Вы тут

У прасторы Палаца мастацтва прадставілі «RAVE» маладога мастака Андрэя Пічушкіна


Як вы ставіцеся да рэйваў? Ці ўдзельнічалі калі-небудзь у іх? Ці знаёма вам гэтая з’ява? Адказы будуць залежаць ад вашых музычных пераваг, а таксама магчымасцей баўлення часу, натуральна, узросту, месца жыхарства і немаведама чаго яшчэ... Між тым рэйвы як праява пэўнай субкультуры і ўжо звыклая частка жыцця людзей, як правіла, пэўнага ўзросту не пужаюць грамадства, тых, хто з асцярогай глядзеў у бок не зусім зразумелых, месцамі нічым не абмежаваных і, што зноў жа трэба ўлічваць, нетыповых для краіны працэсаў. І сёння рэйвам нават прысвячаюцца мастацкія выстаўкі ў розных, у тым ліку рэспубліканскіх, галерэях. На мінулым тыдні ў прасторы ZAL#2 Палаца мастацтва прадставілі «RAVE» маладога мастака Андрэя Пічушкіна. Куратарамі сталі Андрэй Баль і Кацярына Янкоўская. 


«Rave body», 2023 г.

Рэйвы, падабаецца гэта каму ці не, ужо некалькі дзесяцігоддзяў вабяць аматараў электроннай музыкі. Аднак справа, вядома, не толькі ў ёй. Папулярнасці падобных вечарын спрыяюць цікавыя дыджэі, месцы правядзення (а гэта начныя клубы, фестывалі на адкрытым паветры ці іншыя публічныя прасторы; часта, у Беларусі таксама, яны праводзіцца на тэрыторыях былых заводаў, ангараў, складоў і іншых прамысловых аб’ектаў), наяўнасць разняволеных аднадумцаў. Адным словам, атмасфера — адсутнасць праяўленняў фармалізму і магчымасць уцёкаў у свет ілюзій... 

Таму зварот Андрэя Пічушкіна да тэмы як мінімум цікавы. У нечым нават смелы — усё ж аўтар пакШыцуль малавядомы, і выступіць на шырокую аўдыторыю з нечаканай серыяй здаецца рызыкоўным крокам. Адна справа — увага аднадумцаў, равеснікаў, іншая — ацэнка масавага гледача і экспертаў. Аднак з’явіўся шанс здзівіць. 

Андрэй Пічушкін нарадзіўся ў 1998 годзе ў Гомелі. У 2014-м скончыў школу № 19 абласнога цэнтра. 2014–2018 гады — перыяд вучобы ў Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы. Удзельнік выставак з 2018 года. Апошнім часам малады жывапісец прэзентуе праекты ў Мінску. 

«Tefal», 2022 г.

Выстаўка «RAVE» прызначана адлюстраваць успрыманне аўтарам постсавецкай рэчаіснасці і трансфармацыю гэтай эпохі сёння. Мастак, дарэчы, ледзь не абышоў саму падзею — большасць яго работ паказвае вуліцы, хатнія памяшканні, недзе больш-менш рэалістычны фон адсутнічае. Гледача прымушаюць засяродзіцца на кожным складніку кампазіцыі (іх на карцінах выстаўкі няшмат), паразважаць пра сімволіку тых ці іншых прадметаў. Разам з тым героі нібыта трапляюць у аб’ектыў фатографа — дакучлівага, настырнага, але ўважлівага. Гэта нечакана, але сама вечарына паўстае перад гледачом не так часта. Андрэем Пічушкіным рэйв разглядаецца хутчэй як прыемны хаос — у процівагу надакучліваму парадку. Аўтар разглядае з’яву як пазбаўленне ад усеагульнага напружання. Прапаноўваюцца параўнанні 
і з першабытнымі танцамі... 

«The Watcher», 2021 г.

Пра што хочацца гаварыць пасля прагляду серыі, дык пра святло, колер, рытм. З іх дапамогай усё несвяточнае, непараднае, нефармальнае перамяшчаецца на першы план, адлюстроўваючы энергію маладосці, якая помніць і марыць. Камусьці серыя Андрэя Пічушкіна можа здацца важным выказваннем, для кагосьці не знойдзецца нават нагоды для сузірання. Магчыма, падобныя выстаўкі маюць патрэбу ў каментарыі. А гэтым разам ён даволі разгорнуты. Так, персанальная выстаўка Андрэя Пічушкіна працягнецца да 26 лістапада, і ў дапаўненне да яе Палац мастацтва і сам аўтар склалі даволі аб’ёмную і разнастайную праграму. Так, сёння павінна адбыцца лекцыя Мар’яны Карповіч «Прырода танца — дакрананне да боскага». Паслязаўтра пройдзе майстар-клас пакадравай анімацыі ад Сяргея Галушкіна. 23 лістапада запланавана куратарская экскурсія Кацярыны Янкоўскай. 24-га ў праграме мерапрыемстваў значыцца майстар-клас ад лідара лабараторыі руху Сяргея Паяркова. Лекцыя Алега Абносава «Танец як ключ да разумення чалавецтва» пройдзе 25 лістапада. Нарэшце, сустрэча з мастаком Андрэем Пічушкіным анансавана на 26 лістапада. Арганізатары абяцаюць: аўтар правядзе экскурсію па выстаўцы, падрабязна раскажа пра сэнс ці сэнсы работ, распавядзе пра крыніцы натхнення і, натуральна, адкажа на пытанні гледачоў. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.