Вы тут

Пісьменнікі і навукоўцы разважаюць пра Яўгенію Янішчыц


«Смерці ў Паэта няма — ёсць нараджэнне...»

Так калісьці пісала Яўгенія Янішчыц у вершы, прысвечаным Максіму Багдановічу.


Між тым з таго дня, калі Яўгеніі Іосіфаўны не стала, прайшло трыццаць пяць гадоў. А з яе дня нараджэння — семдзесят пяць. Адна з самых загадкавых і трагічных постацяў беларускай літаратуры па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі і чытачоў, і даследчыкаў. Мы папрасілі паразважаць пра постаць паэткі перад яе юбілеем вядомых літаратуразнаўцаў і пісьменнікаў, многія з якіх асабіста ведалі Яўгенію Іосіфаўну. У завочным круглым стале-апытанні ўдзельнічалі доктар філалагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Яўген Гарадніцкі, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Іван Штэйнер, доктар філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Рэспублікі Беларусь Ганна Кісліцына, доктар філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Святлана Калядка, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, перакладчык Анатоль Бутэвіч.

Як бы вы апісалі той вобраз паэткі Яўгеніі Янішчыц, які назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры? З якім настроем, пейзажам, мясцінай, мелодыяй, фарбамі, артэфактамі ён для вас асацыіруецца?

В. Шніп: «Палеская ластаўка» — так некаторыя, хто ведаў Яўгенію Янішчыц, называлі паэтку. Паэтычна, вобразна... Але Янішчыц для мяне не ластаўка. Ластаўкі да нас прылятаюць і адлятаюць. Янішчыц жа была, ёсць і будзе з намі. Яна Паэтка, яна працаўніца, яна беларуска. У вершы «Прыедзь у край мой ціхі...» Янішчыц запрашае ўсіх пабачыць хараство і самабытнасць палескіх краявідаў:

Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы,

Тут белыя бусліхі

І мудрыя лясы.

І я быў у родных мясцінах Яўгеніі Янішчыц. І чуў яе продкаў галасы, і бачыў белых бусліх і мудрыя лясы. І самае галоўнае — глядзеў на Ясельду, якая цячэ і цячэ ў сваіх берагах з вечнасці ў вечнасць. Паэзія Яўгеніі Янішчыц ад Ясельды, ад мудрых палескіх лясоў.
А. Бутэвіч: Калі вымаўляеш прозвішча «Янішчыц», яно абавязкова суправаджаецца яе паэтычнымі радкамі. Для мяне гэта:

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся 

ў хмельных травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая 

простая ява…

Нягледзячы на тое, што спаткаўся з імі вельмі і вельмі даўно — «Снежныя грамніцы», першая кніга Янішчыц, выйшла ажно ў 1970 годзе, калі мы разам з ёй вучыліся на чацвёртым курсе аддзялення беларускай мовы і літаратуры філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта тады яшчэ імя У. І. Леніна. Што праўда, пачуў я гэтыя выспеленыя чуллівай і чуйнай душой радкі студэнткі, адной са 130 на нашым амаль што дзявочым курсе, крыху раней за выхад кніжкі. Бо Жэня чытала сваё напісанае не толькі на філфакаўскіх ці нейкіх іншых мінскіх (і не толькі) паэтычных вечарах і сустрэчах, але і проста ў інтэрнаце на тагачаснай Паркавай магістралі, дзе мы жылі ўсе пяць гадоў вучобы. А то і мы, асабліва настырныя, жадаючы пацешыцца, часам пацвельваліся, звяртаючыся да Жэні яе ж радкамі. Прасілі: «Ты пакліч мяне. Пазаві», дадаючы: «Бо тады не заблудзімся ў хмельных травах. Ні мы, ні ты...»

Вось гэты менавіта настрой — шчырасці, даверлівасці, прыязнасці, праўдзівасці — асацыіруецца ў мяне з Жэняй Янішчыц.

