Вы тут

Якія праекты заявілі на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў у Гродзенскай вобласці


У абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў паступіла крыху больш за 40 заявак з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Мяркуецца прапанаваць для рэалізацыі каля 20 праектаў, на якія будзе выдзелена па 20 тысяч рублёў. Якія канкрэтна праекты атрымаюць фінансавую падтрымку, стане вядома на пачатку будучага года.


Гродзенцы ўжо маюць вопыт рэалізацыі падобных ініцыятыў, на якія летась Банк развіцця выдзеліў 100 тысяч рублёў. У адрас конкурснай камісіі паступіла 104 заяўкі, было абрана 14. Ініцыятывы сыходзілі як ад асобных дэпутатаў, так і ад сельскіх Саветаў, грамадскіх арганізацый, дзяржаўных устаноў. Усе яны паспяхова завершаны.

Напрыклад, у аграгарадку Гожа абсталяваны дзіцячы гарадок, якога дагэтуль там не было, у Карэлічах уладкавалі сучасны трэнажорны комплекс для дзяцей і дарослых. У Зэльвенскім раёне адрадзілі старажытны парк... Акрамя выдзеленых сродкаў, фінансава дапамаглі мясцовыя органы ўлады. Такім чынам, усяго выдаткавана 300 тысяч рублёў.

Сёлета конкурс грамадзянскіх ініцыятыў набывае новы імпульс.

Гэта стала магчымым дзякуючы дапаўненням, якія ўнесены ў Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». Нормы, якія прапісаны ў новым артыкуле закона, вызначылі прававы механізм рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Таксама пашырыліся паўнамоцтвы абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў, якая будзе каардынаваць гэту дзейнасць. Падчас чарговай сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў прынята інструкцыя аб парадку і ўмовах правядзення конкурсу. У прыватнасці, вызначаюцца тэрміны правядзення, сумы для рэалізацыі, змест і якасць праектнай заяўкі.

— Фінальны этап конкурсу пройдзе ў адкрытым фармаце. Кожны ўдзельнік зможа ўбачыць работу прэтэндэнтаў. Гэта дазволіць заяўнікам атрымаць уяўленне аб тым, якога ўзроўню праекты могуць быць падтрыманы і прафінансаваны, — зазначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

Конкурсныя праекты будуць ацэньвацца па 10-бальнай сістэме з улікам пэўных крытэрыяў. Напрыклад, наколькі праект грамадзянскай ініцыятывы адпавядае патрабаванням конкурсу — навізне, арыгінальнасці, сацыяльнай значнасці і шэрагу іншых аспектаў. Конкурсная камісія вызначыць пераможцаў, якія і атрымаюць фінансаванне. Мяркуецца, што сёлета фіналістаў будзе парадку дваццаці, што больш, чым летась. Значна вырасце і сума гранта. Кожны праект атрымае 20 тысяч рублёў — 10 з абласнога бюджэту і столькі ж — з рэспубліканскага. Таксама абавязковыя і выдаткі ад саміх заяўнікаў, іх уклад павінен скласці 10% ад кошту праекта.

— Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады прадугледжана, што кожны бюджэт фарміруецца з улікам ініцыятыў грамадзянскай супольнасці, — падкрэсліла старшыня дэпутацкага корпуса вобласці. — Новае дапаўненне да Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» пазіцыянуе грамадзянскія ініцыятывы як формы мясцовага самакіравання. У сваю чаргу, конкурс дапаможа раскрыць магчымасці тых ці іншых супольнасцяў, сфарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю і самасвядомасць. Акрамя гэтага, конкурс дазволіць заахвоціць і распаўсюдзіць у рэгіёне найлепшыя практыкі актыўнага ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні.

У адрас абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў паступіла крыху больш за 40 заявак з усіх раёнаў Гродзеншчыны і горада Гродна. Так, у абласным цэнтры прапануюць стварыць пляцоўку для выгулу сабак, абсталяваць спартыўную пляцоўку ў паркавай зоне, стварыць вакальны культурны цэнтр з крытай пляцоўкай у лесапарку. Адзін з праектаў датычыцца ўзаемадзеяння метадычных арганізацый са спецыялістамі-дэфектолагамі. Дарэчы, медыцынскую тэму прапануе Шчучынскі раён. Тут гатовы заняцца праблемай дэменцыі і звярнуць увагу на дапамогу не толькі людзям з гэтай хваробай, але і тым, хто іх даглядае.

Шэраг праектаў датычыцца здаровага ладу жыцця. Напрыклад, у Свіслацкім раёне падрыхтавалі праект па адкрыцці трэнажорнай залы для сталых людзей. У Воранаўскім мяркуюць заняцца добраўпарадкаваннем парку, у Лідскім раёне заяўлены праект па рэканструкцыі мемарыяла загінулых у гады вайны, у аграгарадку Геранёны Іўеўскага раёна пры атрыманні гранта зоймуцца работай над турыстычнай даступнасцю мясцовага замка.

— Конкурс накіраваны на тое, каб групы актыўнага насельніцтва падключыліся да вырашэння важных пытанняў мясцовага значэння. Гэта і пытанні з добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам, рэканструкцыяй, рамонтам сацыяльна значных аб’ектаў, прафілактыкай правапарушэнняў, папярэджваннем траўматызму і многім іншым, — гаворыць Алена Пасюта. — І тут важна не толькі выступіць з ініцыятывай, але і ўзяць адказнасць на сябе па яе рэалізацыі.

На думку арганізатараў, людзі, якія далучацца да рэалізацыі ініцыятывы, будуць беражліва ставіцца да гэтых аб’ектаў, расказваць сваім блізкім і знаёмым, што маюць дачыненне да той ці іншай навацыі на іх малой радзіме.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара носяць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: З дабрынёй і натхненнем

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.