Вы тут

Музыкатэрапія, квэст «Прыгоды ў Хогвартсе» і вялікая выстава рэптылій


Гастролі музыкаў Мальтыйскай капэлы, выстава-шоу коней, «Мая жудасная сястра», вялікая выстава рэптылій і спектакль «Несцерка» — штотыднёвая афіша «Звязды».​


«Мая жудасная сястра 2»

Дзе: Мінск, кінатэатр «Беларусь» (вул. Раманаўская Слабада, 28)

Калі: 20 лістапада (15:10)

Колькі: ад 9 рублёў

У сям’і Юліі і Максіма народзіцца яшчэ адна дзяўчынка, якая стане аб’ектам любові для сясцёр Лены і Соні. Пакуль бацькі занятыя клопатамі аб нованароджанай і праблемамі ўласных адносін, старэйшым сёстрам прыйдзецца справіцца з новымі нагодамі для бунту, каб у выніку зразумець: нават калі здаецца, што ўсё ў свеце абярнулася супраць цябе, сям’я абавязкова зразумее і падтрымае…

«Несцерка»

 

Дзе: Віцебск, Драматычны тэатр імя Я.Коласа

Калі: 21 лістапада (19:00)

Колькі: ад 13.50 рублёў

Няшмат тэатраў маюць у сваім рэпертуары такі даўгавечны спектакль, як «Несцерка» у коласаўцаў. Мяняюцца акцёрскія і глядацкія пакаленні, а дасціпны, вясёлы народны герой, як і дзесяцігоддзі назад, дорыць людзям радасць, натхненне і аптымізм. У Віцебску насупраць тэатра нават ёсць вуліца, якая носіць імя Аляксандра Ільінскага, першага выканаўцы ролі Несцеркі.

Сюжэт камедыі «Несцерка» вельмі просты і цікавы для гледачоў самых розных густаў і ўзростаў. Закаханыя Наста (Алена Сладкевіч) і Юрась (Аляксандр Базук) мараць быць разам. Але маці Насты Мальвіна не згаджаецца аддаць дачку за простага мужыка, бо сама шчасця не мела, пражыўшы жыццё з ганчаром Мацеем . У яе на прыкмеце — шкаляр Самахвальскі. Толькі народны герой Несцерка можа дапамагчы закаханым злучыцца назаўсёды. Тут якраз дарэчы яго знаходлівасць і розум, бо нават пан Бараноўскі даверыў яму спрачацца з вучоным шкаляром.

У спектаклі — прыгожы абрад беларускага вяселля, «шамякін» суд з непаўторным суддзёй у выкананні Валянціна Салаўёва. Пастаноўшчыкі прапануюць вярнуцца да сваіх каранёў, адчуць сябе сапраўднымі беларусамі: «Не жабракі, вякі стаяць за намі, дык будзем жа самім сабе панамі!» (Рыгор Барадулін)

«Прыгоды ў Хогвартсе»

Дзе: Мінск, «Нябачны свет» (вул. Някрасава, 35-1)

Калі: 26 лістапада

Колькі: 20 р.

На гэтым незвычайным квэсце дзяцей чакаюць сустрэча з Герміёнай Грэнджэр і Ронам Уізлі, а таксама выпрабаванні ў школе чараўніцтва «Хогвартс». Кожны ўдзельнік зможа адчуць сябе маленькім чараўніком, адправіцца ў свет незвычайных адкрыццяў да сапраўдных прыгод! І ўсё гэта ў поўнай цемры. 

Фантазія і ўяўленне дапамогуць убачыць нябачнае і раскрыць творчы патэнцыял удзельнікаў. Квэст разлічаны на дзяцей ад 8 гадоў.

Шоу «Імперыя львіц»

Дзе: Гомельскі дзяржаўны цырк (вул. Савецкая, 27)

Калі: 19 лістапада

Колькі: ад 8 рублёў

Упершыню на манежы Гомельскага дзяржаўнага цырка з 28 кастрычніка па 3 снежня 2023 года гледачоў чакае незабыўнае і казачнае шоу «Імперыя львіц».