Былі цяжкасці? А ў каго іх не было. Жэня прызнавалася: «Было ў жыцці маім зашмат благога. // І ўсё-ткі болей сонца і ўдач». Яна імкнулася не страшыць непамыснасцямі, каб не раніць ні паэтычным словам, ні сваім жыццём нікога-нікога. Уласным прыкладам яна намагалася заахвоціць іншых да сэнсу свайго прызнання: «Люблю цябе, адзіную, да скону. // Вясновая, вясковая зямля». Вясковасць, як найлепшы маральны стымул, праз усе яе зямныя дні натхняла, аберагала, рабіла больш справядлівымі і апраўданымі жыццёвыя будні. 

Я. Гарадніцкі: Адна справа — уявіць сабе вобраз аўтара паводле ўражанняў ад прачытаных твораў, і зусім іншая — пабачыць яго на свае вочы, вось тут, зусім побач.

Калі прыгадваю Яўгенію Янішчыц, у маім уяўленні зліваюцца абодва вобразы: і той, кананічны ўжо вобраз акрыленай і ўзнёслай паэтэсы, па-жаноцку трапяткі і кранальны, і той аддалены гадамі, але ўсё ж па-ранейшаму выразна акрэслены, з якім звязаны асабістыя ўспаміны. Пабачыў яе ўпершыню на сцэне ў актавай зале філфака БДУ, што месціўся тады на вуліцы Чырвонаармейскай. Чыталі свае вершы філфакаўскія паэты, сярод якіх была і Янішчыц, на той час ужо вядомая і прызнаная паэтэса.

Вылучалася яна з шэрагу іншых выступоўцаў, вядома, і гэтай сваёй набытай славай, але таксама і мяккай, задушэўнай манерай чытання, нейкай вельмі натуральнай узнёсласцю інтанацыі. Голас — гэта якраз тое, што найбольш помніцца і кранае ў творчым абліччы Янішчыц.

У адным з ранніх вершаў Янішчыц, прысвечаным Міколу Сурначову, паэту, што загінуў на вайне, вобраз паэта не абмаляваны цалкам, а толькі лунае яго голас:

«Хачу паслухаць 

цішыню!» —

Удаль імчаўся голас звонкі

І падаў глуха, як сасонка,

Аддаўшы птушкам 

вышыню.

Як бы і пра сябе сказана паэтэсай гэтымі радкамі.

Г. Кісліцына: Мне здаецца, што вобраз паэткі-птушкі, якая і смерць сваю знайшла ў палёце, найбольш ёй пасуе. Яна сама яго выбрала, выбудавала, правяла праз усю творчасць, то не нам яго мяняць. Часта праходжу міма дома на Ульянаўскай, дзе яна жыла, дзе бачыла ў ваконным прагале свайго Чорнага чалавека. Але для мяне гэтае паэтычна-гістарычнае месца ў цэнтры Мінска — светлае, сталічнае і поўнае настальгіі.

І. Штэйнер: Я зямляк паэтэсы, нарадзіўся ў суседнім Столінскім раёне тады яшчэ Пінскай вобласці. Менавіта тут прымае Прыпяць, што злілася з яе роднай Ясельдай, воды маёй Гарыні. Бурлівасць апошняй паэтэса апісала ў вершы пра паводку ў Давыд-Гарадку. Прырода ў нас падобная, краявіды пазнавальныя, менавіта таму ўспрымаю яе паэзію як блізкую, родную, дарагую. Усюды цытую яе крылатыя словы — «Беларусь з Палесся пачынаецца». Хоць гаворка майго сяла крыху адрозная, таксама часта згадваю яе словы пра адзіны нетаропкі палескі гаварок, што ўліваецца ў агульную плынь стыхіі роднай мовы.

С. Калядка: Беларуская чуйная, адухоўленая, дзівосная, «непрыручаная», светлая, лірычная, пранізлівая, душэўная, шчырая, шчымлівая, зажураная, летуценная, самотная, скрушная, безабаронная, «параненая», самаахвярная, высакародная жанчына і паэтэса. Гэтымі азначэннямі я неаднойчы характарызавала талент Яўгеніі Янішчыц. Таму што таленавіты паэт, як сапраўдны брыльянт, у сваіх творах зіхаціць рознымі гранямі. Так, мы можам вылучыць эмацыянальную дамінанту ў творчасці паэтэсы — але яна будзе адрознівацца ў Жэні-студэнткі і Яўгеніі — лаўрэата дзяржаўных прэмій.

