Вы тут

Павел Цяслоўскі з Мастоўшчыны працягвае справу продкаў-земляробаў


Адразу пасля школы ён сеў за баранку трактара, і вось ужо 37 гадоў не здраджвае сваёй прафесіі. Прычым працуе не проста добра, а выдатна, імкнецца дасягнуць высокіх паказчыкаў. Аб тым, што гэта яму ўдаецца, сведчаць шматлікія ўзнагароды. Вось і сёлета на абласных «Дажынках» Павел Цяслоўскі, старшы камбайнер КСУП «Імя Адама Міцкевіча», у ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю — 2023.


Часцей за ўсё Цяслоўскага можна ўбачыць у полі. Вясной — на пасяўной, летам — на жніве, восенню — на падняцці ворыва. Акрамя гэтага, яшчэ падкормкі, уборка цукровых буракоў, бульбы... Работы хапае. І хоць гаспадарка здаецца проста неабсяжнай, Павел ведае ўсе палі, бо аб’ездзіў іх, што называецца, з краю ў край. Складана нават сказаць, колькі кіламетраў накруціў на сваёй тэхніцы, за якой уважліва сочыць і таму яна заўсёды ў добрым стане, як і ўсе прычэпныя і самаходныя агрэгаты.

Калі пачынаецца жніво, земляроб перасаджваецца на камбайн. І падчас уборачнай кампаніі ён у Мастоўскім раёне ў ліку лідараў. Неаднаразова быў узнагароджаны на раённых «Дажынках» і падчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Мае Ганаровую грамату Гродзенскага аблвыканкама. А летась стаў лаўрэатам конкурсу «Чалавек года Гродзеншчыны». Каля трасы можна было ўбачыць адразу два банеры з яго партрэтам. «Сваякі і знаёмыя прыязджалі паглядзець, як я на іх выглядаю. Здаецца, ім спадабалася», — успамінае з усмешкай Павел. Сам механізатар ганарыцца, што яму аказана такая ўвага. Робіць акцэнт на той факт, што ўрачыстая цырымонія з уручэннем дыплома і прэміі адбылася якраз у дзень яго нараджэння — 29 красавіка.

— Такі падарунак запомніцца надоўга, — кажа механізатар падчас сустрэчы на мехдвары. — Дыплом «Чалавек года Гродзеншчыны» стаў для мяне яшчэ і свайго роду талісманам, які дапамагае дабівацца большых поспехаў.

Сёлетні сезон таксама прайшоў на ўздыме. Павел Антонавіч стаў пераможцам у раённым спаборніцтве на вясенніх палявых работах у намінацыі «Культывацыя і выраўноўванне глебы». Хуткімі тэмпамі і якасна ён правёў увесь цыкл работ больш чым на тысячы гектарах.

Падчас жніва Цяслоўскі таксама ў ліку лідараў. Ён першы ў раёне намалаціў тысячу тон зерня і прызнаны пераможцам абласнога спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Дыплом пераможцы старшыня райвыканкама Андрэй Санько ўручыў механізатару на яго працоўным месцы — на полі каля камбайна. Фініш уборачнай таксама прынёс добры вынік. Павел Цяслоўскі зноў у ліку лідараў. За дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю 2023 года старшаму камбайнеру ўручана Ганаровая грамата. Урачыстасць адбылася падчас абласных «Дажынак».

Вядома, маральны стымул важны, кажа механізатар. Прыемна, калі тваё імя ў ліку пераможцаў, гэта стымулюе працаваць яшчэ лепш. Разам з тым немалаважным з’яўляецца і матэрыяльнае заахвочванне. Лічыць, што атрымлівае дастойную зарплату, асабліва падчас уборкі.

У ходзе размовы фарміруецца вобраз сапраўднага працаўніка ад зямлі. І гэта невыпадкова. Аказваецца, усе продкі Паўла Цяслоўскага — месцічы, усе звязаны з гэтай зямлёй: і дзяды, і прадзеды. На гэтай зямлі працавалі і яго бацькі. «Адсюль, з Вялікай Рагозніцы, ідзе мой род», — кажа Павел Антонавіч. Земляробскую справу, як бы пафасна гэта ні гучала, працягвае і ён сам. Прычым з добрымі вынікамі як для сябе, так і для сваёй гаспадаркі.

А ўпершыню Павел сеў на трактар яшчэ ў школе, падчас практыкі ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Пасля здачы экзамену атрымаў правы трактарыста. 

І літаральна праз месяц ужо працаваў механізатарам у родным калгасе. Пасля службы ў арміі не стаў шукаць сябе ў іншых мясцінах, як многія яго саслужыўцы, а вярнуўся працаваць на свае палеткі. Падчас армейскіх будняў уяўляў, як сядзе за руль свайго трактара і паедзе па полі, як будзе жаць на камбайне наліты, спелы колас. Так і адбылося.

— Прыемна працаваць на сваёй зямлі, жыць у сваёй вёсцы, дзе знаёмы кожны куток. Канешне, яшчэ і старацца трэба, каб быў вынік. Але калі ў чалавека ёсць імкненне да працы, ён можа зрабіць многае. На карысць і сабе, і людзям, — лічыць земляроб.

У гаспадарцы «Імя Адама Міцкевіча» Павел працуе ўсё свядомае жыццё, а гэта амаль 40 гадоў. Вось і сына свайго, Дзмітрыя, да хлебаробскай працы прывучае. Сямейны экіпаж Цяслоўскіх таксама быў адзначаны за паспяховую работу на жніве. Хлебароб вельмі ганарыцца тым, што можа зрабіць свой унёсак у дасягненні сельгаспрадпрыемства. А іх нямала. Гаспадарка штогод у ліку пераможцаў спаборніцтваў на раённых «Дажынках», а працаўнікоў заўсёды ўшаноўваюць на абласным сельскагаспадарчым фестывалі-кірмашы.

«Галоўнае, каб над галавой было мірнае неба, — кажа ён на развітанне. — Тады і праца, і жыццё — у радасць».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД і Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.