Вы тут

У якіх маці вырастаюць шчаслівыя дочкі


Кожная дзяўчынка свята перакананая: яе мама — самая лепшая. Але праходзіць час, і нярэдка дарослыя жанчыны адчуваюць у адносінах да сваіх бацькоў гаму супярэчлівых, «непапулярных» пачуццяў.

Чаму так адбываецца? Якія траўмы, нанесеныя ў дзяцінстве дочкам, прыводзяць да скажэнняў іх асоб і лёсаў? Ці могуць маці і дачка быць сяброўкамі? Як зрабіць, каб сумны вопыт не перашкодзіў дарослай дачцэ стаць паспяховай?

Гутарым пра гэта з магістрам псіхалогіі Наталі Свірыдавай.


Фота з асабістага архіва Наталі Свірыдавай

— Мы прывыклі лічыць маці і дачку самымі блізкімі людзьмі, якіх звязвае безумоўная вечная любоў. Але ў многіх дарослых жанчын бываюць вельмі няпростыя адносіны з маці. Чаму?

— Мама — цэнтральная фігура ў жыцці чалавека, яна аказвае каласальны ўплыў на яго лёс. Большасць канфліктаў паміж маці і дарослай дачкой каранямі ідуць у дзяцінства. Для гарманічнага выхавання неабходна на кожным этапе псіхалагічнага развіцця дзіцяці забяспечваць яму адчуванне бяспекі. Калі мама паводзіць сябе правільна, дапамагае дачцэ прайсці ўсе перыяды сталення без траўмаў, то ў будучыні ў іх напэўна сфарміруюцца здаровыя адносіны. Але на жаль, многія мамы здзяйсняюць сур’ёзныя памылкі, глыбока раняць дзяўчынак, і ў будучыні гэта негатыўна адбіваецца на іх лёсах. Стаўшы дарослымі, дочкі ўжо не дазваляюць умешвацца ў сваё жыццё, выхоўваць, крыўдзіць, лаяць сябе, і гэта стварае глебу для канфліктаў.

— Якія памылкі ў выхаванні дачок найбольш распаўсюджаныя? Якія паводзіны маці асабліва «таксічныя» і небяспечныя?

— Нярэдкая катэгорыя — празмерна клапатлівыя, «душныя» мамы. Звычайна ў такіх жанчын няма ўласнага асабістага жыцця, і за кошт дачок яны «закрываюць» свае нерэалізаваныя жаданні. Іх паводзіны дыктуюцца трывогай, з-за чаго яны не даюць дзяўчынкам кроку ступіць самастойна. Ва ўмовах татальнага кантролю і гіперапекі дочкі вырастаюць звычайна інфантыльнымі, без уласнага бачання жыцця і людзей.

Сустракаюцца адкрыта эгаістычныя, уладныя мамы, для якіх дачка — іх уласнасць, «білет» да забяспечанага жыцця. Яны ўвесь час дыктуюць дзяўчынкам, што і як ім рабіць, з кім сябраваць, якую прафесію выбіраць, за каго выходзіць замуж. Такія жанчыны не прызнаюць асабістых межаў дачок, папросту ўрываюцца ў іх пакой, «прыпісваюць» сабе іх поспехі, дасягненні.

Сустракаюцца маці, якія ўвесь час крытыкуюць сваіх дзяўчынак, вечна незадаволеныя імі. Такія паводзіны замацоўваюць у дачок пачуццё віны, сораму, уласнай непаўнавартаснасці. Яны не вераць у тое, што могуць быць шчаслівымі, а стаўшы дарослымі, звычайна прыцягваюць да сябе людзей, падобных на маці, і застаюцца ў звыклай для сябе ролі ахвяры, вечна апраўдваючыся за свае словы і дзеянні.

