Вы тут

Надвор'е: Позняя восень ударыць маразамі


Трэцяя дэкада лістапада прынесла нам халодныя паветраныя масы паўночных шырот. А значыць, мы ўступілі ў пару перадзім’я. Паводле апошніх звестак, сярэднясутачная тэмпература паветра па краіне знаходзіцца ў межах ад мінус 7 градусаў да плюс 1 градуса, што на 1–8 градусаў ніжэй за кліматычную норму. Вось таму на гэтым тыдні дарожнікам давядзецца змагацца з суцэльнай галалёдзіцай, а ў другой палове тыдня мы чакаем моцныя снегапады, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


 pixabay.com

Зімовы характар надвор’я захаваецца ў нашай краіне ў першай палове гэтага тыдня. У сераду будзе пераважна без ападкаў. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы паветра астудзіцца да мінус 5–11 градусаў, пры праясненнях — да мінус 15 градусаў. Днём прагназуецца мінус 1–7 градусаў.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у другой палове тыдня сітуацыя пачне мяняцца. На змену халодным арктычным вятрам, прыйдзе цёплая паветраная маса атлантычнага паходжання.

У чацвер чакаецца даволі складанае надвор’е. Увага! Раніцай і днём месцамі па паўночным усходзе прагназуецца моцны снег і моцны мокры снег. У асобных раёнах чакаецца завіруха, наліпанне мокрага снегу, на дарогах галалёдзіца, днём па захадзе слабы галалёд. Вецер узмоцніцца да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад мінус 5 да мінус 11 градусаў, пры праясненнях — да мінус 15 градусаў, а днём — ад мінус 3 градусаў па ўсходзе да плюс 5 градусаў па захадзе краіны.

У пятніцу злёгку адпусціць, але будзе таксама ветрана і мокра. Ноччу на большай частцы, днём месцамі парывы ветру дасягнуць 15–20 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус 2 да плюс 4 градусаў, а ноччу па ўсходзе краіны — да мінус 4 градусаў. Днём па паўднёвым захадзе чакаецца да 7 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у гэтыя выхадныя характар надвор’я ў Беларусі па-ранейшаму будзе няўстойлівы. У суботу часам чакаюцца ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Месцамі слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы будзе ад мінус 4 да плюс 3 градусаў, а ўдзень — ад мінус 2 да плюс 5 градусаў.

Холадна і слізка пад нагамі (а часам — проста невыносна) будзе ў нядзелю. У гэты дзень часам будзе ісці снег і мокры снег. На дарогах месцамі ўтворыцца галалёдзіца. Уначы слупкі тэрмометра пакажуць ад нуля да мінус 7 градусаў, а пры праясненнях — да мінус 10 градусаў. Днём сіноптыкі абяцаюць ад мінус 5 градусаў да 2 цяпла. Усё, добрае надвор’е скончылася. Цяпер чакаем вясны.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.