Вы тут

Дэпутаты Гродзенскай вобласці абмеркавалі тэму бяспечнага пражывання падчас выязнога семінара


У рабоце семінара, які праходзіў у Свіслацкім раёне, прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, кіраўнікі абласных устаноў і ведамстваў, члены прэзідыума абласнога Савета, старасты вёсак. Галоўным лейтматывам семінара сталі пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння органаў мясцовага кіравання і самакіравання па наладжванні бяспечнага жыцця насельніцтва Гродзенскай вобласці.


Былі закрануты пытанні супрацьпажарнай аховы, дапамогі сацыяльна ўразлівым групам насельніцтва, праблемы лячэння і працаўладкавання тых, хто злоўжывае спіртным. Удзельнікі семінара пазнаёміліся са станоўчым вопытам работы Свіслацкага райсавета і прафілактычнымі мерамі па арганізацыі бяспечных умоў пражывання ў сельскай мясцовасці. Дэпутаты таксама наведалі хлебапякарню, дзе выпякаецца знакамітая «Бацькава булка», і азнаёміліся з умовамі працы на вытворчасці.

Як «пляцёнка» прывяла да мадэрнізацыі цэха

Хлебапякарня стала вядомай пасля наведвання Прэзідэнтам Свіслацкага раёна некалькі год таму. Кіраўніку дзяржавы спадабаўся смак пляцёнай булкі. Была пастаўлена задача стварыць належныя ўмовы працы на гэтым невялікім прадпрыемстве. У хуткім часе гэта даручэнне было выканана, паведаміў старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. І хаця сам цэх знаходзіцца ў прыстасаваным будынку, усе неабходныя меры бяспекі ўлічаны. Тэхнолаг цэха Святлана Урбановіч расказала, што цэх мадэрнізаваны, з’явілася аўтаматычная печка. Дзякуючы гэтаму, палепшыліся ўмовы працы і павялічыліся аб’ёмы вытворчасці. Так, у суткі тут выпякаюць 2 тоны булак.

— Раней тут было вельмі горача, зараз зроблена вентыляцыя, і выцяжкі і печку мадэрнізавалі. Галоўнае, зрабілі для людзей, якія у сваю чаргу забяспечваюць якасць хлеба. Павялічылася зарплата, і умовы палепшыліся, таму і людзі ідуць сюды працаваць, — зазначыла тэхнолаг пякарні.

У Свіслацкім раёне імкнуцца, каб людзі былі занятыя, мелі працу і дастойны заробак. Гэтаму садзейнічаюць і новыя інвестпраекты на тэрыторыі раёна. Так, тут уступае ў дзеянне лагістычны цэнтр на 70 працоўных месцаў, а напачатку будучага года — новы завод па апрацоўцы драўніны з працаўладкаваннем 200 чалавек. Папулярная ў горадзе і спартыўная тэма, працуе зала з трэнажорамі, шэраг спартыўных пляцовак. «Тыя, хто надае ўвагу здароваму ладу жыцця, укладвае сродкі ў сваё здароўе, наўрад ці будуць выбіраць іншы стыль жыцця ці трапяць у лік людзей з асацыяльнымі паводзінамі», — лічыць Аляксандр Вярсоцкі.

Пажараў менш, але…

Аб тым, наколькі важнае значэнне надаецца пытанням бяспекі ў рэгіёне, паведаміў Віктар Пранюк. Менавіта з гэтай тэмы пачынаюцца штотыднёвыя планёркі ў аблвыканкаме. І нездарма. Пытанні бяспекі заўсёды былі істотнымі для беларусаў. Усе памятаюць, колькі людзей было страчана ў вайну. Тым больш недарэчнымі бачацца выпадкі гібелі людзей у мірны час — на пажарах, падчас ДТЗ, на вадзе ці вытворчасці. Намаганні папярэдзіць няшчасныя выпадкі з боку мясцовых органаў улады відавочныя. Дзякуючы прафілактычнай рабоце аглядальных камісій гібель людзей на пажарах за апошнія два дзесяцігоддзі знізілася ў разы.

Як паведаміў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза, за 9 месяцаў гэтага года ў вобласці колькасць пажараў зменшылася на 4%, у параўнанні з леташнім перыядам, тым не менш іх лічба дасягнула амаль 530. Большасць узгаранняў адбылася ў жылым сектары па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. Таксама сярод прычын пажару — няспраўнае абсталяванне, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, непатушаная цыгарэта.