Вобраз паэткі? Мне падаецца, Яўгенія Янішчыц не стварала вобразаў сябе, яна «выдыхвала вершы», і да апошніх дзён працягваўся гэты «сэрцаразрыў» у самавыспяванні. Яе лірычная песня ў мяне асацыіруюецца са светлай тужлівай і пры гэтым жыццядайнай мелодыяй, якую яна раздарыла творам дарэшты.

Якія самыя адметныя асабістыя ўспаміны ў вас звязаныя з Яўгеніяй Янішчыц і знаёмствам з яе творчасцю?

Я. Гарадніцкі: Было гэта на мяжы 1970-х — 1980-х гадоў. Паўстала тады такая завядзёнка: на сходзе секцыі паэзіі ў Саюзе пісьменнікаў штогод выступалі крытыкі, якім даручалася падрыхтаваць даклад пра вынікі мінулага паэтычнага года. Звярнуліся і да мяне з такой прапановай, што, вядома, не магло не ўскружыць голаў маладому чалавеку, які толькі пачынаў асвойвацца на літаратурна-крытычным палетку. Вырашыў выказацца гранічна крытычна пра стан сучаснай паэзіі, не зважаючы на «рангі і званні». Сваім выступленнем дасягнуў толькі аднаго: узбудзіў супраць сябе ўсю паэтычную «раць». Непарушна-спакойным заставаўся хіба Максім Танк. А Янішчыц, якой таксама дасталася за тое, што, як лічыў дакладчык, паэзія яе на новым этапе страціла штосьці ад ранейшай непасрэднасці, змаўчала, ды толькі не змагла схаваць ледзь прамільгнуўшую на твары грымасу болю. Вось такі зусім неюбілейны, асабісты ўспамін застаўся ў мяне, які і дагэтуль не дае спакою. Цяпер я разумею, што быў тады несправядлівым.

В. Шніп: У 1983 годзе Яўгенія Янішчыц становіцца загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць», дзе я на той час ужо некалькі разоў друкаваўся. Мне пашчасціла прыносіць свае новыя вершы Яўгеніі Іосіфаўне і чуць ад яе парады. І я магу яе называць сваёй настаўніцай у літаратуры. І калі мне было сумна, я чытаў вершы Янішчыц, і ажываў душой, і пісаў сваё. У 1988 годзе Яўгеніі Іосіфаўне далі новую кватэру. Я быў адным з тых, хто дапамагаў ёй пераязджаць з Ульянаўскай на Старажоўскую. І не магу па сёння забыцца, як тады, калі мы ўсё перанеслі з машыны ў кватэру, яна сказала, што ўсіх хутка нас зноў збярэ. 

І сабрала на сваё пахаванне…

А. Бутэвіч: Вядома ж, найперш студэнцкія гады — з 1966-га да 1971-га. Яна была адной з тых асоб, хто рабіў наша студэнцкае жыццё непаўторным, а прывыканне да Мінска больш спакойным і не абцяжараным сумам, тугой. Бо час тады быў і сапраўды больш разняволены, насычаны паэтычнымі эмоцыямі, спадзевам на шчаслівае жыццё. Гэткі настрой падтрымліваў і філфак сваімі таксама непаўторнымі выкладчыкамі і гэткімі ж непаўторна таленавітымі студэнтамі. Алесь Разанаў, Віктар Ярац, Яўген Хвалей, Генадзь Пашкоў, Лена Руцкая, Таццяна Шамякіна, Людміла Карпава, Таццяна Пшыркова, напачатку нашай вучобы — дочкі Пімена Панчанкі і Міхася Калачынскага. Дык гэта толькі на нашым курсе. Надпіс на кнізе з выразнай назваю «Пара любові і жалю»: «Маім ніколі не старэючым аднакурснікам — Толі і Таісе Бутэвічам — з пажаданнем радасці, светлыні і магутнай цярплівасці ў гэтым спешным, трывожным і ўсё-ткі — цудоўным! жыцці».

