Вы тут

Сёння стартаваў ХХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад 2023»


Сёння ўвечары стартаваў ХХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад 2023», урачыстае адкрыццё якога прайшло ў сталіцы і рэгіёнах нашай краіны. Напярэдадні адкрыцця кінафоруму прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і госці з іншых краін распавялі пра некаторыя дэталі свята, якое працягнецца да 24 лістапада.


Гасцей і ўдзельнікаў кінафестывалю прывітаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што «Беларусь на некалькі святочных дзён аб’яднае цэлую плеяду зорных і зусім маладых кінематаграфістаў, чыё мастацтва заснавана на высокіх ідэалах праўды і дабра — якасцях, якімі па праве славіцца наша дзяржава...»

— Сёння знакавы дзень для кінастудыі і для ўсёй краіны. Мы адкрываем наш фестываль. Я вельмі рады, што ён стаў працоўнай пляцоўкай не толькі для дэманстрацыі фільмаў конкурсных адбораў, але і пляцоўкай для падпісання дагавораў і пагадненняў аб далейшым супрацоўніцтве, — адзначыў генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Юрый Аляксей. — Напрыклад, плануем падпісаць пагадненне з Ігарам Угольнікавым аб вытворчасці мастацкага фільма «Бацька Мінай». Нашы сябры з  Кітая таксама прыехалі з прапановай аб сумеснай вытворчасці ігравой кінастужкі. Тэмай стане сяброўства нашых краін і народаў. Вяртаем на сёлетнім кінафестывалі і новы напрамак — кіно маладых. Сведчанне таму — фільм адкрыцця «Кіношнікі» Кірыла Халецкага. Чакаем і падтрымку, і крытыку.

Кінастужку госці і ўдзельнікі «Лістапада» пабачаць і ў конкурснай праграме «Кіно маладых». А пасля фільм з’явіцца ў шырокім пракаце. Сам рэжысёр напярэдадні прэм’еры адзначыў:

— Для ўсёй здымачнай групы і кінастудыі гэта вялікі гонар і адказнасць. Бо ўжо некалькі гадоў беларускае кіно не адкрывала фестываль, — зазначае Кірыл Халецкі. — Для нашай каманды гэта ўжо першая маленькая перамога. «Кіношнікі» — дэбют не толькі рэжысёрскі, а парадку 24 дэбютаў мы налічваем, дзе і аператары, і гукарэжысёры, і ўсе тыя, хто спрычыніліся да яго стварэння. Кіно заўсёды робіць каманда. Будзем чакаць рэакцыі на яго ад гледачоў і думаць пасля, ці рабіць працяг…

— Трэба згадаць і тых людзей, якія пачыналі некалі гэты цудоўны кінафестываль дваццаць дзевяць гадоў таму. Хочацца выказаць ім шчырую падзяку. Сярод іх — Валянціна Сцяпанава. Яна сваёй працай даказала, што фестываль павінен быць, і ён сёння існуе, — выказаўся старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў. — Наш Саюз кінематаграфістаў з вялікім задавальненнем дапамагае кінафестывалю. Ужо ў розныя рэгіёны паехалі нашы рэжысёры, акцёры, аператары, каб распавесці пра «Лістапад» і паказаць, што ён праходзіць не толькі ў Мінску, а ахапіў усю краіну. Яшчэ хачу сказаць пра тое, што сёння мы маем унікальную магчымасць збірацца ў цяжкі час, калі ў свеце ідуць войны, калі зло спрабуе падняць свае вочы і ўдарыць па нас, але нашы сэрцы, наша дабрата і наша павага да мастацтва дапамагаюць нам выстаяць.

Сёлета беларускіх гледачоў і гасцей кінафоруму чакаюць дзясяткі кінастужак з розных краін свету. Убачым фільмы з Беларусі, Расіі, Кітая, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Пакістана, Турцыі, Японіі і іншых краін. Напрыклад, Кітайская Народная Рэспубліка ў конкурсе ігравога кіно прадставіць фільм «Воін святла Месяца», а «Закаханыя матылькі», «Цёмны лес» у намінацыі «Кіно маладых» і карціну «Жыццё і смерць у Сікуне» ў намінацыі неігравога кіно.

— Найперш хацеў бы падзякаваць за магчымасць прысутнічаць тут, бо для нас гэта вялікі гонар. Кінафестываль «Лістапад» для нас — цудоўная платформа для таго, каб знайсці новых сяброў, наладзіць новыя кантакты, пазнаёміцца бліжэй з кінематографам Беларусі і іншых краін. Таксама гэта цудоўная платформа, каб пазнаёміць гледачоў з выбітнымі кінастужкамі Кітая, — заўважыў кітайскі акцёр кіно і тэлебачання прадзюсар Лэй Хань. — Мы спадзяёмся, што дзякуючы кінафестывалю «Лістапад» зможам не толькі пазнаёміцца з кінематографам адно аднаго, але і зрабіць крок у бок стварэння новых праектаў. І пазнаёміць у будучыні беларускага і сусветнага гледача з новымі і цікавымі кінастужкамі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.