Вы тут

Андрэй Санько аб выніках гэтага года і клопатах аб заўтрашнім дні


Сёлета на абласных «Дажынках» Мастоўскі раён адзначаны Ганаровай Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі за высокую гатоўнасць тэхнічнага парка да палявых работ. Гэта, у сваю чаргу, стала складнікам для павелічэння ўраджайнасці зерневых культур. Наперадзе — новыя задумкі. Напрыклад, пашырыць эксперымент па апрацоўках палёў беспілотнікамі.

Тэхнічныя інавацыі, дарэчы, стануць сюрпрызам і для ўдзельнікаў абласных «Дажынак», якія маюць адбыцца ў Мастах у будучым годзе. Аб выніках гэтага года і клопатах аб заўтрашнім дні расказаў старшыня Мастоўскага райвыканкама Андрэй Санько.


Фота Лізаветы Голад

— Андрэй Антонавіч, адным з паказчыкаў паспяховасці раёна з’яўляецца ўраджайнасць зерневых культур. Як вы спрацавалі сёлета?

— Па выніках уборкі зерневых і зернебабовых культур раён заняў трэцяе месца ў вобласці па ўраджайнасці. Атрымалі 61,2 цэнтнера з гектара. Мы — адзін з трох раёнаў Гродзенскай вобласці, якія далі прыбаўку па валаваму збору. Зроблены значны рывок, пры тым што год няпросты, спецыфічны. Суш, якая назіралася ў чэрвені-ліпені, знізіла ўраджайнасць па яравых культурах.

— Цяпер многія робяць стаўку на азімыя…

— Мы таксама зрабілі карэкціроўку на будучы год: робім стаўку на азімыя культуры — пшаніцу, трэцікале. Таксама пашыраем пасевы азімага ячменю — кожны год дабаўляем па 200 гектараў. Гэтай культурай трэба займацца, як раіў кіраўнік дзяржавы. Бо, як бачым па надвор’і, наліў зерня яравых культур супадае са спякотай. А вось азімы ячмень да гэтага часу ўжо паспявае, якраз пачынаецца ўборка. І тым гаспадаркам, якія маюць праблему з якаснай і своечасовай уборкай, азімы ячмень дазваляе гэты працэс расцягнуць, што вельмі важна.

— Вы сказалі, што зрабілі рывок з шостага месца на трэцяе. Чым гэта абумоўлена? Якія рэзервы былі задзейнічаны?

— Адзін з момантаў, як было адзначана, стаўка на азімы клін. Практычна ўсе гаспадаркі пасеялі па 150 гектараў азімага ячменю. Павялічваем пасевы азімых, пшаніцы і трэцікале. Другі момант — якаснае насенне. Без гэтага добры ўраджай не атрымаць. Мы цесна працуем са Шчучынскім занальным інстытутам раслінаводства, таксама бяром замежныя эліты, бо патэнцыял нашага насеннага матэрыялу яшчэ не такі высокі, як таго патрабуе час.

Наступны складнік — мінеральныя ўгнаенні. Мы з гэтым добра папрацавалі. Укаранілі дробныя падкормкі азотнымі ўгнаеннямі. Адразу не даём увесь патрэбны аб’ем, а разбіваем на некалькі частак. Практыка паказала, што гэта спрацавала на прыбаўку ўраджайнасці. Важным складнікам з’яўляюцца ахоўныя мерапрыемствы, работа з фунгіцыдамі. Пакуль такі кірунак патрабуе большых намаганняў. Увогуле, раён яшчэ не поўнасцю раскрыты па свайму патэнцыялу. Ёсць над чым працаваць. Але важна, што ёсць кадры, ёсць працоўная сіла.

— Я ведаю, што нядаўна ў вас адбылася рэарганізацыя. Прадпрыемства, якое цягнула ўніз раён, ліквідавана. Як вырашылі распарадзіцца іх маёмасцю і зямлёй?

— Пасля ліквідацыі мы атрымалі амаль шэсць тысяч гектараў раллі. Значная частка перададзена фермерам, у тым ліку такім буйным гаспадаркам, як «Гарызонт» і «Мара». Плануецца, што на новых землях будуць вырошчвацца зерневыя культуры. Трэба сказаць, што фермерскі рух у нас даволі актыўны. Тут размешчаны 27 фермерскіх гаспадарак, якія маюць 7,5 тысячы гектараў плошчы. Яшчэ тры суб’екты на стадыі арганізацыі. І гэты кірунак мы развіваем. 

— Я так разумею, што землі ў былой сельгасгаспадаркі не самыя лепшыя?

