Вы тут

Інтэрнэт, вуліца, сям’я, педагог… Хто насамрэч выхоўвае маладое пакаленне?


Як заахвоціць «лічбавых» дзяцей у век спажывальніцтва да духоўнага самаразвіцця і маральнага самаўдасканалення? Як выхаваць любоў да Бацькаўшчыны, імкненне рабіць дабро і паляпшаць навакольны свет? Ці могуць педагогі канкурыраваць з гаджэтамі? Якія каштоўнасці фарміруюць цывілізацыю? Гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі «Духоўнае, грамадзянскае і патрыятычне выхаванне ў Саюзнай дзяржаве», арганізаванай Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі ў вочна-дыстанцыйным фармаце.


У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі навуковай грамадскасці, кіраўнікі сістэмы адукацыі, педагагічныя работнікі ўстаноў вышэйшай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з Беларусі і Расіі — звыш 450 спецыялістаў. На канферэнцыю было даслана больш за 170 матэрыялаў, для ўдзелу ў ёй арганізавана звыш 350 кропак падключэння, што сведчыць аб актуальнасці ўзнятай тэмы для абодвух бакоў.

«Усё стала значна складаней....»

— У апошнія гады шэраг даследчыкаў кажа аб духоўнай дэзарыентацыі соцыума. Прыярытэты маладога пакалення, яго светаадчуванне змяніліся. Гэта звязваецца з цывілізацыйнымі, сацыякультурнымі, эканамічнымі і палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца, трансфармацыяй каштоўнасных арыенціраў у грамадстве ў цэлым. Сучасны свет мае шэраг унутраных супярэчнасцей, якія аказваюць істотны ўплыў на духоўны стан моладзі, — разважае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар педагагічных навук Галіна Нікалаенка. — Крытычным момантам, які вызначае складанасць сітуацыі, з’яўляецца глыбокі разрыў паміж тэхнічнымі магчымасцямі чалавека і яго маральным развіццём. Усё стала значна складаней, чым раней, чым у мінулым і пазамінулым стагоддзі. ХХІ стагоддзе дыктуе чалавецтву, якое сутыкнулася з пагрозай глабальнай катастрофы, гістарычную змену светапоглядных парадыгмаў у грамадскім развіцці, і ў першую чаргу гаворка ідзе пра парадыгму духоўнасці.

Выхаванне падрастаючага пакалення ў сучасных умовах — асабліва актуальная, адказная і надзвычай складаная задача. Прычым духоўна-маральнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне непарыўна звязаны паміж сабой і павінны быць арганізаваны ў сістэме адукацыі як цэласны працэс.

Асабістая свабода і сацыяльная адказнасць

— Засцерагчы маладое пакаленне ад знешняга ўплыву сёння вельмі складана. Але сфарміраваць «імунітэт» можна і трэба, — падкрэслівае дырэктар мінскай гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны Наталля Бушная. — Агульнавядома, што чалавека выхоўваюць школа, сям’я і соцыум. Сённяшні соцыум для асобы, якая сталее, — гэта не толькі вуліца і двор, а яшчэ і гаджэт са шматлікімі дадаткамі, падпіскамі на каналы і ўсім тым, што прапануе сеціва. На дзяцей абвальваюцца плыні інфармацыі, абараніць ад якіх цалкам мы не можам, як і кантраляваць гэты працэс. Для таго каб соцыум з некіраванымі інфармацыйнымі патокамі і негатыўнымі ўплывамі не перакрэсліў усё тое, чаму вучыць школа, неабходна аб’яднаць намаганні сям’і, школы і грамадства. Роля школы ў гэтым працэсе заключаецца ў аб’яднанні намаганняў усіх суб’ектаў выхавання.

«Падзеі апошніх гадоў паказалі, што недахоп ведаў пра сацыяльную рэчаіснасць, пра дасягненні грамадства суправаджаецца размываннем у маладога пакалення культурных каштоўнасцяў, разбалансаваным разуменнем асабістай свабоды і сацыяльнай адказнасці. Сёння сям’я адчувае няпросты ўплыў з боку розных знешніх фактараў турбулентнага свету. Сям’я, як вядома, з’яўляецца першаснай і найважнейшай формай сацыялізацыі чалавека, захавання і трансляцыі каштоўнасных прыярытэтаў, якія адлюстроўваюць традыцыі, гісторыю, культуру грамадства. Умацаванне інстытута сям’і, яе здольнасці да самазахавання на аснове ўстойлівых маральных сувязяў, якія дазваляюць маладому пакаленню выпрацоўваць і рэалізоўваць жыццёвыя планы, — адна з найважнейшых задач патрыятычнага выхавання», — лічыць Наталля Бушная.

