Вы тут

Участковы: Не прафесія, а прызванне


Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць участковыя інспектары міліцыі — першыя людзі, якія знаходзяцца на перадавой па выкараненні правапарушэнняў і злачынстваў. Сёлета для іх 17 лістапада — дата удвая святочная, бо службе спаўняецца 100 гадоў. За цэлы век змяніліся формы і метады работы, з’явіліся новыя інструменты для раскрыцця спраў, але нязменным засталося адно — бездакорнае служэнне людзям і радзіме. Сярод тых, хто дзень за днём заступае на варту нашага спакою — участковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Віцебскага райвыканкама старшы лейтэнант міліцыі Арцём Прыходзька. 


Быць патрэбным людзям

Участковы працуе ў АУС ужо чацвёрты год. Звязаць сваё жыццё з галіной правааховы хацеў яшчэ з юнацтва, быў перад вачыма і прафесійны прыклад дзядзькі, які працаваў кінолагам у Дэпартаменце аховы. Больш вабілі хлопца не пагоны з запаветнымі бліскучымі зорачкамі, а жаданне быць у гушчы падзей, дапамагаць людзям у вырашэнні складаных жыццёвых сітуацый. Тады яшчэ юнацкую мару прыйшлося адкласці, Арцём атрымаў вышэйшую адукацыю па інжынерна-будаўнічай спецыяльнасці, але праз некалькі гадоў усё ж такі вярнуўся да сваіх планаў. 

У верасні 2020 года быў накіраваны ў Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС, тры месяцы ў рэжыме нон-стоп асвойваў новую прафесію. Арцём Яўгенавіч успамінае той час з цёплымі эмоцыямі, але, прызнаецца, увайсці ў каляіну было няпроста. Тактыка-спецыяльная, фізічная падрыхтоўкі, вялікі аб’ём складанай інфармацыі — у ЦПК малады чалавек схуднеў на 15 кілаграмаў, але гэта толькі загартавала ўчастковага. 

20 снежня 2020 года прапаршчык заступіў на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі па Лятчанскаму сельскаму савету, які з’яўляецца адным з найбуйнейшых у раёне. Сам Прыходзька родам з аграгарадка Ноўка, які таксама знаходзіцца ў Віцебскім раёне, таму прыказка «дзе нарадзіўся — там і згадзіўся» як нельга ўдала лягла на прафесійны летапіс міліцыянера. «У пачатку было складана, тэорыя, якую мы вывучалі ў Мінску, значна адрознівалася ад рэальнасці. Жыццёвыя сітуацыі часам складваюцца нечакана, кожная дробная дэталь можа крута павярнуць ход падзеі, таму пільнасць і адказнасць сталі для мяне двума падмуркамі, на якіх я пачаў будаваць сваю работу. Значную падтрымку і дапамогу на першых парах мне аказваў мой напарнік па сельсавеце, за што я і цяпер яму ўдзячны», — успамінае герой. 

Дагэтуль памятае ўчастковы адно з першых сваіх заданняў: трэба было выканаць даручэнне следчага па правядзенні падворнага абходу ў адным з населеных пунктаў з мэтай устанаўлення сведкаў і відавочцаў злачынства. «Тады ў мяне яшчэ не было нават пасведчання, толькі даведка, што я сапраўдны новы ўчастковы. Зіма, цямнела ўжо ў чатыры гадзіны вечара, людзі ў вёсцы клаліся спаць у шэсць. А я стукаўся ў вокны, паказваў бумажку і імкнуўся сабраць інфармацыю. Некаторыя не верылі і гаварылі, што па начах міліцыянеры не ходзяць, хтосьці наадварот актыўна ішоў на кантакт. На тым заданні абыйшоў 150 дамоў, пазнаёміўся з насельніцтвам свайго сельсавета. Зараз, вядома, гэта ўспамінаецца з усмешкай, а тады, не ведаючы кантынгенту, было крыху боязна». 

Як і кожнаму спецыялісту, які толькі пачынае рабіць першыя крокі ў прафесіі, Арцёму Яўгенавічу давялося сутыкнуцца з чалавечай недаверлівасцю, параўнаннямі з былым участковым, але трэба было правільна сябе паставіць. І маладому чалавеку гэта ўдалося. За тры гады работы на ўчастку ён змог заслужыць давер насельніцтва, і людзі ведаюць, што тэлефон міліцыянера заўсёды даступны і ноччу, і днём. Звярнуцца да праваахоўніка адзін на адзін можна кожную сераду ў будынку сельсавета падчас правядзення прыёму грамадзян.

Зараз Прыходзька абслугоўвае 12 населеных пунктаў Лятчанскага сельскага савета. Вялікі дачны масіў дыктуе характэрныя праблемы: спрэчкі паміж членамі садовых таварыстваў, крадзяжы ў вясенне-асенні перыяд, сямейна-бытавыя канфлікты. Акрамя гэтага, значны пласт работы прыходзіцца на кантроль за выкананнем асобамі, якія абавязаны кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей. Зверх гэтага дзяжурствы, прафілактычныя мерапрыемствы — адным словам, сядзець у кабінеце за паперамі моцна не даводзіцца, хаця і вядзенне дакументацыі займае значную нішу ў працоўным раскладзе ўчастковага. «Ведаеце, а гэты тэмп мне і падабаецца. Пакуль малады, пастаянны рух дазваляе быць у тонусе, на перадавой жыццёвых падзей. Часам сям’я амаль не бачыць мяне дома, аднак, абіраючы такую прафесію, я быў маральна падрыхтаваны», — дзеліцца Арцём. 

