Вы тут

Выпраўляючыся ў вандроўку па Віцебшчыне, зазірніце у Шумілінскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей


Выпраўляючыся ў чарговую вандроўку, маючы за дарадцаў старыя паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, мы павінны разумець, што, канешне ж, ілюстрацыі не заменяць усе цікавосткі, якія падорыць нам жывая сустрэча з Шумілінскім краем.


Шуміліна. Мясцовыя жыхары. 24.05.1939 года

Ды і калі вы ўпершыню будзеце ў гэтай старонцы, пастарайцеся зазірнуць у Шумілінскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У маі 2024 года яму спаўняецца 40 гадоў. Якраз 28 мая 1984 года быў выдадзены загад Міністэрства культуры БССР пра заснаванне ў гарадскім пасёлку Шуміліна музея народнай славы. Праўда, для наведвання ўстанова была адчынена ў 1986 годзе. У музеі працуе тры экспазіцыйных залы. Поруч з археалагічнымі знаходкамі (можна пазнаёміцца нават і з парэшткамі маманта) надзвычай шмат матэрыялаў, якія расказваюць пра падзеі Грамадзянскай вайны, пра Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі Шуміліншчыны, пра ўраджэнцаў раёна, якія здзейснілі нямала баявых подзвігаў, былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

А гэта ж — і пра Герояў Савецкага Саюза: Пятра Акуцыонка (1923–1943), малодшага лейтэнанта, які камандаваў узводам ў баях пад Лоевам, вызначыўся тым, што разам з падначаленымі захапіў плацдарм на правым беразе Дняпра; Еўфрасінню Зянькову (1923–1984), кіраўніка Обальскай падпольнай арганізацыі «Юныя мсціўцы» (званне Героя ёй прысвоілі толькі ў 1958 годзе); падпалкоўніка Мікалая Лоскутава (1911–1945), які званне Героя атрымаў пасмяротна за гераізм, праяўлены ў вызваленні ад японскіх агрэсараў кітайскага горада Фуцзінь; генерал-маёра Мікалая Спірыдэнки (1917–1980)... У музеі вам раскажуць, што Шумілінская зямля выхавала і сучасных герояў.

Шуміліна. 1920-я гады

Обаль. На чыгуначнай станцыі. 1918 год

Адзін з іх — Герой Сацыялістычнай Працы і Герой Беларусі (званне атрымаў пасмяротна ў 2001 годзе) Аляксандр Іосіфавіч Дубко (1938–2001). Ён нарадзіўся ў шумілінскай вёсцы Ілава. Закончыў Гродзенскі інстытут. З 1972 да 1995 года ўзначальваў калгас «Прагрэс» — адно з найлепшых сельгаспрадпрыемстваў Беларусі. Яшчэ ў савецкі перыяд гісторыі быў адзначаны званнем Героя Сацыялістычнай Працы, двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны». У 1997 годзе ўжо ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь атрымаў ордэн Айчыны ІІІ ступені. У 1994–2001 гадах Аляксандр Дубко — старшыня Гродзенскага аблвыканкама. Дарэчы, цікавы факт: у 1972–1989 гадах Гродзенскай вобласцю на пасадзе першага сакратара Гродзенскага абкама Камуністычнай партыі Беларусі кіраваў яшчэ адзін шумілінец (нарадзіўся ў вёсцы Шыліна) — Герой Сацыялістычнай Працы Леанід Герасімавіч Кляцкоў.

Яркія асобы заўсёды ўпрыгожваюць родную старонку. Нездарма часам пра той ці іншы край гавораць як пра гняздо, у якім выпеставаны вучоныя, асветнікі, альбо як пра салаўіны край паэтаў... Вось і ў вёсачцы Рыжэнькі, паблізу ад Мікалаева, у 1946 годзе нарадзіўся беларускі паэт Алег Салтук. Аўтар паэтычных зборнікаў «Пачатак дня», «Працяг», «Святло зямлі», «На далонях жыцця». Роднай Шуміліншчыне ён прысвяціў многія вершы, а таксама паэмы — «Нярэшня» (надрукавана ў зборніку «Працяг») і «Спатканне» (надрукавана ў кнізе «На далонях жыцця»). «Вёска на ўзлобку: // Захлынаюся цішынёй... // Над Рыжэнькамі зорак шматкроп’е // Недапісанай песні маёй...» Ці вось яшчэ што з вершаў Алега Салтука: «Памяць, памяць, як доўга не спіцца! // У Рыжэньках — першы глыток // І паветра, і таямніцаў. // Ты туды прыязджаеш здалёк...» І хаця многія гады свайго жыцця паэт правёў у Віцебску, у родным паселішчы была для яго тая сіла, што ўзвышала яго талент, узбагачала натхненне: «Жыве тут воля // У маленькай хаце, // Тут — дым Айчыны...» Алег Салтук стварыў на стагоддзі наперад свой паэтычны партрэт малой радзімы. І адрас у мастацкай памяці таленавітага шумілінца канкрэтны — вёсачка Рыжэнькі.

