Вы тут

Руслан Чэхаў: Ракетныя войскі і артылерыя — гэта стрыжань абароны, надзейны агнявы шчыт нашай Радзімы


Беларускія ракетчыкі і артылерысты сёння адзначаюць прафесійнае свята — Дзень ракетных войскаў і артылерыі. Аб буднях, значных поспехах у гэтым годзе расказаў начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл, начальнік упраўлення ракетных войскаў і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Руслан Чэхаў.


— Руслан Леанідавіч, якая роля ракетных войскаў і артылерыі ў сучасных войнах?

— Аналіз вопыту прымянення ракетных войскаў і артылерыі ў сучасных войнах і ўзброеных канфліктах пацвярджае тэзіс аб тым, што без перавагі ў артылерыі дасягнуць значных вынікаў на полі бою проста немагчыма. Насычанасць баявых парадкаў супрацьлеглых бакоў рознымі сучаснымі сродкамі супрацьпаветранай абароны накладвае істотныя абмежаванні на ўжыванне пілатуемай авіяцыі. Погляды ваенных спецыялістаў, несумненна, прыкаваны да ўзброенага канфлікту ва Украіне, дзе на ракетныя войскі і артылерыю ўскладзены асноўныя функцыі па агнявым паражэнні суперніка. І гэта аб’ектыўная заканамернасць, абумощленая шэрагам відавочных добрых якасцяў ракетных войскаў: манеўранасцю, высокай дакладнасцю удараў і аператыўнасцю іх нанясення, неістотнай залежнасцю эфектыўнасці агню ад пары года, сутак, пагодных і іншых умоў. Відавочна, што ў перспектыве аб’ём агнявых задач, які ўскладаецца на гэты род войскаў у аперацыях і баях, лакальных войнах і ўзброеных канфліктах, будзе толькі ўзрастаць і званне «бога вайны» па праве будзе належаць ракетным войскам і артылерыі.

— Каб адказваць сучасным выклікам, войскі павінны крочыць у нагу з часам. Якія перспектывы у гэтага роду войскаў?

— Кіраўніцтвам дзяржавы, Міністэрствам абароны надаецца самая пільная ўвага развіццю ракетных войскаў і артылерыі. На першым плане — павышэнне баявых магчымасцяў. Частка мерапрыемстваў у гэтым напрамку выканана: мы атрымалі і асвоілі АТРК «Іскандэр», пастаўлена ў войскі сучасная РСЗА В-300РК «Паланэз-М», завяршаецца мадэрнізацыя В-200 «Паланэз». З атрыманнем гэтых комплексаў значна пашырыўся спектр задач, якія выконваюцца ракетнымі войскамі. Акрамя гэтага, удасканальваецца структура ракетных войскаў. Цяпер ва Узброеных Сілах прапрацоўваецца пытанне аб аснашчэнні комплексамі В-200 «Паланэз» аператыўныя аб’яднанні.

У інтарэсах ракетных войскаў распрацоўваюцца сучасныя сродкі топагеадэзічнай прывязкі стартавых пазіцый. Адзін з прыярытэтных напрамкаў — развіццё сістэмы контрбатарэйнай барацьбы. Прадпрыемствамі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта вядзецца работа па стварэнні ўласнай сучаснай радыёлакацыйнай станцыі разведкі страляючых гармат. Артылерыйскія падраздзяленні актыўна абсталёўваюцца беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі як самалётнага, так і мультыратарнага тыпу. Развіваюцца сучасныя сістэмы кіравання на аснове правадной і лічбавай радыёсувязі і інтэрнету. Праходзіць выпрабаванні і плануецца да прыняцця на ўзбраенне комплекс сродкаў аўтаматызацыі і кіравання агнём самаходных артылерыйскіх гармат. Адзін з важных напрамкаў — мадэрнізацыя комплексаў і сістэм ракетна-артылерыйскага ўзбраення. Праводзіцца капітальны рамонт БМ-21 з мадэрнізацыяй да ўзроўню БМ-21А «Белград», самаходнай гарматы 2С5, самаходнай гаўбіцы 2С3М, працягваецца серыйная мадэрнізацыя комплексу камандзірскіх машын кіравання 1В12. Знаходзіцца ў доследнай эксплуатацыі мадэрнізаваная рэактыўная сістэма залпавага агню «Ураган» з дызельнымі рухавікамі вытворчасці Мінскага маторнага завода.

— Вы ўзгадалі новае аснашчэнне. Дадайце некалькі слоў аб ваеннай тэхніцы і ўзбраенні, якая ў апошні час паступіла на ўзбраенне воінскіх часцей ракетных войскаў і артылерыі…

— Несумненна, знакавай падзеяй адыходзячага года, стала паступленне на ўзбраенне ракетных войскаў і артылерыі АТРК «Іскандэр». Падраздзяленне, асабовы склад якога паспяхова прайшоў этапы падрыхтоўкі і асваення комплексу, па праве з’яўляецца нашым гонарам. Дзякуючы вялізнай рабоце, праведзенай прадпрыемствамі ДВПК мы атрымалі на ўзбраенне РСЗА «Паланэз-М», якая таксама паспяхова асвоена ракетчыкамі. Наяўнасць у ракетных войсках і артылерыі найноўшых ракетнага комплексу і рэактыўнай сістэмы залпавага агню значна ўзмацнілі агнявую моц і пашырылі магчымасці роду войскаў па нанясенні высокадакладных ракетных удараў на далёкасці да 500 кіламетраў, у тым ліку спецыяльнымі боепрыпасамі.

— Дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў для ракетных войскаў і артылерыі?