Халодныя маці адпрэчваюць дачок, не дораць ім цяпла, ласкі, не ствараюць адчування бяспекі. Клопат і ўдзел такія жанчыны могуць праяўляць толькі ў тых выпадках, калі дзяўчынка хварэе. Падсвядома імкнучыся выклікаць у маці любоў, дочкі сапраўды часта хварэюць. Адрынутыя дочкі баяцца выказваць сваю думку, каб не раззлаваць маці. З іх вырастаюць «зручныя» жанчыны, якіх навакольныя лёгка выкарыстоўваюць. Уступаючы ў адносіны з мужчынам, яны загадзя гатовы да таго, што ім будуць змяняць, абясцэньваць іх.

— Ці праўда, што ёсць маці, якія часам адчуваюць пачуццё зайздрасці да ўласных дочак? Што стаіць за гэтым?

— Часам жанчыны, якія недаатрымалі чагосьці ў дзяцінстве, адчуваюць схаваную агрэсію да дочак, якія ўсё маюць з моманту нараджэння і ўспрымаюць гэта як дадзенасць. І вось дзяўчынкі матэрыяльна ні ў чым не маюць патрэбы, а матчынай любові, ласкі ім хранічна не хапае. Паміж мамай і дачкой не ўстанаўліваецца блізкага душэўнага кантакту. Часцей такая зайздрасць сустракаецца ў адносінах да старэйшых дочак.

Ёсць зайздрасць і іншага роду, якая часам зараджаецца ў жанчыны, калі муж надае дачцэ значна больш часу і ўвагі, чым ёй. Яна пачынае раўнаваць, блытаючы ролі жонкі і маці. У выніку ўтвараецца своеасаблівы «любоўны трыкутнік», які разбурае як партнёрскія, так і дзіцяча-бацькоўскія адносіны.

— Дочак часам умоўна дзеляць на «маміных» і «татавых». У «татавых» заўсёды мае месца канфлікт з мамамі?

— У тэорыі псіхааналізу ёсць паняцце «комплекс Электры», уведзены Карлам Юнгам. Гэты феномен заключаецца ў празмернай прыхільнасці дзяўчынкі да бацькі, ідэалізацыі яго, непрыязнасці ў дачыненні да мамы. Комплекс праяўляецца звычайна ў дачок ва ўзросце трох гадоў. Ён можа замацавацца, і дзяўчынкі «затрымаюцца» на гэтай стадыі, калі мамы не праявяць мудрасць, не падкарэктуюць пачуцці малой, не «перанакіруюць» частку любові на сябе. Калі гэтага не зрабіць, то ў будучыні ў такіх дзяўчынак могуць быць праблемы з пошукам партнёра, пабудовай адносін.

— Часам мама і дачка нагадваюць неразлучных сябровак, у якіх няма сакрэтаў: яны гавораць адкрыта пра адносіны з прадстаўнікамі процілеглага полу, дзеляцца інтымнымі праблемамі. Гэта пра душэўную блізкасць, сапраўдны давер?

— Не. Нават калі дачка дарослая, такая шчырасць ні да чаго добрага не прыводзіць. Адносіны мамы і дочкі прадугледжваюць субардынацыю, яе трэба выконваць. У кожнай павінны быць свае сяброўкі, каб падзяліцца тайнамі і сакрэтамі. Калі мамы скардзяцца дочкам на сваіх партнёраў, то тым самым фарміруюць у іх недавер да мужчын, і ім цяжка пабудаваць гарманічныя адносіны з процілеглым полам. Катэгарычна недапушчальна расказваць падрабязнасці свайго інтымнага жыцця, дзяліцца з дачкой сексуальнымі праблемамі — сваімі і партнёра. Гэта прыводзіць да глыбокіх псіхалагічных траўмаў.

— Але ў сям’і дачка ў любым выпадку бачыць, як маці і бацька ставяцца адзін да аднаго.

