Вы тут

Сярэбраны ўзрост: якімі прыярытэтамі кіруецца старэйшае пакаленне?


Беларускія пенсіянеры маюць дастаткова аптымістычны погляд на жыццё. Яны незалежныя, прызвычаіліся вырашаць свае праблемы самастойна. Гатовы валанцёрыць і атрымліваць новыя навыкі і кампетэнцыі ў добрай кампаніі. Актыўна асвойваюць інтэрнэт.


Шмат цікавых фактаў пра жыццё людзей сталага ўзросту агучылі спецыялісты Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук на прэс-канферэнцыі ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы. Некаторыя стэрэатыпы пра пенсіянераў былі разбураныя, але былі меркаванні, якія знайшлі сваё пацвярджэнне.

У ліпені — жніўні бягучага года Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў тэлефоннае сацыялагічнае апытанне з мэтай вывучэння грамадскай думкі аб праблемах, якія хвалююць насельніцтва пенсіённага ўзросту. Даследаванне праводзілася ва ўсіх абласных гарадах, сталіцы, у асобных раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах і ахапіла 601 беларуса ва ўзросце ад 58 гадоў.

Па словах кіраўніка Цэнтра аператыўных даследаванняў Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Аляксандра Бельскага, менавіта стацыянарныя тэлефоны дазваляюць звязацца з гэтай мэтавай аўдыторыяй. Немаладыя людзі яшчэ актыўна імі карыстаюцца, і ў іх ёсць час, каб дастаткова поўна адказаць па тэлефоне на пытанні, якія ім задаюць нашы спецыялісты.

Крыніцы даходу

Цікава, што на пытанне «У якой ступені вас цяпер задавальняе ваша жыццё?» 78,6 працэнта рэспандэнтаў паведамілі, што іх усё задавальняе, а не задавальняе жыццё 15 працэнтаў пенсіянераў. Астатнія не змаглі дакладна сфармуляваць адказ на гэта пытанне.

Асобнай тэмай даследавання стала стаўленне ў грамадстве да людзей пенсіённага ўзросту. 45,7 працэнта апытаных лічаць, што грамадства ставіцца да іх добра, 32,8 працэнта — нейтральна. І толькі 5,7 працэнта апытаных адказалі, што дрэнна.

У рэспандэнтаў пацікавіліся, з чым звязаны іх жыццёвыя праблемы. 31,6 працэнта апытаных заявілі, што праблем яны не адчуваюць. Тыя ж, у каго яны ёсць, часцей за ўсё кажуць пра стан здароўя (37,1 працэнта), матэрыяльныя патрэбы (15,1 працэнта) і недахоп зносін (12,8 працэнта).

6,5 працэнта пенсіянераў турбуюць узаемаадносіны са сваякамі. На праблемы з харчаваннем (не магу дазволіць сабе пэўныя прадукты, падтрымліваць здаровы рацыён харчавання) паскардзіліся толькі 2% пенсіянераў.

Таксама рэспандэнтаў папрасілі па пяцібальнай шкале ацаніць параметры, звязаныя з іх паўсядзённым жыццём. Цікавы факт: адзнак ніжэй за тры балы не было. Пенсіянераў задавальняе асартымент лекаў (4,4 бала), харчовых тавараў (4,4 бала), прамысловых тавараў (4,3 бала), работа грамадскага транспарту (4,1 бала). Работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі і якасць дарог былі ацэнены на 3,7 бала.

«Матэрыяльнае становішча з’яўляецца дастаткова адчувальным фактарам для кожнага. Паводле суб’ектыўнай ацэнкі рэспандэнтаў, 54,8 працэнта лічаць сваё матэрыяльнае становішча сярэднім, 32,7 працэнта — добрым, а 10,9 працэнта — дрэнным, — праінфармаваў Аляксандр Бельскі. — Пры гэтым 75,4 працэнта рэспандэнтаў паведамілі, што ў іх няма дадатковых крыніц даходу акрамя пенсіі. 10 працэнтаў згадалі ў якасці дадатковай крыніцы матэрыяльную дапамогу дзяцей і іншых сваякоў. Заработную плату атрымліваюць 8,7 працэнта рэспандэнтаў. Выходзіць, што не так ужо і шмат у нас працуючых пенсіянераў. Дадатковыя выплаты ад прадпрыемстваў, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый згадалі каля трох працэнтаў пенсіянераў. Столькі ж — атрымліваюць даход ад асабістай дапаможнай гаспадаркі.

Правільныя прыярытэты

Адным з найважнейшых пытанняў у жыцці людзей «сярэбранага» ўзросту з’яўляецца здароўе. «Добрае здароўе дае магчымасць быць больш сацыяльна актыўнымі і пражыць гады на пенсіі шчаслівымі», — падкрэслівае намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Сухоцкі.