— Там розныя землі, у тым ліку і не самыя пладародныя. Іх сельгасгаспадаркі часта апрацоўваюць па астаткаваму прынцыпу. А вось у фермераў плошчы не такія вялікія, яны могуць больш шчыльна заняцца такой зямлёй, палепшыць яе. Хто з фермераў заяўляе аб гатоўнасці апрацоўваць, тым мы прапануем такія землі. Кантроль таксама вядзецца, бо аддаць зямлю — гэта адно, але там павінен быць вынік.

Дарэчы, не толькі фермеры атрымалі зямлю былой сельгасгаспадаркі. Больш за 2,3 тысячы гектараў перайшлі да КСУП «Імя Адама Міцкевіча», яшчэ 1 тысяча — да КСУП «Азяранскі».

— Як вы ацэньваеце ўклад фермераў у эканоміку раёна?

— Трэба сказаць, уклад у эканоміку значны. Сёлета фермеры атрымалі больш сямі тысяч тон зерня і дзве тысячы тон рапсу. А ў наступным годзе можа быць і лепш у сувязі з дадатковымі землямі.

Хачу сказаць, што ў фермераў ёсць чаму павучыцца, у тым ліку ў плане інавацый. Сёлета ў раёне, напрыклад, імі праведзены эксперымент па ахоўнай апрацоўцы рапса беспілотнымі апаратамі. Гэты працэс праходзіў з удзелам агранома, які разлічыў неабходную канцэнтрацыю. Апараты прадаставілі прыватныя фірмы. Аказалася, гэта зручна і выгадна, бо рапс патрабуе некалькі ахоўных мерапрыемстваў. На больш позніх стадыях трактар з апрысквальнікам можа часам шкодзіць раслінам, а гэта страты. Сёлета амаль усе буйныя фермерскія гаспадаркі правялі ахоўныя мерапрыемствы па рапсе менавіта з дапамогай беспілотніка. У будучым сезоне плануем падключыць да гэтага працэсу і нашы сельгаспрадпрыемствы.

— На першы погляд, паслуга гэта не такая і танная…

— Вынік гаворыць сам за сябе. Напрыклад, у фермерскай гаспадарцы «Мара», дзе палі апрацавалі беспілотнікам, атрымалі самы высокі ўраджай рапсу па раёне — 65 цэнтнераў з гектара, пры тым што робіцца 5-6 апрацовак. Беспілотніку задаецца спецыяльная праграма, ён можа падняць да 80 кілаграмаў вадкасці. У асноўным працэс ідзе вечарам альбо ноччу. Нават з улікам аплаты паслугі гэта эканамічна выгадна. Інакш фермеры не сталі б і займацца.

Зразумела, што плошчы пад рапс у іх невялікія — 100–200 гектараў. У гаспадарках можа быць і 800, і 1000. Паспрабуем у будучым годзе па 200–300 гектараў сельгаспрадпрыемстваў апрацаваць менавіта такім чынам. Лічу, што гэта тэхналогія можа дадаць ад 5 да 10 цэнтнераў з гектара. Таму будзем укараняць гэты метад апрацоўкі больш шырока. Прыклад фермерскіх гаспадарак паказаў, што эксперымент удаўся.

— Відавочна, што нават пры адсутнасці адной гаспадаркі, раён не пагоршыў свае пазіцыі, а наадварот. Землі і вытворчыя фонды рацыянальна размеркаваны сярод фермерскіх гаспадарак і сельгаспрадпрыемстваў. Між тым вы зазначылі, што ў раёна задзейнічаны не ўвесь патэнцыял. Што маецца на ўвазе?

— Цяпер вялікае значэнне надаецца сельскай гаспадарцы. Кіраўнік дзяржавы пастаянна звяртаецца да тэмы прыбытковасці галіны.

Сапраўды, час складаны, варта пастаянна дбаць аб харчовай бяспецы нашай краіны. Падыходы ўсе прапісаны. Магчыма, не на ўсё яшчэ ў нас звернута ўвага. Таксама эканоміку жывёлагадоўлі крыху пахіснула зніжэнне на 27% закупачнай цаны на малако. А ў структуры раёна вытворчасць малака займае 31%. І 57% — у жывёлаводстве. Гэта наш асноўны прадукт. Зніжэнне амаль на трэць закупачнай цаны цягне за сабой вялікія страты для гаспадарак.

Тут, на маю думку, трэба мяняць падыходы ў вытворчых працэсах. Больш грунтоўна падыходзіць да тэхналогіі вытворчасці. Ёсць моманты, на якія раней не звярталі ўвагі, а сёння трэба вельмі шчыльна іх улічваць.

— Што канкрэтна маецца на ўвазе?

— Калі раней была задача накарміць жывёл, сёння важна ўлічваць якасць кармавой базы. А тут трэба звяртаць увагу і на аптымальныя фазы ўборкі — салому закласці не проста ў траншэі, а ў паўнавартасныя кармы. Над гэтым нам у Мастоўскім раёне яшчэ варта працаваць. Тут таксама ёсць прабел.