— Галоўнай кузняй афіцэрскіх кадраў для нас з’яўляецца Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, факультэт ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення. Важкі ўклад у падрыхтоўку артылерыстаў і ракетчыкаў уносяць ваенныя кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага, Віцебскага і Полацкага дзяржаўных універсітэтаў, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, якія ажыццяўляюць навучанне студэнтаў па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу і малодшых камандзіраў. Падрыхтоўка афіцэраў ракетчыкаў і артылерыстаў арганізавана ў Міхайлаўскай ваеннай артылерыйскай акадэміі Расійскай Федэрацыі, дзе навучэнне праходзіць па самых сучасных методыках, пад кіраўніцтвам выкладчыкаў, якія маюць баявы вопыт. Каб ісці ў нагу з часам, прафесарска-выкладчыцкім складам і афіцэрамі кіравання ракетных войскаў і артылерыі Генеральнага штаба пастаянна праводзіцца работа па перапрацоўцы і ўдакладненні праграм падрыхтоўкі для спецыялістаў. Непасрэдны ўдзел у гэтай рабоце прымаюць афіцэры артылерысты і ракетчыкі, якія праходзяць службу ў часцях і падраздзяленнях ракетных войскаў і артылерыі.

— Якім для ракетных войскаў і артылерыі стаў 2022/2023 навучальны год?

— З кожным годам інтэнсіўнасць баявой падрыхтоўкі артылерыстаў і ракетчыкаў толькі ўзрастае. Асваенне новых спосабаў вядзення баявых дзеянняў патрабуе ад усяго асабовага складу падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі глыбокай самааддачы, прафесіяналізму і веры ў сваю зброю. Камандана-штабныя вучэнні і трэніроўкі, якія праводзіліся, дазволілі нам павысіць зладжанасць штабоў і прафесійную падрыхтоўку службовых асоб органаў ваеннага кіравання і воінскіх часцей. Стваралася складаная і пастаянная зменлівая абстаноўка, максімальна набліжаная да ўмоў сучасных войнаў і ўзброеных канфліктаў, якая патрабавала ад камандзіраў і начальнікаў усіх узроўняў не толькі прыняцця нестандартных рашэнняў, але і праяўлення «ваеннай творчасці». Праведзеныя лагерныя зборы артылерыі і палявыя выхады ракетных частак дазволілі нам адпрацаваць новыя тактычныя прыёмы, пры гэтым вялікая ўвага надавалася дзеянням артылерыйскіх і ракетных падраздзяленняў на незнаёмай мясцовасці ва ўмовах пастаяннага ўздзеяння сродкаў паветранай разведкі ўмоўнага суперніка і ўздзеяння яго дыверсійна-разведвальных груп.

— Руслан Леанідавіч, якія ключавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі запланаваны ў наступным годзе?

— Будучы навучальны год — Год палявой вывучкі — будзе не менш напружаным для артылерыстаў і ракетчыкаў. Запланаваныя да правядзення камандна-штабныя вучэнні і трэніроўкі, кантрольныя і комплексныя заняткі па спецыяльнай падрыхтоўцы будуць накіраваны на павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў, удасканаленне зладжанасці падраздзяленняў. Галоўныя напрамкі ў баявой вучобе — выхаванне высокага маральнага духу, контрбатарэйная барацьба, навучанне аўтаномнасці дзеянняў батарэй (узводаў, гармат, баявых машын, узаемадзеянню з падраздзяленнямі беспілотных авіяцыйных комплексаў, выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў для кіравання, удасканаленне інжынернага абсталявання і маскіроўкі, навучанне правілам тактычнай медыцыны. Будуць праведзены штогадовыя спаборніцтвы па палявой вывучцы камандзіраў артылерыйскіх дывізіёнаў і батарэй. Праведзенае сёлета спаборніцтва на званне лепшага спецыяліста ракетных войскаў і артылерыі сярод салдат і сяржантаў пасля праведзенага аналізу даказала сваю эфектыўнасць, таму яно таксама стане традыцыйным. Знакавай падзеяй наступнага года стане правядзенне кантрольных заняткаў па спецыяльнай падрыхтоўцы з ракетнымі войскамі на адным з палігонаў Расійскай Федэрацыі. Вянцом будзе ўдзел артылерыстаў і ракетчыкаў у двухбаковым комплексным вучэнні Узброеных Сіл.

— У завяршэнне гутаркі павіншуем тых, хто звязаў свой лёс з ракетнымі войскамі і артылерыяй…

— Дзень ракетных войскаў і артылерыі прысвечаны выдатным подзвігам, мужнасці і ўкладу воінаў-артылерыстаў і ракетчыкаў у падтрымку бяспекі Рэспублікі Беларусь. Ракетныя войскі і артылерыя — гэта стрыжань абароны, надзейны агнявы шчыт нашай Радзімы. У кожным ваеннаслужачым нашага роду войскаў закладзена не толькі прафесійнае валоданне тэхнікай і сучаснымі тэхналогіямі, але і гатоўнасць служыць сваёй Радзіме ў любых умовах. Наша краіна можа ганарыцца тым, што ў яе ёсць такія моцныя, адданыя і навучаныя воіны. У гэты дзень выказваю словы падзякі ўсім, хто мае дачыненне да ракетных войскаў і артылерыі: нашым настаўнікам, ветэранам, дзеючым ваеннаслужачым і іх сем’ям за адданасць і сумленнае служэнне нашаму слаўнаму роду войскаў. Упэўнены, што кожны з вас адчувае гонар за сваю службу ў ракетных войсках і артылерыі. Са святам, дарагія воіны-ракетчыкі і артылерысты! Жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і далейшых поспехаў у абароне нашай Радзімы!

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.