На пажары загінуў 41 чалавек, з іх двое непаўналетніх. Траўміравана 42 чалавекі. Сярэдні ўзрост — 53 гады. Напярэдадні пажару 80% былі ў нецвярозым стане. 71% пажараў з гібеллю людзей — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры паленні. Менавіта злоўжыванне алкаголем і незанятасць з’яўляюцца галоўнымі ўмовамі павышанай рызыкі гібелі людзей на пажарах. У сувязі з гэтым у Дзмітрыя Лакізы ўзнікае пытанне аб эфектыўнасці работы па прафілактыцы алкагалізму і п’янства, а таксама іх лячэнні. На яго думку, наркалагічнай службе і іншым зацікаўленым суб’ектам прафілактыкі неабходна актывізаваць работу па выяўленні грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Варта звяртаць увагу на сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, а таксама адзінокіх старых людзей. Многія памятаюць выпадак гібелі на пажары 101-гадовай жыхаркі Смаргонскага раёна ў студзені мінулага года, сёлета такі ж лёс напаткаў 93-гадовую жыхарку Свіслачы.

У кастрычніку пытанне размяшчэння старых грамадзян і інвалідаў, якім патрэбны дадатковы нагляд, разгледжаны на нарадзе у старшыні аблвыканкама. Суб’ектам прафілактыкі дадзены адпаведныя даручэнні, у тым ліку па папярэджанні гібелі на пажары дзяцей. На шчасце, такіх выпадкаў у вобласці не было ўжо некалькі гадоў.

— Роля камісій на прадпрыемствах, роля дэпутатаў — звярнуць увагу на такія сем’і, дзе малады мужчына кідае працу, кепска даглядае сваіх дзяцей. У выніку дзеці трапляюць у зону рызыкі, варта працаваць з такімі катэгорыямі грамадзян, — лічыць прадстаўнік МНС.

З клопатам аб адзінокіх

У многіх раёнах вобласці кантынгент сталых людзей дасягае 35-38% насельніцтва. Каб стварыць ім бяспечнае пражыванне, сацыяльныя службы абследуюць дамы з прыняццем супраць пажарных мераў. Старшыня абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Сядзельнік паведаміла, што за 9 месяцаў з розных крыніц выканана 6,6 тысячы заявак, скіраваных на бяспечнае пражыванне. Адрамантаваны печы, электраправодкі, устаноўлена чатыры тысячы супрацьпажарных апавяшчальнікаў. На гэтыя патрэбы з бюджэта выдзелена звыш 240 тысяч рублёў. Усе сродкі асвоены.

Адзінокія людзі не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. У вобласці працуе 14 дамоў-інтэрнатаў на 2,2 тысячы месцаў, каля 15 тысяч чалавек абслугоўваюцца на даму, развіваецца такая форма, як замяшчальная сям’я. Пры падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду выяўлена 1,5 тысячы старых людзей, якія маюць патрэбу ў стацыянарных установах.

— У вобласці было адключана ад электраэнэргіі больш за тысячу дамоў, ёсць і старыя без электрычнасці. Прычыны — нявыплаты, запазычанасць і, нават, адмова ад карыстання. Ім прапанаваны дамы-інтэрнаты, — зазначыла прадстаўнік сацыяльнай службы.

Вольга Сядзельнік таксама звярнула ўвагу на недасканалыя моманты, у прыватнасці, замоўчванне некаторых праблем. Яна выказалася наконт таго, каб актывізаваць работу па інфармаванні насельніцтва па праблемных сітуацыях, прыцягваць да гэтага старастаў весак, работнікаў пошты, валанцёраў. Дарэчы, нямала валанцёраў і сярод саміх сталых людзей. Яны аказваюць дапамогу па наглядзе і выконваюць некаторыя паслугі. Як гэта ні крыўдна, але сацыяльным службам часам прыходзіцца шукаць дзяцей і родных старых людзей, якія пражываюць у адзіноце. Яны не пагаджаюцца на пераезд у інтэрнаты і хочуць быць у сямейнікаў. З пачатку жніўня выяўлена каля 400 такіх адзінокіх сталых. Амаль усе пытанні вырашаны станоўча, але не заўсёды гэта адбываецца своечасова.