Мы атрымалі нядрэнны ўраджай зерневых культур, а вось стварэнне трывалай кармавой базы павінна быць на больш высокім узроўні. Напрыклад, сёлета не вельмі высокі ўраджай кукурузы, а гэта значная кармавая культура. Каб эканоміць, важна ўлічваць усе ланцужкі кормавытворчасці. Асабліва звяртаць увагу на якасць кармоў.

Таксама трэба працаваць у плане эканоміі паліўных матэрыялаў па ўсіх відах работ, тонка падыходзіць да ўсяго ланцужка тэхналогіі працы на фермах. Правільна Прэзідэнт кажа, што фермы трэба перавесці на комплексы, гэта прадугледжвае поўнасцю закрыты цыкл вытворчасці. Так змяншаецца і колькасць работнікаў.

Усе гэтыя фактары трэба зняць, каб мы былі канкурэнтназдольныя і на знешніх рынках. Іх важна захаваць. Нам трэба шукаць рэзервы з самага пачатку вытворчага ланцужка, каб кампенсіраваць гэты мінус малака пры закупках.

— Масты ў наступным годзе будуць прымаць абласны кірмаш «Дажынкі». Я памятаю, што горад 26 гадоў таму ў ліку першых прымаў рэспубліканскія «Дажынкі» з удзелам Прэзідэнта. І вось зноў вы на парозе значнай падзеі, праўда, ужо абласнога маштабу. Як рыхтуецеся да гэтага?

— Перш-наперш стаіць задача аднавіць і добраўпарадкаваць Масты. А горад у нас не малы ў параўнанні з папярэднімі сталіцамі абласных «Дажынак» — Зэльвай і Бераставіцай. Трэба будзе ўкласці даволі значныя сродкі. Аб’екты, дзе будуць весціся работы, ужо вызначаны. Усе кіраўнікі структурных падраздзяленняў, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў з пачатку года займаліся гэтай работай, вялося азеляненне тэрыторый. Мы правядзём цеплавую рэабілітацыю райбальніцы, заменім дах і аднавім фасад Дома культуры. Значная сума выдзелена на вулічна-дарожную сетку, шэраг вуліц будзе зроблены па цякучаму рамонту і капітальнаму рамонту. Мы плануем завяршыць да канца года работы па нашаму стадыёну, дзе будзе эпіцэнтр «Дажынак». Такім чынам, работа па падрыхтоўцы вядзецца, ідзе добраўпарадкаванне. Перад «Дажынкамі» ўсе 17 раёнаў вобласці прадставяць нейкія архітэктурныя формы, якія будуць адлюстроўваць нашу мясцовасць. Магчыма, штосьці звязана з мастамі.

— Горад Масты славіцца сваім падвясным мастом праз Нёман. Гарадская славутасць, мабыць, таксама будзе адноўлена?

— У наступным годзе запланавана рэканструкцыя адзінага ў Беларусі пешага падвяснога моста, якому летась было 50 гадоў. Работы па аб’екце пачнуцца ўжо з сакавіка будучага года. Праект складзены, у прыватнасці, будуць заменены канаты, на якіх трымаецца сам мост, узмоцнены металічныя канструкцыі. На рэканструкцыю выдзелены значныя сродкі. Рыхтуем і фішку — падсветку моста. Гэта прыцягне яшчэ больш турыстаў. Калі будзе падсветка, сумесна з турагенцтвам плануем зрабіць начныя сплавы на байдарках. Спадзяёмся, што «Дажынкі» ўнясуць яшчэ большы рух у турыстычным кірунку.


Паважаныя работнікі і ветэраны АПК Мастоўскага раёна! 

Сельская гаспадарка займае важнае месца ў эканоміцы нашага раёна. Сёлета мы атрымалі дастойны ўраджай, упэўнена ідзём па шляху павялічэння аб’ёмаў у жывёлагадоўлі. Паўсюдна ўдасканальваецца тэхнічны парк. Але галоўным рухавіком любога прагрэсу з’яўляецца чалавек працы, прафесіянал сваёй справы. А калі намаганні прыкладаюцца для таго, каб накарміць краіну, гэта справа асабліва ўдзячная. Менавіта сельская гаспадарка была і застаецца галоўным гарантам харчовай бяспекі краіны. Са святам, паважаныя землякі, няхай ваша любоў да роднай зямлі стане прыкладам для будучых пакаленняў. Здароўя і дабрабыту вам і вашым сем’ям, стабільнай работы і дастатку вашым сядзібам! Няхай і надалей ваша праца будзе самай мірнай і ганаровай!

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Аграрны рывок Мастоўшчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».