Сёння, па яе словах, беларускія школы атрымалі магутны метадычны інструмент выхавання — факультатыўны курс «Асновы духоўнай маральнасці і патрыятызму». Глыбіня паняцця прыгажосці і гармоніі свету разглядаюцца ў ім праз прызму прыгажосці прыроды, чалавека і яго душы, прыгажосці слова, думак, творчасці, чалавечых учынкаў і адносін. А дабрадзейнасць як «дабрыня, якая ўвайшла ў звычку», раскрываецца праз такія важныя асабовыя якасці, як вера, надзея, каханне, развага, устрыманасць, працавітасць. Гэта не можа не прыцягваць дзяцей.

На думку Наталлі Бушной, сёння недастаткова быць творцам — неабходна навучыцца працаваць у камандзе. Таму адной з найважнейшых выхаваўчых задач сучаснай школы становіцца развіццё ў вучняў здольнасці творча працаваць у калектыве. Творчасць — не проста стварэнне арыгінальнага прадукту, а перш за ўсё арыентацыя на карыснасць і значнасць таго, што ты робіш, для соцыума і грамадства. Сацыяльная згуртаванасць, якая фарміруецца ў працэсе калектыўнай творчай справы, накіравана на фарміраванне сацыяльнай адказнасці. Актуальнымі формамі такой актыўнасці выступаюць не аднаасобныя конкурсы, а такія, дзе патрабуюцца калектыўныя намаганні. Дасягненне мэты адбываецца ў прасторы ўзаемадзеяння з інтарэсамі іншых людзей і калектыву ў цэлым.

— Расія і Беларусь перажываюць няпростыя часы, таму ў рамках Саюзнай дзяржавы важна выпрацаваць агульныя падыходы да выхавання падрастаючага пакалення, наладзіць бесперапынны дыялог. І ў нас ёсць пляцоўка для такога дыялогу, якая актыўна працуе ўжо два гады, — гэта Асацыяцыя школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Знамянальна, што адным з шасці напрамкаў дзейнасці асацыяцыі выступае духоўна-маральнае выхаванне. Нам удалося не толькі абмяняцца вопытам, але і арганізаваць шэраг сумесных падзей, рэалізаваць некалькі праектаў у рамках праваслаўнага календара, — кажа Наталля Бушная. — Сёння не стаіць пытанне, хто павінен трансляваць маральныя арыенціры і грамадзянскую пазіцыю, калі нашы дзеці бавяць вольны час не з добрай кнігай, а з гаджэтамі, калі яны арыентуюцца не на меркаванне дарослых, а на інфармацыю, якую знайшлі ў інтэрнэце. Безумоўна, усе разам, але вызначальная роля належыць педагогу. І нягледзячы на тое што перад сучасным настаўнікам стаіць шэраг самых розных задач, адной з найважнейшых з іх з’яўляецца задача асобаснага самаўдасканалення.

Лепш спрачацца, чым упусціць магчымасці…

— Добра, што паступова прыходзіць усведамленне — першую бітву за сэнсы мы прайгралі. Людзі нарэшце задумаліся аб выхаванні, ідэалогіі, аб сваім прызначэнні ў гэтым свеце як народа, — звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, кандыдат багаслоўя протаіерэй Фёдар Поўны. — Тут усплывае адвечнае пытанне: што рабіць? Вяртацца да сваіх каштоўнасцяў і выхоўваць новае пакаленне ў сваёй, спрадвечнай, традыцыі? Але ж грамадства забылася, што ёсць ісціна! Як паказвае досвед, кожны чалавек укладвае ў паняцці традыцыі, духоўнасці, маральнасці і патрыятызму сваё асабістае разуменне. Увесь свет уяўляе сабой цэльнасць, космас, арганізаваную адзіную прастору. І толькі чалавечы розум падзяліў яго на працэсы і вылучыў адукацыю і выхаванне ў асобны кірунак. Можа быць, метадычна гэта апраўдана, але для дзіцяці, падлетка няма розніцы, дзе яго навучаюць ці выхоўваюць — для яго гэта адно жыццё, яго дзяцінства, яго юнацкасць. У дзіцяці павінна быць суцэльная карціна свету, разуменне сябе ў гэтым свеце. Таму нам важна аб’яднаць тое, што мы некалі падзялілі.