Супраць асацыяльных паводзін

Падчас семінару была звернута ўвага на тых, хто злоўжывае алкаголем. Гэтыя людзі не толькі часцей гінуць у выніку няшчасных выпадкаў, але і ствараюць іншым неспрыяльныя ўмовы. Як правіла, яны не працуюць і вядуць асацыяльны лад жыцця, які часта прыводзіць да пажараў. Згодна з Дэкрэтам № 3, у кожным райвыканкаме створаны камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Як паведаміў намеснік старшыні абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сяргей Мяснікоў, з пачатку года ў камісію звярнулася 10 тысяч чалавек. Праўда, у асноўным за кансультацыяй. Больш за 2 тысячы чалавек накіраваны камісіяй у органы па працы, з іх 800 працаўладкавана.

На думку намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Пранюка, гэту тэму важна абмяркоўваць на ўсіх узроўнях.

— Прафілактыка пажараў цесна звязана менавіта з паводзінамі людзей, якія, па большасці, яшчэ і нідзе не працуюць. Таму наша задача — надаваць увагу такіх людзям, працаўладкоўваць іх. Каб яны прыйшлі да нармальнага жыцця. Калі гэтым не займацца, яны пойдуць па дачах, пачнуць красці, забіраць пенсіі ў сваіх састарэлых бацькоў і гэтак далей. Таму наша работа — і выканаўчай, і заканадаўчай улады — ствараць бяспечныя ўмовы пражывання грамадзян, — акрэсліў пазіцыю Віктар Пранюк.

На такі пасыл скіравала дэпутацкі корпус старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. На яе думку, дэпутаты павінны надаваць больш увагі такому ненадзейнаму, у тым ліку і ў плане бяспекі, кантынгенту насельніцтва.

— Мы бачым, што ствараюцца ўмовы для бяспечнай працы. На фоне росту дабрабыту нашых грамадзян існуюць павышаныя рызыкі, ад якіх гінуць людзі. І адной з галоўных перадумоў стварэння такіх рызык з’яўляецца фактар злоўжывання алкаголем і незанятасць грамадзян. Калі чалавек працуе, ён вядзе нармальны лад жыцця. Гэта актуальныя пытанні на сённяшні дзень, і дэпутаты розных узроўняў не павінны заставацца ўбаку, — акцэнтавала ўвагу кіраўнік дэпутацкага корпуса.

Быў агучаны вопыт работы, які дапамог наладзіць сістэмны падыход у справе бяспечнага пражывання грамадзян. Сітуацыя значна палепшылася, калі насельніцтва было ўмоўна падзелена на групы — адзінокіх, шматдзетных, тых, хто злоўжывае спіртным. Пры гэтым стала відавочна, на якія моманты варта засяродзіць увагу. Такая сістэма працуе і зараз. Важна ў такіх выпадках не замоўчваць і не хаваць негатыўныя моманты, не чакаць, пакуль сітуацыя давядзе да трагедыі.

— Сёння вельмі важныя такія адкрытыя фарматы, бо без падняцця праблемных пытанняў не можа быць руху наперад, — упэўнена Алена Пасюта. — Напярэдадні электаральнай кампаніі дэпутатам варта падзяліцца сваім вопытам работы ў гэтым напрамку. Гэта датычыць і прадстаўнікоў мясцовага самакіравання ў асобах нашых стараст. Старшыням сельсаветаў даручаецца вывучыць на сваіх тэрыторыях усе праблемныя пытанні і кожны квартал прысылаць такія справаздачы ў абласны Савет. У далейшым тыя праблемы, якія складана вырашыць на месцы, накіруем у Савет Рэспублікі. Толькі сістэмная работа можа даць вынік.

Падчас семінара старшыня Свіслацкага райсавета Віктар Суботка расказаў аб станоўчай практыцы ў рабоце з насельніцтвам па стварэнні бяспечных умоў пражывання. Найбольш дзейснымі кірункамі з’яўляюцца дні сельскіх Саветаў, апытанні сярод насельніцтва, абходы і праверка дамоў на супрацьпажарны стан. Так, з пачатку года ў раёне было абследавана звыш 5 тысяч сядзібаў, выяўлена 157 парушэнняў, якія ўдалося лакалізаваць. Вырашаюцца іншыя пытанні, звязаныя з бяспекай — гэта знос аварыйных дрэў, абмежаванне хуткасных рэжымаў на дарогах, грэйдзіраванне і рамонт дарог.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.