Вы тут

Ці бяспечныя грыбочкі са слоіка?


Многія перакананыя, што натуральныя прадукты, у першую чаргу дары лесу, ідэальна падыходзяць для аздараўленчай дыеты, і з’ядаць іх можна ў неабмежаваных колькасцях, у тым ліку дзецям. Ці так гэта насамрэч, «Алесі» распавёў загадчык аддзялення гігіены харчавання Мінскага абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юрый Гузік.


Фота: pixabay.com

З’ясі, малеча, ягадку…

— Ягады для дзіцяці ва ўзросце да года абавязкова трэба ператвараць у пюрэ, — адзначыў Юрый Гузік. — Самае цяжкае для засваення — абалонка і костачкі, не забудзьце іх выдаліць. Дробныя костачкі толькі нашкодзяць дзіцяці са слабым кішэчнікам. Менавіта з-за іх ягадны прыкорм для малых пачынаюць не раней, чым з паўгадовага ўзросту. Лепшыя плады для пачатку — чорная парэчка, чарніцы (калі дзіця не пакутуе на запоры) і маліна. Пачынаюць з кропелькі ягаднага пюрэ на кончыку чайнай лыжкі. Калі вы добра накармілі дзіця ягадамі, то садавіну і гародніну ў гэты дзень лепш не даваць. За два тыдні з пачатку прыкорму норма ягад даводзіцца да 30-40 г. Калі дзіцяці споўніўся год, норма — не больш за 80-100 г, а для трохгадовага — 150 г.

Змешваючы з кісламалочнымі прадуктамі свежыя ягады, дадавайце іх у тварог ці кефір адразу перад ужываннем, каб не загінулі кісламалочныя бактэрыі. Старайцеся не дадаваць у страву цукар, каб не правакаваць дадатковую нагрузку на арганізм. У ягадах і так ёсць глюкоза і фруктоза. 

А раптам алергія?

Пачаставаўшы дзіця ягадамі, сачыце за яго паводзінамі і тварам, асабліва за шчочкамі, папярэдзіў Юры Гузік. Не мяркуйце па сабе — будзьце асцярожныя з клубніцамі, вішняй і чарэшняй. За адзін прыём дзіця да двух гадоў не павінна з’ядаць больш за тры-пяць ягад. Ад чарэшні можа здарыцца ўздуцце жывата, а ў клубніцах шмат рэчыва, якое выклікае алергію. Дзіцяці-алергіку можна прапанаваць кампот або сок з ягад, разведзеныя вадой. Ягады лепш даваць без костак, пасля тэрмічнай апрацоўкі. Самыя гіпаалергенныя ягады — агрэст, чырвоная і белая парэчка.

Дзецям з алергіяй супрацьпаказаны любыя чырвоныя ягады, а тым, хто мае праблемы ў стрававальным тракце, — ягады наогул. У іх шмат кіслот і цукроў, яны выклікаюць браджэнне ў кішэчніку, таму пры пераяданні любых ягад можа праявіцца і сіндром атручвання.

— Калі дзіця бескантрольна зрывае ягадкі з куста, у рот трапляюць і няспелыя, — падкрэсліў Юрый Гузік. — Атручванне зялёнымі ягадамі бывае вельмі сур’ёзным. Ягады могуць стаць прычынай кішэчных інфекцый, калі не мыць іх перад ужываннем. Можна нават абліць іх кіпенем.

Бацькам важна памятаць: ягады — біялагічна актыўны прадукт. Яны не бяскрыўдныя, асабліва пры злоўжыванні. Напрыклад, парэчка змяшчае больш за 70 неабходных чалавеку біялагічна актыўных рэчываў, у брусніцах іх больш за 80. Закормліваць дзіця ягадамі ўсё роўна, што даросламу жменямі глытаць лекі.

Асцярожней з... грыбамі! 

Насуперак народнай мудрасці, якая абвяшчае, што беднага і грыб пракорміць, гэты прадукт усё ж застаецца пікантным прысмакам на закуску, не больш, лічыць Юрый Гузік.

— Грыбы часам завуць «раслінным мясам» з-за высокага ўтрымання бялку, але бялок у іх хаваецца за хітынам — рэчывам, з якога зроблены, напрыклад, панцыр ракаў і жукоў, — звяртае ўвагу спецыяліст. — У грыбоў, у адрозненне ад раслін, хітын замяняе цэлюлозу, з якой ён падобны па хімічных і фізічных уласцівасцях і па біялагічнай ролі.

Малыя пратэстуюць супраць неабдуманых эксперыментаў дарослых гучным плачам ад рэзяў у жываце. Да 12–14 гадоў дзіця не ў стане пераварыць грыбны хітын: стрававальны сок не можа яго расшчапіць. Таму для дзяцей грыбы варта наразаць як мага драбней, а то і ператвараць у парашок ці пасту. Лясныя грыбы трэба абавязкова вымочваць і варыць не менш за гадзіну, пасля закіпання пажадана замяніць ваду на свежую.

— Строга кажучы, грыбы — умоўна ядомы прадукт з-за таксінаў, якія ў іх утрымліваюцца, але разбураюцца пры варцы, — падкрэсліў Юрый Гузік. — Дзіцячы арганізм не можа справіцца з рэшткамі гэтых рэчываў, бо не мае дастатковай колькасці харчовых ферментаў, каб паўнавартасна перапрацаваць нават карысныя бялкі. Штогод летам і восенню ў дзіцячыя рэанімацыйныя аддзяленні таксікалогіі паступаюць дзеці з цяжкімі атручваннямі «бяспечнымі» ядомымі грыбамі, сабранымі і прыгатаванымі па ўсіх правілах. Прапаноўваючы дзіцяці грыбочкі са слоіка, задумайцеся пра статыстыку: са 100 дзяцей, якія атруціліся грыбамі, 5-6 гінуць, а 25-30 становяцца інвалідамі на ўсё жыццё. Ніколі не давайце дзіцяці кансерваваных хатнім спосабам грыбоў, нават калі сабралі іх самі і абсалютна ўпэўнены ў іх бяспечнасці!

Трохгадовым дзецям можна зрэдку даваць малую колькасць грыбоў, вырашчаных культываваным спосабам (вешанка, шампіньёны, кітайскія сушаныя грыбы), але выключна ў выглядзе пасты і ў спалучэнні з гароднінай, гэта аблегчыць іх засваенне. Малым, якія маюць нейкія праблемы са страўнікава-кішэчным трактам або схільнасць да алергій, грыбы наогул не ўводзяцца ў рацыён.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.