У вёсцы Мікалаева выхоўваўся ў свайго дзеда паэт Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1811–1847). Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Пазнаёміўся з легендарным расійскім мысляром, літаратурным крытыкам Вісарыёнам Бялінскім. Тадэвуш быў адлічаны з універсітэта за вальнадумства. Пасля суда маладога чалавека адправілі на Каўказ, у войска. Ад радавога сапёра даслужыўся да падпаручніка. Пазнаёміўся з дочкамі князя Аляксандра Чаўчавадзэ Нінай Грыбаедавай і Кацярынай Дадзіяні, а таксама з грузінскім паэтам Ніколам Бараташвілі. Пераклаў на рускую мову «Гісторыю Азербайджана» азербайджанскага пісьменніка Абас Кулі-хана Бакіханава.

У вёсцы Казьяны нарадзіўся гісторык і археограф Дзмітрый Даўгяла (1868–1942 (?)). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Працаваў настаўнікам, архіварыўсам. Рэдагаваў газету «Белая Русь» (1906). Працаваў кіраўніком спраў у Паўночна-Заходнім аддзеле Рускага геаграфічнага таварыства, быў рэдактарам «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества». З 1925 года — супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт Белдзяржуніверсітэта. З 1929 года — дырэктар бібліятэкі Акадэміі навук БССР. Апублікаваў помнікі беларускага дзелавога пісьменства ў «Гісторыка-юрыдычных матэрыялах» (1899–1906. Т. 27–32). Дзмітрый Даўгяла — рэдактар і складальнік «Беларускага архіва» (1927–1930. Т. 1–3). У 1937 годзе высланы ў Казахстан. Рэабілітаваны наш суайчыннік пасмяротна 9 чэрвеня 1964 года.

Непароты. Касцёл. Пачатак ХХ стагоддзя

Шуміліна за 40 км ад Віцебска. Аўтамабільныя дарогі вядуць на Віцебск, Полацк, Бешанковічы, Гарадок. У гарадскім пасёлку ёсць чыгуначная станцыя. А з Мінска да Шуміліна па трасе — амаль 240 км. Выпраўляючыся ў дарогу, усё ж зірніце на старыя паштоўкі са збору Уладзіміра Ліхадзедава. Акрамя жыхароў гарадскога пасёлка, вы разгледзіце на іх і сядзібны дом у Лескавічах. Ён некалі належаў Хлюдзінскім. На сённяшні дзень — руіны... Ёсць здымак Касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Непаротах. Так, як ён выглядаў у пачатку XX стагоддзя. Некалькі гадоў назад мясцовыя жыхары высадзілі ў Непаротах парк з 70 бярозак і 88 туй. Расказваюць, што некалі ў гэтым паселішчы была і царква. Непароты зусім паблізу ад Шуміліна, за 9 км. Са старой паштоўкі на нас пазірае і чыгуначны вакзал у Лоўшы. Ужо зазірнуўшы сюды падчас вандроўкі, агледзьце аграгарадок Мікіціха, дзе якраз знаходзіцца чыгуначная станцыя Лоўша. Некалі тут таксама была царква — Свята-Успенская. На вялікі жаль, не захавалася. Сучасная царква носіць імя святога Мікалая. Каля Непаротаў прагуляйцеся ля возера Разван. Дарэчы, каля вёскі і іншыя азёры — Балевіца, Лескавічы... Усе гэтыя адрасы — паблізу ад Шуміліна.

Лескавічы. Унутраны выгляд сядзібнага дома. Пачатак ХХ стагоддзя

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Загаловак у газеце: Шуміліна

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.