Вы тут

У чым роля маладзёжных саветаў?


Каля дзвюх соцень маладых людзей сабрала сустрэча старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзіміра Кухарава з членамі маладзёжных саветаў раённых адміністрацый Мінска ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў, начальнікі ўпраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацый сталіцы.


Як адзначыла мадэратар сустрэчы, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава, такі фармат работы прыносіць вялікі плён. Маладыя людзі могуць не толькі атрымаць адказы на пытанні з першых вуснаў, як кажуць, але і таксама напрамую ўнесці свае прапановы, агучыць нейкія ініцыятывы. Увогуле ж, такі фармат работы, як маладзёжныя саветы — адносна новы, першыя саветы былі створаны толькі год таму, пры гэтым яны аніяк не дубліруюць функцыі БРСМ, хоць і ёсць многа кропак сутыкнення.

Электаральная кампанія

Прыцягненне маладых людзей да праблем раёнаў, сталіцы прыносіць вялікі плён: ад іх паступае мноства прапаноў і ініцыятыў. Акрамя таго, сёння, напярэдадні электаральнай кампаніі, узрастае роля маладзёжных саветаў як інфармацыйнага рэсурсу. Сапраўды, хто, як не моладзь лепш за ўсіх давядзе да сваіх равеснікаў важную і карысную інфармацыю. Ізноў жа, у складзе саветаў прадстаўнікі самых розных галін: будаўнікі, энергетыкі, настаўнікі, урачы. Яны лепей чым хто раскажуць пра стан спраў у сваіх сферах дзейнасці, пакажуць яе знутры.

Дарэчы, падчас сустрэчы маладыя людзі самі і выказалі ідэю стварыць маладзёжныя інфармацыйныя групы. Уладзімір Кухараў ініцыятыву падтрымаў: «Вы ведаеце сітуацыю на месцах, ведаеце людзей, і вас ведаюць. Будзем удзячныя, калі вы праведзяце сустрэчы, абмеркаванні... Гэта правільна, наперадзе сур’ёзная электаральная кампанія, дэпутацкі корпус уносіць значны ўклад у развіццё горада, прымае важныя рашэнні. Мы зацікаўлены ў тым, каб у падрыхтоўчым працэсе ўдзельнічала як мага больш мінчан...»

Прафарыентацыя

Але не толькі выбарчая кампанія была тэмай размовы. Абмяркоўваліся самыя розныя — ад добраўпарадкавання помнікаў да прафарыентацыі. Гаворачы пра апошнюю, старшыня Мінгарвыканкама зазначыў, што няма прафесій прэстыжных і непрэстыжных. Калі чалавек працуе, гэта ўжо добра і прэстыжна, кожная спецыяльнасць патрэбна. Праўда, некаторыя прафесіі не так на слыху, але гэта ўжо справа іншая. Што датычыцца рабочых спецыяльнасцяў — менавіта пра іх было пытанне — то тут прафарыентацыйная работа павінна весціся ў комплексе. Навучальныя ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі павінны «ісці» да школьнікаў, прычым не самі, а разам з прадпрыемствамі. Каб юнакі і дзяўчаты на свае вочы ўбачылі, дзе і як яны будуць вучыцца і ў далейшым працаваць. Таксама важна, каб прадпрыемствы дапамагалі навучальным установам у тым ліку і матэрыяльна — сёння вельмі хутка мяняюцца тэхналогіі, установы, бывае, не паспяваюць набываць новыя ўзоры абсталявання ці праграмнага забеспячэння.

Таксама Уладзімір Кухараў засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці папулярызаваць інжынерныя і тэхнічныя спецыяльнасці — менавіта з гэтай мэтай і быў створаны рэспубліканскі дзіцячы тэхнапарк. 

І з ёй жа на месцы аўтавакзала «Усходні» будзе заснаваны гарадскі тэхнічны цэнтр для дзяцей і моладзі, адпаведная прапанова падтрымана Прэзідэнтам. Тэхнічны цэнтр, у якім будзе прадстаўлена мноства накірункаў, змогуць наведваць да васьмі тысяч чалавек у год. Не была забыта і дзяржаўная служба. У прыватнасці, мэр Мінска адзначыў, што ў Мінгарвыканкаме сфарміраваны перспектыўны кадравы рэзерв з ліку маладых людзей, і не трэба баяцца прызначаць іх на адказныя пасады. Хутчэй наадварот.

Захаванне гістарычнай памяці

Асобная тэма — захаванне гістарычнай памяці і добраўпарадкаванне помнікаў і мемарыялаў. Так, прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры адміністрацыі Цэнтральнага раёна звярнуліся да Уладзіміра Кухарава з прапановай усталяваць указальнікі і ўладкаваць пад’язны шлях да мемарыяла на месцы канцлагера «Дразды» — аднаго з малавядомых помнікаў у Мінску. Прапанова была прынята. Таксама старшыня гарвыканкама паабяцаў падтрымку моладзі Фрунзенскага раёна ў пошуку сваякоў загінулых у канцлагеры «Шталаг 352» у Масюкоўшчыне.

Ён асобна адзначыў, што ў сённяшні час захаванне гістарычнай памяці, веданне праўдзівай гісторыі, патрыятызм — увогуле вельмі важныя для моладзі рэчы. І іх трэба выхоўваць праз самыя розныя мерапрыемствы. Добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў і пошукавая работа — не апошнія ў гэтым спісе.

Таксама падчас сустрэчы закраналіся тэмы міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва, дабрачыннай дзейнасці — у калядныя святы плануецца правесці агульнагарадскі марафон у падтрымку дзяцей-інвалідаў, а скончылася сустрэча прэзентацыяй адзінага лагатыпа маладзёжных саветаў Мінска.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.