Доўгі час існавала меркаванне, што алжырскія львіцы і тыгры, практычна не паддаюцца дрэсіроўцы. Віталь Смалянец, адзіны ў свеце дрэсіроўшчык без ног, які вярнуўся ў прафесію пасля сур’ёзнай аварыі, абверг гэтае ўяўленне і здолеў знайсці падыход да наравістых драпежнікаў.

Шоу «Імперыя ільвіц» — відовішча, ад якога захоплівае дух. Дынамічнае, лёгкае... Усё не апішаш словамі. Прыходзьце, каб убачыць на свае вочы!

«Бах і спадчына Кельтаў, арган і вістл»

Дзе: Віцебская абласная філармонія (пл.Леніна, 69)

Калі: 26 лістапада

Колькі: ад 5.50 руб.

Культурны мост: гастролі музыкаў Мальтыйскай капэлы (г. Санкт-Пецярбург) пройдуць у Віцебску!

26 лістапада ў зале Віцебскай філармоніі пройдзе гастрольны канцэрт Мальтыйскай Капэлы Варанцоўскага палаца. Будзе прадстаўлена ўнікальная праграма: «Бах і спадчына кельтаў. Арган і вістл». Жыхары Віцебска змогуць атрымаць асалоду ад гучання аргана і вістла ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Крысціны Ратаевай.

У праграме канцэрта прагучаць творы і.С. Баха, Х. Уілана, О’Конар-Морыса, Х.А. Штама. Асаблівую атмасферу канцэрту прыдадуць саўндтрэкі з к/ф «Властелин колец» (Г.Шор), «Игры престолов» (Р. Джавадзі), «Skyrim» (Дж. Соўл).

Вістл — духавы музычны інструмент, вынайдзены ў сярэдзіне XIX стагоддзя англійскім фермерам Робертам Кларкам. Асновай для яго паслужыў новы матэрыял — луджоная бляха. Роберту першаму прыйшло ў галаву выкарыстаць гэты матэрыял для вырабу музычных інструментаў. Так Вялікабрытанія падарыла свету новы музычны інструмент, які стаў абавязковым атрыбутам ірландскай народнай музыкі. 

Спектакль «Жаніцьба Бальзамінава»

Дзе: Гомельскі абласны драматычны тэатр

Калі: 22 лістапада (19:00)

Колькі: ад 13 руб.

Спектакль прысвечаецца 200-годдзю з дня нараджэння А. М. Астроўскага.

...У некаторым царстве жыў-быў Міхайла Дзмітрыевіч. Жыў ён сціпла, прытым чалавек быў нясмелы, але пачуцці меў самыя высакародныя. А калі чалавек не можа ніякімі сродкамі дастаць сабе грошай, значыць ён павінен ажаніцца на багатай... І доўга б яшчэ хадзіў Мішанька за нявестамі, але, на яго шчасце, за працу ўзялася свацця...

У спектаклі задзейнічаны акцёры Андрэй Шыдлоўскі, Таццяна Ганчарова, Наталля Задорына, Дзіяна Чарнышэвіч, Дзмітрый Байкоў, Анастасія Задорына, Кацярына Уладзімірава, Лілія Госцева, Марыя Хадзякова, Крысціна Шыпкова.

Жанр — казка для дарослых у 2-х дзеяннях

Рэжысёр-пастаноўшчык — Дар’я Камошына

Выстава-шоу коней «Восень — 2023»

Дзе: Цэнтр алімпійскага рэзерва (Магілёўская вобласць, в. Гарадок, вул. Спартыўная, 2)

Калі: 25 лістапада

Колькі: ад 12.50 руб.

Выстава-шоу «Восень — 2023» — гэта адзінае мерапрыемства ў Беларусі, якое збярэ пад адным дахам мноства пародзістых коней, вядучых конназаводчыкаў, а таксама прадстаўнікоў коннай індустрыі. 

Тут вы зможаце ўбачыць легендарнага шайра (родам з Англіі) — аднаго з самых высокіх коней у Еўропе. Вышыня гэтага волата — амаль 2 метры ў карку. Кажуць, каб забрацца на яго, патрэбна драбінка.