Пра смерць і ...брагу

Напэўна, кожны міліцыянер за гады сваёй службы назбіраў нямала незвычайных, а часам і жахлівых гісторый. На першым дзяжурстве ў складзе групы хуткага рэагавання Арцём Яўгенавіч адразу сутыкнуўся са смерцю. Тады яшчэ з мэтай навучання маладога чалавека паставілі ў пару са старшым участковым, удваіх прыехалі на выклік. Памерла старая жанчына, праваахоўнікі прыбылі на месца, каб апытаць блізкіх і суседзяў на прадмет гвалтоўнай смерці. Жанчына ляжала на жываце, а калі яе перавярнулі з мэтай агляду, міліцыянерам адкрылася страшнае відовішча: замест твару была сіняя роўная плоскасць. Потым аператыўнікі выявілі, што ў грамадзянкі спынілася сэрца, і яна з вышыні росту ўпала на падлогу, у сувязі з чым нос дэфармаваўся і твар стаў роўным. 

У другі раз участковы вёў справу, у якой жанчына пасварылася з братам, а той да прыезду праваахоўнікаў пайшоў з хаты. Пайшоў і знік, на працягу некалькіх тыдняў мужчыну шукалі, а пасля абвясцілі зніклым без вестак. Праз некалькі месяцаў падчас правядзення асенніх палявых работ механізатары знайшлі на полі цела, па знешніх прыкметах было ўстаноўлена, што гэта той самы чалавек. Цела знаходзілася ў стадыі раскладання, вачэй і твару амаль не было — выдзяўблі птушкі. Следства ўстанавіла, што чалавек заснуў і замёрз.
«Якія эмоцыі вы адчуваеце, прыязджаючы на такія выклікі?», — пытаюся я ў міліцыянера. «Мне не страшна і ніколі не было страшна. Магчыма, я быў падрыхтаваны да такіх выпадкаў, бо смерць, як і жыццё — заканамерныя працэсы. Складаней у такія моманты мець зносіны з блізкімі, бо боль і адчай людзей праходзяць непасрэдна праз цябе», — расказвае герой. 

Але ёсць у праваахоўніка і камічныя гісторыі. Так, летам мужчына зрабіў паведамленне, што з яго дачнага ўчастку выкралі брагу, прычым заяўнік у яркіх фарбах распісаў з чаго і як ён яе рабіў. Пасля правядзення ўчастковымі агляду, у мужчыны былі знойдзены і канфіскаваны самагонны аппарат і новая партыя брагі. Атрымалася, што грамадзянін сам таго не ведаючы прыцягнуў на сябе адміністрацыйную адказнасць. 

На адной з раённых заправак кампанія маладых людзей выкрала жвачкі на суму каля 200 рублёў. Работнікі станцыі звярнуліся да ўчастковага, па камерах відэаназірання злачынцы былі зафіксаваны. З мэтай ухапіць адрэналіну яшчэ раз і з поўнай упэўненасцю ў беспакаранасці моладзь у тым жа складзе вярнулася зноў, іх пазналі работнікі і націснулі трывожную кнопку. Праз некалькі хвілін злачынцы былі затрыманы. 

Успамінае Прыходзька, як дзякуючы пільнасці ўдалося злавіць банду злодзеяў, якія здзяйснялі рабаванні ў адным з дачных пасёлкаў. У рамках падворнага абходу з мэтай збору інфармацыі людзі звярнулі ўвагу міліцыянера на тое, што ў закінутым доме стаў з’яўляцца невядомы мужчына. Участковы перадаў звесткі вышуку, і аператыўнікі ўстанавілі, што адзін з бандытаў там рэгулярна начаваў і захоўваў крадзеную маёмасць, за што пасля прызнаў віну. «Гэта гісторыя — яшчэ адно пацверджанне таго, што ўчастковы міліцыянер павінен як мага больш мець зносіны з насельніцтвам на сваім участку. Калі ўжо добра ведаеш мясцовых людзей, хто на што здольны, то злачынствы можна папярэдзіць», — рэзюмуе старшы лейтэнант. 

Пад нумарам 13

Нягледзячы на тое, што графік у Арцём Яўгенавіча ненармаваны, ён знаходзіць час і сілы для душэўнай адтуліны, чым для маладога чалавека з’яўляецца футбол. На полі, прызнаецца герой, можна адпачыць і душой, і целам, забыцца на негатыўныя моманты, якіх у гэтай нялёгкай прафесіі хапае. 

Футболам Прыходзька захапляецца з першага класа, калі ў 2004 годзе ўпершыню прыйшоў у школьную секцыю. Потым хлопец гуляў у складзе футбольнага клуба «Дзвіна», выступаў за зборную факультэта, пакуль вучыўся ва ўніверсітэце. І нават зараз не сыходзіць са спартыўнай сцяжыны, гуляе ў камандзе Віцебскага раёна «Ураджай». А ў красавіку бягучага года разам з калегамі-праваахоўнікамі стаў пераможцам Чэмпіянату УУС Віцебскага аблвыканкама па міні-футболе. Хутка ўчастковы адзначыць невялічкі асабісты спартыўны юбілей — 20 гадоў у футболе, і амаль увесь гэты час ён правёў пад нумарам 13, які насуперак стэрэатыпам лічыць для сябе шчаслівым. 

Сённяшняе свята, як і іншыя, Арцём Яўгенавіч сустракае на рабоце, нястомна заступаючы на варту грамадскай бяспекі пад дэвізам «Служыць Закону, Народу, Айчыне», які ўпэўнена абраў для сябе калісьці. 

Аляксандра СЛАВІНА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».