Так, па пяцібальнай шкале палова апытаных (51,6 працэнта) ацэньваюць сваё здароўе на тры балы, 20,8 працэнта — на «чацвёрку», 10,3 працэнта — на «двойку», а 8,6 працэнта — як вельмі дрэннае.

Станоўчыя вынікі былі атрыманы ў пытанні падтрымання свайго здароўя. 50,8 працэнта пенсіянераў паведамілі, што яны выконваюць рэкамендацыі ўрача, 45,1 працэнта вядуць актыўны лад жыцця, 33,5 працэнта сочаць за сваім харчаваннем і 31 працэнт — рэгулярна праходзяць медыцынскія агляды. «Гэтыя вынікі ўказваюць на правільныя прыярытэты ў нашых пенсіянераў», — лічыць Мікалай Сухоцкі.

Цікава, што 28,4 працэнта людзей сталага ўзросту стараюцца радзей нервавацца, каля 24 працэнтаў прымаюць прэпараты, якія павышаюць імунітэт. Пазбягаюць шкодных звычак ці стараюцца ад іх пазбавіцца 21 працэнт пенсіянераў. Прытрымліваюцца рэжыму сну — 18,3 працэнта. Займаюцца фізкультурай, спортам, загартоўваюцца — 18,8 працэнта. І толькі 3,6 працэнта пенсіянераў нічога асабліва не робяць для клопату аб сваім здароўі.

На пытанне, ці задаволеныя вы медыцынскім абслугоўваннем па месцы вашага жыхарства, 66,4 працэнта рэспандэнтаў далі 
станоўчы адказ. Незадаволеныя — 25,6 працэнта.

Сярод прычын незадаволенасці — чэргі ў паліклініках, працяглае чаканне (26,4 працэнта), адсутнасць неабходных спецыялістаў (25 працэнтаў), няўважлівае стаўленне да пацыентаў (20,4 працэнта), высокі кошт платных паслуг (13,4 працэнта), нізкі ўзровень аснашчанасці (10,6 працэнта), рост долі платных паслуг (9,6 працэнта).

«Узроставым пацыентам патрабуецца ўвага, тактычнае стаўленне да іх праблем. І медыкам трэба з гэтым лічыцца», — заўважае Мікалай Сухоцкі.

«Як вы лічыце, якія новаўвядзенні неабходныя ў медыцынскім абслугоўванні?» —пацікавіліся сацыёлагі ў рэспандэнтаў. На думку пенсіянераў, трэба ствараць спецыяльныя медыцынскія кабінеты і цэнтры для людзей сталага ўзросту (так лічаць 41,7 працэнта), арганізоўваць у пэўны дзень прыём людзей сталага ўзросту (33, 8 працэнта). «Нічога не трэба рабіць», — так лічыць кожны чацвёрты апытаны. Не змаглі сфармуляваць адказ 21,1 працэнта ўдзельнікаў даследавання.

Спадзяюцца на сябе

Яшчэ адзін блок пытанняў датычыўся сістэмы сацыяльнага забеспячэння. Пра дзейнасць устаноў сацыяльнага абслугоўвання інфармаваныя, як высветлілася, 77 працэнтаў рэспандэнтаў. Пераважная большасць даведалася пра іх ад сваякоў, сяброў і знаёмых (49,1 працэнта). Камусьці паведамілі самі работнікі тэрытарыяльных цэнтраў (26 працэнтаў). СМІ сталі крыніцай інфармацыі для 14 працэнтаў рэспандэнтаў. І зусім невялікая колькасць атрымала гэту інфармацыю з інтэрнэт-крыніц і на інфармацыйных стэндах.

За якімі паслугамі звярталіся пенсіянеры ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання? За сацыяльна-бытавымі (45,4 працэнта), аказаннем матэрыяльнай дапамогі (23,4 працэнта), сацыяльным патранатам (10,9 працэнта), паслугамі сядзелкі (6,7 працэнта), кансультацыйнымі паслугамі юрыста, псіхолага (5,9 працэнта).

На пытанне «А чаму вы не звяртаецеся ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання?» самы распаўсюджаны адказ быў «Таму што не маю патрэбы ў такіх паслугах, вырашаю свае пытанні самастойна», — так адказалі 65 працэнтаў рэспандэнтаў. На дапамогу сваякоў, сяброў, знаёмых спадзяюцца 14,2 працэнта пенсіянераў. Не ведаюць пра такія паслугі 8,2 працэнта і не ведаюць, як іх можна атрымаць, 6,5 працэнта.

Трэба адзначыць, што 63,7 працэнта пенсіянераў паведамілі, што задаволеныя сістэмай сацыяльнага забеспячэння, якая склалася ў нашай краіне.