Заўважце — і праз гады, праз жыццёвы часабег не зніклі з яе лексікону ні светлае сонца, ні проста светлыня, ні разуменне складанасці жыцця.

Г. Кісліцына: Я расла ў літаратуразнаўчай сям’і, мама сябравала шмат з кім з літаратурнай тусоўкі 1970–1980-х, у тым ліку — і з атачэння Яўгеніі Янішчыц. І я з дзяцінства помню, як маме званілі і скардзіліся на перамены ў яе настроі, на тое, што яна перыядычна станавілася недасягальнай да сябровак зоркай, якая напрамкі казала пра свой вышэйшы статус, бо з маладых гадоў набыла не толькі вядомасць і любоў, але і месца ў прэзідыумах. І ў Янішчыц хапае такіх вершаў, напісаных з пазіцый жанчыны-трыбуны, якая разважае на грамадска-палітычныя тэмы. Але любім мы яе не за гэта.

І. Штэйнер: У 1970 годзе я стаў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ. Яўгенія Янішчыц, якая вучылася на 5-м курсе, ужо мела ўласны зборнік вершаў, што па тых часах, калі выдавецтвы мелі пяцігадовыя планы, было ненавуковай фантастыкай. Мы, жаўтаротыя пачаткоўцы — мне яшчэ не споўнілася 17 гадоў, глядзелі на яе як на жывога класіка. Мае аднакурсніцы, будучыя філалагіні, амаль кожная з якіх жыла паэзіяй, з замілаваннем і нязменнай надзеяй паўтаралі: «Ты пакліч мяне, пазаві, там заблудзімся ў хмельных травах». Моладзь была ўпэўнена, што на гэтым свеце «пачынаецца ўсё з любові». Нават самая простая ява.

С. Калядка: На жаль, асабіста з Яўгеніяй Іосіфаўнай я не была знаёма. Але калісьці па прапанове акадэміка Уладзіміра Гніламёдава ўзяла ў бібліятэцы ўсе яе паэтычныя зборнікі і... не змагла спыніцца, чытаючы старонку за старонкай. І гэта сталася не проста прадметам майго дысертацыйнага даследавання, але і тэмай усяго навуковага жыцця.

Пра постаць Яўгеніі Янішчыц звычайна кажуць «трагічная». У чым была трагедыя паэткі?

А. Бутэвіч: Напэўна, чулае і трапяткое сэрца Жэні не магло быць спакойным і безуважным да навакольнага свету хоць бы на дзень. Рознае бывала і ў жыццёвым лёсе Жэні. Так, і ў яе вершах адчувалася трывога. І мо найперш трывога не за сябе, а за той няпросты і вірлівы свет, які яе акаляў. Мо давала пра сябе знаць і тое, што Жэня заўсёды і назаўсёды заставалася вясковым дзіцём. Нават у Мінску, нават на сесіі ААН. Не дадавалі спакою і розныя адносіны да яе розных людзей. Мо і гэта падштурхнула да засведчання: «Я непрыручанаю птушкай // Жыву між сполахаў і дрэў». Так, туга нязводна жыве ў яе творах. 

Аднак я ўсё ж такі не стаў бы прывязваць да яе лёсу адназначнае слова «трагічны». Яна сама прызнавалася, што «па свеце птушкай» лётае, што «я ўся — такая шчаслівая!» Яе прыродную ўсмешлівасць не магло сцерці з твару нішто і ніколі. Яна ўмела падахвочваць да добрага іншых. Паглядзіце на яе фота. На іх яна — заўсёды ўсмешлівая, акрыленая, узнёслая.

Я. Гарадніцкі: У Анатоля Сербантовіча, паэта, які памёр маладым, ёсць радкі: «Складаецца з трагедый чалавечых // Вялікая трагедыя жыцця». Жыццё не было б, напэўна, жыццём, каб не ўключала ў сябе і трагічнасць. Тое ж можна сказаць і пра паэзію як найбольш чуйны да ўсіх жыццёвых праяў «орган адчуванняў». Ці магло па-іншаму скласціся жыццё паэтэсы, больш роўным і прадказальным? Патэнцыяльна, мабыць, магло б. Тады б з яе твораў паўставала зусім іншая Яўгенія Янішчыц.

