Вы тут

Таццяна Яцук: «Я ўсё жыццё малюся за спакой...»


Паэтэса нарадзілася на Навагрудчыне, у вёсцы Радагошча. Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Жыве ў Баранавічах, працуе настаўніцай. 


Таццяна Яцук — аўтар многіх кніг паэзіі: «Груша над абрывам» (2017), «Маладосць на выданні» (2017), «Валошкавыя сны» (2018), «Паэма блукання і веры» (2019), «Бліскавіцы над Свіцяззю» (2019), «Алфавітная музыка слоў» (2020), «За сіняй птушкай» (2020), «Споведзь чыстаму лісту» (2020), «Случайный дождь» (2021), «Зоркі ў прыполе» (2022), вершаванай казкі для дзяцей «Прыгоды лесавічка Імшарыка і яго сяброў» (2021) і кнігі вершаў для дзяцей «З паклонам да сонейка» (2021). За сваю творчую працу Таццяна Мікалаеўна адзначана званнем лаўрэата IV Літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў намінацыі «Паэзія» за зборнік «Зоркі ў прыполе» (2022). Пісьменніца з’яўляецца кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Купальскія зоры» пры Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы. 
 
«Не забывайце, што было, малю,/ Гісторыя багатая на даты./ І самі мы, бывае, вінаваты,/ Што войны нішчаць любую зямлю./ Я ўсё жыццё малюся за спакой,/ За васільковы ўсплёск нябесных высяў,/ Каб ранкі знакам мудрасці павіслі/ Над васільковаю маёй зямлёй» (з верша Таццяны Яцук «Не забывайце»). У новай кнізе — «Мудрасць вечара»—разам сабраны вершы, якія можна агульна ахарактарызаваць як філасофскую лірыку. У пяці раздзелах зборніка («Дымок над хатай», «Пытанні ...Адказы», «Маўчанне каліны», «У святле месяцовым», «Скарбы зямлі беларускай») аўтар пранікліва, глыбока па-мастацку, уздымае цэлы шэраг актуальных тэмаў жыцця чалавека, самога яго існавання ў гэтым свеце. На прыкладзе звароту да сваіх родных мясцін паэтэса нагадвае пра спрадвечную ісціну паважлівага стаўлення да роднай бацькоўскай хаты, да паселішча, дзе цябе пеставалі, выхоўвалі ваколіцы, асяроддзе, якое ў кожнага з нас застаецца ў свядомасці на ўсё жыццё, павінна заставацца. Пра гэта — у творах «Радзіме», «Дымок над хатай», «Залатыя жалуды»... «Я ў Фляр’янава ў цішы на ўлонні./ Пранясліся, бы здані, гады./ Дуб Ажэшкі мне сыпле ў далоні’ Залатыя свае жалуды./ Кожны жолуд як мудрасць жанчыны,/ Ці то ў шчасці, ці ў шэрай журбе/ Напамін: «Трэба жыць для Айчыны»,/ Як наказ, над зямлёю плыве...» («Златыя жалуды»). 
 
У паэтычных творах Таццяны Яцук — наш беларускі радзімазнаўчы ландшафт. З яе вершамі чытач выправіцца ў асэнсаваныя вандроўкі па гістарычнай Навагрудчыне, зазірне ў Баранавічы, схіліць галаву ў нізкім паклоне перад памяццю спаленых беларускіх вёсак («Ля магільніка вёсак у Хатыні»), паспрабуе асэнсаваць усе багацці, якімі нас сілкуе гістарычная памяць пра багатыя на гісторыю паселішчы («Беларускія мястэчкі»)... 
 
Раней Выдавецкі дом «Звязда» выпусціў паэтычныя кнігі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Леаніда Дранько-Майсюка, Анатоля Сыса, Алеся Бадака, Віктара Шніпа, калектыўныя зборнікі паэтаў Гомельшчыны, Берасцейшчыны, Гродзеншчыны. Над праектам выдання паэтычных кніг у Выдавецкім доме «Звязда» шчыруе старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп. Вось што ён заўважыў у дачыненні да наступных крокаў: «... Сёння шмат гавораць пра тое, што сярод кніг мастацкай літаратуры паэзія не карыстаецца масавым попытам. Але ж паэзія і не была ніколі масавай літаратурай... І ўсё ж беларускую паэзію чытаюць. Я мяркую пра гэта па кнігах, якія выходзяць і ў «Звяздзе», і ў «Мастацкай літаратуры», і ў іншых выдавецтвах... Зараз вось я ўклаў зборнік вершаў Уладзіміра Караткевіча. Ведаю, што ў кнігарнях пастаянна пытаюцца зборнікі і Купалы і Коласа. Так што, раю не цурацца добрых паэтычных кніг класікаў і сучаснікаў усім чытачам!..» 
 
Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».