Тэлевізар, а не месенджары

«Важнай часткай жыцця ў сучасным грамадстве з’яўляецца інфармацыя, — падкрэслівае малодшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыялогіі культуры Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Сняжана Вароніна. — Сучасная беларуская медыяпрастора вельмі дынамічная і насычаная. Пры аналізе пераваг пажылымі людзьмі розных крыніц інфармацыі намі было ўстаноўлена, што ў сваёй большасці пажылыя людзі аддаюць перавагу традыцыйным практыкам медыяспажывання і ў якасці асноўнай крыніцы інфармацыі яны выкарыстоўваюць тэлебачанне (80,8 працэнта).

Траціна пажылых людзей звяртаюцца да розных інтэрнэт-рэсурсаў. 21,8 працэнта рэспандэнтаў паведамілі, што атрымліваюць важную інфармацыю праз асабістыя стасункі з членамі сям’і, суседзямі, сябрамі. Газеты і часопісы ў якасці крыніцы інфармацыі актуальныя для 21,4 працэнта пажылых людзей. Радыё застаецца крыніцай інфармацыі для 15,9 працэнта людзей пенсійнага ўзросту. А радзей за ўсё інфармацыю людзі сталага ўзросту чэрпаюць з месенджараў (усяго 4,6 працэнта)».

У сувязі з неабходнасцю павышэння розных кампетэнцый, што прадыктавана тэмпамі развіцця сучаснага грамадства, у ходзе даследавання пажылым людзям задавалася пытанне «У якой сферы яны хацелі б павысіць сваю кампетэнтнасць?».

Большасць (68,9 працэнта) паведамілі, што ў іх няма неабходнасці ў павышэнні якіх-небудзь кампетэнцый. 20,4 працэнта адзначылі важнасць павышэння ў іх інтэрнэт-адукаванасці, а 8,1 працэнта адзначылі актуальнасць павышэння фінансавай і прававой адукаванасці.

Сярод прычын, якія маглі б паўплываць на прыняцце рашэння аб павышэнні рознага роду кампетэнцый, пажылыя людзі адзначылі наступныя. Па-першае, гэта наяўнасць аўтарытэтных выкладчыкаў і спецыялістаў.

Па-другое, магчымасць праходзіць курсы, не выходзячы з дому. Таксама немалаважнай умовай з’яўляецца магчымасць прайсці курсы бясплатна.

«Прынамсі, у людзей, якія пражываюць у Мінску, такая магчымасць ёсць, — праінфармавала Сняжана Вароніна. — Яе можна рэалізаваць у рамках праекта „Універсітэт трэцяга ўзросту“. Ён сумяшчае ўсе тры ўмовы, згаданыя пенсіянерамі: гэта наяўнасць аўтарытэтных выкладчыкаў, магчымасць навучання анлайн і бясплатнасць. Дадзены праект рэалізуецца Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў. Там працуюць выкладчыкі-валанцёры на добраахвотнай аснове, якія з’яўляюцца экспертамі ў розных галінах. У дадзены момант ва ўніверсітэце функцыянуюць тры факультэты і больш за 20 навучальных накірункаў».

Таксама неабходна дадаць, што немалаважнымі ўмовамі для навучання, якія згадваліся пажылымі людзьмі, з’яўляюцца добрая кампанія і простае і даступнае выкладанне матэрыялу.

Валанцёрства — не толькі для моладзі

Адной з форм сацыяльнай актыўнасці пенсіянераў магло б стаць іх уцягванне ў валанцёрскую дзейнасць. Але 46 працэнтаў апытаных паведамілі, што валанцёрыць ім не дазваляе здароўе. Пра недахоп часу паведамілі 19,7 працэнта апытаных. Каля 18 працэнтаў пенсіянераў проста не ведаюць аб такой магчымасці. Адказ «не хапае грошай» далі 11,8 працэнта апытаных. «Мне гэта нецікава» адказалі 5,5 працэнта ўдзельнікаў апытання.

Здароўе — увогуле ключавы фактар. Менавіта стан здароўя лідзіруе сярод прычын, па якіх пенсіянеры не ўдзельнічаюць у дзейнасці клубаў і гурткоў для людзей сталага ўзросту (37,6 працэнта). Кожнаму пятаму на гэта не хапае часу, а 15,3 працэнта паведамілі, што ім гэта нецікава. Не ведаюць пра такую магчымасць 7,7 працэнта апытаных.

На пытанне, якія варыянты валанцёрскай дапамогі для вас прыцягальныя, лідзіруюць дапамога жывёлам (15,8 працэнта), работа з дзецьмі (12,7 працэнта), дапамога пры царкве, касцёле (12,6 працэнта), работа з пажылымі людзьмі (12,4 працэнта), дапамога тым, хто мае патрэбу ў дадатковым доглядзе (6,8 працэнта), дапамога ў арганізацыі сацыяльных мерапрыемстваў (4,8 працэнта) і работа з моладдзю (3,2 працэнта).

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».