Вы тут

Прапановы навукоўцаў для эфектыўнага рэсурсазберажэння


Пытаннямі энергазберажэння Беларусь займаецца ўжо 30 гадоў, на працягу якіх выкананы пяць дзяржаўных праграм па энергазберажэнні, а дзякуючы выкарыстанню сучасных навукова-тэхнічных распрацовак, абсталявання, матэрыялаў удалося выбудаваць уласную рэзультатыўную сістэму работы щ гэтым кірунку. Як вынік — энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту (ВУП) знізілася ў 4,4 раза, што ўдвая інтэнсіўней, чым у свеце. Як спрыяюць аптымальнаму выкарыстанню прыродных гаручых матэрыялаў мясцовыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі? Што ўвогуле робіцца ў Беларусі для павышэння энергаэфектыўнасці? Расказалі спецыялісты.


Дапамагаюць прадпрыемствы, людзі і... паліва

Беларусі ёсць чым ганарыцца ў частцы эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергететычных рэсурсаў, бо зроблена ўжо нямала. Уразлівае змяншэнне энергаёмістасці ВУП, у прыватнасці, тлумачыцца высокім спажываннем сучасных энергарэсурсаў. Сёння большасць вытворчасцяў у краіне мадэрнізавана, укаранёны энергазберагальныя тэхналогіі. Насельніцтва таксама актыўна цікавіцца пытаннямі эканоміі і павышэння энергаэфектыўнасці ў побыце. Набываючы ў краме нейкую электратэхніку, людзі звяртаюць увагу, колькі яна будзе спажываць таго ці іншага віду энергарэсурсаў. Гэтаму спрыяе ў тым ліку і інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь — энергаэфектыўная краіна», колькасць удзельнікаў якой пастаянна павялічваецца, а асноўная мэта — прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў. Да акцыі ўжо далучыліся амаль усе ўстановы адукацыі Беларусі, праведзена шмат дзён інфармавання ў працоўных калектывах. Зрабіць свой унёсак у справу павышэння энергаэфектыўнасці эканомікі краіны сёння можа кожны, запэўніў Віталь Крэцкі, намеснік старшыні Дзяржстандарту, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці:

— Толькі летась па 810 пазіцыях з 1335 нармаваных відаў прадукцыі ўдзельны расход паліва на іх выраб зніжаны (па некаторых пазіцыях аж да 55%). На Обальскім керамічным заводзе па вырабе цэглы, напрыклад, на 55%, а на прадпрыемстве «Нафтан» удзельны расход на вытворчасць сінтэтычных валокнаў зменшаны па электраэнергіі — на 12%, па цеплавой энергіі — на 3%.

У краіне шмат увагі ўдзяляецца ўцягванню ўласных энергарэсурсаў у паліўны баланс. Нягледзячы на ўвод другога энергаблока БелАЭС, за кошт выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў (МПР) штогод замяшчаецца каля 3,1 млрд м3 прыроднага газу. З 10,5 тысячы ўсіх энергакрыніц у краіне больш за палову працуюць за кошт мясцовых энергарэсурсаў. Практычна кожная трэцяя гігакалорыя цеплавой энергіі, што вырабляецца ў краіне, атрымліваецца за кошт уласнага паліва, і гэта каштуе на 25–30% менш, чым выраб энергіі на газе, падкрэсліў дырэктар Дэпартамента:

— Сярэдні сабекошт цеплаэнергіі, якая вырабляецца на прыродным газе, — 118 рублёў за гігакалорыю, на мясцовым паліве — 90 рублёў. У 11 са 118 раёнаў Беларусі доля МПР у балансе раёна перавышае 90%. У Расонскім, Бешанковіцкім, Старадарожскім, Бярэзінскім, Чэрыкаўскім, Глускім раёнах маюць у паліўным балансе долю ўласных энергарэсурсаў больш за 71%.