В. Шніп: Трагедыя Янішчыц была ў тым, што яна, відаць, востра адчувала, што ёй лёсам дадзена пражыць нямнога. І кожны яе твор — гэта не толькі прызнанне ў любові да ўсяго роднага, беларускага, а развітанне з усім, што побач.

Г. Кісліцына: Не хочацца разважаць пра хваробы, тым больш што я не надта люблю біяграфічны метад пры разглядзе любой творчасці. Але мне здаецца, што трагізм Янішчыц быў звязаны з часам, у які яна з’явілася. Лірыку, які напісаў выдатныя вершы пра каханне, давялося жыць у часы, калі цаніўся перш за ўсё грамадзянскі пафас і ўменне адлюстроўваць палітычны момант.

І. Штэйнер: Трагедыя ў тым, што нарадзілася Асобай з надзвычай абвостраным успрыманнем слова і разуменнем свету. Такая доля ўсіх сапраўдных паэтаў. Янка Купала пісаў пра разлад, што панаваў у яго свядомасці, — ніяк не мог паяднаць тое, што бачыў навокал, з тым, што прачытаў у кнігах. Вірджынія Вульф казала, што калі народзіцца жанчына з талентам Шэкспіра, то яна ніколі не знойдзе шчасця ў жыцці і падтрымкі грамадства, таму хутчэй за ўсё скончыць жыццё самагубствам. І гэтыя высновы слушныя, бо сама англійская пісьменніца сцвердзіла іх уласнай трагедыяй, калі кінулася ў рэчку. Згадваецца і цвятаеўскі папрок Богу, які, як сапраўдны мужчына, не разумее зямной жанчыны. І ў якасці суцяшэння для нас працытуем словы яе земляка і аднакурсніка Алеся Разанава: «Паэты паміраюць маладымі — гэта хутчэй запавет, чым канстатаванне, не так пра фізічную смерць, як пра неабходнасць пераўзыходзіць дасягнутае, сваё цвіценне, самога сябе ўчарашняга».

С. Калядка: У дачыненні да Яўгеніі Янішчыц мы можам гаварыць пра трагічнага аўтара-эматыва, што сфарміраваўся ў эпіцэнтры горкіх, балючых, вельмі асабістых падзей, якія не маглі не паўплываць на зломы свядомасці, самаацэнку, на з’яўленне трагічнага фокусу ў адлюстраванні жыцця. І гэта не канстанта яе творчай асобы, а асаблівы тып выяўлення лірычнага «я» ў апошнія гады. 

Але завастраць увагу на трагічным тыпе светаўспрыняцця і не заўважаць аптымістычна-сузіральны ў ранняй паэзіі, уражальна-пазнавальны ў другім-трэцім зборніку, драматычна-рэфлексіўны ў апошніх кнігах будзе няправільна.

Акрамя вершаў і паэм, Яўгенія Янішчыц пісала прозу. Як вы расцэньваеце яе празаічныя спробы, наколькі яна магла б здзейсніцца як празаік?

І. Штэйнер: Даволі скептычна. Некалі Алесь Адамовіч называў паэму «Новая зямля» паэтычным вярхоўем беларускай прозы: так нараджаецца літаратура, так нараджаецца звычайна і пісьменнік. Ад лірыкі пераходзяць да прозы, юнацкае захапленне і эмоцыі саступаюць роздуму і развазе. Аднак у большасці выпадкаў паэты застаюцца нязменнымі, нават калі пераходзяць на служэнне да эпікі. Таму ў нашым выпадку з’явіліся б новыя ўзоры лірычнай прозы. Не самай горшай, бо Яўгенія Іосіфаўна вылучалася шчырасцю, бескампраміснасцю, філасафічнасцю... Але каму патрэбна лірыка ў наш час? 

А. Бутэвіч: Магла б. Несумненна, магла б. Яе проза таксама нязвыклая, арыгінальная. Проста — Жэніна. Але... Я больш адэкватна ўспрымаю яе паэзію. Слова празаічнае таксама ёмістае, але паэзія патрабуе большай скандэнсаванасці, засяроджанасці, калі хочаце, назіральнасці. Не ўсім аднолькава ўдаецца быць лідарам і ў паэзіі, і ў прозе. Ніякім чынам не адмаўляючы Жэні ў праве стаць — і быць — празаікам, я жыву з яе паэзіяй.