— Навука патрабуе навуковасці ад любой гіпотэзы. Але і Царква можа патрабаваць багаслоўскай дакладнасці, калі ідуць развагі аб духоўнасці, — падкрэслівае Фёдар Поўны. — Як жа прыйсці да згоды? Бо зноў падзел працэсаў і аддзяленне інстытутаў адзін ад аднаго прыводзіць да таго, што лебедзь, рак і шчупак цягнуць у розныя бакі. Толькі ўжо не воз, а юнага чалавека расцягваюць на часткі.

Значыць, трэба за адным сталом збірацца ўсім зацікаўленым асобам: духавенству, настаўнікам, метадыстам, кіраўнікам устаноў, аддзелаў адукацыі, культуры і ідэалогіі. Кожнай са структур трэба мець магчымасць рэагаваць на выклікі часу аператыўна, а не пастфактум. Мы знаходзімся на стадыі, калі нараджаецца новае — Асветніцкія саветы. Іх стварэнне не прэрагатыва аднаго чалавека, павінна быць саборнае меркаванне. Асветніцкі савет — адна з найбольш эфектыўных формаў супрацоўніцтва царквы, дзяржавы і грамадскіх інстытутаў. Толькі ёсць адна абавязковая ўмова: трэба, каб у Асветніцкі савет уваходзілі неабыякавыя людзі. Лепш часам спрачацца, чым пасіўна глядзець на ўпушчаныя магчымасці, якія, дзякуючы незацікаўленасці, прасочваюцца скрозь пясок.

Усё, што тычыцца дзяцей, не можа быць пасіўным, нават з-за таго што самі дзеці — гэта вечны рухавік, гэта энергія маладосці і пазнання свету. Я жадаю ўсім унутранага агню, мноства ідэй, ініцыятыў, умення слухаць адзін аднаго і знаходзіць агульныя кропкі. Мы павінны быць разам, таму што ў адзінстве — сіла. І мы павінны нанава вучыцца быць разам: Расія і Беларусь, царква і дзяржава, настаўнікі і бацькі, дарослыя і дзеці. Менавіта так нараджаецца новая, моцная і жывая будучыня. Мы не маем права страціць душу і Ісціну...

Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Сёння, ва ўмовах новых глабальных выклікаў, рызык і пагроз, патрэбу ў глыбокім вывучэнні маюць працэсы, якія адбываюцца ў духоўным жыцці нашага грамадства. Да таго ж і жыццё ставіць нямала пытанняў маральнага зместу, многія з якіх абмяркоўваліся ў ходзе работы міжнароднай канферэнцыі «Духоўна-маральнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне ў Саюзнай дзяржаве».

Тэма гэтая вельмі далікатная і патрабуе ўзважанага падыходу. Канцэптуальна мы выбудоўваем духоўны складнік жыцця грамадства на аснове нашых хрысціянскіх традыцый і маралі. Таму адна з надзённых задач — больш поўна раскрыць гуманістычны патэнцыял традыцыйных форм хрысціянства, якія ўвабралі ў сябе як агульначалавечыя маральныя каштоўнасці, так і нормы паводзін людзей і адносін паміж імі, якія народжаны беларускім народам у шматвяковай барацьбе за сваё выжыванне ў складаных умовах прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасці, няпростага, заўважу, суіснавання з іншымі этнічнымі і рэлігійнымі супольнасцямі.

Па сваёй унутранай духоўнай прыродзе беларусы з’яўляюцца калектывістамі. Нормам нашай традыцыйнай маралі супярэчаць эгаізм, сябелюбства і своекарыслівасць. Мы цэнім насамрэч чалавечыя адносіны паміж людзьмі, узаемадапамогу, добразычлівасць, сумленнасць, прастату і сціпласць у асабістым і грамадскім жыцці. І моладзь неабходна вучыць гарманічна спалучаць асабістыя і грамадска-дзяржаўныя інтарэсы, з пазіцый нацыянальных інтарэсаў дакладна ацэньваць усе грамадскія з’явы, адстойваць ідэалы і духоўныя каштоўнасці нашага народа.

Другой найважнейшай задачай з’яўляецца фарміраванне ў кожнага чалавека глыбокай павагі да гісторыі сваёй краіны, да зямлі, дзе нарадзіўся і вырас, пачуцця гонару за гістарычныя здзяйсненні беларускай дзяржавы і асабістай адказнасці за сучаснае і будучае Айчыны. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набывае грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне гатоўнасці ўсімі сіламі абараняць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а калі спатрэбіцца, то і аддаць сваё жыццё за яе.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

24 лютага 1944 Рагачоўшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Подзвіг байцоў Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі.

Здароўе

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Падхапіць гепатыт А нескладана. Як засцерагчыся?

Паразмаўлялі з урачом-эпідэміёлагам Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алінай Емашовай.