Акрамя таго, у выставе прымуць удзел коні-чэмпіёны! Яны не раз былі прызнаныя лепшымі на міжнародных конкурсах. Наведвальнікі змогуць убачыць іх і пагутарыць з уладальнікамі.

Усяго ж на шоу будзе каля паўсотні лепшых жывёл з нашай краіны і замежжа. Перад публікай паўстануць пароды розных эпох: Старажытнага Усходу, барока, сучасныя спартыўныя коні, абарыгенныя пароды.

Гледачоў таксама чакае захапляльная шоу-праграма: тэатралізаваныя, акрабатычныя, спартыўныя і цыркавыя нумары ў выкананні прыватных конных клубаў, а таксама заслужаных артыстаў цырка.

Зносіны з коньмі будуць вельмі карыснымі і для дарослых, пасля цяжкага працоўнага тыдня, і для дзяцей. Гэта супакойвае, дорыць душэўны спакой і энергетычнае падсілкоўванне.

Выстава будзе працаваць з 10.00 да 19.00.

Выстава «Лепшыя сябры коцікаў»

Дзе: г. Мінск, «Малінавы кот» (пр-т Дзяржынскага, 131)

Калі: 22 лістапада

Колькі: уваход вольны

«Малінавы кот» зноў здзіўляе! У гэты раз паказваюцца працы вельмі незвычайнай творчай майстэрні «Скажам адзіноце — не!».

Гэты праект існуе больш за дзесяць гадоў. Тут займаюцца пажылыя людзі, сярод якіх ёсць і былыя вязні нацызму. Самай старэйшай удзельніцы ўжо споўнілася 90 гадоў!

У мілых пушысцікаў і мудрых лэдзі столькі агульных сакрэтаў! Напрыклад, яны выдатна ведаюць, якімі істотнымі бываюць простыя рэчы, як сагравае душэўнае цяпло і абараняе неабыякавасць, што важны не столькі востры зрок, колькі ўменне бачыць.

Назіраючы за выдатнымі і загадкавымі стварэннямі, самабытныя мастачкі натхняюцца і натхняюць гледачоў на паляванне на яркія ўражанні, на любоў да навакольнага свету і жаданне ажыццяўляць самыя неверагодныя планы.

Час працы: без выходных з 11:00 — 20:00.

Музыкатэрапія: Макракосмас

Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія

Калі: 25 лістапада

Колькі: ад 20 руб.

Упершыню ў праграме музыкатэрапіі прагучыць незвычайны, рэдкі інструмент — тэрмянвокс. Гэта першы і адзіны бескантактавы музычны інструмент. Каб на ім іграць, музыка павінен рукамі ўздзейнічаць на электрамагнітнае поле вакол інструмента.

Галоўнай асаблівасцю канцэрта несумненна можна назваць гучанне вялікага канцэртнага аргана, аднаго з самых вялікіх арганаў краін СНД, які складаецца з больш чым 6.000 труб. Гукі аргана гарманізуюць псіхаэмацыйную сферу, прыводзяць у парадак розум. Арган называюць правадніком энергіі «космас — зямля — космас».

Вялікая выстава рэптылій

Дзе: Брэст, Гандлёвы цэнтр «Галерэя Гранд»

Калі: 23 лістапада

Наша планета Зямля поўная незвычайных стварэнняў. І выстава экзатычных жывёл служыць таму пацвярджэннем. У вас ёсць выдатная магчымасць пазнаёміцца з разнастайнасцю дэкаратыўных жывёл, назапасіць станоўчыя эмоцыі і проста прыемна правесці час! 

На выставе вы ўбачыце кракадзілавых кайманаў, хамелеонаў, каралеўскіх змей, жаб і многіх іншых! 

Незвычайны фармат – інтэрактыўны міні-зоацентр – дазволіць у поўнай меры спазнаць такі дзіўны і загадкавы свет дзікай прыроды, праявіць свае творчыя здольнасці, прыемна правесці час са сваімі блізкімі!


Прэв’ю: pixabay.com​

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.