Я. Гарадніцкі: Час-часам «заходзіць на дзялянку» прозы — натуральная для любога паэта з’ява. Ёсць нават і такое азначэнне: проза паэта (паэтэсы). Для Янішчыц гэта стала апрабаваннем новых магчымасцяў слова. Для нас, чытачоў, адкрываюцца, дзякуючы іншаму наратыву, нейкія новыя грані светасузірання паэтэсы. 

В. Шніп: Рана ці позна амаль усе паэты спрабуюць пісаць прозу. А на той час, калі Янішчыц была ў поўным росквіце таленту, яна не магла не паспрабаваць сябе ў прозе. Тады для ўсіх быў цудоўны прыклад Уладзіміра Караткевіча, які, стаўшы вядомым паэтам, стаў яшчэ больш вядомы як празаік. 

Думаю, што Янішчыц, калі б жыла да сёння, усё ж была б паэткай, якая час ад часу піша апавяданні.

Г. Кісліцына: Для мяне паэтычны радок Янішчыц — гэта перш за ўсё гучанне, нота, а не сэнс. «Над цёмначчу раскрыленых дзвярэй, // У цішыні сталічнага квартала — // А мы маглі б сустрэцца і раней... // Ты не аклікнуў. Я — не пагукала». 

С. Калядка: Першым было апублікавана апавяданне Жэні Янішчыц «На памяць», якое датавалася 1965 годам, а затым кароценькія нататкі і замалёўкі ў раённай «Полесской правде» ў 1966 г. Пазней, амаль праз 20 гадоў, на працягу апошніх пяці гадоў жыцця ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’яўляецца 12 апавяданняў. Гэтыя творы пра гаротны жаночы лёс, пра адказнасць за памылкі маладосці, пра адзіноту, пра руплівага працаўніка... І іх аб’ядноўвае ўсё тая ж любоў да чалавека, якая праходзіць праз усю творчасць Яўгеніі Янішчыц. Яе апавяданні — лірычная проза, угрунтаваная на псіхалагічным паглыбленні ва ўнутраны стан чалавека, і гэта была сур’ёзная заяўка на тое, каб здзейсніцца ў ролі празаіка.

З цягам часу пра кожную гістарычную персону ўзнікае ўсё болей чутак і міфаў, а нешта рэальнае забываецца. Якія міфы пра Яўгенію Янішчыц падаюцца вам вартымі захавання, а якія трэба адкінуць?

А. Бутэвіч: Я шмат у чым бачыў, адчуваў і разумеў рэальнае Жэніна жыццё. А міфы... Яны бясконцыя і самаўзнаўляльныя.

Я. Гарадніцкі: Варта адрозніваць паняцці міф і міфалагізацыя. Мяркую, што да Янішчыц больш стасуецца акурат другое слова — міфалагізацыя. Пра яе столькі напісана — і артыкулаў, і ўспамінаў, і вершаў — колькі наўрад ці пра каго іншага з яе пакалення. Зраблю, аднак, невялічкую рэмарку: часам празмерная міфалагізацыя як бы замяняе сабой патрэбу непасрэднага і падрабязнага знаёмства з той з’явай, якая міфалагізуецца. Спадзяюся, што гэта не пра Янішчыц.

В. Шніп: Міфаў пра Янішчыц не ведаю. А дробныя чуткі, якія ў свой час былі пушчаны пра Янішчыц некаторымі зайздроснікамі ў пісьменніцкі і чытацкі асяродкі, паступова знікаюць. Мяне б цешыў міф, калі б нехта сказаў, што Янішчыц перад смерцю падрыхтавала рукапіс новай кнігі вершаў і здала яго на захаванне ў архіў з просьбай абнародаваць яго ў 2028 годзе, калі паэтцы споўніцца 80 гадоў з дня нараджэння і 40 з дня смерці.