— Калі дочкі не назіраюць кахання і павагі паміж бацькамі, то, вядома, пакутуюць ад гэтага. Часам яны бяруць на сябе місію ратавальнікаў, спрабуюць абараніць маці ад бацькі ці памірыць іх. Гэта падрывае псіхіку дзяўчынкі. Дарослыя павінны вырашаць свае праблемы самастойна, не ўмешваючы ў іх дзяцей. Згадаю выпадак са сваёй практыкі. 45-гадовая жанчына, разведзеная з былым мужам-алкаголікам, працягвае жыць з ім у адной кватэры. Незадаволеная сваім жыццём, увесь час скардзіцца дачцэ, абяцаючы: «Калі ты мяне пакінеш, я выкінуся з акна». У дочкі ёсць уласнае дзіця, але яна клапоціцца пра маму, стварае ёй поле бяспекі і камфорту, больш за тое — фінансуе яе. Яна не можа сепаравацца ад маці, а тая паразітуе на ёй. Няўжо гэтую сітуацыю можна назваць нармальнай? Дачцэ трэба выбудоўваць сваё шчаслівае сямейнае жыццё, быць мамай свайму малому, а не «выціраць слёзы» сталай маці.

— Калі паміж маці і дарослай дачкой няма паразумення, калі ў шмат прэтэнзій адна да адной — што рабіць? Звесці зносіны да мінімуму, разарваць усе адносіны?

— Маме і дачцэ важна зразумець: пастаянныя канфлікты разбураюць. Перарабіць маму — апрыёры утапічная ідэя, таму дачка павінна прыняць яе такой, якая яна ёсць. А далей — мець зносіны з ёй да таго часу, пакуль гэта не даходзіць да сварак і лаянкі. Як толькі «ўмовы мірнага суіснавання» парушаюцца, адразу дыстанцыявацца. Дачка павінна дакладна пазначыць свае межы, якія не дазволена пераступаць. Так, спачатку гэта балюча, але праходзіць час, і, як правіла, мама ўсведамляе: яе дзяўчынка — ужо дарослая, самастойная асоба са сваім поглядам на жыццё, і з гэтым трэба лічыцца, выхоўваць яе ўжо не магчыма.

— Некалькі разоў за сваё жыццё я сустракала жанчын, якія выкрэслівалі са свайго жыцця маці — такая вялікая была іх крыўда на іх. Ёсць траўмы, якія не гояцца?

— Часам маці-алкагалічкі, маці-дэспаты наносяць такія траўмы, ад якіх без спецыяльнай тэрапіі цяжка пазбавіцца. Але ў сваіх жа інтарэсах дачкі адпусціць мінулае, сепаравацца ад маці, дараваць ёй і засяродзіцца на сваім лёсе. Нянавісць да маці небяспечная тым, што разбурае, не дае магчымасці будаваць паўнацэннае жыццё, уплывае на здароўе. Калі жанчына не спраўляецца з негатыўнымі эмоцыямі сама, трэба звярнуцца да псіхолага.

— Гэта значыць, у дачок халодных, нядбайных, невыносных маці ёсць-такі шанц стаць шчаслівымі жанчынамі і добрымі маці?

— Ёсць. Большасць траўмаў пераадольныя. Калі жанчына развівае ўнутраную сілу, вучыцца абапірацца на сябе, яна як творца здольная стварыць новы свет, поўны цяпла і кахання. Зразумела, гэта нялёгка, але пры вялікім жаданні — магчыма. Слабым людзям бывае выгадна зваліць усё на маці і нічога не спрабаваць выправіць, паўтараючы яе лёс. Гэта дзіцячая, інфантыльная пазіцыя. Дарослы чалавек выхоўвае сябе, сам адказвае за сваё жыццё.

— З якіх жанчын, на ваш погляд, атрымліваюцца добрыя маці? У якіх атрымліаецца выхаваць шчаслівых дочак?

