіравання і тэрмапад’ёму.

— У гэтым годзе мы сталі працаваць з прыватным калекцыянерам Уладзімірам Ліхадзедавым. Па матэрыялах з яго калекцыі выпусцілі серыі паштовых картак «Я вам пішу» і «Съ Рождествомъ Христовымъ!». Паштоўкі пачатку ХХ стагоддзя зусім непадобныя на тыя, што выпускаюцца ў наш час. Мы проста паўтарылі сюжэты старажытных картак, а на адваротным баку далі тлумачальную інфармацыю, — расказала Ірына Шыпілава.

Па святочны настрой на беларускую пошту можна прыходзіць ужо зараз. Навагодняя праграма выканана цалкам і паступіла для рэалізацыі ў аддзяленні паштовай сувязі рэспублікі.

Паглыбіўся ў святочную атмасферу і «Паштовы салон», які знаходзіцца на паштамце Мінска. Тут можна сфатаграфавацца ля елкі, упрыгожанай цацкамі ручной працы, пазнаёміцца з хронікай навагодніх выпускаў за тры дзесяткі гадоў, і нават аформіць заказ на выраб уласнай паштовай карткі.
Паштовыя маркі, з’яўляючыся калекцыйным матэрыялам, не толькі не губляюць з гадамі сваёй матэрыяльнай каштоўнасці, але і набываюць яе. Выкананыя пэўным тыражом, яны раскупаюцца, колькасць іх у продажы памяншаецца, а попыт пастаянна павялічваецца. 

Выпуск кожнай паштовай мініяцюры — гэта адначасова і карпатлівая праца, даследчыцкая работа, і, канешне, творчасць. І можна з упэўненасцю сказаць, што паштовыя выпускі складваюцца ў яскравы, дынамічны летапіс краіны. Не выпадкова стаў крылатым трапны выраз «Паштовая марка — гэта візітная картка краіны».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота прэс-службы Белпошты

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.