Г. Кісліцына: Прызнаюся, мне цяжка пэўна сказаць — дзе праўда? Дзе міф? Для чытачоў важныя вершы, а не біяграфіі, якія, насамрэч, рэдка прасвятляюць паэтычныя радкі. Мне здаецца, паэзію Янішчыц больш тлумачаць яе фотаздымкі, на якіх яна заўсёды сонечная, узнёслая, заўсёды быццам бы закаханая. Я не хачу ніякай іншай Янішчыц!

І. Штэйнер: Міфы пра пісьменнікаў трэба падтрымліваць, распаўсюджваць, а калі іх мала або зусім няма — самому ствараць. Літаратура становіцца сапраўднай, калі абрастае легендамі, показкамі, анекдотамі, нават плёткамі. Хопіць уяўляць, што паэзія творыцца анёламі і херувімамі. Без міфаў няма мастацтва слова. Узор — Караткевіч і яго сябра Адам Мальдзіс. Мне найбольш імпануе легенда пра тое, што дом, які стаў апошнім для паэтэсы, пабудаваны на месцы былых могілак, дзе была нібыта пахавана Марыя Мнішак.

С. Калядка: Тэндэнцыя сённяшняга дня — знайсці ў лёсе пісьменніка цікавыя факты і з іх скласці яго жыццяпіс, а затым гэта пераўтвараецца ў легенды, міфы, паданні... А вось зрабіць аналіз вершаў па-новаму, цікава інтэрпрэтаваць, здавалася б, добра вядомыя творы часта забываюць ці не ўмеюць. А шкада, таму што не міфалагемы жыцця, а трапнае, шчырае паэтычнае слова вартае захавання і мноства прачытанняў. 

Чым прыцягвае творчая спадчына Яўгеніі Янішчыц, чаму яна не старэе?

А. Бутэвіч: Сваёй непаўторнасцю, праўдзівымі адчуваннямі, якія нарадзіла сэрца. А сэрца не памыляецца. І не старэе. А паэзія? Яна таксама вечная. Калі сапраўдная. У Жэні Янішчыц — менавіта такая. 

І нават насуперак яе прызнанню: «Не шукаю гаманлівай славы». 

Я. Гарадніцкі: За скупа адпушчаны лёсам час Янішчыц прайшла як паэтэса вялікі шлях. Лірыка асабістых перажыванняў дапаўнялася эпічнай разгорнутасцю дыялогу са светам. Рамантычна-ўзнёслае прыманне жыцця ўскладнялася трагедыйна-абвостраным яго ўспрыманнем.

Для мяне найбольш прывабнай у яе творчасці застаецца ўсё ж юначая памкнёнасць яе ранняй лірыкі ў неабсяжнасць, наіўны давер да свету, заснаваны на любові.

В. Шніп: Яўгенія Янішчыц заўсёды будзе сучаснай, бо тая драматургія, якая прысутнічае ў яе творах, не прыдуманая, а перажытая.

Г. Кісліцына: Як вядома, Купідон — бог кахання — мае выгляд дзіцяці, якое не становіцца дарослым і не старэе. Натуральна, гэтак жа не старэюць і вершы пра каханне! Творчасць Янішчыц будзе запатрабаваная ў людзей, заангажаваных у нацыянальную культуру, пакуль крылаты хлопчык раскідвае свае залатыя стрэлы і гучыць беларуская мова.

С. Калядка: У наш няпросты тлумны час выпрабаванняў духоўнасці, чалавечай душэўнасці рука цягнецца да кніг, у якіх гэтыя паняцці не толькі ў аснове ідэйна-тэматычнага зместу, але і ў сутнасці аўтарскага самавыяўлення — калі «зноў кіпіць, бунтуе кожны нерв» і
абуджае розум і душу. 

Яўгеніі Янішчыц было дадзена паэтычным словам ірваць сэрца на шматкі, і, нягледзячы на драматычныя ноткі ў шматлікіх лірычных медытацыях, светлыня перамагла і працягвае падсвечваць сцяжынкі да Дабра многім пакаленням чытачоў.

І. Штэйнер: Яна жывая.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Івана ШТЭЙНЕРА

Загаловак у газеце: «Аддаўшы птушкам вышыню...»


Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.