Рацыянальнае выкарыстанне і змяншэнне спажывання

Пытанні, звязаныя з далейшымі шляхамі развіцця энергетыкі, з цягам часу ўсё больш абвастраюцца. З аднаго боку, рост насельніцтва і імкненне людзей да павышэння ўзроўню жыцця дыктуюць неабходнасць інтэнсіўна нарошчваць магутнасці, з другога — вычарпанне гаручых прыродных выкапняў патрабуе больш эканамічнага і рацыянальнага выкарыстання энергіі. Не менш сур’ёзная праблема — негатыўнае ўздзеянне паліўна-энергетычнага комплексу на стан наваколля, адзначыў Антон Брынь, дырэктар Інстытута энергетыкі НАН Беларусі:

— Міжнародная суполка выпрацавала шэраг прыярытэтаў новай энергетычнай палітыкі, арыентуючы далейшае развіццё энергетыкі адпаведна з умовамі ўстойлівага развіцця і аптымізацыі рэсурсазберажэння і энергаспажывання на падставе сучасных навукова-тэхнічных дасягненняў. Пры гэтым патрэбны разумны навуковы падыход. Нашы вучоныя цяпер займаюцца работамі, звязанымі з вырашэннем праблем у энергетычным сектары і накіраванымі на зніжэнне спажывання энергарэсурсаў. Першы: важны кірунак работы — распрацоўка рацыянальнай методыкі для аптымальнай інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму. Другі — распрацоўка інтэлектуальнай сістэмы зарадкі электрамабіляў на аснове тэхналогіі Smart Grіd. Трэці — распрацоўка методыкі павышэння эфектыўнасці і надзейнасці электраэнергетычных сістэм, якія ўключаюць аб’екты генерацыі на базе аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ).

Нерацыянальны расход матэрыялаў і тэхналогій у вырабах, а таксама нерацыянальныя тэхналагічныя страты энергіі падчас вырабу і эксплуатацыі абсталявання — асноўныя крыніцы страт энергарэсурсаў, удакладніў навуковец. Ён дадаў, што энергетычнае абследаванне спецыялістамі інстытута энергетыкі дзевяці буйных прадпрыемстваў дазволіла распрацаваць пяцігадовыя праграмы па зніжэнні спажывання энергарэсурсаў у аб’ёме 172,475 тон умоўнага паліва (т. у. п.). Дзякуючы ўкараненню энергаэфектыўных мерапрыемстваў, за апошнія два гады сэканомлена 2070 т. у. п.

— На Бабруйскім заводзе біятэхналогій, напрыклад, праходзіць доўгатэрміновая праграма па выкарыстанні АКЭ і другасных цепларэсурсаў уласнай вытворчасці, — падзяліўся дырэктар інстытута. — У прыватнасці, укаранілі эфектыўныя тэхналогіі на ачышчальных збудаваннях з выкарыстаннем цеплавых АКЭ, што дазволіла павялічыць аб’ём стварэння біягазу ў анаэробных рэактарах і сэканоміць 480 т. у. п. Сёлета на прадпрыемстве ўвялі ў эксплуатацыю кацельную на біягазе, з дапамогай якой будзе эканоміцца 1750 т. у. п., або 1,23 млн рублёў штогод.


У палітыцы энергазберажэння прадпрыемстваў у найбліжэйшай будучыні будуць прыняты наступныя меры:

  • Укараненне аўтаматычных сістэм уліку і збору інфармацыі аб спажыванні энергарэсурсаў з наступнай апрацоўкай і перадачай іх у энергазабяспечвальныя арганізацыі.
  • Укараненне сучасных тэхналогій і абсталявання (напрыклад, запуск лініі тэрмадыфузіі і ўкараненне на базе інфрачырвоных выпраменьвальнікаў тэхналогій сушкі дэталяў на дзяржпрадпрыемстве «Конус»).
  • Павелічэнне выкарыстання другасных энергарэсурсаў і альтэрнатыўных крыніц энергіі (напрыклад, ачыстка вытворчых сцёкаў, выраб біягазу ў анаэробных рэактарах і яго спальванне, падагрэў хімачышчанай вады на дэфлегматарах спіртавых калон на базе Бабруйскага завода біятэхналогій).
  • Пераход на сучаснае энергаэфектыўнае святлодыёднае асвятленне, у тым ліку тое, што распрацавана дзяржпрадпрыемствам «Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі».
  • Замена састарэлага і неэфектыўнага электрычнага абсталявання і прылад з электрапрывадам на сучасныя ўзоры.
  • Пашырэнне аб’ёмаў работ па тэрмарэнавацыі агараджальных канструкцый будынкаў і збудаванняў.
  • Комплексныя мерапрыемствы па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.