— Мацярынства — гэта работа, веды і талент. Вядома, добра, калі жанчына псіхалагічна адукаваная, надае дастаткова часу развіццю дочкі, знаходзіць час пагутарыць з ёй. Але калі маці сама нешчаслівая, то яе словы і навучанні не шмат чаго вартыя. Для фарміравання дзяўчынак вельмі важны спосаб жыцця, які вядзе маці, яе адносіны з мужам (партнёрам), людзьмі ў прынцыпе, яе самаацэнка, самарэалізацыя. Паводзіны мамы — тая мадэль, якую дачка часта запазычвае для сябе ў якасці ўзору. Таму найлепшая парада, якую можна даць: хочаш бачыць дачку шчаслівай — стань шчаслівай сама.

Этапы псіхалагічнага развіцця. Пра што трэба памятаць кожнай маме

Сімбіёз — ад 0 да 7 гадоў. Ён дзеліцца на маленства (ад нараджэння да 3 гадоў) і дашкольны перыяд — ад 3 да 7 гадоў. Мама і дачка ў гэты час — адзіная сістэма. Мацярынскае стаўленне фарміруе адчуванне бяспекі — ключавы стан для дзіцяці. Дачцэ неабходна адчуваць любоў, цеплыню, клопат, ласку — без гэтага ў яе сфарміруецца недавер да міру.

У маленстве маці закрывае базавыя патрэбы — корміць, даглядае, абдымае, цалуе, тактыльным кантактам умацоўваючы пачуццё абароненасці. Самая першая сепарацыя з мамай адбываецца ў 3 гады, пасля гэтага пачынаецца станаўленне асобы дзяўчынкі.

У дашкольным перыядзе маме важна гуляць з дачкой — будаваць хаткі, карміць і апранаць лялек, далучаць яе да творчасці — маляваць, ляпіць, спяваць. У гэтыя гады дзяўчынка ўжо пачынае праяўляць самастойнасць: ад яе можна пачуць: «Я сама». Менавіта на гэтым этапе мама павінна фарміраваць яе адносіны з навакольнымі, дарослымі і дзецьмі, вырашаць канфлікты, якія ўзнікаюць з аднагодкамі.

Малодшы школьны этап — ад 7 да 11 гадоў. Тым часам мама перастае быць адзіным аўтарытэтам для дачкі. Дзяўчынка пачынае ўзаемадзейнічаць з настаўнікамі і аднагодкамі. Задача мамы — падказваць, як правільна рэагаваць на ўчынкі, словы дарослых і аднагодкаў. Калі ёй гэта ўдасца, то ў будучыні ў дачкі не павінна ўзнікаць праблем з камунікацыяй і сацыялізацыяй.

Падлеткавы этап — ад 11 да 14 гадоў. Дзяўчынка пачынае і ў дзеяннях, і на словах адстойваць сваё права на свабоду. Парады і патрабаванні мамы часта раздражняюць дачку, здараюцца першыя падлеткавыя бунты. Мамам трэба памятаць пра гарманальныя змены, якія адбываюцца ў пераходным узросце, набрацца цярпення, праявіць далікатнасць, зберагчы дачку ад нейкіх сур’ёзных памылак.

Юнацкі — ад 14 да 18 гадоў. У 14 гадоў дзяўчынка фактычна растаецца з дзяцінствам, але псіхічна да гэтага часта не гатова. Яна пачынае парушаць правілы і забароны, устаноўленыя дарослымі. Маме важна не душыць, а звярнуць амбіцыі дачкі ў патэнцыял, які спатрэбіцца ў будучыні. Важна падтрымліваць яе імкненне да добрай адукацыі, жаданне стварыць сям’ю, знайсці сябе ў прафесіі.

Завяршальны этап фарміравання — з 18 да 21 года. У дзяўчыны адбываецца ўсведамленне: яна і маці — дзве асобныя асобы. Адносіны будуюцца ўжо на роўных, паважліва, з захаваннем асобасных меж. У гэты перыяд дочкі часта адчуваюць ужо падзяку да мамы.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.