Вы тут

Акцыя «За бяспеку разам» дапамагае грамадзянам прывесці жыллё ў пажарабяспечны стан


Тэма пажарнай бяспекі становіцца асабліва актуальнай з пачаткам халадоў. На прафілактыку ў сельскай мясцовасці працуюць усе: і пажарныя, і сацыяльныя работнікі, і мясцовая ўлада.


У сельсаветах Пінскага раёна нядаўна правілы бяспекі вяскоўцы ўспаміналі разам з курсантамі МНС. На базе раёна праходзіў вучэбны збор курсантаў. І маладыя ратавальнікі не засталіся ўбаку ад справы прафілактыкі, якая ў іх прафесіі — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці.

У вёсцы Галева Аснежыцкага сельсавета курсанты наведалі домаўладанні адзінокіх грамадзян, інвалідаў, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, а таксама людзей, схільных да злоўжывання спіртнымі напоямі. Будучыя ратавальнікі ўдзялілі пільную ўвагу супрацьпажарнаму стану іх дамоў, усе выяўленыя парушэнні былі ўзяты на кантроль: інфармацыю аб іх перадалі зацікаўленым суб’ектам прафілактыкі для прыняцця мер.

Падчас тлумачальнай работы грамадзянам нагадалі, як не стварыць сваімі дзеяннямі пажаранебяспечныя сітуацыі, як бяспечна ў асенне-зімовы перыяд выкарыстоўваць пячное ацяпленне. Таксама ім расказалі аб ролі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у папярэджанні пажараў. А ў некалькіх дамах маючым патрэбу ўстанавілі іх.

На наступны дзень пажарна-прафілактычную работу правялі ў 188 домаўладаннях грамадзян, навучылі правілам бяспекі 340 чалавек, паведамляе БелТА. «Курсанты атрымліваюць практычныя навыкі правядзення пажарна-прафілактычнай работы, раяць грамадзянам, якія правілы бяспекі неабходна выконваць, — адзначыў старшыня Аснежыцкага сельсавета Сяргей Садоўскі. — Акцыя „За бяспеку разам“ вельмі значная, дае магчымасць дапамагчы грамадзянам прывесці сваё жыллё ў пажарабяспечны стан, каб пазбегнуць вогненных трагедый».

Акцыя «За бяспеку разам» прайшла па ўсёй краіне. У аграгарадку Мікулічы Бярэзінскага раёна супрацоўнікі МНС сумесна з работнікамі сацыяльнай службы і прадстаўнікамі сельсавета абследавалі на прадмет супрацьпажарнага стану домаўладання адзінокіх і адзінокіх пажылых грамадзян, інвалідаў, сем’яў з дзецьмі. Спецыялісты агледзелі печы, электрычныя катлы, пажарныя апавяшчальнікі.

Загаловак у газеце: Сезонны клопат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.